• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Індэкс свабоды слова-2025. Угадайце, на якім месцы аказалася Беларусь?

    Дзіва дзіўнае — Беларусь паднялася на адну прыступку ўверх і заняла 166‑е месца. Але не спяшайцеся радавацца, сітуацыя са свабодай прэсы засталася стабільна паганай. Проста Азербайджан прапусціў «саюзніка» наперад, ягоны рэйтынг упаў адразу на тры пункты праз рэзкае пагаршэнне сітуацыі.

    Індэкс свабоды слова-2025

    Так выглядае Індэкс свабоды прэсы ў 2025 годзе

    Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» апублікавала штогадовы Індэкс свабоды прэсы-2025. Эканамічны крызіс, палітызацыя, судовыя расправы над незалежнымі медыямі — вось асноўныя трэнды, на якіх факусуюцца «Рэпарцёры без межаў».

    Эканамічны крызіс стаў бічом незалежных медыяў

    Незалежныя СМІ Еўропы і Цэнтральнай Азіі сутыкнуліся з беспрэцэдэнтным эканамічным крызісам, паглыбленым спыненнем амерыканскай дапамогі і ўзмацненнем расійскай папрпаганды. Адміністрацыя Трампа прыпыніла фінансаванне «Радыё свабодная Еўропа /Радыё Свабода» (па апошняй інфармацыі, амерыканскі суд загадаў Агенцтву глабальных медыя ЗША (USAGM) пералічыць Радыё Cвабодная Еўропа / Радыё Свабода сродкі, ужо выдзеленыя Кангрэсам ЗША на красавік 2025 года) і Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID). Гэтыя рашэнні канкрэтнай краіны істотна паслабілі медыйны сектар па ўсім свеце.

    Індэкс свабоды слова-2025

    Ва Украіне, якая заняла 62 месца ў Індэксе свабоды прэсы 2025 года, каля 90% рэдакцый выжывала за кошт субсідыяў, найперш амерыканскіх.

    Спыненне амерыканскага фінансавання ставіць пад пагрозу асвятленне расійскай агрэсіі і карупцыі. У той жа час Крэмль шчодра адорвае расійскую прапаганду.

    «Эканамічнае ўдушэнне» закранула і шматлікія СМІ ў выгнанні. Пазбаўленыя фінансавай падтрымкі, рэдакцыі масава скарачаюць сваіх супрацоўнікаў, што ўскладняе доступ спажыўцоў да незалежнай інфармацыі яшчэ больш, асабліва ў Расіі (171 месца ў Індэксе) і Беларусі (166 месца).

    У Грузіі (114 месца) рэкламны рынак кантралюе алігарх і старшыня кіруючай партыі Бідзіна Іванішвілі, а закон «аб замежным уплыве» блакуе альтэрнатыўўныя крыніцы фінансавання медыяў. У Азербайджане (167 месца) адсутнасць фінансавання прывяла да закрыцця незалежных медыяў ці да іхняга выгнання.

    Наступствы эканамічнага крызісу адчуваюцца ў Еўрапейскім Звязе і на Балканскім паўвостраве, дзе дагэтуль адкладваецца рэалізацыя еўрапейскага рэгламента аб свабодзе прэсы (EMFA). Фінансаванне грамадскага вяшчання з’яўляецца сур’ёзным выпрабаваннем: Чэхія (10 месца) прыняла рашэнне ўмацаваць устойлівасць бюджэта сваіх грамадскіх СМІ, у адрозненне ад Германіі (11 месца) і Францыі (25 месца). У Славакіі (38 месца), Босніі (86 месца), Сербіі (96 месца) і Косава (займае 99 месца, самае нізкае ў зоне ЕЗ—Балканы), грамадскія СМІ змагаюцца за выжыванне праз скарачэнні бюджэтаў і палітычны ціск.

    Індэкс свабоды слова-2025

    Незалежная прэса становіцца інструментам у руках палітыкаў

    Эканамічны крызіс толькі падпітвае небяспечную тэндэнцыю — палітычную інструменталізацыю медыяў ва ўмовах, калі беспакаранасць становіцца звыклай з’явай.

    У Малдове (35 месца) палітыкі праз сацсеткі ладзяць траўлю журналістаў-раследвальнікаў. У Кыргызстане (144 месца) былы прэс-сакратар прэзідэнта захапіў незалежнае медыя 24.kg – гэты кейс з’яўляецца яркім прыкладам таго, як СМІ ператвараецца ў рупар прппаганды.

    Ва Узбекістане (148 месца) нешматлікія незалежныя журналісты працуюць у атмасферы рэпрэсій, а ўлады масава падкупаюць блогераў. Турцыя (160 месца) застаецца ў хвасце рэйтынга RSF з‑за сістэматычных рэпрэсій у адносінах да журналістаў.

    Што са свабодай слова ў Еўразвязе?

    Блізкасць паміж СМІ і ўладай унутры Еразвяза праяўляецца ў непразрыстым і несправядлівым размеркаванні дзяржаўнай рэкламы. Гэтак адбываецца ў Венгрыі (68 месца) і на Кіпры (77 месца).

    Албанія (80 месца) і Грэцыя (89 месца) ілюструюць сітуацыю з канфліктам інтарэсаў. На незалежныя СМІ часта ціснуць судовымі позвамі, якія наносяць ім фінансавы ўрон – гэтая тэндэнцыя назіраецца ў Хварватыі (60 месца) і Балгарыі (70 месца).

    «Рэпарцёры без межаў» адзначаюць і пазітыўныя тэндэнцыі. Польшча (31 месца) паоепшыла свае пазіцыі ў Індэксе, спыніўшы неабгрунтаваныя судовыя іскі супраць прэсы. Аўстрыя (22 месца) дэманструе станоўчую дынаміку ў эканоміцы СМІ. А Эстонія (2 месца) становіцца краінай з самай высокай свабодай прэсы ў Еўразвязе — следам за Нарвегіяй, якая займае першае месца.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці