На вядоўцу «Белсата» Вольгу Старасціну завялі другую крымінальную справу
Журналістка пакуль не ведае, паводле якога артыкула распачаты чарговы крымінальны пераслед. Але можна меркаваць, што гэта абвінавачанне або ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», або ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні».

Выява: «Белсат»
Пра тое, што на вядоўцу праграмы «Навіны з будучыні» Вольгу Старасціну заведеная новая крымінальная справа, 17 жніўня паведаміў тэлеканал «Белсат». «Значыць, праграма ўплывае, глядзяць», — так пракаментавала сваім калегам абвінавачанне журналістка.
«Гэта адзіная вядомая інфармацыя. Іншых звестак – наконт артыкула, хто завёў справу і дзе – пакуль няма. Вядома толькі, што за новую праграму, якую я вяду. Бо раней завялі за ток-шоу «План:Б», цяпер за «Навіны з будучыні», — паведаміла Беларускай асацыяцыі журналістаў Вольга Старасціна.
Нагадаем, у верасні 2024 года стала вядома, што на аўтараў і гасцей белсатаўскага шоу «План:Б» упраўленнем Следчага камітэта па Гомельскай вобласці была распачатая крымінальная справа паводле часткі 2 артыкула 361–4 КК РБ («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Справу ўзбудзілі за два выпускі праграмы «План:Б», якія выйшлі ў эфір 25 сакавіка і 1 красавіка 2024 года. Падазраваных «у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» — больш за дзесятак чалавек. Улетку і ўвосень 2024 года, паводле праваабаронцаў, да сваякоў падазраваных прыходзілі следчыя, цікавіліся пра месцазнаходжанне ўдзельнікаў і аўтараў праграмы, апытвалі суседзяў, было некалькі ператрусаў.
Беларускія ўлады абвесцілі незалежны беларускамоўны тэлеканал «Белсат» «экстрэмісцкім фармаваннем» 3 лістапада 2021 года. Адпаведнае рашэнне прыняло Міністэрства ўнутраных спраў.
Варта таксама ўлічыць, што «Белсат» быў прызнаны беларускімі ўладамі 3 лістапада 2021 года «экстрэмісцкім фармаваннем».
