Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» № 1 (82) 2026
СМІ ў Беларусі ў кастрычніку—снежні 2025 года. Aгляд. Спампаваць PDF.

Галоўная рэдактаркаTUT. BY Марына Золатава з дзяцьмі і мужам, 18 снежня 2025 года, Варшава, Польшча. Фота: «Люстэрка»
Напрыканцы 2025 года рэпрэсіўная палітыка ў дачыненні да прадстаўнікоў СМІ працягвалася:
- ажыццяўляўся крымінальны пераслед незалежных журналістаў і блогераў унутры краіны і тых, хто крытычна выказваецца адносна сітуацыі ў Беларусі з замежжа,— былі вынесеныя 5 прысудаў у дачыненні да журналістаў і 3 прысуды ў дачыненні да блогераў;
- дзейнічала цэнзура ў яе разнастайных праявах, у прыватнасці, 2 медыяпраекты былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі», а 7 журналістаў — «экстрэмістамі»;
- у беларускіх уладаў атрымалася адабраць даменнае імя, зарэгістраванае замежнай кампаніяй, — гэта euroradio.by і «Еўрарадыё»;
- стала вядома пра жорсткі ціск на некаторых палітзняволеных за тое, што пра іх пішуць незалежныя СМІ, што можна лічыць спецыфічнай праявай цэнзуры;
- побач з цэнзурай неад’емнай часткай дзяржаўнай палітыкі ў інфармацыйнай сферы заставаліся афіцыйная прапаганда і дыскрэдытацыя апанентаў. Вынікі адмысловага даследавання сведчаць пра наяўнасць «трэнду лічбавага аўтарытарызму» — перанасычэнне інфармацыйнага поля падкантрольнымі наратывамі.
Разам з тым адбылося самае масавае вызваленне беларускіх палітзняволеных (123 чалавекі) як вынік перамоў амерыканскай дэлегацыі на чале з прадстаўніком прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам з афіцыйным Мінскам. Сярод вызваленых — галоўная рэдактарка ліквідаванага ўладамі інфармацыйнага партала TUT.BY Марына Золатава, якая правяла ў зняволенні чатыры з паловай гады, а таксама сябры БАЖ Алесь Бяляцкі (лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру) і Аляксандр Фядута. Усе вызваленыя былі прымусова дэпартаваныя з Беларусі.
Паводле звестак БАЖ, на 31 снежня 2025 года ў Беларусі ў зняволенні заставаліся 28 супрацоўнікаў медыя.
Цалкам Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» ў кастрычніку-снежні 2025 года чытайце тут.
@bajmedia