• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    СМІ ў Беларусі ў 2024 годзе

    СМІ ў Беларусі ў 2024 годзе. Спампаваць PDF.

    СМІ ў Беларусі ў 2024 годзе

    Акцыя салідарнасці з палітзняволенымі беларускімі журналістамі падчас адкрыцця форуму «Бяспека ва ўмовах небяспекі: як дзейнічаць журналістам і СМІ». 2 траўня 2025 года. Фота: БАЖ

    Змест

    УМОВЫ ДЗЕЙНАСЦІ НЕЗАЛЕЖНАГА МЕДЫЯСЕКТАРА Ў 2024 ГОДЗЕ

     ЗМЯНЕННІ Ў ЗАКАНАДАЎСТВЕ

     ПАРУШЭННІ ПРАВОЎ ЖУРНАЛІСТАЎ І СМІ

    • Крымінальны пераслед
    • Іншы ціск на журналістаў і СМІ

     УЖЫВАННЕ ЗАКАНАДАЎСТВА АБ СУПРАЦЬДЗЕЯННІ ЭКСТРЭМІЗМУ ДЛЯ АБМЕЖАВАННЯ СВАБОДЫ ВЫКАЗВАННЯ

     АБМЕЖАВАННЕ ДОСТУПУ ДА ІНФАРМАЦЫІ АДМІНІСТРАЦЫЙНЫМІ МЕРАМІ

     ПАДЗЕІ Ў ДЗЯРЖАЎНЫМ МЕДЫЯСЕКТАРЫ

     

    ____________________ 

     

    Умовы дзейнасці незалежнага медыясектара ў 2024 годзе

    Становішча прадстаўнікоў незалежнага медыясектара ў Беларусі ў 2024 годзе было абумоўленае працягам рэпрэсіўнай палітыкі, якая актывізавалася напярэдадні выбараў Аляксандра Лукашэнкі, прызначаных на 26 студзеня 2025 года.

    Пры гэтым пашыраліся пераслед журналістаў і блогераў, цэнзура інфармацыйнай прасторы і прапагандысцкая дзейнасць дзяржаўных СМІ структур Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. У прыватнасці:

    • Працягваўся крымінальны пераслед медыясупрацоўнікаў унутры краіны, вынясенне завочных прысудаў у дачыненні тых, хто вымушана з’ехаў за мяжу, набыло масавы характар;
    • Ажыццяўляўся ціск на незалежных журналістаў і блогераў з ужываннем пагроз, вобшукаў і затрыманняў (у выпадку журналістаў-эмігрантаў — праз іх сваякоў і маёмасць у Беларусі);
    • «Барацьба з экстрэмізмам» шырока выкарыстоўвалася для абмежавання свабоды выказвання і доступу да незалежных крыніц інфармацыі: на 1 верасня налічвалася каля 14 тысяч заблакаваных інтэрнэт-рэсурсаў, з якіх больш за 5 тысяч былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі»,
    • працягваліся прызнанне незалежных крыніц інфармацыі «экстрэмісцкімі фармаваннямі», а таксама судовы пераслед за любую форму ўзаемадзеяння з імі;
    • Цэнзура выйшла за межы традыцыйнай «барацьбы з экстрэмізмам»: Міністэрства інфармацыі запатрабавала зняць з продажу друкаваныя выданні, якія «могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам»;
    • Прапагандысцкая дзейнасць дзяржаўных СМІ Беларусі пашырылася праз новаўтвораныя анлайн-рэсурсы і навінавы тэлеканал, пад пагрозай блакавання Міністэрствам інфармацыі была забяспечана абавязковая трансляцыя дзяржаўных тэлеканалаў усімі распаўсюднікамі тэлепраграм;
    • Была створана медыякампанія Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, таксама было заяўлена аб распрацоўцы стратэгіі фармавання агульнай інфармацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы.

    У апублікаваным «Рэпарцёрамі без межаў» Індэксе свабоды прэсы Беларусь заняла 167‑е месца, апусціўшыся на дзесяць пазіцый у параўнанні з папярэднім годам. Таксама пагоршылася пазіцыя Беларусі ў сусветным рэйтынгу свабоды Інтэрнэту, які складаецца праваабарончай арганізацыяй Free­dom House, — як краіна з несвабодным Інтэрнэтам яна атрымала ўсяго 22 балы са 100 (у мінулым годзе — 25 балаў).

    Згодна з даследаваннем «Рэпарцёраў без межаў», Беларусь аказалася на чацвёртым месцы сярод краін, у якіх утрымліваюць у зняволенні амаль палову ўсіх затрыманых журналістаў у свеце — 40. У дадзеным ганебным пераліку Беларусь адстае ўсяго ад трох краін: у Кітаі у турмах сядзяць 124 медыйшчыкі, у М’янме — 61, ў Ізраілі — 41.

    На канец 2024 года 45 журналістаў знаходзіліся ў зняволенні, у параўнанні з 32 у 2023. Сярод іх — кіраўніцы інфармацыйнага партала TUT.by Марына Золатава і Людміла Чэкіна, якія атрымалі па 12 гадоў пазбаўлення волі, палітолаг і рэдактар «Белорусского ежегодника» Валерыя Касцюгова, асуджаная да 10 гадоў пазбаўлення волі. Пры гэтым, на працягу года былі вызваленыя па гуманітарных прычынах у выніку памілавання асуджаныя журналісты Ксенія Луцкіна, Андрэй Толчын, Дзмітрый Лукша і яго жонка Паліна Палавінка.

    Незалежныя СМІ, якія працуюць у выгнанні, сутыкнуліся з эканамічным крызісам у сувязі з прыпыненнем фінансавання замежных медыяарганізацый адміністрацыяй прэзідэнта ЗША, у тым ліку праз Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID). Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» заклікала еўрапейскія ўрады ўзмацніць падтрымку беларускіх СМІ ў выгнанні, якія па-ранейшаму знаходзяцца пад пагрозай. У яе справаздачы адзначалася, што незалежныя СМІ дзякуючы фінансавай падтрымцы міжнародных донараў змаглі хутка адаптавацца, перайшоўшы да расследаванняў і асвятлення нацыянальных, а не рэгіянальных падзей, і развіваючы сацыяльныя сеткі, такія як Telegram (з агульнай колькасцю падпісчыкаў 1,3 мільёна ў 2023 годзе), YouTube (з агульнай колькасцю ў 21 мільён праглядаў), а таксама Insta­gram и Tik­Tok.

    Беларускія журналісты-палітвязні і супрацоўнікі медыя ў выгнанні былі адзначаныя шэрагам узнагарод.

    Польская рэдакцыя аўтарытэтнага амерыканскага выдання Newsweek узнагародзіла палітзняволенага журналіста Анджэя Пачобута прэміяй імя Тэрэсы Тараньскай у намінацыі «Постаць 10-годдзя». Дэпутаты гарадской рады Варшавы прысвоілі яму званне ганаровага грамадзяніна польскай сталіцы. «У такой сітуацыі, калі мы не можам прымусіць рэжым яго вызваліць, мы можам зрабіць так, каб вакол яго справы не было цішыні, каб быў розгалас, каб рэжым Лукашэнкі не мог быць спакойным і думаць, што ўсе забыліся пра такія выпадкі. Мы будзем выступаць за Пачобута, за ўсіх вязняў сумлення ў Беларусі і будзем спрабаваць падтрымліваць іх сваякоў і людзей, якія змагаюцца за іх вызваленне», — сказаў з гэтай нагоды польскі палітык Роберт Тышкевіч.

    Галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава, асуджаная да 12 гадоў зняволення, стала лаўрэаткай міжнароднай прэміі Ёхана-Філіпа Палма, на якую яе намінавала праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў». «Перад тварам велізарных перашкод і рэпрэсіўных мер Марына Золатава паказала сябе як чалавек незвычайнай мужнасці і сумленнасці», — лічаць «Рэпарцёры без межаў» і апякунскі савет фонду Palm.

    У 106‑ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла падпісала дэкрэты аб узнагароджанні за заслугі перад беларускім народам. Мэдалём Ордэна Пагоні была адзначана  журналістка «Радыё Свабода», удзельніца нацыянальнага руху пачатку 1980‑х і непадцэнзурнага друку Алена Радкевіч.

    27 чэрвеня ў Варшаве ўпершыню ўручылі прэмію імя Кшыштафа Міхальскага для беларускіх журналістаў у выгнанні. Яна была заснаваная напрыканцы 2023 года Інстытутам гуманітарных навук (Вена) і амбасадай Аўстрыі ў Польшы. Узнагароды атрымалі: ў намінацыі «Журналісцкае расследаванне» — галоўны рэдактар Reform.news Фёдар Паўлючэнка, у намінацыі «Будучыя таленты»Алена Кавальчук, у намінацыі «Аналітычная журналістыка»Аляксей Марцінкевіч.

    Змяненні ў заканадаўстве

    4 і 6 студзеня былі ўнесеныя змены ў закон «Аб рэкламе». Яны закранулі шырокае кола пытанняў: парадак размяшчэння рэкламы, працягласць рэкламы ў СМІ, патрабаванні да рэкламы асобных відаў тавараў і паслуг і г. д. У прыватнасці, былі ўведзеныя новыя патрабаванні да рэкламы ў Інтэрнэце. Раней на інтэрнэт-рэкламу не распаўсюджвалася патрабаванне, што размяшчаць яе маюць права толькі тыя арганізацыі і грамадзяне, якія ўключаныя ў дзяржаўны «Рэестр рэкламараспаўсюднікаў», які фармуецца Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Аднак у новай рэдакцыі закона выключэння для рэкламы ў інтэрнэце ўжо не зроблена, што закранае блогераў.

    4 красавіка з’явіўся загад Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь 69, які прадугледжвае ануляванне даменных імёнаў інтэрнэт-рэсурсаў, уключаных у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Выконваць гэта належыць адміністратару нацыянальнай даменнай зоны. Ануляваны дамен уносіцца ў пералік і становіцца недасяжным для рэгістрацыі.

    Пастановай Савета Міністраў № 665 ад 11 верасня 2024 года зацверджаны новы пералік тэлепраграм, якія ўваходзяць у абавязковы агульнадаступны пакет тэлепраграм. У яго быў уключаны наваствораны тэлеканал «Першы інфармацыйны».

    3 снежня была прынята новая рэдакцыя Указа Прэзідэнта № 630 «Аб рэагаванні службовых асоб на крытычныя выступленні ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі» ад 1997 года. Новай мэтай указа заяўлена «аб’ектыўнае адлюстраванне ў сродках масавай інфармацыі і на інтэрнет-рэсурсах грамадска значнай інфармацыі, выяўленне і аператыўнае рашэнне праблем, што ў ёй утрымліваюцца», у той час як раней ішла размова пра «ўмацаванне выканальніцкай дысцыпліны, павышэнне ролі дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі ў грамадска-палітычным і сацыяльна-эканамічным жыцці грамадства». Гэта сведчыць пра тое, якая ўвага надаецца дзяржавай кантролю зместу публікацый у прэсе.

    Захоўваецца абавязак дзяржаўных органаў і арганізацый разглядаць крытычныя матэрыялы ў дачыненні да іх, якія публікуюцца ў дзяржаўных СМІ, прымаць меры і інфармаваць СМІ пра вынікі (пры гэтым тэрмін разгляду паведамленняў дзяржаўных СМІ скараціўся з месяца да 15 дзён). У дадатак да гэтага дзяржаўным органам цяпер прадпісана самастойна ажыццяўляць маніторынг грамадска значнай інфармацыі, якая публікуецца ў любых СМІ і на інтэрнэт-рэсурсах (такая інфармацыя вызначаецца ва ўказе як «звесткі пра вострыя сацыяльна-эканамічныя і грамадска-палітычныя праблемы»), а таксама крытычныя матэрыялы і іншыя актуальныя звесткі, якія маюць грамадскую цікавасць»). Рэдакцыі дзяржаўных медыя павінны стварыць інтэрнэт-рэсурсы для ўзаемадзеяння з грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі «ў мэтах аператыўнага збору грамадска значнай інфармацыі» і ўсебаковага абмеркавання публікацый з грамадзянамі і арганізацыямі.

    Згодна закону «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2025 год» ад 13 снежня, бюджэтныя выдаткі на дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі нязначна павялічаныя (на 5,7%), пры гэтым павелічэнне тычыцца толькі тэлебачання і радыёвяшчання — на друкаваныя сродкі масавай інфармацыі, выдавецтвы і іншыя пытанні ў галіне сродкаў масавай інфармацыі выдзяляецца менш фінансавых сродкаў, чым у 2024 годзе.

    Парушэнні правоў журналістаў і СМІ

    КРЫМІНАЛЬНЫ ПЕРАСЛЕД

    Працягваўся крымінальны пераслед журналістаў як унутры краіны, так і тых, хто з’ехаў за мяжу. Завочныя суды (у парадку так званай спецыяльнай вытворчасці) над журналістамі і блогерамі, якія знаходзяцца па-за межамі краіны, набылі рэгулярны характар. На працягу 2024 года было вынесена 15 прысудаў па крымінальных справах у дачыненні да журналістаў, з іх — 5 завочна.

    30 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе барысаўскі фатограф Аляксандр Зянкоў быў пакараны трыма гадамі пазбаўлення волі паводле артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (за ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні): быццам яго здымкі былі паказаныя на адным з інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаным экстрэмісцкім фармаваннем.

    18 сакавіка кіраўніку «Маланка Медыя», што працуе з‑за мяжы, Паўлу Марынічу, а таксама яшчэ чацьвярым фігурантам справы завочна (у парадку спецыяльнай вытворчасці) прызначылі па 4 гады пазбаўлення волі за супрацьпраўныя дзеянні па зрыву рэспубліканскага рэферэндуму 2022 года (артыкул 191 Крымінальнага кодэкса).

    21 сакавіка былы журналіст-фрылансер з Гомеля Андрэй Толчын, які супрацоўнічаў з тэлеканалам «Белсат», быў асуджаны на 2 гады і 6 месяцаў зняволення ў папраўчай калоніі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса — за паклёп у дачыненні да прэзідэнта (артыкул 367) і за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (артыкул 361–4).

    22 сакавіка ў Мінску завяршыўся разгляд справы журналіста-фрылансера Ігара Карнея, які доўгі час працаваў журналістам «Радыё Свабода». Ён быў прызнаны вінаватым ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні (мелася на ўвазе Беларуская асацыяцыя журналістаў) і прыгавораны да трох гадоў зняволення і штрафу ў памеры 20 тысяч рублёў ў адпаведнасці з артыкулам 361–1 Крымінальнага кодэкса.

    2 красавіка былы супрацоўнік тэлеканала «Белсат» Алесь Марчанка быў асуджаны Мінскім гарадскім судом паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні)  да 3 гадоў пазбаўлення волі.

    28 мая адбыўся суд над аператарам беларускага тэлеканала АНТ Антонам Казельскім. Відэааператар быў асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі па крымінальнай справе, распачатай, наколькі вядома, за каментары ад 2020 года, калі ён нібыта заклікаў да пратэстаў. Прысуд вынесены паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса — 361 (заклікі да санкцый і іншых дзеянняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бяспецы) і 130 (распальванне варожасці або варажнечы).

    3 чэрвеня Брэсцкі абласны суд прыгаварыў мясцовую журналістку Алену Цімашчук (яна працавала ў абласной тэлерадыёкампаніі «Брэст», а раней у якасці фрылансера супрацоўнічала з шэрагам рэгіянальных выданняў) да 5 гадоў пазбаўлення волі і штрафу памерам 46 000 беларускіх рублёў (прыблізна 14 000 долараў) паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь (артыкул 369–1), распальванне варожасці ці варажнечы (артыкул 130) і ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні (частка 3 артыкула 361–1).

    2 ліпеня ў Мінскім абласным судзе былі агучаныя прысуды па справе «аналітыкаў Ціханоўскай»: у парадку спецыяльнай вытворчасці былі вынесены завочныя прысуды 20 асобам, якіх Міністэрства ўнутраных спраў прызнала экстрэмісцкім фармаваннем пад назвай «Аналітыкі Святланы Ціханоўскай». У іх ліку аказаліся журналісты беларускіх незалежных медыя Юры Дракахруст і Ганна Любакова, якія атрымалі па 10 гадоў зняволення.

    31 ліпеня журналістам з Магілёва Алесю Сабалеўскаму і Яўгену Глушкову прысудзілі 4 гады і 3 гады зняволення адпаведна і вялікія штрафы – кожнаму па 8 000 рублёў — на падставе двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: 361–1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім) і 361–3 (удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, вайсковых дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка да такога ўдзелу).

    2 жніўня быў абвешчаны завочны прысуд Алесю Кіркевічу, яго суд прызнаў вінаватым у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці на падставе артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса і прыгаварыў да пазбаўлення волі на 7 гадоў, а таксама штрафу памерам 24 000 рублёў.

    Справу журналіста Уладзіміра Хільмановіча ў парадку спецвытворчасці завочна разглядаў Гродзенскі абласны суд. Журналіст быў абвінавачаны ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні (артыкулы 361–4 і 361–1 Крымінальнага кодэкса). 19 жніўня журналісту было прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 5 гадоў з адбыццём у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу памерам 40 000 рублёў.

    26 верасня суд Пінскага раёна і Пінска прызнаў былога журналіста «Медыя-Палесся» Яўгена Нікалаевіча вінаватым паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Яму прызначылі паўтара года пазбаўлення волі. У 2020 годзе Яўген Нікалаевіч у якасці відэакарэспандэнта асвятляў пратэсты ў Пінску, быў затрыманы і збіты. Пасля адбыцца адміністрацыйнага арышту Нікалаевіч пакінуў Беларусь. На пачатку 2024 года ён вярнуўся ў Беларусь і быў затрыманы.

    10 снежня Вольга Радзівонава была асуджаная на 4 гады пазбаўлення волі за публікацыі ў нямецкай газеце Die Tageszeitung, якія нібыта ўтрымлівалі дыфамацыйныя выказванні, па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), 369–1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы), 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).

    У сувязі з крымінальнымі абвінавачаннямі былі змешчаныя пад варту брэсцкі журналіст Данііл Палянскі і ўладальнік гродзенскага навінавага сайта s13.ru Сяргей Чабоцька. Палянскага вінавацяць у здрадзе дзяржаве (артыкул 356 Крымінальнага кодэкса). Чабоцька быў затрыманы 23 кастрычніка, спачатку яго тройчы асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», а затым завялі крымінальную справу на падставе артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса. Сайт s13.ru, які працаваў да апошняга часу, КДБ Беларусі прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем», таму, верагодна, абвінавачанні звязаныя менавіта з гэтым.

    22 кастрычніка быў затрыманы і змешчаны пад варту журналіст Ігар Ільяш, муж палітзняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай, — за інтэрв’ю пра яе становішча, якія ён даваў «экстрэмісцкім» СМІ, і ўзаемадзеянне з украінскімі калегамі. На пачатку лютага 2025 года стала вядома, што Ільяша абвінавачваюць у «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» (артыкул 369–1 Крымінальнага кодэкса) і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (артыкул 361–4 Крымінальнага кодэкса). Яго справу пачаў разглядаць 21 лютага Мінскі гарадскі суд. 13 сакавіка ў разглядзе быў абвешчаны перапынак для экспертызы публікацый.

    На працягу 2024 года стала вядома пра ўзбуджэнне шэрагу крымінальных спраў у дачыненні да журналістаў, што знаходзяцца за мяжой: намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага, Змітра Казакевіча, Ірыны Чарняўка, Змітра Лупача, Ігара Казмерчака, Змітра Панкаўца, заснавальніка і кіраўніка Беларускага расследавальніцкага цэнтра (БРЦ) Станіслава Івашкевіча і аўтара яго відэапраграм Сяргея Чалага, траіх былых супрацоўнікаў БРЦ, а цяпер журналістаў «Бюро Медыя» Аляксандра Ярашэвіча, Аляксея Карпекі і Вольгі Альхіменка, а таксама значнай колькасці іншых.

    Паводле звестак БАЖ, за разгляданы перыяд была арыштаваная маёмасць 4 журналістаў. Стала вядома пра ўключэнне ў вышуковую базу Расійскай Федэрацыі як найменш 21 беларускага журналіста.

    Улады кантралявалі дзейнасць блогераў у Беларусі, адсочваючы любыя крытычныя выказванні на свой адрас. 5 красавіка быў вынесены прысуд блогеру са Століна Аляксандру Ігнацюку, якога судзілі за арганізацыю акцый пратэсту ў Століне і Мінску (артыкул 342 Крымінальнага кодэкса), паклёп у дачыненні да прэзідэнта (артыкул 367 Крымінальнага кодэкса) і вымагальніцтва (артыкул 208 Крымінальнага кодэкса), — 6 гадоў пазбаўлення волі. Таксама суд прызначыў блогеру штраф памерам 8000 рублёў і выплату 1800 рублёў кампенсацыі маёмаснага ўрону.

    У кастрычніку лаяльны да ўладаў блогер з Гомеля Яўген Катляроў быў пакараны паўтара гадамі зняволення за публікацыю відэа з асуджэннем дзеянняў мясцовых уладаў. Яго абвінавацілі па двух «палітычных» артыкулах Крымінальнага кодэкса: дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь (369–1) і абраза прадстаўніка ўлады (369).

    Блогеры, што знаходзяцца за мяжой, падвяргаліся завочнаму крымінальнаму пераследу.

    Так, у чэрвені вядомага блогера Андрэя Павука (абвінавачаны паводле 13 артыкулаў Крымінальнага кодэкса) і яго былую жонку блогерку і фрылансерку Вольгу Павук (абвінавачаная паводле 8 артыкулаў Крымінальнага кодэкса) прызналі кіраўнікамі «экстрэмісцкага фармавання» — аўтарскага праекта «Рудабельская паказуха». Ім было прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 12 гадоў (ва ўмовах узмоцненага рэжыму) і 8 гадоў адпаведна, а таксама буйныя штрафы. Таксама за ўдзел у гэтым праекце былі завочна асуджаныя да зняволення оперная спявачка Маргарыта Ляўчук, блогер Ілля Салянкоў і музыка Уладзіслаў Наважылаў.

    Супраць блогера Антона Матолькі у Беларусі распачалі крымінальную справу на падставе 13 артыкулаў, напрыканцы 2024 года справа была накіраваная ў суд. Стваральніка Telegram-канала «Беларускі Гаюн», а раней блогера-урбаніста абвінавацілі, сярод іншага, у спробе захопу ўлады, экстрэмізме і здрадзе дзяржаве.

    У выніку разгляду грамадзянскага іска ў дачыненні да блогераў Рамана Пратасевіча, Яна Рудзіка і Сцяпана Пуцілы, ужо асуджаных па крымінальнай справе раней (апошнія два фігуранты — завочна), 7 мая было прынята судовае рашэнне, што яны павінны выплаціць больш за 24,5 мільёна рублёў у якасці кампенсацыі шкоды розным дзяржаўным ведамствам, быццам нанесенай іх заклікамі да пратэстаў. З іх 21 мільён — у салідарным парадку з асуджаным журналістам «Радыё Свабода» Ігарам Лосікам і іншымі асобамі.

    Асаліва варта адзначыць, што асуджаныя журналісты і блогеры, што знаходзяцца ў зняволенні, падвяргаюцца пастаяннаму ціску не толькі праз ізаляцыю і пагаршэнне ўмоў утрымання, але і ў форме дадатковага крымінальнага пераследу за нібыта «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі» на падставе артыкула 411 Крымінальнага кодэкса: журналісту Ігару Карнею, пазбаўленаму волі на 3 гады, дадалі 10 месяцаў зняволення, блогер Зміцер Казлоў, які мусіў выйсці на волю, атрымаў дадаткова адзін год і пяць дзён пазбаўлення волі; падобная крымінальная справа была заведзена таксама ў дачыненні да зняволенага журналіста Міколы Дзядка, які павінен быў вызваліцца 25 красавіка 2025 года, і да вайсковага аналітыка, блогера Ягора Лебядка.

     

    ІНШЫ ЦІСК НА ЖУРНАЛІСТАЎ І СМІ

    Паводле звестак БАЖ, у 2024 годзе адбыліся 30 затрыманняў журналістаў і 66 ператрусаў ў прыватным жыллі ці рэдакцыйных памяшканнях, 19 разоў журналісты падвяргаліся адміністрацыйным арыштам.

    У межах палітычных чыстак 19 лютага былі затрыманыя за падтрымку поствыбарных пратэстаў і, верагодна, звольненыя вядоўца «Альфа Радио» (уваходзіць у дзяржаўны холдынг «СБ. Беларусь сегодня») Наталля Жукоўская і гукарэжысёр Дзмітрый Кулікоўскі.

    Ціск на медыясупрацоўнікаў з боку праваахоўных органаў не спыняўся. Відавочна абвастрыліся рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў напярэдадні падрыхтоўкі да дня галасавання на прэзідэнцкіх выбарах.

    Так, на пачатку снежня ў Баранавічах адбыліся масавыя затрыманні былых супрацоўнікаў газеты Intex-press (вядома пра 7 затрыманых), якія, верагодна, сталі фігурантамі крымінальнай справы за ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні.

    Набыў шырокія маштабы ціск на журналістаў, што вымушана з’ехалі з Беларусі пад пагрозай рэпрэсій і працягваюць працаваць з‑за мяжы, які ажыццяўляўся праз вобшукі ў месцах іх рэгістрацыі на радзіме ў межах завочных крымінальных спраў, запалохванне сваякоў, цкаванне і пагрозы адабрання маёмасці на карысць дзяржавы (у тым ліку жылля). 

    Так, 16 мая пасля правядзення вобшуку ў кватэры віцебскага журналіста Змітра Казакевіча на яе быў накладзены арышт. Апрача гэтага, вяліся відэаздымкі таго, як супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях узломвалі дзверы ў прыватнае жыллё журналіста, здымкі пазней былі выкарыстаныя ў перадачы дзяржтэлеканала АНТ. Вядоўца Ігар Тур патлумачыў, што кватэра будзе прададзеная, а грошы за яе перададуць на кампенсацыю ўрону ад санкцый, прынятых краінамі Захаду ў дачыненні да Беларусі.

    З 26 вобшукаў, праведзеных сілавікамі ў чэрвені-ліпені, 21 зафіксаваны ў медыясупрацоўнікаў, якія выехалі за мяжу і працягваюць працу ў медыя. У абсалютнай большасці выпадкаў сілавікі прыязджалі з пастановамі на ператрус па заведзеных крымінальных справах.

    Атрымала працяг практыка завочнага асуджэння за адміністрацыйныя правапарушэнні журналістаў-эмігрантаў: звязанай з телеканалам «Белсат» Алене Шабуня прысудзілі ў Віцебску штраф памерам 2800 рублёў. З пратаколаў, дасланых па пошце, стала вядома, што падставай для адміністрацыйнага пераследу стаў «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (артыкул 19.11 КаАП). 

    Прадстаўнікі медыя, што працуюць у эміграцыі, сутыкаліся з ціскам на іхніх сваякоў у Беларусі, цкаваннем у беларускіх прапагандысцкіх выданнях. З публікацыямі, якія ўтрымліваюць знявагі і паклёп, сутыкнуліся журналісты-эмігранты Зміцер Лупач з Глыбокага і Ігар Казмярчак з Оршы.

