Электронны бюлетэнь СМІ ў Беларусі No.2 (80) 2025
СМІ ў Беларусі ў красавіку – чэрвені 2025 года. Спампаваць PDF.
У красавіку – чэрвені 2025 года Беларуская асацыяцыя журналістаў зафіксавала новую хвалю рэпрэсій супраць журналістаў і іх родных у Беларусі, у прыватнасці:
- працягваўся крымінальны пераслед медыясупрацоўнікаў: былі вынесеныя 2 новыя прысуды журналістам і 2 прысуды блогерам;
- узмацніўся ціск на незалежных журналістаў унутры краіны, а таксама на сваякоў тых прадстаўнікоў медыя, якія вымушана пакінулі краіну і цяпер працуюць з‑за мяжы, асабліва пацярпелі ад вобшукаў і цкавання ў сродках прапаганды рэгіянальныя медыя, што яшчэ працягвалі працаваць у Беларусі;
- узмацняліся цэнзурныя абмежаванні ў інфармацыйнай прасторы Беларусі: за пяць месяцаў 2025 года было заблакавана столькі ж інтэрнэт-рэсурсаў, колькі за ўвесь 2024 год (больш за 3150);
- упершыню была ўжытая блакіроўка доступу ў сацыяльнай сетцы TikTok для карыстальнікаў з Беларусі, якая тычылася акаўнтаў лідараў апазіцыі Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі.
У зняволенні застаюцца 37 медыясупрацоўнікаў. У выніку дыпламатычных намаганняў ЗША быў вызвалены і вывезены з Беларусі былы супрацоўнік «Радыё Свабода» Ігар Карней.
Беларускай судовай сістэмай былі вынесеныя 2 прысуды па крымінальных справах журналістам і 2 прысуды — блогерам.
Працягваўся крымінальны пераслед медыйшчыкаў у завочным парадку
Былыя супрацоўніцы навінавага партала Tut.by Вольга Лойка і Алена Талкачова 26 красавіка былі ўнесеныя ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Гэта значыць, што завочны прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу, хаця падрабязнасці суда, які распачаўся 4 лютага, дагэтуль невядомыя, паколькі разгляд справы адбываўся ў межах закрытага судовага працэсу.
2 мая стваральніка Telegram-канала «Мая краіна Беларусь» блогера Сяргея Бяспалава завочна асудзілі да 18 гадоў пазбаўлення волі і штрафу памерам 42 тысячы рублёў па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (артыкул 357), арганізацыю масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады (артыкул 293) і паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (артыкулы 367 і 368).
Блогера Антона Матольку, заснавальніка некалькіх Telegram-каналаў, у тым ліку маніторынгавага праекта «Беларускі гаюн», завочна асудзілі да 20 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу памерам 84 000 рублёў (прыблізна 24 820 еўра), а таксама канфіскацыі маёмасці. Яго абвінавачвалі паводле 13 крымінальных артыкулаў — сярод іншага ў спробе захопу ўлады, экстрэмізме і здрадзе дзяржаве.
Былі ўзбуджаныя як найменш 5 крымінальных спраў у дачыненні да журналістаў, двое з якіх узятыя пад варту: журналістка з Полацка Ціна Палынская (а таксама яе старэйшая дачка Маргарыта), і неназваны журналіст — жыхар Брэста, абвінавачаны паводле артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні, пад якім маецца на ўвазе Беларуская асацыяцыя журналістаў).
У красавіку беларускія сілавікі ўзмацнілі ціск на журналістаў унутры краіны і на сваякоў тых прадстаўнікоў медыя, якія вымушана пакінулі краіну і цяпер працуюць з‑за мяжы. У большасці выпадкаў адбываліся візіты па месцы рэгістрацыі журналістаў-эмігрантаў, у некаторых выпадках яны суправаджаліся вобшукамі на падставе заведзенай крымінальнай справы. За тры месяцы адбыліся не менш за 7 вобшукаў і 4 затрыманні.
Так, прадстаўнікі сілавых ведамстваў у Гродне наведалі з апытаннем маці журналіста Валерыя Руселіка, у Мінску была апячатаная кватэра фотажурналіста Генадзя Верацінскага.
На дзяржаўным тэлеканале АНТ 28 траўня выйшаў сюжэт, які прадэманстраваў чарговую хвалю пераследу прыватных медыя — літаральна адзінкавых, якія яшчэ працавалі ў рэгіёнах Беларусі. Гэтым разам прэтэнзіі да рэгіянальных медыя выказваліся ў сувязі з іх легальным супрацоўніцтвам з нямецкай амбасадай. У відэа згадваліся «Вечерний Бобруйск» і яго галоўны рэдактар Валянцін Сысой, бабруйскае анлайн-выданне babruisk.info і яго галоўны рэдактар Анатоль Санаценка (быў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту 31 сакавіка), былы галоўны рэдактар газеты «Вольнае Глыбокае» Уладзімір Скрабатун, а таксама горацкая газета «УзГорак». Былі паказаныя фрагменты допытаў супрацоўнікаў гэтых медыя датычна дамоў, заключаных з амбасадай Германіі. Пры гэтым інфармацыйныя рэсурсы некалькі разоў неабгрунтавана называлі «экстрэмісцкімі».
