• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    СМІ ў Беларусі ў 2025 годзе

    СМІ ў Беларусі ў 2024 годзе. Спампаваць PDF.

    Ірына Слаўнікава пасля вызвалення

    Ірына Слаўнікава пасля вызвалення. Вільня, 11 верасня 2025 года. Фота: «Белсат»

    Умовы дзейнасці незалежнага медыясектара ў 2025 годзе

    У 2025 годзе працягваўся сістэмны пераслед незалежнай прэсы ў агульным кантэксце барацьбы з іншадумствам. Ціск на супрацоўнікаў медыя павялічыўся падчас правядзення выбараў Аляксандра Лукашэнкі, якія прайшлі 26 студзеня, а таксама ў красавіку, калі асабліва пацярпелі ад вобшукаў і цкавання на прапагандысцкіх платформах адзінкавыя рэгіянальныя медыя, што на той час яшчэ працягвалі працаваць у Беларусі.

    Не спыняўся крымінальны пераслед журналістаў і блогераў — як тых, хто знаходзіўся ўнутры краіны, так і тых, хто з’ехаў за мяжу. Таксама меў месца ціск праз пагрозы, вобшукі і затрыманні. На працягу 2025 года ў адносінах да журналістаў было вынесена як мінімум 10 прысудаў па крымінальных справах, найбольш жорсткі з якіх — 10 гадоў пазбаўлення волі — атрымаў Даніла Палянскі. Завочнае абвінавачванне беларускіх журналістаў замежжа ў здзяйсненні крымінальных злачынстваў набыло масавы характар (больш за 100 выпадкаў). Ціск на прадстаўнікоў медыя, якія вымушана працуюць за мяжой, ажыццяўляўся праз іх родных у Беларусі.

    Беларуская журналістка сутыкнулася з выпадкам гендарнага гвалту ў інтэрнэце падчас прамога эфіру — публічныя дзеянні такога кшталту ставяць пад пагрозу спакой і бяспеку незалежных жанчын-журналістак у цэлым.

    Так званая «барацьба з экстрэмізмам», як і раней, шырока выкарыстоўвалася для абмежавання свабоды выказвання і доступу да неафіцыйных крыніц інфармацыі: многія незалежныя медыяпраекты былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», судовы пераслед за любую форму ўзаемадзеяння з «экстрэмісцкім» кантэнтам па-ранейшаму меў масавы характар.

    Адбывалася інтэнсіфікацыя цэнзуры на дзяржаўным узроўні. Цэнзура выйшла за рамкі процідзеяння «экстрэмізму», распаўсюдзілася і на кантэнт непалітычнай тэматыкі. За пяць месяцаў 2025 года было заблакавана столькі ж анлайн-рэсурсаў, колькі за ўвесь 2024 год (больш за 3 150). Упершыню была ўжыта блакіроўка доступу для карыстальнікаў з Беларусі ў сацыяльнай сетцы Tik­Tok — да акаўнтаў лідараў апазіцыі Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі.

    Была інстытуцыялізавана практыка непасрэднага ўмяшання сілавых структур у сферу распаўсюджвання інфармацыі і камунікацый: права блакаваць сайты і адключаць карыстальнікаў ад сувязі займелі Камітэт дзяржаўнай бяспекі, Міністэрства ўнутраных спраў, Следчы камітэт і Генеральная пракуратура. Раней рэгуляванне інтэрнэт-прасторы заставалася функцыяй Міністэрства інфармацыі і ажыццяўлялася пераважна адміністрацыйнымі мерамі.

    Няпростае становішча СМІ ў выгнанні, абумоўленае ціскам беларускіх уладаў і цяжкасцямі, звязанымі з рэлакацыяй, абцяжарваецца эканамічнымі праблемамі (крытычнае скарачэнне рэкламных даходаў, прыбыткаў ад продажу медыяпрадукцыі, страта іншых магчымасцяў зарабляць сродкі пры адначасовым павелічэнні выдаткаў). Ад пачатку 2025 года сітуацыя істотна пагоршылася ў выніку скарачэння амерыканскай фінансавай падтрымкі медыйных праектаў па ўсім свеце.

    У Беларусі не засталося недзяржаўных выданняў грамадска-палітычнай тэматыкі, якія б прапаноўвалі чытачу пункты гледжання, альтэрнатыўныя афіцыйным. Разам з тымі рэгіянальнымі СМІ, што фактычна былі разгромленыя ў выніку рэпрэсій, у 2025 годзе перасталі выходзіць газеты «Вечерний Могилев» (выходзіла з 1992 года; пасля 2013 года агульнабеларускую «славу» ёй прынеслі гамафобныя і антысеміцкія артыкулы, якія сталі традыцыйнымі ў час рэдактарства Надзеі Леўчанкі) і «Гоман Барысаўшчыны» (у ім асвятляліся падзеі горада Барысава і раёна з 1996 года).

    Міністэрства інфармацыі актывізавала дзейнасць па выяўленні і забароне непажаданых кніг, «распаўсюджванне якіх можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь» — за год у спіс трапілі 190 кніг. Гэта сведчыць пра імкненне ўладаў абмежаваць распаўсюджванне ідэй, якія адрозніваюцца ад афіцыйных ідэалагічных установак, у тым ліку звязаных з гендарнай разнастайнасцю і нетрадыцыйнымі мадэлямі адносін.

    Прапаганда і дыскрэдытацыя апанентаў заставаліся неад’емнай часткай дзяржаўнай палітыкі ў інфармацыйнай сферы. Новае Палажэнне аб Міністэрстве інфармацыі, прынятае 16 верасня, фармальна замацавала прапагандысцкія функцыі гэтага дзяржаўнага органа. Вынікі даследавання, прысвечанага дзейнасці праўладных прапагандыстаў, сведчаць пра наяўнасць «трэнду лічбавага аўтарытарызму» — перанасычэння інфармацыйнага поля падкантрольнымі наратывамі.

    У Індэксе свабоды прэсы за 2025 год, апублікаваным аўтарытэтнай няўрадавай арганізацыяй «Рэпарцёры без межаў», Беларусь заняла 166‑е месца, падняўшыся на адну пазіцыю ў параўнанні з папярэднім годам. Адначасова пагоршылася пазіцыя Беларусі ў сусветным рэйтынгу свабоды інтэрнэту, які складаецца праваабарончай арганізацыяй «Free­dom House»: як краіна з несвабодным інтэрнэтам Беларусь атрымала ўсяго 20 балаў са 100 (у папярэднім годзе — 22 балы).

    На канец 2025 года 28 супрацоўнікаў медыя знаходзіліся ў зняволенні (у 2024 годзе іх было 45). У 2025 годзе журналіст-фрылансер Даніла Палянскі быў асуджаны на дзесяць гадоў пазбаўлення волі за «здраду дзяржаве».

    Сярод супрацоўнікаў СМІ за кратамі — журналіст-расследавальнік Дзяніс Івашын, прыгавораны да 13 гадоў за «здраду дзяржаве»; адна з кіраўніц інфармацыйнага партала TUT.by Людміла Чэкіна, якая атрымала 12 гадоў пазбаўлення волі; палітолаг і рэдактар «Белорусского ежегодника» Валерыя Касцюгова, прысуджаная да 10 гадоў. У месцах зняволення журналісты, як і іншыя палітзняволеныя, падвяргаліся ціску і негуманнаму абыходжанню. У прыватнасці, стала вядома пра жорсткі ціск на некаторых палітзняволеных з‑за таго, што пра іх пішуць незалежныя СМІ. Гэта можна лічыць спецыфічнай праявай цэнзуры.