    Рыторыка дзяржаўных прапагандыстаў часам станавіла сабой мову варожасці. Кірыл Казакоў, галоўны рэдактар праўладнай газеты «Минский курьер», заклікаў расстраляць на месцы блогера Мікіту Мелказёрава, называючы яго «жывёлінай». Да таго ж у сваім Telegram-канале сілавікі напісалі, што ператрусы і допыты родных журналіста Мелказёрава будуць праведзеныя з асаблівым стаўленнем.

    23 ліпеня прадстаўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) паведамілі, што завялі крымінальныя справы ў дачыненні да дзвюх вядоўцаў Tik­Tok-канала выдання «Зеркало». Яны ж пасля вобшуку прымусілі іхніх бацькоў запісаць відэа са словамі асуджэння ў дачыненні да дзяцей.

     

    Ужыванне заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму для абмежавання свабоды выказвання

    У 2024 годзе працягваўся пераслед за нелаяльнасць і іншадумства пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам, разам з тым асноўнай сферай гэтай барацьбы заставалася анлайн-прастора. Акрамя таго, улады наладзілі правядзенне «прафілактычных» гутарак ва ўніверсітэтах, дзяржаўных арганізацыях і на прадпрыемствах, дзе ідэалагічныя работнікі і прадстаўнікі сілавых ведамстваў распавядалі пра «вонкавых ворагаў», небяспеку дэструктыўных інтэрнэт-рэсурсаў і «экстрэмісцкай ідэалогіі», якая прыпісваецца апазіцыі і незалежным медыя, перасцярагалі ад падпісак на забароненыя ўладамі Telegram-каналы і любыя формы «экстрэмізму».

    На працягу года 11 незалежных медыяпраектаў былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Гэта «Беларускае Радыё Рацыя», якое месціцца ў Беластоку (Польшча), «DW Беларусь (Немецкая волна Беларусь)», «UDF — новости Беларуси», «Это Минск, детка» (уключна акаўнты ў сацыяльных сетках блогера Усяслава Пашкевіча, вядомага як «Тутэйшы Шляхціч»), інфармацыйны сайт непрызнанага беларускімі ўладамі грамадскага аб’яднання «Саюз палякаў на Беларусі» ZnadNiemna.pl, праект «Чаго брэшаш?», які займаецца разборам прыёмаў дзяржпрапаганды, гродзенскі гарадскі сайт s13.ru, медыяпраекты «Позірк», Orsha.eu, Media IQ і «Обычное утро». Да таго ж «экстрэмісцкімі фармаваннямі» сталі інтэрнэт-рэсурсы «Мы не Холопы», «Народный репорцер» (праект экс-палітвязняў блогераў Аляксандра Кабанава і Сяргея Пятрухіна), а таксама сацсеткі блогера Алега Жалнова.

    Улады ўпершыню прымянілі новую практыку «дапаўненне ў экстрэмісцкае фармаванне», калі да ліку тых, хто складаюць экстрэмісцкае фармаванне ў адпаведнасці з ранейшым рашэннем, дадаюць новых асоб. Гэта закранула медыяпраекты «Зеркало» і KYKY.ORG.

    Працягнуліся прымусовыя ліквідацыі юрыдычных асоб арганізацый, прызнаных экстрэмісцкімі фармаваннямі. 11 сакавіка па іску пракуратуры была ліквідаваная арганізацыя ЗАТ «БелаПАН» – найстарэйшае беларускае інфармацыйнае агенцтва, супрацоўнікі якога ў 2022 годзе былі асуджаныя да працяглых тэрмінаў пазбаўлення волі.

    10 асуджаных супрацоўнікаў СМІ, а таксама блогер Аляксандр Ігнацюк былі ўключаныя ў Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.

    Юрый Дракахруст, Ганна Любакова і Алена Цімашчук былі прызнаныя датычнымі да «тэрарыстычнай дзейнасці».

    Працягваўся крымінальны пераслед грамадзян за любое ўзаемадзеянне з незалежнымі СМІ-»экстрэмісцкімі фармаваннямі».

    Так, 19 красавіка мінскі суд прыгаварыў Настассю Мацяш да двух гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» за тое, што з 2021 па 2023 год яна працавала «моўным кансультантам» тэлеканала «Белсат».

    2 чэрвеня быў затрыманы вядоўца мерапрыемстваў і акцёр Кірыл Алахвердзян за тое, што калісьці ён здымаўся ў сатырычных роліках тэлеканала «Белсат» у форме міліцыі.

    13 верасня гісторык Ігар Мельнікаў быў пакараны 4 гадамі пазбаўлення волі за інтэрв’ю «Еўрарадыё», дадзенае за 5 месяцаў да таго, як яно было прызнанае «экстрэмісцкім фармаваннем»: паводле версіі абвінавачання, ён зрабіў гэта «загадзя ведаючы аб экстрэмісцкай дзейнасці ўдзельнікаў забароненага ў Беларусі інфармацыйнага рэсурсу, у мэтах развіцця і папулярызацыі СМІ такой скіраванасці і ўцягвання большай колькасці грамадзян у падобную дзейнасць».

    Кантэнт незалежных медыя, асабістых старонак прадэмакратычных журналістаў і грамадскіх дзеячаў, як і раней, у вялікай колькасці афіцыйна прызнавалі экстрэмісцкімі матэрыяламі. Пад увагу сталі часта трапляць акаўнты ў сацсетках Х і Tik­Tok, таксама ўпершыню ў спіс патрапіў акаўнт у сацыяльнай сетцы Threads. У спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» упершыню быў уключаны сайт на ЛГБТК+ тэматыку — пад забарону патрапілі сацыяльныя сеткі супольнасці трансгендарных асоб у Беларусі.

    13 лютага кантэнт Telegram-канала «БАЖ Беларуская асацыяцыя журналiстаў» (t.me/bajmedia), а 18 сакавіка і старонка baj.media ў сацыяльнай сетцы Tik­Tok былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

    З замежных медыя ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў былі ўключаныя медыяпраект «Настоящее время» (шэсць яго тэматычных рэдакцый), а таксама два артыкулы пад загалоўкамі «Наш Пушкин» і «Братский народ» как пушечное мясо», размешчаныя на сайце нямецкай газеты Die Tageszeitung, украінскія медыя: YouTube-канал інфармацыйнага агенцтва «УНІАН» і восем рэсурсаў «TELEGRAF».

    4 красавіка з’явіўся загад Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае ануляванне даменных імёнаў інтэрнэт-рэсурсаў, уключаных у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Першымі незалежнымі медыя, якія трапілі пад гэтыя новыя правілы, сталі інфармацыйныя сайты reform.by і Media-Polesye.by.