Вядоўца YouTube-шоу «Обычное утро» Марына Ментусава сутыкнулася з гендэрным гвалтам у Інтэрнэце. Супрацоўнікі набліжанага да сілавых ведамстваў Telegram-канала апублікавалі фэйкавыя аголеныя фотаздымкі з быццам бы створанага ёй акаўнта на порнасайце Pornhub. Гэта была спланаваная акцыя: тыя ж выявы даслалі самой журналістцы з незнаёмага акаўнта ў Telegram наўпрост падчас прамога эфіру, заявіўшы, што яна падае дрэнны прыклад сваёй дачцэ. Відавочна, што такія публічныя дзеянні закранаюць спакой і бяспеку незалежных жанчын-журналістак у цэлым.
Працягвалася выкарыстанне антыэкстрэмісцкага заканадаўства для пераследу незалежных медыя і журналістаў
На 5 павялічыўся лік медыяпраектаў, прызнаных «экстрэмісцкімі фармаваннямі» — гэта «група журналісцкага праекта «БюроМедиа» (Аляксандр Ярашэвіч, Вольга Альхіменка, Аляксей Карпека, Ксенія Вязнікоўцава), незалежная беларуская інтэрнэт-радыёстанцыя «Радыё 97», а таксама YouTube-каналы «ЧестнОК» (блогераў Аляксандра Івуліна і Яраслава Пісарэнкі), «Партызанская хваля», «Жизнь-малина» (вядоўца Мікіта Мелказёраў).
Асуджаных па крымінальных справах вайсковага аналітыка, блогера Андрэя Паротнікава, журналістку Паліну Піткевіч, блогера Сяргея Бяспалава ўнеслі ў Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. Бяспалава да таго ж уключылі ў спіс «тэрарыстаў», які складае КДБ.
Міністэрства інфармацыі Беларусі працягвала папаўненне Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сярод шмат якіх іншых у яго былі ўключаныя кніга «Даведнік беларускага журналіста», выдадзеная ў 1999 годзе, акаўнты ў сацсетках 73-гадовай блогеркі Аляксандры Ханевіч, якая жыве ў вымушанай эміграцыі, Telegram-канал вайсковага аналітыка і блогера з Ізраіля Ігаля Левіна, які ўвогуле не выказваўся адносна падзей у Беларусі.
Узмацняліся цэнзурныя абмежаванні ў інфармацыйнай прасторы Беларусі
6 чэрвеня міністр інфармацыі Марат Маркаў на мерапрыемстве пад назвай «Медыя сёння: фокус на праўду» ў Гомелі распавёў, што за пяць месяцаў 2025 года было заблакавана столькі ж анлайн-рэсурсаў, колькі за ўвесь 2024 год (больш за 3150). Гэтаксама, паводле яго слоў, «шкоднымі для нашых дзяцей» былі прызнаныя 110 кніг, і работа з кіраўнікамі маркетплэйсаў і распаўсюднікамі выдавецкай прадукцыі працягваецца.
Міністр заявіў, што ў Беларусі зараз ідзе і нават узмацняецца інфармацыйная вайна, таму «на інфармацыйным фронце ў дзяржаўных СМІ павінны быць усе віды зброі і інструментаў».
У маі Міністэрства інфармацыі заблакавала доступ да сайта прыватнай рэгіянальнай газеты «Вечерний Бобруйск» і вынесла пісьмовае папярэджанне заснавальніку беларускай тэлепраграмы «Первый музыкальный канал» з прычыны невыканання неназваных «патрабаванняў, вызначаных заканадаўствам аб СМІ».
Увагу ўладаў прыцягнула самая папулярная ў Беларусі сацыяльная сетка TikTok, якая належыць кітайскай кампаніі ByteDance. 11 чэрвеня ў TikTok быў заблакаваны доступ для карыстальнікаў з Беларусі да акаўнтаў лідараў апазіцыі Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі — гэта першы падобны выпадак.
16 чэрвеня прапагандыст тэлеканала АНТ Ігар Тур, распавядаючы пра тое, як чыноўнікі адгукаліся на крытыку ў сацсетках, заявіў, што цяпер дзяржава будзе рэагаваць на «ныццё» — выяўляць падман і прыцягваць да адказнасці: «Нагнуць дзяржаву скандалам ужо дакладана ні ў кога не атрымаецца». Верагодна, гэта было звязана са шматлікімі відэа, якія набіралі вялікую папулярнасць у TikTok, з крытыкай сацыяльна-эканамічных праблем у Беларусі.