    На працягу 2025 года ў выніку дыпламатычных намаганняў дэлегацыі ЗША на чале з Джонам Коўлам былі вызваленыя 14 журналістаў Андрэй Кузнечык, Ігар Карней, Ірына Слаўнікава (намесніца старшыні БАЖ), Мікола Дзядок, Павел Мажэйка, Аляксандр Манцэвіч, Ларыса Шчыракова, Яўген Меркіс, Алена Цімашчук, Вячаслаў Лазараў, Павел Падабед, Ігар Лосік, Марына Золатава, Аляксандр Фядута — а таксама блогеры Зміцер Казлоў і Павел Вінаградаў.

    Неабходна адзначыць, што большасць былых палітзняволеных былі пазбаўлены дакументаў і магчымасці выбару краіны пражывання — фактычна яны падвергліся выдварэнню з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

    Вызваленне беларускіх журналістаў стала магчымым дзякуючы салідарнасці, праяўленай на міжнародным узроўні.

    Праца беларускіх незалежных СМІ ажыццяўлялася ў эміграцыі. 15 верасня Беларуская асацыяцыя журналістаў зацвердзіла стратэгію сваёй дзейнасці на 2025–2027 гады. У стратэгіі адзначаецца неабходнасць вяртання арганізацыі і ўсяго незалежнага медыясектара ў Беларусь і аднаўлення легальнай дзейнасці там, важнасць беларускамоўнага і нацыянальнага кантэнту для захавання нацыянальнай ідэнтычнасці аўдыторыі. 

    Змяненні ў заканадаўстве

    17 студзеня былі ўнесены змены ў Інструкцыю аб рэгістрацыі даменных імёнаў у нацыянальнай даменнай зоне Беларусі, якія дазваляюць адміністратару нацыянальнай даменнай зоны ануляваць дамены, «здольныя прычыніць шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», адначасова ўносячы іх у спецыяльны пералік. Што маецца на ўвазе пад нанясеннем шкоды нацыянальным інтарэсам, нідзе не канкрэтызуецца.

    17 лютага Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон № 61‑З «Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці». У цэлым гэты прававы акт значна змякчае крымінальнае заканадаўства, аднак гуманізацыя не закранае «антыэкстрэмісцкія» і «антытэрарыстычныя» артыкулы, а таксама нормы, накіраваныя на абарону інстытутаў улады і дзяржаўных сімвалаў. Гэтыя палажэнні, як правіла, выкарыстоўваюцца для палітычнага пераследу, які парушае, у тым ліку, свабоду выказвання.

    Закон пашырае пералік злачынстваў, за якія грамадзяне Беларусі або асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у краіне, падлягаюць крымінальнай адказнасці — нават калі гэтыя злачынствы былі ўчынены за межамі Беларусі і незалежна ад таго, ці прызнаюцца яны злачынствамі ў краіне ўчынення. З прыняццем зменаў пералік артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія маюць экстэрытарыяльнае дзеянне, папоўніўся, сярод іншых, наступнымі артыкуламі:

    • артыкуламі 130–130–2 (распальванне варожасці, рэабілітацыя нацызму, адмаўленне генацыду беларускага народу);
    • «дыфамацыйнымі» артыкуламі 367–369–1 (паклёп і абраза ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і прэзідэнта, дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь);
    • артыкулам 370 (здзекаванне з дзяржаўных сімвалаў).

    Гэтыя змены фактычна фармалізуюць практыку пераследу апазіцыйных прадэмакратычных актывістаў за мяжой за выказванні крытычнага характару. Такая практыка ўжо адбывалася ў рамках завочнага крымінальнага пераследу — так званай «спецыяльнай вытворчасці», прадугледжанай Крымінальна-працэсуальным кодэксам (норма ўведзена ў 2022 годзе). Аднак новыя змены могуць служыць дадатковым юрыдычным абгрунтаваннем для пераследу людзей, якія ўчынялі дзеянні, непажаданыя ўладам, за межамі Беларусі.

    Закон уносіць змены ў артыкул 367 Крымінальнага кодэкса («Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь») і артыкул 368 («Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»), якія прадугледжваюць распаўсюджванне дзеяння гэтых артыкулаў не толькі на дзеючага кіраўніка дзяржавы, але і на асобу, якая спыніла выкананне сваіх абавязкаў.

    10 чэрвеня Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь зацвердзіў пастанову № 319 «Аб змяненні пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2014 г. № 1256 і ад 12 кастрычніка 2021 г. № 575». Гэтай пастановай унесены змяненні ў парадак уключэння фізічных і юрыдычных асоб у спісы асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай і экстрэмісцкай дзейнасці. Дакумент быў прыняты па ініцыятыве КДБ, МУС і Генеральнай пракуратуры з мэтай «удакладнення прававых падстаў і уніфікацыі падыходаў у галіне супрацьдзеяння тэрарызму і экстрэмізму».

    Закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» дазваляў лічыць «экстрэмісцкай дзейнасцю» не толькі дзеянні, прама ўказаныя ў законе, але і шэраг злачынстваў супраць грамадскага парадку, маральнасці, дзяржавы і парадку ажыццяўлення ўлады і кіравання, жыцця і здароўя, асабістай свабоды, гонару, годнасці і маёмасці — пры ўмове, што яны здзейснены па матывах варожасці.

    Прынятая пастанова Савета Міністраў значна пашырае гэты падыход: цяпер падставай для ўключэння ў «пералік асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці», могуць служыць любыя артыкулы Асаблівай часткі Крымінальнага кодэкса (уключна з эканамічнымі і падатковымі), калі злачынства ўчынена па матывах расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, палітычнай, ідэалагічнай варожасці альбо варожасці да сацыяльнай групы.

    Такім чынам, створаны прававы базіс для кваліфікацыі практычна любых дзеянняў як «экстрэмісцкіх» або «тэрарыстычных», калі гэтыя дзеянні можна палічыць нязгоднымі з палітыкай уладаў альбо звязанымі з выказваннем іншадумства. Пры гэтым межы адпаведных прававых катэгорый становяцца яшчэ больш размытымі.

    2 верасня Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь зацвердзіў Пастанову № 476 «Аб парадку прымянення мер абмежавальнага характару». Дакумент устанаўлівае механізм абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсаў і прыпынення аказання паслуг электрасувязі і інтэрнэт-паслуг. Згодна з новым парадкам, права блакіраваць сайты і адключаць карыстальнікаў ад сувязі атрымалі Камітэт дзяржаўнай бяспекі (КДБ), Міністэрства ўнутраных спраў (МУС), Следчы камітэт (СК) і Генеральная пракуратура. Раней такія паўнамоцтвы мела толькі Міністэрства інфармацыі. Цяпер рашэнні аб блакіроўцы могуць прымацца не толькі па матэрыялах маніторынгу, але і на падставе матэрыялаў праверкі або крымінальнай справы. Абмежаванне доступу да інтэрнэт-рэсурсаў можа ўводзіцца на тэрмін да шасці месяцаў. У выпадку ліквідацыі парушэнняў доступ можа быць адноўлены рашэннем органа, які ініцыяваў блакіроўку. Калі першапачаткова рэгуляванне інтэрнэт-прасторы заставалася функцыяй Міністэрства інфармацыі і мела пераважна адміністрацыйны характар, то перадача адпаведных паўнамоцтваў вышэйзгаданым дзяржаўным органам інстытуцыяналізуе практыку прамога ўмяшання сілавых структур у сферу распаўсюджвання інфармацыі і камунікацый. Гэта фактычна здымае бар’ер паміж крымінальна-працэсуальнымі мерамі і рэгуляваннем інфармацыйнага доступу.

    19 верасня было зацверджана новае палажэнне аб Міністэрстве інфармацыі. У пералік асноўных задач Міністэрства дадалі «інфармацыйнае суправаджэнне ідэалагічнай працы ў Рэспубліцы Беларусь, інфармацыйнае забеспячэнне і суправаджэнне дзяржаўнай палітыкі ў сферы масавай інфармацыі і выдавецкай справы».

    Пастановай Савета Міністраў ад 28 лістапада 2025 г. № 685 быў зацверджаны пералік друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, рэдакцыям якіх у 2026 годзе будзе аказвацца падтрымка з рэспубліканскага бюджэту. Як і ў мінулым годзе, у яго трапіла 21 выданне. Адзінае змяненне: замест дзіцячага беларускамоўнага часопіса «Вясёлка» ў пералік уключаны часопіс «Роднае слова» — штомесячнае навукова-метадычнае выданне для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры.

    Згодна з законам Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 2025 г. «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2026 год», бюджэтныя выдаткі на дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі нязначна павялічыліся (на 9,7%).

    Парушэнні правоў журналістаў і СМІ

    Крымінальны пераслед

    У Беларусі не прыпыняўся крымінальны пераслед журналістаў як тых, што знаходзіліся ўнутры краіны, так і тых, што працавалі ў замежжы.

    На працягу 2025 года было вынесена не менш 10 прысудаў па крымінальных справах у адносінах да журналістаў і 6 — у адносінах да блогераў.

    21 лютага ў Мінску пачаўся суд над журналістам Ігарам Ільяшам — мужам палітзняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай. Працэс завяршыўся 16 верасня. Суд прызнаў Ільяша вінаватым паводле двух крымінальных артыкулаў: 369–1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і 361–4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і прызначыў яму 4 гады пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама штраф у памеры 4 200 рублёў.

    7 сакавіка да 3 гадоў зняволення была асуджана ў Мінску журналістка Паліна Піткевіч, абвінавачаная ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім фарміраванні» — праекце «Media IQ».

    Былыя супрацоўніцы навіннага партала Tut.by Вольга Лойка і Алена Талкачова 26 красавіка былі ўнесеныя ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» — гэта азначае, што завочны прысуд, вынесены ў адносінах да іх 28 лютага, уступіў у сілу, хаця падрабязнасці яго невядомыя, паколькі разгляд іх справы адбываўся ў рамках закрытага судовага працэсу.

    Брэсцкі журналіст-фрылансер Даніла Палянскі 25 ліпеня ў закрытым судовым працэсе быў прызнаны вінаватым у «здрадзе дзяржаве» (артыкул 356 Крымінальнага кодэкса) і прысуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі, а таксама штрафу ў памеры каля 7 135 долараў ЗША. Праз «засакрэчанасць» судовага працэсу ўласна сутнасць абвінавачанняў застаецца невядомай.  

    8 жніўня яшчэ адзін брэсцкі журналіст, Алег Супрунюк, які раней супрацоўнічаў з шэрагам незалежных выданняў, быў асуджаны да 3 гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у «экстрэмісцкім фарміраванні». Нягледзячы на тое, што Супрунюк мае інваліднасць, да суда ён больш за паўгода ўтрымліваўся пад вартай.  

    31 кастрычніка асудзілі Сяргея Чабоцьку — рэдактара s13.ru, гродзенскага навіннага партала з 19-гадовай гісторыяй. За «экстрэмізм» і «паклёп» на Аляксандра Лукашэнку яго прыгаварылі да трох з паловай гадоў зняволення з адбыццём у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Да суда Сяргея Чабоцьку ўтрымлівалі за кратамі больш за год.

    Стала вядома, што паводле артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) асуджаны чацвёра супрацоўнікаў баранавіцкага навіннага рэсурсу BAR24, створанага камандай закрытага незалежнага рэгіянальнага выдання Intex-Press, прызнанага экстрымісцкім. Гэта Наталля Семяновіч, Мікіта Пятроўскі, Руслан Равяка і Людміла Зелянькова. Яны атрымалі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі.

    18 сакавіка быў заменены прысуд экс-рэдактарцы «Новага Часу» Аксане Колб, якую асудзілі ў 2022 годзе за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Абмежаванне волі ёй замянілі на 1 год і 33 дні калоніі. Сама Аксана Колб знаходзіцца за межамі Беларусі.

    Працягваўся крымінальны пераслед журналістаў.

    Стала вядома, што журналіст Павел Дабравольскі, які ўтрымліваецца ў следчым ізалятары КДБ са студзеня 2025 года, абвінавачваецца ў «здрадзе дзяржаве» (артыкул 356 Крымінальнага кодэкса) у сувязі з яго прафесійнай дзейнасцю (раней ён працаваў як на беларускія, так і на замежныя СМІ, у тым ліку на ўкраінскі часопіс NV.ua). Дабравольскаму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.  

    Пад вартай апынуліся журналістка з Полацка Ціна Палынская і яе старшая дачка Маргарыта Рабіновіч. Кірыл Пазняк быў затрыманы ў дзень прызнання «экстрэмісцкім фарміраваннем» ютуб-канала «Платформа 375», у дзейнасці якога ён прымаў удзел. Разам з ім затрымалі дачку Яніну Пазняк.

    Завочнае абвінавачванне беларускіх журналістаў, якія знаходзяцца за мяжой, у здзяйсненні злачынстваў набыло масавы характар. БАЖ зафіксавала больш за 100 такіх выпадкаў.

    Сярод іх — супрацоўнікі тэлеканала «Белсат» Вольга Старасціна (гэта ўжо другая крымінальная справа) і Яраслаў Сцешык; былыя супрацоўнікі тэлеканала Сяргей Скулавец і Андрэй Мялешка; Ірына Халіп, якая працуе карэспандэнткай анлайн-выдання «Новая газета Европа» (да яе бацькоў у Мінску 27 лістапада сілавікі прыходзілі з ператрусам), і многія іншыя.

    Былі абвешчаныя ў міждзяржаўны вышук (гэта значыць таксама ў Расійскай Федэрацыі) палітычныя аналітыкі Аляксандр Класкоўскі, Пётр Рудкоўскі і Аляксандр Фрыдман (яны аднесеныя беларускім Міністэрствам унутраных спраў да «экстрэмісцкага фарміравання» — інфармацыйнага агенцтва «Позірк»), а таксама журналісткі Таццяна Каравянкова, Глафіра Жук і Таццяна Ашуркевіч.

    Блогеры таксама заставаліся аб’ектамі крымінальнага пераследу.

    У сувязі з узбуджэннем новай крымінальнай справы 28 студзеня ў Гродне адбыўся вобшук і накладанне арышту на кватэру блогера Vadi­mati (Вадзім Ермашук), які раней адбыў трохгадовы тэрмін у калоніі і выехаў з Беларусі. Стала вядома, што ён быў абвешчаны ў вышук у сувязі з новымі абвінавачваннямі паводле крымінальных артыкулаў 361–4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 391 (абраза суддзі).

    29 студзеня Гомельскі абласны суд прысудзіў вядомую блогерку Вікторыю Гусараву («gusarev_ka»), якая мела больш за 32 тысячы падпісчыкаў у Insta­gram і больш за 17 тысяч падпісчыкаў у Tik­Tok, да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хатняя хімія»). Вядома, што яе абвінавачвалі паводле артыкула 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне сацыяльнай варожасці ці непрыязнасці), але падрабязнасці прысуду невядомыя.

    7 лютага ў Глыбокім двума гадамі абмежавання волі быў пакараны адміністратар мясцовага пабліка «Подслушано Глубокое» Ігар Шкетаў. Яго судзілі паводле «народнага» артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях).

    Вядома, што Яўген Старавойтаў — краязнаўца з Клічава і стваральнік блога «Магілёўскія хронікі» — правёў больш за тры месяцы ў следчым ізалятары. У пачатку верасня ён быў прысуджаны да абмежавання волі («хатняя хімія») паводле артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

    2 мая стваральніка Telegram-канала «Мая краіна Беларусь» блогера Сяргея Бяспалава завочна асудзілі да 18 гадоў пазбаўлення волі і штрафа ў памеры 42 тысячы рублёў. Прысуд вынесены па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку паводле артыкула 357 («змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»), артыкула 293 («арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супраціўленнем прадстаўнікам улады»), а таксама артыкулаў 367 («паклёп у дачыненні да Прэзідэнта») і 368 («абраза Прэзідэнта»).

    Блогера Антона Матольку, заснавальніка некалькіх Telegram-каналаў, у тым ліку маніторынгавага праекта «Беларускі гаюн», завочна прыгаварылі да 20 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу памерам 84 тысячы рублёў (прыблізна 24 820 еўра), а таксама канфіскацыі маёмасці. Яго абвінавачвалі паводле трынаццаці крымінальных артыкулаў — сярод іншага ў спробе захопу ўлады, экстрэмізме і здрадзе дзяржаве.

    7 ліпеня мазырская блогерка Паліна Зыль, якая знаходзілася ў вышуку і заставалася ў Беларусі да затрымання 20 лютага 2025 года, была прыгаворана да года калоніі па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса («грубае парушэнне грамадскага парадку»).

    Па тым самым артыкуле 5 кастрычніка была асуджана відэаблогерка Караліна Канановіч. Яна была затрымана, калі вярнулася ў Мінск з Амстэрдама; чатыры месяцы да суда ўтрымлівалася пад вартай. Пасля прысуду двух з паловай гадоў абмежавання волі («хатняя хімія») з’ехала з Беларусі.

    11 лістапада асудзілі мазырскага відэаблогера Максіма Шуканава (YouTube-канал Union Bell), які асвятляў палітычныя тэмы і вайну ва Украіне. Яго прыгаварылі да чатырох гадоў калоніі. Да лютага 2025 года Шуканаў заставаўся ў Беларусі, пазбягаючы кантактаў з дзяржаўнымі органамі. Пасля арышту свайго бацькі ён быў вымушаны звярнуцца па медыцынскую дапамогу і пасля гэтага быў затрыманы разам з нявестай Палінай Зыль.

    Іншыя формы ціску

    Беларускія незалежныя журналісты і медыяпраекты, як і да гэтага, сутыкаліся з пераследам за прафесійную дзейнасць: БАЖ зафіксавала 12 затрыманняў журналістаў і 34 ператрусы ў жылых і офісных памяшканнях.

    У красавіку ўзмацніўся ціск на журналістаў унутры краіны, а 28 мая на дзяржаўным тэлеканале АНТ выйшаў сюжэт, які прадэманстраваў чарговую хвалю пераследу адзінкавых прыватных медыя, якія яшчэ працавалі ў рэгіёнах Беларусі. На гэты раз яны пацярпелі з‑за легальнага супрацоўніцтва з нямецкім пасольствам. У відэа ўзгадваліся «Вечерний Бобруйск» і яго галоўны рэдактар Валянцін Сысой, бабруйскае анлайн-выданне babruisk.info і яго галоўны рэдактар Анатоль Санаценка (31 сакавіка быў асуджаны да 15 сутак адміністрацыйнага арышту), былы галоўны рэдактар газеты «Вольнае Глыбокае» Уладзімір Скрабатун, а таксама горацкая газета «УзГорак». Былі паказаны фрагменты допытаў супрацоўнікаў гэтых медыя на прадмет дагавораў, заключаных з амбасадай Нямеччыны, пры гэтым інфармацыйныя рэсурсы некалькі разоў неабгрунтавана называліся «экстрэмісцкімі».

    Ціск на прадстаўнікоў медыя, якія вымушана працуюць за мяжой, ажыццяўляўся праз іх родных у Беларусі. У большасці такіх выпадкаў адбываліся візіты прадстаўнікоў сілавых ведамстваў па месцы рэгістрацыі журналістаў-эмігрантаў, якія часта суправаджаліся вобшукамі ў сувязі з заведзенымі крымінальнымі справамі.

    Так, у Гродне сілавікі неаднаразова наведвалі з апытаннем маці журналіста Валерыя Руселіка, у Мінску была апячатана кватэра фотажурналіста Генадзя Верацінскага.

    Журналіст-фрылансер Аляксандр Гойшык, які жыве не ў Беларусі, паведаміў, што да яго маці ў Салігорску прыходзілі міліцыянты і шукалі яго як «злоснага экстрэміста».

    У сувязі з крымінальным пераследам была арыштаваная маёмасць як мінімум у пяці супрацоўнікаў СМІ.

    Зафіксаваны выпадак анлайн-пераследу беларускай журналісткі ў замежжы. У красавіку вядучая YouTube-шоў «Обычное утро» Марына Ментусава сутыкнулася з гендарным гвалтам у інтэрнэце: супрацоўнікі набліжанага да сілавых ведамстваў Telegram-канала апублікавалі фэйкавыя фота з акаўнта, нібыта створанага ёю на парнаграфічным сайце. Гэта была спланаваная акцыя: гэтыя фота даслалі самой журналістцы з незнаёмага акаўнта ў Telegram падчас прамога эфіру з каментарыем, што яна падае дрэнны прыклад сваёй дачцэ. Відавочна, што такія публічныя дзеянні закранаюць спакой і бяспеку незалежных жанчын-журналістак у цэлым.

    У працяг распачатай у 2024 годзе практыкі па пазбаўленні даменных імёнаў медыярэсурсаў, якія былі ўнесеныя ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, беларускім уладам удалося адабраць даменнае імя euroradio.by у «Еўрарадыё», зарэгістраванае аўстралійскай кампаніяй «Europe Reg­istry» у 2009 годзе. Гэта стала першым падобным выпадкам, бо раней такія дзеянні тычыліся толькі тых адрасоў, якія былі зарэгістраваныя ў Беларусі.

    Стала вядома, што спецслужбы сочаць за беларускімі журналістамі праз усталяванне спецыяльнай праграмы на іх мабільныя тэлефоны. Лабараторыя лічбавай бяспекі (DSL) арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» (RSF) сумесна з усходнееўрапейскай арганізацыяй RESIDENT.NGO раскрыла раней невядомую шпіёнскую праграму (яна атрымала назву Res­i­dent­Bat і прызначаная для прылад на базе Android), якая выкарыстоўваецца Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Беларусі. Праграму выявілі ў тэлефоне журналіста, якога раней дапытвалі ў КДБ. Яна дазваляе трэцім асобам атрымліваць доступ да адчувальных даных — напрыклад, да спісу званкоў, аўдыязапісаў з мікрафона, SMS-паведамленняў, перапіскі ў зашыфраваных месэнджарах і лакальных файлаў — і ўсталёўваецца толькі пасля фізічнага доступу да прылады, што сведчыць пра наўмыснае і мэтанакіраванае выкарыстанне тэхналогій сачэння. Самая старая з выяўленых версій датуецца 2021 годам — гэта азначае, што праграма выкарыстоўваецца на працягу не менш як чатырох гадоў. Асоба распрацоўшчыка Res­i­dent­Bat пакуль застаецца невядомай. RSF перадала вынікі расследавання кампаніі Google, якая плануе накіраваць папярэджанні пра «атаку пры падтрымцы ўрада» карыстальнікам, вызначаным як мэты гэтай шпіёнскай кампаніі.

    Выкарыстанне заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму для абмежавання свабоды выказвання

    Практыка пераследу за іншадумства на падставе «антыэкстрымісцкага» заканадаўства працягвалася. Яна была накіравана як на крыніцы інфармацыі (сродкі масавай інфармацыі, блогераў, прадстаўнікоў творчых прафесій), так і на спажыўцоў інфармацыйнай прадукцыі.

    Па даных БАЖ, на працягу года 15 медыя былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» (што на 4 больш, чым у мінулым годзе, і складае 23% ад усіх 65 арганізацый, прызнаных экстрэмісцкімі ў 2025 годзе):

    1. анлайн-выданне «Медиазона. Беларусь»;
    2. медыяпраект «Пра Віцебск»;
    3. ініцыятывы Demo­c­ra­t­ic Media Insti­tute; 
    4. інфармацыйна-метадычны партал для беларускіх педагогаў «Nastaunik.info»;
    5. група журналісцкага праекта «БюроМедиа» (Аляксандр Ярашэвіч, Вольга Альхіменка, Аляксей Карпека, Ксенія Вязнікоўцава);
    6. незалежная беларуская інтэрнэт-радыёстанцыя «Радыё 97»; 
    7. YouTube-канал «ЧестнОК» (канал блогераў Аляксандра Івуліна і Яраслава Пісарэнкі);
    8. YouTube-канал «Партызанская хваля»;
    9. YouTube-канал «Жизнь-малина» (вядучы Мікіта Мелказёраў);
    10. Tik­Tok-акаўнт «Навіны Гродна і вобласці»;
    11. кааліцыя ініцыятыў «Зялёная сетка» (Green Net­work), якая уключае праекты «Belarus Bee­hive», «Зялёны партал» і «Экадом»;
    12. стрымінгавая платформа «Belarus Tomor­row», якая аб’ядноўвае вядучыя беларускія медыя, блогераў і экспертаў;
    13. YouTube-канал «Платформа 375»;
    14. аўтарскае медыя «Plan B»;
    15. інтэрнэт-радыёстанцыя «Radio Pla­to».

    Любое ўзаемадзеянне з медыя, якое прызнанае «экстрэмісцкім фарміраваннем», можа стаць падставай для крымінальнага пераследу. Так, 30 верасня 2025 года журналіст Андрэй Мялешка, які жыве ў Польшчы, даведаўся, што супраць яго была распачатая крымінальная справа. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку паведамілі родным Мялешкі, што справа звязаная з двума інтэрв’ю, якія ён даў у 2023 і 2024 гадах нейкім СМІ, прызнаным «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».

    Былі ўнесеныя ў Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, асуджаныя па «экстрымісцкіх» крымінальных артыкулах:

    • журналісты: Вольга Радзівонава, Паліна Піткевіч, Алег Супрунюк, Сяргей Чабоцька, Ігар Ільяш, Наталля Семяновіч, Мікіта Пятроўскі, Руслан Равяка, Людміла Зелянькова;
    • адміністратар пабліка «Подслушано Глубокое» Ігар Шкетаў;
    • вайсковы аналітык і блогер Андрэй Паротнікаў;
    • блогеры: Сяргей Бяспалаў (да таго ж уключаны ў спіс «тэрарыстаў», які вядзе КДБ), Руслан Ліннік (паўторна асуджаны ў чэрвені 2025 года пасля чатырох гадоў зняволення) і Антон Матолька.

    Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі ўключыў у «пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» кіраўніцу тэлеканала «Белсат» Аліну Коўшык. Гэта звязана з тым, што 9 ліпеня 2025 года Генеральная пракуратура прызнала «тэрарыстычнай арганізацыяй» Аб’яднаны пераходны кабінет, да якого Коўшык мела дачыненне раней.

    Міністэрства інфармацыі Беларусі працягвала папаўненне Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў на падставе судовых рашэнняў, дадаючы туды разнастайны медыякантэнт, які не адпавядаў афіцыйнай ідэалогіі. Працэдура прызнання публікацый «экстрэмісцкімі» ўяўляла сабой «судовы канвеер», калі адным рашэннем суд мог забараніць адразу дзясяткі інфармацыйных рэсурсаў.

    За 2025 год спіс папоўніўся 2 186 матэрыяламі (агульная колькасць «экстрымісцкіх» матэрыялаў на 1 студзеня 2026 года склала 9 258).

    Па ацэнцы Human Con­stan­ta, звыш 85% матэрыялаў, уключаных у спіс, былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» толькі па падставах, звязаных з іх палітычным зместам, а не з прычыны наяўнасці заклікаў да гвалту ці іншай грамадска небяспечнай дзейнасці.

    Значную частку «экстрэмісцкіх матэрыялаў» склалі разнастайныя акаўнты незалежных інфармацыйных рэсурсаў, а таксама персанальныя старонкі журналістаў і блогераў ў сацыяльных сетках. Так, напрыклад, туды трапілі Insta­gram-акаўнт намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага, суполка «Еврорадио-Новости Беларуси» ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники», акаўнт анлайн-выдання «Зеркало» ў Threads, акаўнты ў сацсетках 73-гадовай блогеркі Аляксандры Ханевіч, якая жыве ў вымушанай эміграцыі, YouTube-канал «Жизнь-малина» блогера Мікіты Мелказёрава і іншыя. Іх распаўсюджванне з’яўляецца падставай для адміністрацыйнага пераследу.

    Акрамя беларускіх інтэрнэт-крыніц, у пералік забароненых для распаўсюду быў ўключаны цэлы шэраг Telegram-каналаў, якія транслююць навіны з Украіны, YouTube-канал «Delfi Литва» (літоўскі навінны сайт DELFI.lt заблакаваны ў Беларусі з 2023 года), Telegram-канал вайсковага аналітыка і блогера з Ізраіля Ігаля Левіна (які ўвогуле не выказваўся адносна падзеяў у Беларусі), а таксама акаўнты ўкраінскага журналіста Дзмітрыя Гардона і расійскіх журналістаў Іллі Варламава і Аляксандра Няўзорава.

    Сярод друкаваных выданняў, прызнаных «экстрэмісцкімі матэрыяламі» варта адзначыць № 3 (124) часопіса «Абажур» за 2018 год, які выдавала Беларуская асацыяцыя журналістаў да яе ліквідацыі як грамадскага аб’яднання (большая частка матэрыялаў гэтага нумара была прысвечана тэме пераследу за прафесійную дзейнасць журналістаў беларускіх незалежных медыя). Забароне падвергліся кнігі: «Даведнік беларускага журналіста» (1999) Пшэмыслава Генрыха і Вінцука Вячоркі — выданне прысвечана адаптацыі заходніх стандартаў журналістыкі да беларускіх умоў; «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» (2021) аўтарства Алеся Разанава — хроніка дзейнасці беларускай службы Радыё Свабода.

    Спажыўцы інфармацыі, прызнанай «экстрэмісцкім» кантэнтам (фактычна гэта магла быць любая інфармацыя, адрозная ад афіцыйнага пункту гледжання), як і раней, прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці.

    Нягледзячы на немагчымасць атрымаць дакладныя даныя аб выпадках пераследу па «антыэкстрэмісцкіх» падставах (доступ да базы даных судовых рашэнняў і расклад судовых пасяджэнняў на сайце Вярхоўнага суда абмежаваныя), па-ранейшаму можна гаварыць аб масавым характары пераследу грамадзян па артыкуле 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях («распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую ​​дзейнасць»). Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, грамадскіх работ або адміністрацыйнага арышту да 15 сутак.

    Адбываецца пашырэнне падставаў для такога пераследу: акрамя непасрэдна рэпостаў у сацыяльных сетках, распаўсюдам забароненай інфармацыі лічацца падпіскі на рэсурсы, прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі» або «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», перасылка спасылак на іх у асабістых паведамленнях, рэакцыі ў выглядзе «лайкаў» і нават след у гісторыі пошуку Google. Часта суды прымаюць рашэнні канфіскаваць у затрыманых «сродкі ўчынення правапарушэння» — смартфоны або іншыя прылады, з якіх была здзейснена падпіска або рэпост «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

    Звычайнай з’явай сталі праверкі тэлефонаў пры праходжанні памежнага кантролю пры ўездзе ці выездзе з Беларусі. Пры выяўленні «экстрэмісцкіх матэрыялаў», людзей затрымліваюць для далейшага разбіральніцтва.

    Большасць затрыманых прыцягваюцца да адказнасці за ўзаемадзеянне з кантэнтам яшчэ да прызнання яго «экстрэмісцкім». Гэта адбываецца таму, што такія правапарушэнні разглядаюцца ўладамі як тыя, на якія не распаўсюджваецца стандартны тэрмін даўнасці для прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці (два месяцы). Да таго ж, існуе практыка афармлення пратаколаў такім чынам, каб кожнае асобнае дзеянне з «экстрэмісцкімі матэрыяламі» (кожны «лайк» ці рэпост) уяўляла сабой асобнае правапарушэнне. Гэта дазваляе судам караць людзей арыштамі на 15 сутак фактычна неабмежаваную колькасць разоў.

    Абмежаванне доступу да інфармацыі адміністрацыйнымі мерамі. Дзяржаўная інфармацыйная палітыка 

    Можна сцвярджаць, што ў Беларусі адбылася інстытуалізацыя цэнзуры на дзяржаўным узроўні. Разам з цэнзурай прапаганда і дыскрэдытацыя апанентаў заставаліся неад’емнай часткай дзяржаўнай палітыкі ў інфармацыйнай сферы.

    4 мая падчас перадачы на тэлеканале СТВ Міністр інфармацыі Марат Маркаў заявіў аб неабходнасці дзяржаўнай цэнзуры ў СМІ: «Калі ты хочаш, каб закон пераважаў ва ўсіх сферах, уключаючы ў рабоце на інфармацыйнай прасторы, цэнзура скрайне неабходна». Ён назваў гэта «абавязковай умовай у дзейнасці любой дзяржавы». «Нашы апаненты прадаўжаюць ствараць інфармацыйныя рэсурсы, якія будуць спрабаваць разваліць дзяржаву», — дадаў Маркаў.

    Напярэдадні правядзення дня галасавання 26 студзеня былі ўжытыя дадатковыя цэнзурныя абмежаванні. 

    Так, у Магілёўскай вобласці сайты абласнога медыяхолдынгу «Магілёўскія ведамасці», а таксама шэраг дзяржаўных раённых газет альбо цалкам выдалілі апублікаваныя матэрыялы пра трэнінгі для сябраў участковых выбарчых камісій, альбо пакінулі іх без фатаграфій.

    Напярэдадні выбараў праграма віншаванняў «Шалом» на бабруйскім радыё «Zefir FM», да якой улады і раней мелі прэтэнзіі з‑за віншаванняў у эфіры палітвязняў бабруйскай калоніі, быццам «сышла ў адпачынак».

    17 студзеня былі ўнесены змены ў Інструкцыю аб рэгістрацыі даменных імёнаў у нацыянальнай даменнай зоне Беларусі, якія дазваляюць адміністратару нацыянальнай даменнай зоны ануляваць дамены, «здольныя прычыніць шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», адначасова ўносячы іх у спецыяльны пералік. Што маецца на ўвазе пад нанясеннем шкоды нацыянальным інтарэсам, нідзе не канкрэтызуецца.

    У час выбараў 26 студзеня блакаваўся доступ з‑за мяжы да сайтаў нацыянальнай даменнай зоны, а беларускія карыстальнікі інтэрнэту былі абмежаваны ў магчымасцях выкарыстання сэрвісаў VPN.

    Найбуйнейшы рэгістратар даменаў у Беларусі, правайдар IT-інфраструктуры кампанія hoster.by, на хостынгу якога размешчана больш за 90% беларускіх сайтаў, загадзя паведаміў пра абмежаванне доступу да іх з‑за мяжы з 10:00 25 студзеня да 23:59 27 студзеня, што супадае па часе з правядзеннем выбараў Аляксандра Лукашэнкі. Гэтыя меры, паводле паведамлення, былі «абумоўлены пагрозамі для аб’ектаў інфармацыйнай інфраструктуры і інфармацыі, якая апрацоўваецца з іх выкарыстаннем»

    Раніцай 25 студзеня карыстальнікі з Беларусі сутыкнуліся з цяжкасцямі пры выкарыстанні сэрвісаў VPN (у прыватнасці Pro­ton VPN, Nord­VPN, Tun­nel­Bear, VPN Super Unlim­it­ed Proxy, X‑VPN, Plan­et VPN), а таксама мелі праблемы з доступам да асобных замежных сайтаў.

    26 студзеня, пасля дня галасавання, улады Беларусі накіравалі карпарацыі Google «ліст з прэтэнзіяй аб умяшальніцтве ў выбары». Паводле слоў Міністра інфармацыі Марата Маркава, прэтэнзіі тычыліся «саўдзелу кампаніі Google у інфармацыйных правакацыях супраць Беларусі і прэзідэнцкіх выбараў у краіне» разам з «фарміраваннямі, якія судом прызнаныя ў Рэспубліцы Беларусь экстрэмісцкімі». Ён таксама заявіў аб неабходнасці стварэння ў Беларусі аналага Раскамнагляду (Расійская Федэральная служба па наглядзе ў сферы сувязі, інфармацыйных тэхналогій і масавых камунікацый, якая ў тым ліку займаецца рэгуляваннем дзейнасці СМІ).

    6 чэрвеня Марат Маркаў на Рэспубліканскім форуме медыйнай супольнасці «Медыя сёння: фокус на праўду» ў Гомелі распавёў, што за пяць месяцаў 2025 года было заблакавана столькі ж анлайн-рэсурсаў, колькі за ўвесь 2024 год (больш за 3 150). Таксама, паводле яго слоў, «шкоднымі для нашых дзяцей» былі прызнаны 110 кніг, а работа з кіраўнікамі маркетплэйсаў і распаўсюднікамі выдавецкай прадукцыі працягваецца. Міністр заявіў, што ў Беларусі зараз ідзе і нават узмацняецца інфармацыйная вайна, таму «на інфармацыйным фронце ў дзяржаўных СМІ павінны быць усе віды зброі і інструментаў».

    Так званая барацьба з «інфармацыйнымі ворагамі» вялася і на рэгіянальным узроўні. Так, Віцебскі аблвыканкам запланаваў на працягу года накіраваць з бюджэту 180 тысяч беларускіх рублёў (каля 61 200 долараў ЗША) на паслугі па «маніторынгу і аналізу інфармацыйнай прасторы, выяўленню інфармацыйных укідаў», якія павінны ўключаць адсочванне кантэнту, вядзенне афіцыйных інфармацыйных рэсурсаў аблвыканкама, а таксама падрыхтоўку рэгулярных маніторынгавых справаздач.

    У маі Міністэрства інфармацый заблакавала доступ да сайта прыватнай рэгіянальнай газеты «Вечерний Бобруйск» і вынесла пісьмовае папярэджанне заснавальніку беларускай тэлепраграмы «Першы музычны канал» з‑за невыканання неназваных «патрабаванняў, устаноўленых заканадаўствам аб СМІ». З 2 верасня «Першы музычны канал», які існаваў з 2002 года, вырашыў спыніць сваю дзейнасць і быў пазбаўлены дзяржаўнай рэгістрацыі.

    Увагу ўладаў прыцягнула самая папулярная ў Беларусі сацыяльная сетка Tik­Tok, якая належыць кітайскай кампаніі «ByteDance». 11 чэрвеня быў заблакаваны доступ для карыстальнікаў з Беларусі да акаўнтаў лідараў апазіцыі Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі. Гэта першы падобны выпадак.

    19 верасня было зацверджана новае палажэнне аб Міністэрстве інфармацыі, дзе былі фактычна замацаваны прапагандысцкія функцыі гэтага дзяржаўнага органа. У пераліку асноўных задач Міністэрства дадаліся такія: «інфармацыйнае суправаджэнне ідэалагічнай працы ў Рэспубліцы Беларусь, інфармацыйнае забеспячэнне і суправаджэнне дзяржаўнай палітыкі ў сферы масавай інфармацыі і выдавецкай справы»

    У 2025 годзе Міністэрства інфармацыі актывізавала сваю дзейнасць па выяўленні і забароне непажаданых кніг. Так, намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Язерскі падчас тэлеэфіра заявіў, што мае спадзеў на дапамогу насельніцтва, якое будзе праяўляць актыўнасць і паведамляць пра выданні, якія варта ўключыць у «спіс друкаваных выданняў, што змяшчаюць інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, распаўсюджванне якіх здольна нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». 

    За год у спіс трапілі 190 кніг, якія затым здымаліся з продажу па патрабаванні органаў пракуратуры. Сярод іх — гістарычная літаратура, якая супярэчыць «афіцыйнай» версіі гісторыі (напрыклад, кніга «ГУЛАГ» Эн Эплбаўм), літаратура на тэму ЛГБТК+, сэксуальную тэматыку, шакуючыя і правакацыйныя тэмы, літаратура пра праблемы непаўналетніх. Пашырэнне ліку забароненай літаратуры сведчыць аб палітыцы, накіраванай на абмежаванне распаўсюджвання ідэй, адрозных ад афіцыйных ідэалагічных установак, напрыклад, звязаных з гендарнай разнастайнасцю і нетрадыцыйнымі мадэлямі адносін. Такім чынам, улады выкарыстоўваюць гэты спіс як дадатковы інструмент цэнзуры. 

    Калі першапачаткова рэгуляванне інтэрнэт-прасторы заставалася функцыяй Міністэрства інфармацыі і мела пераважна адміністрацыйны характар, то з прыняццем 2 верасня Пастановы Савета міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб парадку прымянення мер абмежавальнага характару» была інстытуцыялізавана практыка прамога ўмяшання сілавых структур у сферу распаўсюджвання інфармацыі і камунікацый, фактычна здымаючы бар’ер паміж крымінальна-працэсуальнымі мерамі і рэгуляваннем інфармацыйнага доступу. Згодна з новым парадкам, права блакаваць сайты і адключаць карыстальнікаў ад сувязі займелі Камітэт дзяржаўнай бяспекі, Міністэрства ўнутраных спраў, Следчы камітэт і Генеральная пракуратура (падрабязней у «Змяненні ў заканадаўстве»). 

    10 лістапада 2025 года ў Беларусі быў заблакаваны найбуйнейшы сусветны сэрвіс для скарачэння спасылак Bit­ly: карыстальнікі паведамілі альбо пра памылкі SSL-сертыфіката, альбо пра стандартнае апавяшчэнне аб блакаванні па рашэнні Міністэрства інфармацыі. Хаця афіцыйных тлумачэнняў на гэты конт не было, верагодна, прычынай стала практыка выкарыстання Bit­ly для маскіроўкі і распаўсюджвання спасылак на інфармацыйныя рэсурсы, прызнаныя «экстрэмісцкімі».

    У Мінску быў створаны новы «інклюзіўны» механізм ідэалагічнага кантролю пад фармальным выглядам «зваротнай сувязі». 10 снежня Мінгарвыканкам сумесна з дзяржаўным агенцтвам «Мінск-Навіны» абвясцілі аб запуску чат-бота пад назвай «Ідэалагічная інспекцыя», праз які жыхарам сталіцы прапануецца паведамляць пра «нездавальняючы стан дзяржсімволікі», «фэйкі», «скажэнні гістарычных фактаў» і распаўсюджванне «дэструктыўных матэрыялаў». Стваральнікі заявілі, што звароты будуць перадавацца «кампетэнтным службам», а сама прылада пазіцыянуецца як спосаб прыцягнення грамадзян да кантролю «ідэалагічнай прасторай» сталіцы.

    У 2025 годзе яшчэ адна прадстаўніца дзяржаўнага медыясектару — прапагандыстка Белтэлерадыёкампаніі Анастасія Бенедзісюк — трапіла пад санкцыі. Яны былі ўведзены ў адпаведнасці з указам прэзідэнта Украіны ад 11 красавіка. З 2022 года Бенедзісюк з’яўлялася тварам антыўкраінскай прапаганды на беларускім дзяржаўным тэлебачанні. 

     Міжнародная салідарнасць

    Сусветная кааліцыя медыяарганізацый One Free Press Coali­tion 1 мая апублікавала штогадовы спіс «10 самых тэрміновых» (10 Most Urgent) з імёнамі зняволеных па ўсім свеце журналістаў, якія мусяць быць неадкладна вызваленыя. Сярод іх апынуўся журналіст Беларускай службы Радыё Свабода Ігар Лосік, які знаходзіўся за кратамі амаль пяць гадоў.

    Нарвежская гандлёвая сетка «Narvesen» у супрацоўніцтве з Нобелеўскім цэнтрам міру адзначыла Сусветны дзень свабоды прэсы 3 мая выданнем газеты, якая цалкам складалася з артыкулаў, забароненых да публікацыі ў краінах іх паходжання. Беларусь у ёй была прадстаўленая фрагментам расследавання журналіста Дзяніса Івашына пра былых украінскіх спецназаўцаў на службе рэжыму Лукашэнкі.

    У жніўні няўрадавая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» апублікавала анлайн-галерэю партрэтаў 39 зняволеных беларускіх журналістаў — герояў сучаснай Беларусі, адзначыўшы, што Беларусь з’яўляецца ці не найбуйнейшай у свеце турмой для незалежных журналістаў.

    З нагоды Міжнароднага дня барацьбы з беспакаранасцю злачынстваў супраць журналістаў, які адзначаецца 2 лістапада, Пасольствы Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Швецыі і прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі апублікавалі сумесную заяву, адрасаваную АБСЕ. Заява была зроблена ад імя шэрагу краін — членаў Нефармальнай групы сяброў па бяспецы журналістаў. У ёй узгадвалася неабходнасць вызваліць журналістаў, якія застаюцца за кратамі ў Беларусі.

    Тады ж «Рэпарцёры без межаў» апублікавалі новы спіс «Драпежнікаў свабоды прэсы 2025», дзе сярод 34 чалавек і структур, якія, на думку RSF, «агрэсіўна накідваюцца на журналістаў і права на інфармацыю», згаданы Аляксандр Лукашэнка.

    Брытанская праваабарончая арганізацыя «Індэкс цэнзуры» ўзнагародзіла Святлану Ціханоўскую прэміяй «За свабоду слова» ў намінацыі «Апякун». Выступаючы з прамовай на цырымоніі ўручэння прэміі 19 лістапада ў Лондане, Ціханоўская прысвяціла ўзнагароду тым, хто «ахвяраваў сваёй свабодай дзеля права казаць праўду» — журналістам-палітвязням. Пры гэтым яна назвала Анджэя Пачобута, Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву), яе мужа Ігара Ільяша, Людмілу Чэкіну, Дзяніса Івашына, Марыну Золатаву, Валерыю Касцюгову, Ірыну Злобіну жонку палітвязня, медыяменеджара, былога намесніка дырэктара БелаПАН Андрэя Аляксандрава. Асобна яна згадала самога Аляксандрава, які быў супрацоўнікам «Індэкса цэнзуры».

    Беларускія журналісты-палітвязні і супрацоўнікі медыя ў выгнанні былі адзначаны шэрагам узнагарод, што не толькі з’яўляецца ацэнкай іх прафесійнай дзейнасці, але і дэманструе міжнародную салідарнасць ва ўмовах ціску і пераследу.

    9 мая ў Кёльне Беларуская асацыяцыя журналістаў, а таксама палітзняволеная Марыя Калеснікава, атрымалі прэмію Гюнтэра Вальрафа (Gün­ter Wall­raff Prize for Press Free­dom and Human Rights) — за важную шматгадовую працу па абароне журналістаў і свабоды слова. Яна прысуджаецца арганізацыяй Ini­tia­tive for News Enlight­en­ment з мэтай прыцягнуць увагу да тэм і дыскурсаў, якія не знаходзяцца на паверхні міжнародных СМІ.

    6 лістапада ў Гамбургу Беларускаму расследавальніцкаму цэнтру ўручылі прэмію Free Media Awards «за глыбокія аналітычныя матэрыялы і навіны». За апошнія тры гады расследавальнікі выкрылі карупцыйныя схемы і схемы ўхілення ад санкцый на больш як 1,5 мільярда еўра. Прэмія Free Media Awards — гэта нямецка-нарвежская ўзнагарода для журналістаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Яе заснавалі фонды Fritt Ord і ZEIT-Stiftung Ebe­lin und Gerd Bucerius.

    Тады ж, праз год пасля ўзнагароджання, прэмію Free media awards уласнаручна атрымала былая палітзняволеная журналістка Ларыса Шчыракова. Яна была ўзнагароджаная ў 2024 годзе «за сваю мужную і незалежную дзейнасць у Беларусі», аднак не магла прыняць узнагароду, бо на той момант несправядліва ўтрымлівалася ў зняволенні. На сайце прэміі падкрэсліваецца, што Ларыса Шчыракова стала апорай для незалежных журналістаў Гомельскага рэгіёна і настойліва дамагалася легалізацыі фрыланс-журналістыкі ў Беларусі на міжнародным узроўні.

    Палітзняволены журналіст і актывіст забароненага Саюза палякаў Беларусі Анджэй Пачобут быў узнагароджаны прэміяй Еўрапарламента імя Андрэя Сахарава, якую ён атрымаў разам са зняволенай журналісткай з Грузіі Мзіяй Амаглабелі. Прэзідэнтка Еўрапарламента Роберта Мецола, аб’яўляючы лаўрэатаў гэтай прэстыжнай прэміі, заявіла: «Абое заплацілі высокую цану за тое, каб казаць праўду ўладзе, стаўшы сімваламі барацьбы за свабоду і дэмакратыю. Парламент падтрымлівае іх і ўсіх, хто працягвае патрабаваць свабоды».

    Пачобут таксама быў уганараваны вышэйшай дзяржаўнай узнагародай Польшчыордэнам Белага Арла па рашэнні польскага прэзідэнта Караля Наўроцкага ў сувязі з Днём незалежнасці. А 10 снежня, у Міжнародны дзень абароны правоў чалавека, «за мужнасць і стойкасць» ён быў удастоены прэміі «Абаронца правоў чалавека 2025 года», заснаванай Заходне-Паморскім ваяводствам Польшчы.

    Шостая з 2020 года цырымонія ўручэння прэміі «Надзея Свабоды» адбылася падчас літоўска-беларускага «Форуму журналістаў балтыйскіх краін і пераследаваных журналістаў», які праходзіў у Сейме Літвы 18 снежня. Лаўрэатам стаў былы палітвязень, галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты», якая выходзіла ў Маладзечне, Аляксандр Манцэвіч.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.