    Беларусаў ужо традыцыйна масава пераследавалі за распаўсюд «экстрэмісцкага» кантэнту на падставе артыкула 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях («Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць»). Галоўным чынам пад «распаўсюдам» маюцца на ўвазе каментары, рэпосты, лайкі і іншыя формы анлайн-актыўнасці. Большасць людзей прыцягваецца да адказнасці за рэакцыі на публікацыі, зробленыя яшчэ да моманту прызнання іх «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

    У маі ўпершыню з’явілася інфармацыя пра узбуджэнне крымінальнай справы за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці праз адзіны рэпост навіны з сайта «экстрэмісцкага фармавання». Раней гэта звычайна кваліфікавалася як адміністрацыйнае правапарушэнне. У ГУБАЗіК заявілі: «Хапіла адзінай перасылкі ў публічныя чаты навіны, раней апублікаванай экстрэмісцкім фармаваннем, каб узбудзіць крымінальную справу па арт. 361–4 КК Беларусі. Цяпер такая правільная практыка будзе пастаўленая на паток, і падобныя наўмысныя дзеянні будуць строга карацца». Відавочна, што такія публікацыі сілавікоў накіраваныя на запалохванне карыстальнікаў Інтэрнэта, што звяртаюцца па інфармацыю да незалежных медыякрыніц.

    У 2024 годзе была зафіксавана адміністрацыйная справа за захоўванне «экстрэмісцкіх» кніг. Так, 1 чэрвеня стала вядома пра пакаранне 10 суткамі адміністрацыйнага арышту жыхара Кобрына, які захоўваў на паліцы «забароненую» кнігу Уладзіміра Арлова «Айчына: дзіцячая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі». Суд адзначыў, што захоўванне кнігі на паліцы лічыцца публічнай дэманстрацыяй «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

    30 кастрычніка ў Мінску вынеслі першы прысуд за «адмаўленне генацыду беларускага народа» (артыкул 130–2 Крымінальнага кодэкса). Андрэю Савіцкаму, які адміністраваў суполку ў сацсетцы «Одноклассники». Савіцкага асудзілі да трох гадоў калоніі, абвінаваціўшы таксама ў абразе Аляксандра Лукашэнкі. Падставай для пераследу стала публікацыя, у якой ён нібыта «адмаўляў масавае знішчэнне вайскоўцамі 118-га шуцманшафт-батальёна ахоўнай паліцыі і асаблівага батальёна СС О. Дырлевангера мірных жыхароў вёскі Хатынь у выніку карнай аперацыі 22 сакавіка 1943 года».

      

     Абмежаванне доступу да інфармацыі адміністрацыйнымі мерамі

    Міністэрствам інфармацыі разам з іншымі дзяржаўнымі структурамі ажыццяўлялася абмежаванне доступу да «непажаданай» інфармацыі праз цэнзурныя меры. Падставы для гэтых абмежаванняў выйшлі за межы «барацьбы з экстрэмізмам» і парушэння Закона «Аб сродках масавай інфармацыі».

    8 красавіка Мінінфарм на падставе апавяшчэння Міністэрства замежных спраў упершыню ўжыў меры ў адказ да замежных СМІ: ў сувязі з увядзеннем забароны на дзейнасць асобных сродкаў масавай інфармацыі Беларусі на тэрыторыі Латвіі, Літвы і Эстоніі. Ведамства пастанавіла абмежаваць на тэрыторыі Беларусі доступ да шэрагу медыя гэтых краін (не прыводзячы пералік замежных СМІ). Зроблена гэта было на падставе апавяшчэння Міністэрства замежных спраў Беларусі.

    Міністэрства інфармацыі традыцыйна адсочвала публікацыі ў Інтэрнэце, ініцыявала блакіроўкі сайтаў і выносіла папярэджанні.

    20 верасня новапрызначаны міністр інфармацыі Марат Маркаў распавёў на пленарным пасяджэнні міжнароднай канферэнцыі «Міжнародныя стандарты ў выбарчым працэсе: вопыт і перспектывы развіцця», што  падпарадкаваная яму структура ўсё больш увагі надае «рэгуляванню інфармацыйнай прасторы». У прыватнасці, ён паведаміў, што на 1 верасня Мінінфармам заблакаваныя каля 14 тысяч інтэрнэт-рэсурсаў, з якіх больш за 5 тысяч прызнаныя «экстрэмісцкім» кантэнтам, — колькасць забароненых сайтаў вырасла амаль у 35 разоў у параўнанні з перыядам 2015–2020 гадоў.

     Так, сайт расследавальніцкага інфармацыйнага медыяпраекта «Бюро медыя» (buromedia.io.) быў заблакаваны 5 студзеня прыкладна праз 30 хвілін пасля размяшчэння публікацыі пра Беларускі Чырвоны Крыж.

    Доступ карыстальнікаў да рэгіянальнага інфармацыйнага інтэрнэт-выдання «Мой Брест» (www.mybrest.by) быў абмежаваны 9 студзеня праз «выкрытае» Мінінфармам парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі — наяўнасць гіперспасылкі на «экстрэмісцкі» belsat.eu у публікацыі 2017 года.  

    Мінінфарм у чэрвені-ліпені абмежаваў доступ да сайтаў baranovichi24.by (з прычыны наяўнасці спасылкі на «экстрэмісцкае» СМІ) і Katolik.life (без паведамлення прычын). Апошні яшчэ раней быў заблакаваны ў Расіі, верагодна, праз тое, што на ім закраналіся тэма вайны ва Украіне.

    2 жніўня рэдакцыя тэлепраграмы «8 канал» атрымала пісьмовае папярэджанне Міністэрства інфармацыі «за парушэнне патрабаванняў нацыянальнага заканадаўства аб СМІ» — распаўсюд забароненай інфармацыі.

    1 кастрычніка было ўведзенае «часовае прыпыненне» ў Беларусі доступу да расійскага інтэрнэт-кінатэатра Okko з прычыны парушэння норм артыкула 38 Закона аб СМІ ў частцы «размяшчэння на дадзеным рэсурсе забароненай інфармацыі, скіраванай на прапаганду гвалту і жорсткасці» (сутнасць прэтэнзій Мінінфарма не раскрывалася).

    Цэнзура праяўлялася ў розных формах і закранала не толькі сродкі масавай інфармацыі.

    Дзяржаўны тэлеканал СТБ падвергнуў цэнзуры трансляцыю чэмпіянату Еўропы па футболу, у апошні момант адмовіўшыся ад паказу ў Беларусі матчаў зборнай Украіны, якія ўжо былі ўключаныя ў праграму перадач.

    Сайты дзяржаўных СМІ («Гомельская праўда», «Гомельскія ведамасці», «Беларусь 4 Гомель», «Першы гарадскі тэлеканал», а таксама раённыя газеты) і мясцовых адміністрацый Гомельскай вобласці сталі праваднікамі своеасаблівай «самацэнзуры» – яны ў маі заблакавалі ўваход для наведнікаў з‑за мяжы.

    Ахвярай палітычнай цэнзуры стаў «Беларускі N‑корпус« (калекцыя тэкстаў сучаснай беларускай мовы). Калі ў студзені 2024 года, пасля паўгода бяздзеяння рэсурс аднавіў працу, з яго зніклі амаль 90% тэкстаў, у тым ліку публікацыі незалежных беларускіх СМІ. Адроджаны корпус вэб-рэсурсаў цяпер уключае толькі сайты дзяржаўных БелТА, газеты «Звязда», Белтэлерадыёкампаніі і афіцыйны сайт Аляксандра Лукашэнкі.

    У чэрвені стаў недасяжным для наведнікаў архіў сайтa холдынга «Культура і Мастацтва», які аб’ядноўвае тэматычныя выданні – штотыднёвую газету «Культура» і часопіс «Мастацтва». Сайт перастаў напаўняцца ў 2021 годзе, але заставаўся дасяжным для карыстальнікаў. Фактычна там была сабраная ўся гісторыя беларускага мастацтва ад пачатку ХХІ стагоддзя, у тым ліку неафіцыйнага, але шмат герояў публікацый апынуліся ў турме або ў эміграцыі, і іх творчасць не адпавядае цяперашнім ідэалагічным устаноўкам. Новы сайт холдынга (https://kultura-info.by) пачынае адлік ідэалагічна правільных публікацый пра беларускую культуру ад лета 2022 года.

    Па палітычных матывах было цалкам звольненае кіраўніцтва «Летапіса» — падраздзялення нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», адказнага за вытворчасць дакументальнага кіно. Таксама звольнілі дакументалістку Галіну Адамовіч, прызёрку шматлікіх кінафестываляў. Прычынай сталі пытанні да новых твораў рэжысёркі, а апошняй кропляй стала з’яўленне ў адной са стужак фанаграмы, прысвечанай Украіне.

    Нават рэкламныя публікацыі падвяргаліся цэнзуры. Так, у лютым сетка крам «Міла» пасля абразаў і абвінавачанняў у праўладных Telegram-каналах была вымушаная выдаліць пост у Insta­gram, у якім фігураваў вядомы вядоўца Яўген Перлін, што звольніўся з дзяржаўнага тэлебачання пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

    Ціск закрануў відавочна лаяльных да ўладаў блогераў з Гомеля Максіма Філіповіча і Яўгена Катлярова — у студзені яны былі прымушаны выдаліць (або адправіць у закрыты доступ) сотні сваіх ранейшых відэа крытычнага характару. Першы зрабіў гэта пасля адбыцця 15-суткавага адміністрацыйнага арышту, а другі — пасля публікацыі запісу размовы з мясцовым кіраўніком, якая, верагодна, мела для яго пэўныя непрыемныя наступствы. Катляроў не здолеў пазбегнуць крымінальнага пераследу ў далейшым.

    Беларускія медыя, што працуюць у выгнанні, траплялі пад забарону не толькі ў Беларусі, але і ў Расійскай Федэрацыі.

    26 студзеня Міністэрства юстыцыі Расіі прызнала інагентам медыя «Вот так». Гэта міжнародны рускамоўны праект тэлеканала «Белсат», прызначаны для постсавецкай прасторы. З 2020 года ён працаваў як інфармацыйны партал, дзе публікаваліся навіны, аналітыка, меркаванні экспертаў, рэпартажы і інтэрв’ю. У выданні працуюць журналісты з Расіі, Беларусі, Украіны і іншых краін рэгіёна.

    25 чэрвеня ў адказ на блакіроўку Еўрасаюзам шэрагу расійскіх СМІ ў Расіі заблакавалі доступ да тэлеканала «Белсат» (сярод іншых замежных медыя).

    13 верасня Генеральная пракуратура РФ прызнала «непажаданай» дзейнасць тэлеканала «Белсат». У афіцыйным паведамленні пракуратуры   сцвярджаецца адносна «польскай арганізацыі Bel­sat», што для той «адной з ключавых задач з’яўляецца дыскрэдытацыя ўнутранай і знешняй палітыкі расійскіх уладаў, стварэнне негатыўнага іміджу нашай краіны і крытыка інтэграцыйных працэсаў у межах Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі».

    19 жніўня забароненае ў Беларусі нтэрнэт-выданне Reform.news атрымала паведамленне Расійскага нагляднага ведамства Раскамнагляд аб блакіроўцы для карыстальнікаў з Расіі ў выпадку адмовы выдаліць інфармацыю на працягу сутак.

    12 лістапада Міністэрства інфармацыі запатрабавала ад распаўсюднікаў друкаванай прадукцыі правесці рэвізію друкаваных выданняў і выключыць з продажу тыя з іх, якія могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам. Дакладны спіс выданняў першапачаткова не прыводзіўся, але меліся на ўвазе тыя, што:

    скажаюць гістарычную праўду і справядлівасць,

    прапагандуюць нетрадыцыйныя сексуальныя адносіны, рэлігійную нецярпімасць, гвалт, жорсткасць і парнаграфію, якія распальваюць варожасць і нянавісць,

    папулярызуюць нетрадыцыйныя для беларускага грамадства субкультуры,

    прысвечаныя палавому выхаванню дзяцей і здольныя аказаць негатыўны ўплыў на іх фізічнае і псіхічнае развіццё, сказіць уяўленне аб сапраўдных сямейных каштоўнасцях.

    21 лістапада на пасяджэнні Рэспубліканскай камісіі па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі быў зацверджаны «Спіс друкаваных выданняў, якія змяшчаюць інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, распаўсюд якіх здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь» з 35 найменняў, сярод якіх  манга, раманы на ЛГБТК+ тэматыку, эратычная проза, неафіцыйныя працы па гісторыі Беларусі. Міністэрства інфармацыі забараніла распаўсюджваць гэтыя выданні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь пад пагрозай спынення дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці распаўсюдніка друкаваных выданняў на падставе артыкула 33 закона Рэспублікі Беларусь «Аб выдавецкай справе».

      

    ПАДЗЕІ Ў ДЗЯРЖАЎНЫМ МЕДЫЯСЕКТАРЫ

    Прапагандысцкая дзейнасць дзяржаўных СМІ працягвалася на фоне рэпрэсій у дачыненні да недзяржаўных медыярэсурсаў і ідэалагізацыі розных бакоў жыцця.

    У 2024 годзе яна атрымала працяг і ў межах Саюзнай дзяржавы. 29 студзеня на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі ў Санкт-Пецярбургу была падпісана пастанова аб стварэнні медыякампаніі Саюзнай дзяржавы для стварэння і прасоўвання агульных медыйных наратываў. Гэтая ідэя агучвалася Аляксандрам Лукашэнкам на працягу некалькіх гадоў. Паводле слоў міністра лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый Расійскай Федэрацыі Максута Шадаева, у медыяхолдынг будуць уваходзіць ужо існуючыя дзве штотыднёвыя газеты «Союзное Вече» і «Союз. Беларусь — Россия», часопіс «Союзное государство» і тэлерадыёвяшчальная арганізацыя Саюзнай дзяржавы, якія будуць забяспечваць «адзіную скаардынаваную палітыку». На запуск медыяхолдынга павінны быць накіраваныя 1 мільярд расійскіх рублёў (каля 11 мільёнаў долараў) з бюджэту Саюзнай дзяржавы. Яго асноўны офіс знаходзіцца ў Маскве, а прадстаўніцтва — у Мінску. У холдынг плануецца ўключыць «рэсурсны цэнтр», які будзе фармаваць кантэнт для распаўсюду праз электронныя сродкі інфармацыі.

    5 лістапада на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай Дзяржавы была заснаваная медыякампанія Саюзнай дзяржавы — зацверджаныя яе статут і склад наглядальнай рады. Плануецца, што яна будзе заказчыкам кантэнту, накіраванага на асвятленне асноўных падзей і дасягненняў саюза Беларусі і Расіі, у тым ліку на іншых інфармацыйных пляцоўках. Таксама была прынята пастанова аб распрацоўцы стратэгіі фармавання агульнай інфармацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы.

    У самой Беларусі працягвалася стварэнне медыяхолдынгаў (аб’яднаных рэдакцый) з мясцовых дзяржаўных газет. Падчас пасяджэння Брэсцкага аблвыканкама 25 студзеня паведамлялася пра стварэнне ў вобласці трох такіх рэдакцый. Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Таццяна Гагакава заявіла, што «праца ў інтэрнэт-прасторы — задача № 1 для сучаснага СМІ», таму ў дзвюх рэдакцыях прыцягнулі да працы блогераў. Паводле слоў міністра інфармацыі Уладзіміра Пярцова, які прысутнічаў у Брэсце, у Беларусі выбудавана «дзейсная сістэма падачы інфармацыі, але недзе яе трэба завастрыць і перафарматаваць: у Брэсцкай вобласці гэта ўдалося выканаць на 97%».

    8 красавіка Уладзімір Пярцоў, што займаў пасаду міністра інфармацыі, быў прызначаны намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў, што таму будзе «трэба падцягнуць, прывесці ў парадак сродкі масавай інфармацыі ўсе, ідэалагічную працу» і сканцэнтравацца на пытаннях прапаганды і контрпрапаганды.

    Дзяржаўныя органы і СМІ актывізавалі прапагандысцкую дзейнасць напярэдадні «электаральнай кампаніі» дня галасавання на выбарах Аляксандра Лукашэнкі 26 студзеня 2025 года.

    12 верасня пачаў дзейнічаць мультымедыйны партал  VIDEOBEL.BY, які павінен акумуляваць грамадска-палітычны кантэнт вядучых беларускіх дзяржаўных медыя і весці прамыя трансляцыі, у прыватнасці з мерапрыемстваў з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

    З 17 верасня ў Беларусі пачаў вяшчанне новы дзяржаўны тэлеканал «Першы інфармацыйны», які быў уключаны ў абавязковы агульнадаступны пакет тэлепраграм — яго спецыфіка ў шматгадзінным вяшчанні навін.

    14 лістапада Міністэрства інфармацыі паведаміла, што прад’явіла патрабаванні аб выпраўленні парушэнняў Закона аб СМІ пяці ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсаў, якія распаўсюджваюць тэлепраграмы. Падчас чарговага маніторынгу сеткі Інтэрнэт ведамствам быў выяўлены шэраг распаўсюднікаў тэлепраграм, якія не ў поўным аб’ёме падавалі абавязковы агульнадаступны пакет тэлепраграм. Мінінфарм пагражаў абмежаваннем доступу да гэтых інтэрнэт-рэсурсаў у выпадку невыканання патрабаванняў. Да таго яно ўжо абмяжоўвала доступ да расійскага анлайн-кінатэатра Okko.

    Прапагандысцкая дзейнасць дзяржаўных СМІ прывяла да дадатковых абмежавальных мер з боку іншых дзяржаў.

    У сакавіку Нацыянальны савет Латвіі па электронных СМІ (NEPLP) вырашыў забараніць доступ да сайтаў тэлеканала АНТ (ont.by) і дзяржаўнага медыяхолдынга «СБ. Беларусь сегодня» (sb.by) як датычных да распаўсюду агрэсіўнай расійскай прапаганды і ненавісніцкіх выказванняў. Міністэрства інфармацыі Беларусі ў адказ выступіла з заявай аб «недапушчальных дзеяннях, накіраваных на абмежаванне свабоды слова і мэтанакіраванае пазбаўленне латышскіх грамадзян права на атрыманне поўнай і аб’ектыўнай інфармацыі».

    У красавіку стала вядома, што прыпыненне членства Белтэлерадыёкампаніі ў Еўрапейскім вяшчальным саюзе (EBU), якое першапачаткова было зробленае да ліпеня 2024 года, стане бестэрміновым у выпадку адсутнасці паляпшэння сітуацыі. Прыпыненне дзейнічала ад мая 2021 года і было матываванае адсутнасцю аб’ектыўнасці, свабоды прэсы і незалежнасці, рэпрэсіямі ў дачыненні да журналістаў і паказам у эфіры так званых «пакаяных» відэа, якія прыраўноўваюцца да катаванняў. 

    На фоне міжнародных санкцый Міністэрства інфармацыі вырашыла ўжываць механізм іх абыходу на падставе закона, прынятага ў 2023 годзе, які дазваляе выкарыстоўваць аб’екты інтэлектуальнай уласнасці без згоды праваўладальніка, калі той уключаны ў спіс «недружалюбных» краін. Пастановамі міністэрства ад 14 лютага і 19 красавіка Міжнародная федэрацыя футбольных асацыяцый (ФІФА) і Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) былі ўключаныя ў гэты самы спіс, што фармальна дае магчымасць трансляваць у Беларусі футбольныя чэмпіянаты без атрымання адпаведнага дазволу.

    Дзяржаўныя СМІ ў Беларусі абыходзілі накладзеныя на іх санкцыі, парушаючы правілы трансляцыі спартыўных спаборніцтваў. 7 чэрвеня Міністэрства інфармацыі дапоўніла пералік спартыўных спаборніцтваў, якія ў Беларусі можна паказваць без згоды праваўладальнікаў, — гэта матчы Лігі нацый і таварыскія матчы з удзелам зборнай Беларусі па футболе. Іх дазволілі паказваць без згоды УЕФА.

    28 ліпеня Беларускі дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 5» паказаў частку трансляцыі заплыву з Алімпіяды, у якім брала ўдзел беларуская спартсменка, не маючы пры гэтым правоў на паказ (яго ніяк не анансавалі і не каментавалі).

    5 жніўня Еўрасаюз увёў новыя санкцыі супраць беларускіх сілавікоў і прапагандыстаў, сярод якіх аказаліся генеральны дырэктар інфармацыйнага агенцтва БелТА Ірына Акуловіч, экс-кіраўнік прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый Жук і вядоўца тэлепраграмы «Сенат» на канале СТБ Мікіта Рачылоўскі. Міністэрства інфармацыі ў адпаведнай заяве таго ж дня назвала гэтыя санкцыі «найгрубейшым парушэннем нормаў міжнароднага права».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці