• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    СМІ ў Беларусі ў 2021 годзе

    Беларуская асацыяцыя журналістаў

    СМІ ў Беларусі, 2021 Скачать PDF

    ЗМЕСТ

    УМОВЫ ДЗЕЙНАСЦІ НЕЗАЛЕЖНАГА МЕДЫЯСЕКТАРА Ў 2021 Г.

    ЗМЕНЫ Ў ЗАКАНАДАЎСТВЕ

    ПАРУШЭННЕ ПРАВОЎ СМІ І ЖУРНАЛІСТАЎ, КАНФЛІКТЫ Ў СФЕРЫ СМІ

    Крымінальныя справы:

    • Справа Сяргея Сацука

    • Справа Кацярыны Барысевіч

    • Справа Кацярыны Андрэевай ​​(Бахвалавай) і Дар’і Чульцовай

    • Справа «Прэс-клуба»

    • Справа Сяргея Гардзіевіча

    • Справа Андрэя Аляксандрава

    • Справа Дзяніса Івашына

    • Справа Андрэя Пачобута

    • Справа TUT.by

    • Справа Валерыі Касцюговай

    • Справа Аляксандра Івуліна

    • Справа «Нашай Нівы»

    • Справа інфармацыйнага агенцтва БелаПАН

    • Справа Генадзя Мажэйкі

    • Справа Андрэя Кухарчыка

    • Справа Ірыны Слаўнікавай

    • Справа Андрэя Кузнечыка

    • Справа Алега Груздзіловіча

    • Крымінальны пераслед блогераў

    Іншыя значныя судовыя справы

     

    Пераслед журналістаў

    Затрыманні і адміністрацыйны пераслед журналістаў

    Масавыя вобшукі і выманне прафесійнай тэхнікі

    Перашкоды дзейнасці Беларускай асацыяцыі журналістаў

    Абмежаванні свабоды дзейнасці ў інтэрнэце

    Ціск на анлайн-медыя

    Застасаванне заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму

    Перашкоды друку і распаўсюду незалежных газетаў

    Рэпрэсіі ў дачыненні да прадстаўнікоў друкаванай прэсы

    Пераслед распаўсюднікаў незарэгістраваных выданняў

    Парушэнні, звязаныя з доступам да інфармацыі

    Абмежаванне доступу да інфармацыі

    Перашкоды дзейнасці замежных СМІ

    Дзейнасць дзяржаўнага медыясектара

     

    УМОВЫ ДЗЕЙНАСЦІ НЕЗАЛЕЖНАГА МЕДЫЯСЕКТАРА Ў 2021 Г.

    Нягледзячы на жорсткае задушэнне поствыбарных пратэстаў 2020 г. і дэклараваную ўладамі «стабілізацыю» ўнутранай сітуацыі ў Беларусі, ціск на незалежную прэсу Беларусі і грамадзянскую супольнасць у 2021 г. толькі ўзмацніўся. Рэпрэсіі ў дачыненні да недзяржаўных журналістаў і СМІ мелі сістэмны характар і былі накіраваныя на фактычнае знішчэнне незалежнага медыясектара.

    У выніку многія рэдакцыі незалежных СМІ былі вымушаныя прыняць рашэнне пра рэлакацыю і працяг дзейнасці з‑за мяжы. Пры гэтым яны застаюцца часткай адзінага медыясектара Беларусі.

    Дзейнасць Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) па абароне правоў журналістаў таксама была ўскладненая з прычыны ціску з боку ўладаў. У лютым і ліпені ў офісе арганізацыі ў Мінску і кватэрах яе супрацоўнікаў былі праведзеныя вобшукі, якія суправаджаліся выманнем дакументаў і абсталявання, арыштам офіса БАЖ і рахунка арганізацыі. У жніўні Вярхоўны суд паводле іску Міністэрства юстыцыі ліквідаваў грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (сярод некалькіх соцень іншых няўрадавых арганізацыяў, абвешчаных уладамі «пухлінай, якая падлягае знішчэнню»).

    Многія супрацоўнікі БАЖ былі вымушаныя пакінуць краіну з меркаванняў бяспекі і для працягу сваёй дзейнасці.

     

    ЗМЕНЫ Ў ЗАКАНАДАЎСТВЕ

    Умяшальніцтва ў працу журналістаў з боку сілавых структураў суправаджалася ўзмацненнем жорсткасці прававога рэгулявання дзейнасці СМІ і журналістаў. Шэраг зменаў, унесеных у заканадаўства ў 2021 годзе, быў закліканы спрасціць умяшальніцтва дзяржавы ў дзейнасць СМІ і журналістаў, узмацніць адказнасць за выказванні ў інтэрнэце.

    2021 год стаў рэкордным па колькасці зменаў у заканадаўстве, многія з іх закранулі дзейнасць медыяпрацаўнікоў.

    З 1 сакавіка 2021 года набыла моц новая рэдакцыя Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП).

    З КаАП выключаны артыкул «Паклёп» (арт. 9.2 папярэдняй рэдакцыі). Цяпер паклёп пераследуецца ў крымінальным парадку. Адказнасць прадугледжваецца артыкулам 188 Крымінальнага кодэкса, у прыватнасці, за распаўсюд заведама лжывых звестак, якія ганяць іншую асобу ў публічным выступе, альбо ў друкаваным ці публічна прадэманстраваным творы, альбо ў сродках масавай інфармацыі, альбо ў інфармацыі, размешчанай у глабальнай кампутарнай сетцы інтэрнэт, іншай сетцы электрасувязі агульнага карыстання ці вылучанай сетцы электрасувязі, альбо ўтрымліваюць абвінавачанне ў здзяйсненні цяжкага ці асабліва цяжкага злачынства.

    Максімальны штраф за абразу (арт. 10.2) узрос з 20 да 30 базавых велічыняў. Гэты артыкул быў дапоўнены другой часткай: «Абраза ў публічным выступе, альбо ў друкаваным ці публічна прадэманстраваным творы, альбо ў сродках масавай інфармацыі, альбо ў інфармацыі, распаўсюджанай у глабальнай кампутарнай сетцы інтэрнэт, іншай сетцы электрасувязі агульнага карыстання ці вылучанай сетцы электрасувязі, — цягне за сабой накладанне штрафу ў памеры ад дзесяці да двухсот базавых велічыняў, ці грамадскія працы, ці адміністрацыйны арышт, а на юрыдычную асобу — накладанне штрафу ў памеры ад трыццаці да двухсот базавых велічыняў». Уключэнне другой часткі тлумачыцца выключэннем з новай рэдакцыі Крымінальнага кодэкса артыкула 189 «Абраза», які прадугледжваў пакаранне ў выглядзе штрафу, ці папраўчых працаў на тэрмін да двух гадоў, ці арышту, ці абмежавання волі на тэрмін да трох гадоў. Такім чынам, было ўведзена пакаранне для юрыдычных асобаў (у выглядзе штрафу). Імі могуць быць рэдакцыі СМІ і ўласнікі інтэрнэт-рэсурсаў, якія апублікавалі абразлівыя выказванні.

    Артыкул 23.5 (парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі) зазнаў шэраг зменаў. Былі паменшаныя памеры штрафаў за незаконнае абмежаванне свабоды масавай інфармацыі, парушэнне вызначанага парадку рассылкі абавязковых бясплатных асобнікаў перыядычных друкаваных выданняў, «незаконныя выраб і (ці) распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі» (менавіта па гэтай норме з 2014 года штрафавалі журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі). Была выключаная адказнасць за парушэнне вызначанага парадку распаўсюду эратычных выданняў і парадку апублікавання сродкам масавай інфармацыі абвяржэння, а таксама частка трэцяя, якая прадугледжвае адказнасць за «парушэнне сродкам масавай інфармацыі заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі паўторна на працягу аднаго года пасля вынясення ў дачыненні да яго пісьмовага папярэджання».

    Артыкулам 23.7 (парушэнне заканадаўства аб абароне персанальных дадзеных) была вызначаная адказнасць у выглядзе штрафаў за незаконныя збор, апрацоўку, захоўванне ці перадачу персанальных дадзеных. У прыватнасці, асоба, якой персанальныя дадзеныя сталі вядомыя ў сувязі з яе прафесійнай дзейнасцю, можа быць пакараная штрафам у памеры ад чатырох да ста базавых велічыняў. Наўмысны незаконны распаўсюд персанальных дадзеных цягне за сабой накладанне штрафу ў памеры да двухсот базавых велічыняў.

    Артыкул 24.23 (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў), які не мае прамога дачынення да дзейнасці журналістаў, актыўна ўжываўся для прыцягнення да адказнасці тых з іх, хто асвятляў масавыя мерапрыемствы. Насуперак тэндэнцыі да змяншэння штрафаў для фізічных асобаў, якая адсочваецца ў большасці іншых артыкулаў новай рэдакцыі КаАП, максімальны памер штрафу за парушэнне вызначанага парадку правядзення масавага мерапрыемства, а таксама публічныя заклікі да арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства з парушэннем вызначанага парадку іх арганізацыі ці правядзення, быў павялічаны больш чым у тры разы – з 30 да 100 базавых велічыняў, пры паўторным прыцягненні да адказнасці на працягу года – да 200 базавых велічыняў.

    На працягу 2021 года тройчы ўносіліся змены ў Крымінальны кодэкс (законамі ад 6 студзеня, 26 траўня і 14 снежня). Шэраг з іх быў накіраваны на абмежаванне свабоды слова, крыміналізацыю дзейнасці СМІ, журналістаў і іншых медыяагентаў. Зменамі такога кшталту істотна ўзмацнілі адказнасць за дыфамацыйныя злачынствы і злачынствы, звязаныя з паняткам «экстрэмізм», пералік якіх быў пашыраны. Практычна ва ўсіх артыкулах такога роду ўстаноўленая магчымасць прызначаць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, у шэрагу выпадкаў – без уліку ступені цяжару здзейсненага ўчынку і наяўнасці заклікаў да гвалту.

    Быў уключаны артыкул 198–1 (парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі), які прадугледжвае адказнасць для ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў, не зарэгістраваных як СМІ, за распаўсюд забароненай інфармацыі (а гэта вельмі вялікі адкрыты спіс). Пры паўторным парушэнні ўладальнік сайта можа быць прысуджаны да пазбаўлення волі на тэрмін да двух гадоў.

    Былі значна павялічаныя максімальныя тэрміны пазбаўлення волі па артыкуле 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) – з трох да шасці/дзесяці гадоў; у выпадку выканання гэтых дзеянняў з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі ці сеткі інтэрнэт – да дванаццаці гадоў.

    Новай рэдакцыяй артыкула 369–3 (публічныя заклікі да арганізацыі ці правядзення незаконных сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі ці пікетавання альбо ўцягванне асобаў ва ўдзел у такіх масавых мерапрыемствах) павялічана максімальнае пакаранне за гэтыя дзеянні, калі яны пацягнулі за сабой цяжкія наступствы, – з трох да пяці гадоў пазбаўлення волі.

    Уводзіцца празмерная адказнасць за новыя віды злачынных дзеянняў, якія могуць нейкім чынам спрыяць «экстрэмісцкай» дзейнасці (уключаючы «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання» і «ўдзел» у ім (артыкул 361–1), «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (артыкул 361–2), «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (артыкул 361–4) – да дзесяці/васьмі/сямі гадоў пазбаўлення волі. Гэтыя нормы патэнцыйна ствараюць пагрозу пакарання за ўдзел у дзейнасці і фінансаванне медыяарганізацыяў, прызнаных экстрэмісцкімі фарміраваннямі.

    Была істотна пашыраная забарона на «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь», прадугледжаная артыкулам 369–1. Калі раней у ім ішла гаворка пра перадачу заведама лжывай інфармацыі замежным суб’ектам, то ў новай рэдакцыі артыкула вызначаная адказнасць за распаўсюд перад нявызначаным колам асобаў у любой публічнай форме, у тым ліку ў сродках масавай інфармацыі, звестак пра «палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае, ваеннае ці міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусь, прававое становішча грамадзянаў у Рэспубліцы Беларусь, дзейнасць дзяржаўных органаў», калі такія выказванні накіраваныя на прычыненне «істотнай шкоды дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам». Адначасова была ўзмоцненая адказнасць па гэтым артыкуле – да чатырох гадоў пазбаўлення волі.

    Узмацняецца крымінальная адказнасць за дыфамацыйныя выказванні. У прыватнасці, за паклёп (артыкул 188) прадугледжаная максімальная санкцыя ў выглядзе пазбаўлення волі да трох гадоў; за паклёп на прэзідэнта (артыкул 367) і знявагу прэзідэнта (артыкул 368) – да шасці і пяці гадоў адпаведна.

    Уключаны артыкул 375–1 пра незаконны збор альбо атрыманне звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты, з мэтай іх распаўсюду. Гэты артыкул прадугледжвае празмерныя санкцыі (да пяці гадоў пазбаўлення волі) у дачыненні да нявызначанага кола асобаў, то бок уключаючы і журналістаў, хаця іх прафесійныя абавязкі не звязаныя з абавязальніцтвам захоўваць канфідэнцыйнасць такой таямніцы.

     

    25 сакавіка была апублікаваная пастанова Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусі № 2/6/2, якой быў уведзены панятак «копія інтэрнэт-рэсурсу». Гэта «інтэрнэт-рэсурс, падобны да ступені змешвання з інтэрнэт-рэсурсам, доступ да якога абмежаваны». Міністэрства інфармацыі атрымала права пры выяўленні копіі інтэрнэт-рэсурсу накіроўваць паведамленне ў Дзяржаўную інспекцыю па электрасувязі Мінсувязі «для ўключэння адпаведнага ідэнтыфікатару інтэрнэт-рэсурсу ў спіс абмежаванага доступу».

     

    7 траўня быў прыняты новы закон «Аб абароне персанальных дадзеных», большасць нормаў якога набыла моц праз шэсць месяцаў пасля прыняцця (у лістападзе 2021 года). У новым законе змяшчаюцца азначэнні персанальных дадзеных і іншых базавых паняткаў, падставы для апрацоўкі персанальных дадзеных, механізм прыцягнення да адказнасці за парушэнне правілаў абыходжання з імі і г.д.

    Паводле артыкула 6, згода суб’екта персанальных дадзеных на апрацоўку персанальных дадзеных не патрабуецца, сярод іншага, «у мэтах ажыццяўлення законнай прафесійнай дзейнасці журналіста і (ці) дзейнасці сродку масавай інфармацыі, арганізацыі, якая ажыццяўляе выдавецкую дзейнасць, накіраваных на абарону грамадскай цікавасці, якая ўяўляе сабой патрэбу грамадства ў выяўленні і раскрыцці інфармацыі аб пагрозах нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, здароўю насельніцтва і навакольнаму асяроддзю, інфармацыі, якая ўплывае на выкананне сваіх абавязкаў дзяржаўнымі пасадовымі асобамі, што займаюць адказнае становішча, грамадскімі дзеячамі, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных грамадзянскім працэсуальным, гаспадарчым працэсуальным, крымінальна-працэсуальным заканадаўствам, заканадаўствам, якое вызначае парадак адміністрацыйнага працэсу». Дадзенае выключэнне прадугледжана толькі для журналістаў у вузкім тлумачэнні закона «Аб сродках масавай інфармацыі» і не распаўсюджваецца на супрацоўнікаў анлайн-рэсурсаў, якія не з’яўляюцца зарэгістраванымі СМІ, журналістаў-фрылансераў, блогераў, актывістаў-расследвальнікаў, якія зазнаюць рызыку прыцягнення да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці, у асаблівасці з улікам таго, што супрацоўнікі органаў унутраных справаў упаўнаважаныя складаць пратаколы па адміністрацыйных справах пра парушэнні правілаў апрацоўкі персанальных дадзеных.

     

    16 чэрвеня 2021 года набыў моц закон «Аб змяненні законаў па пытаннях супрацьдзеяння экстрэмізму». Ім былі ўнесеныя змены ў Грамадзянскі працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь і ў закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму».

    У частцы 2 артыкула 158 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь быў устаноўлены спецыяльны тэрмін паскоранага разгляду справаў пра прызнанне арганізацыі экстрэмісцкай, яе ліквідацыю, забарону выкарыстання яе сімволікі і атрыбутыкі, а таксама прызнанне сімволікі і атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі – не пазней за адзін месяц.

    У новай рэдакцыі закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» быў істотна пашыраны панятак «экстрэмізм», што дало новыя магчымасці для прыцягнення да адказнасці за выказванні. У прыватнасці, у пералік відаў «экстрэмісцкай дзейнасці» былі ўключаныя:

    • абраза або дыскрэдытацыя органаў дзяржаўнай улады ці кіравання, прадстаўніка ўлады;

    • распаўсюд заведама непраўдзівых звестак пра палітычны, эканамічны, сацыяльны, ваенны або міжнародны стан Рэспублікі Беларусь;

    • проціпраўныя дзеянні супраць грамадскага ладу і грамадскай маральнасці, парадку кіравання, жыцця і здароўя, асабістай свабоды, гонару і годнасці асобы, маёмасці ў мэтах распальвання варожасці.

    У новай версіі закона змяніліся і некаторыя вызначэнні. «Экстрэмісцкімі матэрыяламі» цяпер з’яўляецца інфармацыйная прадукцыя, якая не толькі ўтрымлівае заклікі і прапагандуе экстрэмісцкую дзейнасць, але і спрыяе «ўцягванню» ў яе, а таксама «экстрэмісцкая сімволіка і атрыбутыка». Быў пашыраны пералік формаў, у якіх могуць існаваць «экстрэмісцкія матэрыялы». У прыватнасці, была фактычна забароненая публічная дэманстрацыя ў СМІ партрэтаў асуджаных па «экстрэмісцкіх» артыкулах.

    У законе з’явілася паняцце «экстрэмісцкага фарміравання» – гэта «група грамадзянаў, якая ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць, або якая аказвае іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, або прызнае магчымасць яе ажыццяўлення ў сваёй дзейнасці, або фінансуе экстрэмісцкую дзейнасць». У адрозненне ад «экстрэмісцкай арганізацыі», яго наяўнасць вызначаецца ў пазасудовым парадку Міністэрствам унутраных спраў або Камітэтам дзяржаўнай бяспекі.

     

    16 чэрвеня набыў моц новы закон «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму», які закранае права на свабоду слова. Азначэнне «рэабілітацыі нацызму», як раней у законе «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму», уключае публічныя дзеянні, якія выяўляюцца ў апраўданні ідэалогіі (дактрыны) і практыкі нацызму, а таксама звязаных са злачынствамі нацыстаў асобаў альбо арганізацыяў; ухваленні ці адмаўленні злачынстваў супраць міру і бяспекі чалавецтва, ваенных і іншых злачынстваў. Акрамя таго, яно было дапоўнена «гераізацыяй нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых» – наўмысным праслаўленнем іх, а таксама здзейсненых імі злачынстваў.

    Вызначаюцца суб’екты супрацьдзеяння рэабілітацыі нацызму, сярод якіх – Міністэрства інфармацыі, а таксама іх кампетэнцыя ў гэтай галіне. Каардынацыя дзейнасці гэтых суб’ектаў ускладаецца на органы ўнутраных справаў, адказныя за абавязковы маніторынг выканання заканадаўства ў частцы недапушчэння рэабілітацыі нацызму, у тым ліку заснавальнікамі, рэдакцыямі сродкаў масавай інфармацыі, уладальнікамі інтэрнэт-рэсурсаў, журналістамі, аўтарамі інфармацыйных паведамленняў і матэрыялаў.

    Прадугледжаныя таксама меры супрацьдзеяння рэабілітацыі нацызму, уключаючы вынясенне афіцыйнага папярэджання і прадпісання; прыпыненне, забарону дзейнасці, ліквідацыю экстрэмісцкай арганізацыі. Парадак выкарыстання такіх мераў вызначаецца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб супрацьдзеянні экстрэмізму.
     

    19 чэрвеня набылі моц змены ў закон «Аб органах унутраных справаў Рэспублікі Беларусь», у адпаведнасці з якімі супрацоўнікі органаў унутраных справаў атрымалі права забараняць грамадзянам ажыццяўленне відэазапісу, фота- і кіназдымкі (артыкул 25).
     

    26 чэрвеня набыў моц закон «Аб змяненні законаў па пытаннях сродкаў масавай інфармацыі», які датычыцца трансфармацыі закона «Аб сродках масавай інфармацыі» (Закон аб СМІ).

    Ім былі ўведзеныя дадатковыя абмежаванні на заснаванне, рэгістрацыю і распаўсюд беларускіх і замежных СМІ. Так, цяпер не могуць выступаць у якасці заснавальніка сродку масавай інфармацыі асобы, якія раней выступалі ў якасці ўдзельніка арганізацыі, прызнанай экстрэмісцкай, – на працягу пяці гадоў з дня такога прызнання, а таксама асобы, якія з’яўляюцца ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсу ці сеткавага выдання, у адносінах якіх было прынятае рашэнне пра абмежаванне доступу, – на працягу трох гадоў з дня прыняцця рашэння (артыкул 10). Прычыны для адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі: назва СМІ супадае ці падобная да ступені змешвання з назвай СМІ, у дачыненні да якога прынятае рашэнне пра спыненне выпуску; назва сеткавага выдання не супадае з даменным імем інтэрнэт-рэсурсу (артыкул 15).

    СМІ цяпер можа атрымаць пісьмовае папярэджанне Міністэрства інфармацыі за неўказанне гіперспасылкі на крыніцу, якая раней распаўсюдзіла апублікаваную інфармацыю, калі ёй не вызначаныя іншыя ўмовы яе распаўсюду, размешчаныя ў адкрытым доступе (артыкул 49).

    Рашэнне Міжведамаснай камісіі па бяспецы ў інфармацыйнай сферы наконт наяўнасці ў прадукцыі замежнага сродку масавай інфармацыі інфармацыйных паведамленняў і (ці) матэрыялаў, распаўсюд якіх здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь, стала законнай падставай для адмовы ў выдачы дазволу на распаўсюд прадукцыі замежнага СМІ (артыкул 17), спынення выпуску СМІ (артыкул 51) і абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсу (артыкул 51–1).

    Калі раней выпуск СМІ мог быць спынены па рашэнні суда, то з унясеннем зменаў у Закон аб СМІ гэта сталася магчыма рабіць рашэннем Міністэрства інфармацыі ў выпадку вынясення двух і больш пісьмовых папярэджанняў ім самім ці прыняцця рашэння Міжведамаснай камісіяй па бяспецы ў інфармацыйнай сферы (артыкул 51).

    У выніку пашырэння пераліку абавязкаў журналіста (артыкул 34) недапушчальным стаў збор інфармацыі «на карысць трэцяй асобы, у тым ліку юрыдычнай асобы, якая не з’яўляецца рэдакцыяй сродку масавай інфармацыі» (то бок журналіст фактычна не можа сумяшчаць працу ў некалькіх СМІ, калі ён ці яна з’яўляецца супрацоўнікам аднаго з іх).

    Уключаныя падставы для пазбаўлення журналіста акрэдытацыі, а менавіта: парушэнне парадку акрэдытацыі, распаўсюд звестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і ганяць дзелавую рэпутацыю арганізацыі, якая акрэдытавала журналіста, а таксама здзяйсненне любых наўмысных супрацьпраўных дзеянняў у працэсе ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці (артыкул 35).

    Пашыраны пералік інфармацыі, распаўсюд якой забаронены (артыкул 38): уведзеная забарона на публікацыю вынікаў неафіцыйных апытанняў грамадскага меркавання, якія датычацца грамадска-палітычнай сітуацыі, рэферэндумаў і выбараў (на практыцы гэта азначае немагчымасць праводзіць вулічныя апытанні на палітычныя тэмы).

    Паводле новай рэдакцыі артыкула 51–1 абмежаванне доступу да інтэрнэт-рэсурсу ці сеткавага выдання можа быць здзейснена на пэўны тэрмін на працягу 6 месяцаў пасля ўзнікнення падставаў (для сеткавых выданняў раней тэрмін быў устаноўлены ў 3 месяцы). Пры гэтым абмежаванне доступу таксама распаўсюджваецца на інтэрнэт-рэсурс, падобны да ступені змешвання на той, доступ да якога ўжо быў абмежаваны (копію інтэрнэт-рэсурсу).

    Генеральнаму пракурору, пракурорам абласцей, города Мінска было дадзена права абмяжоўваць сваім рашэннем доступ да інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданняў, праз якія распаўсюджваюцца звесткі, якія накіраваныя на прапаганду экстрэмісцкай дзейнасці ці ўтрымліваюць заклікі да такой дзейнасці, а таксама іншая інфармацыя, распаўсюд якой здольны прынесці шкоду «нацыянальным інтарэсам» (артыкул 51–1).

     

    26 чэрвеня набылі моц змены ў закон «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь». У прыватнасці, у артыкул 11 была ўключаная забарона асвятлення ў рэжыме рэальнага часу масавых мерапрыемстваў, якія праводзяцца з парушэннем вызначанага парадку, у мэтах іх папулярызацыі ці прапаганды, кім-кольвек, уключаючы журналістаў. Журналістам пры выкананні сваіх абавязкаў таксама забараняецца выступаць у якасці арганізатараў ці ўдзельнікаў масавых мерапрыемстваў.

     

    18 кастрычніка набыў моц закон «Аб змене законаў па пытаннях абароны суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу». У выніку яго прыняцця быў удакладнены пералік надзвычайных захадаў і часовых абмежаванняў, прадугледжаны законам «Аб надзвычайным становішчы». Цяпер, у адпаведнасці з артыкулам 11 гэтага закона, пры ўвядзенні надзвычайнага становішча магчыма:

    • прыпыненне (спыненне) выпуску сродкаў масавай інфармацыі, дзеяння пасведчанняў пра дзяржаўную рэгістрацыю выдаўца, вытворцы, распаўсюдніка друкаваных выданняў, дзеяння ліцэнзіяў на ажыццяўленне паліграфічнай дзейнасці і дзейнасці ў галіне вяшчання;

    • абмежаванне доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, сеткавых выданняў.

    Калі раней ва ўмовах надзвычайнага становішча, уведзенага пры наяўнасці беспарадкаў, дапускалася абмежаванне свабоды прэсы шляхам увядзення папярэдняй цэнзуры, а таксама часовае выманне ці арышт друкаванай прадукцыі, радыёперадавальных, гукаўзмацняльных тэхнічных сродкаў, капіявальнай тэхнікі, вызначэнне асаблівага парадку акрэдытацыі журналістаў, то ў новай рэдакцыі закона дазваляецца прыпыненне дзейнасці па распаўсюдзе прадукцыі беларускіх і замежных СМІ.
     

    28 чэрвеня ўказам прэзідэнта № 242 было дапоўнена Палажэнне аб Міжведамаснай камісіі па бяспецы ў інфармацыйнай сферы. Гэтая камісія атрымала права вырашаць, ці ёсць у прадукцыі СМІ і любых інтэрнэт-рэсурсаў матэрыялы, распаўсюд якіх «здольны прычыніць шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь»
     

    25 жніўня Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь выдаў загад № 138 «Аб адміністраванні нацыянальнай даменнай зоны», паводле якога з 1 студзеня 2022 года функцыі тэхнічнага адміністратара беларускай даменнай зоны стала выконваць СТАА «Беларускія воблачныя тэхналогіі». Гэтая замена была выкліканая тым, што папярэдні тэхнічны адміністратар, хостынгавая кампанія hoster.by, была звязаная з пераследаваным і фактычна ліквідаваным вядучым навінавым парталам TUT.by (генеральны дырэктар кампаніі Сяргей Павалішаў быў затрыманы 18 траўня разам з супрацоўнікамі TUT.by і знаходзіўся ў следчым ізалятары да 1 верасня, калі яму была змененая мера стрымання).
     

    12 кастрычніка была выдадзеная пастанова Савета міністраў №575 «Аб мерах супрацьдзеяння экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму». Паводле дадзенага дакумента, кантроль за выкананнем заканадаўства ў гэтай сферы ўскладаецца на Міністэрства ўнутраных справаў, якому субекты супрацьдзеяння экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму накіроўваюць інфармацыю пра сваю дзейнасць не радзей за адзін раз у паўгоддзе.

    У пастанове рэгламентуецца ажыццяўленне маніторынгу выканання заканадаўства аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму, прадугледжанага новым законам «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму» (гл. вышэй).

    Таксама дакумент сцвярджае Палажэнне аб парадку правядзення ацэнкі сімволікі і атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у іх прызнакаў праяўлення экстрэмізму і Палажэнне аб рэспубліканскай камісіі, якая ствараецца пры Міністэрстве інфармацыі (для ацэнкі інфармацыйнай прадукцыі, выяўленай на тэрыторыі Мінска). На тэрыторыі абласцей працягнуць дзейнічаць адпаведныя абласныя камісіі. Прычынай для правядзення ацэнкі павінен з’яўляцца зварот дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць супрацьдзеянне экстрэмізму (раней маглі звяртацца з заявамі любыя грамадзяне і арганізацыі). Рэспубліканскую камісію ўзначаліла намесніца старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Лілія Ананіч.

     

    Законам «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2022 год» ад 31 снежня 2021 года былі прадугледжаныя выдаткі на дзяржаўныя СМІ на 2022 год: яны складуць 151 111 118 рублёў (супраць 156,04 млн рублёў у 2021 годзе). Друкаваныя СМІ і выдавецтвы атрымаюць больш, чым у 2021 годзе (8 040 679 рублёў у параўнанні з 7 617 997 рублёў). Белтэлерадыёкампанія будзе прафінансаваная ў папярэднім аб’ёме (114 655 220 рублёў). Выдаткі на тэлерадыёкампанію «Мір» павялічацца амаль на 500 000 рублёў (з 8 млн да 8 482 400 рублёў). ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» атрымае 823 190 рублёў (1,66 млн было ў 2021 годзе), а ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» (АНТ) – 3 289 870 рублёў (3,5 млн рублёў у 2021 годзе). Выдаткі на дзейнасць Міністэрства інфармацыі ў 2022 годзе прадугледжаныя ў памеры 23 209 342 рублі, што на 6 мільёнаў менш, чым у 2021 годзе.

     

     

    ПАРУШЭННЕ ПРАВОЎ СМІ І ЖУРНАЛІСТАЎ, КАНФЛІКТЫ Ў СФЕРЫ СМІ

    Крымінальныя справы

    Адным з найбольш сур’ёзных выклікаў, з якім сутыкнуліся незалежныя журналісты і медыяпрацаўнікі Беларусі ў 2021 годзе, стаў нечуваны па маштабах крымінальны пераслед. Крыміналізацыя дзейнасці супрацоўнікаў незалежных СМІ выявілася як у прыцягненні да адказнасці за прафесійную дзейнасць па асвятленні падзеяў у краіне, так і ў абвінавачаннях у нібыта здзейсненых імі эканамічных злачынствах. За год пад крымінальным пераследам знаходзіліся больш за 60 прадстаўнікоў медыя, 32 з іх заставаліся ў зняволенні на канец года.

     

    Справа Сяргея Сацука

    25 сакавіка 2020 года быў затрыманы вядомы журналіст-расследавальнік і рэдактар інтэрнэт-выдання «Ежедневник» Сяргей Сацук. Адным з яго гучных расследаванняў стала серыя публікацыяў у інтэрнэт-выданні «Ежедневник» пра карупцыю ў сістэме аховы здароўя Беларусі. Пазней шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў Міністэрства аховы здароўя быў выкрыты за ўчыненне карупцыйных дзеянняў. 23 сакавіка 2020 года на сайце «Ежедневник» (ej.by) быў апублікаваны артыкул Сяргея Сацука «Хто сее паніку вакол каронавіруса, прэзідэнт ці сайты і каналы?». У гэтым матэрыяле аўтар ставіў пад сумнеў афіцыйную статыстыку па захворвальнасці на каронавірус у Беларусі. Камітэт дзяржкантролю пракаментаваў затрыманне толькі праз шэсць дзён, абвінаваціўшы журналіста ў атрыманні вялікага хабару «за падрыхтоўку і размяшчэнне на сваім сайце артыкула, які ўтрымлівае кампраметуючыя звесткі пра канкурэнтаў арганізацыі».

    Затрыманне Сацука і ўзбуджэнне супраць яго крымінальнай справы выклікалі рэзкую крытыку з боку беларускай і міжнароднай грамадскасці. На дзясяты дзень пасля затрымання Генеральны пракурор адмяніў рашэнне пра яго змяшчэнне пад варту. Журналіста адпусцілі, аднак крымінальная справа ў дачыненні да яго не была спыненая.

    8 снежня 2021 года Сяргей Сацук быў затрыманы паўторна. У гэты ж дзень у яго прайшоў вобшук і адбыўся допыт у Следчым камітэце. Сайт ej.by тады ж быў заблакаваны. Пасля допыту па старой справе па артыкуле 430 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару) журналіста ўзялі пад варту.

     

    Справа Кацярыны Барысевіч

    2 сакавіка 2021 года журналістка інтэрнэт-партала TUT.by Кацярына Барысевіч была асуджаная да шасці месяцаў пазбаўлення волі (яе судзілі разам з лекарам Арцёмам Сарокіным, які быў прысуджаны да штрафу і ўмоўнага пакарання ў выглядзе двух год пазбаўлення волі) за разгалошванне лекарскай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы, паводле артыкула 178 (частка 3) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Журналістка апублікавала ў сваім артыкуле медычную інфармацыю аб адсутнасці алкаголю ў крыві Рамана Бандарэнкі, які быў жорстка збіты людзьмі ў масках у двары свайго дома і дастаўлены ў аддзяленне міліцыі ў мікрааўтабусе без апазнавальных знакаў, пасля чаго памёр у шпіталі. Гэтая публікацыя супярэчыла афіцыйнай версіі яго смерці. 19 лістапада 2020 года Кацярына Барысевіч была арыштаваная і выйшла на волю 18 траўня 2021 года.

    Журналістка стала лаўрэаткай нямецка-нарвежскай прэміі незалежнай журналістыкі ва Усходняй Еўропе Free Media Awards.

     

    Справа Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) і Дар’і Чульцовай

    18 лютага журналісткі тэлеканала «Белсат» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі прысуджаныя да двух год пазбаўлення волі, нібыта за арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342 (частка 1) Крымінальнага кодэкса), за тое, што 15 лістапада 2020 года вялі прамую трансляцыю гвалтоўнага разгону мірных дэманстрантаў, якія прыйшлі аддаць даніну памяці Раману Бандарэнку на месцы ягонай гібелі ў двары жылога дома. Такі прысуд вынесла суддзя Наталля Бугук у судзе Фрунзенскага раёна Мінска.

    Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева сталі лаўрэаткамі прэміі Courage in Jour­nal­ism Awards – прэстыжнай міжнароднай узнагароды ў галіне журналістыкі, заснаванай Міжнародным фондам жаночых СМІ (IWMF), нямецка-нарвежскай прэміі незалежнай журналістыкі ва Усходняй Еўропе Free Media Awards і Лейпцыгскай прэміі за свабоду СМІ. Праца журналістак «дала магчымасць пачуць голас вольнай журналістыкі ў аўтарытарным рэжыме», гаварылася ў заяве Медыяфонду Лейпцыгскай ашчаднай касы.

     

    Справа «Прэс-клуба»

    У жніўні 2021 года выйшлі на волю пяць з шасці абвінавачаных па справе «Прэс-клуба». Яны былі вызваленыя пасля падачы прашэння аб памілаванні, за выключэннем Ксеніі Луцкінай, якая не зрабіла гэтага. Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь паведаміла пра спыненне вытворчасці па справе. Луцкіна, якая пакутуе ад пухліны, што расце ў яе мозгу, засталася пад вартай. Супраць яе была ўзбуджаная новая крымінальная справа (сутнасць новага абвінавачання невядомая ў сувязі з тым, што яе адвакат павінен быў даць распіску аб неразгалошванні матэрыялаў следства).

    Заснавальніца «Прэс-клуба», тагачасная сябра праўлення Беларускай асацыяцыі журналістаў Юлія Слуцкая, праграмны дырэктар Ала Шарко, фінансавы дырэктар Сяргей Альшэўскі, відэааператар Пётр Слуцкі (сын Юліі Слуцкай), дырэктар «Акадэміі Прэс-клуба» Сяргей Якупаў, а таксама былыя супрацоўнікі дзяржаўнай Белтэлерадыёкампаніі Ксенія Луцкіна і Дзяніс Сакалоўскі былі арыштаваныя 22 снежня 2020 года супрацоўнікамі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. 31 снежня затрыманым было прад’яўленае абвінавачанне ў здзяйсненні злачынства паводле артыкула 243 (частка 2) Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Сяргей Якупаў, грамадзянін Расійскай Федэрацыі, у той жа дзень быў дэпартаваны ў Расію. Юлія Слуцкая і яе калегі правялі восем месяцаў у СІЗА №1 Мінска ў цяжкіх умовах.

    Юлія Слуцкая была ўганараваная Прэміяй за свабоду слова, якую заснавала Міжнародная асацыяцыя прэс-клубаў, а таксама прэміяй «Герой свабоды прэсы», якую прысуджае Міжнародны інстытут прэсы (IPI) журналістам, што зрабілі значны ўнёсак у прасоўванне свабоды прэсы, асабліва з высокай асабістай рызыкай.
     

    Справа Сяргея Гардзіевіча

    2 жніўня 2021 года суд Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці прысудзіў Сяргея Гардзіевіча, карэспандэнта незалежнага рэгіянальнага навінавага сайта 1reg.by з горада Драгічын, да 18 месяцаў пазбаўлення волі. Журналіст абвінавачваўся паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса – 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), 188 (паклёп) і 369 (абраза прадстаўніка ўлады), нібыта за апублікаваныя ім паведамленні ў мясцовым чаце ў Viber. Суд абавязаў Гардзіевіча выплаціць па 2000 рублёў (каля 800 долараў ЗША) кожнаму з двух міліцыянтаў, якія лічылі сябе пацярпелымі, у якасці кампенсацыі маральнай шкоды. Журналіст быў узяты пад варту ў зале суда пасля абвяшчэння прысуду; да гэтага ён больш за 4 месяцы правёў пад хатнім арыштам. Гардзіевіч быў накіраваны для адбывання пакарання ў папраўчую калонію ў Шклове.

     

    Справа Андрэя Аляксандрава

    З 12 студзеня 2021 года знаходзіцца пад вартай медыяменеджар і заснавальнік інтэрнэт-выдання jour­nal­by.com Андрэй Аляксандраў (гэтак жа, як і яго сяброўка Ірына Злобіна). Абаім было прад’яўленае абвінавачанне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка мерапрыемстваў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) за «фінансаванне асобаў, датычных да масавых беспарадкаў і іншых пратэстаў». Незадоўга да сканчэння максімальна магчымага тэрміну папярэдняга ўтрымання пад вартай Аляксандраву было прад’яўленае дадаткова абвінавачанне ў дзяржаўнай здрадзе (артыкул 356 Крымінальнага кодэкса), паводле якога яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі. 31 жніўня, пасля арышту былых калегаў Аляксандрава па працы ў інфармацыйным агенцтве БелаПАН, яго таксама прызналі падазраваным паводле артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў).

    Андрэю Аляксандраву была прысуджаная прэмія літоўскай журналісцкай арганізацыі «Надзея Свабоды», а таксама літаратурная прэмія імя Францішка Аляхновіча (паводле рашэння «Радыё Свабода» і беларускага ПЭН-цэнтра за творы, заснаваныя на асабістым турэмным досведзе, – «вершы з‑за кратаў»).
     

    Справа Дзяніса Івашына

    Журналіст-расследвальнік Дзяніс Івашын быў арыштаваны 12 сакавіка 2021 года ў Гродна і стаў абвінавачаным паводле артыкула 365 Крымінальнага кодэкса (умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў), які прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе трох год пазбаўлення волі. Івашын працаваў у газеце «Новы Час». Ён таксама з’яўляўся аўтарам і рэдактарам беларускай службы сайта Inform­Na­palm. Апошні артыкул, які ён апублікаваў у «Новым Часе», быў пра былых супрацоўнікаў украінскага спецпадраздзялення «Беркут», меркавана датычных да гвалтоўных дзеянняў супраць мірных дэманстрантаў у 2014 годзе ў Кіеве, якія ўладкаваліся на працу ў беларускую міліцыю (артыкул быў напісаны з выкарыстаннем дадзеных з адкрытых крыніцаў). 2 верасня яму было прад’яўленае яшчэ адно абвінавачанне – паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве). Цяпер яму пагражае пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі.

    Дзяніс Івашын атрымаў узнагароду праваабарончай супольнасці Беларусі «Журналіст года» за 2021 год.

     

    Справа Андрэя Пачобута

    Журналіст польскага паходжання Андрэй Пачобут з Гродна, супрацоўнік польскага выдання «Gaze­ta Wybor­cza», а таксама газеты «Nad Niem­nem», быў арыштаваны разам з яшчэ некалькімі сябрамі Саюза палякаў Беларусі 25 сакавіка 2021 года. Ён быў змешчаны пад варту і абвінавачаны паводле артыкула 130 (частка 3) Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варажнечы). Яму пагражае ад 5 да 12 год пазбаўлення волі. Паводле афіцыйнай версіі, з 2018 года члены Саюза палякаў зладзілі серыю незаконных мерапрыемстваў з удзелам непаўнагадовых у Гродна і іншых гарадах вобласці «па ўшанаванні ўдзельнікаў антысавецкіх бандфарміраванняў, якія дзейнічалі падчас і пасля Вялікай Айчыннай вайны, займаліся рабаўніцтвам, забойствамі мірнага насельніцтва Беларусі, знішчэннем маёмасці». Гэтыя дзеянні ўладаў адбываліся на фоне распаўсюду дзяржаўнымі СМІ антыпольскай прапаганды, у якой Польшча апісвалася як агрэсар, які нібыта мае тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Рэспублікі Беларусь.

     

    Таварыства польскіх журналістаў узнагародзіла Андрэя Пачобута галоўнай прэміяй «За свабоду слова» «за публікацыі ў абарону дэмакратыі і вяршэнства закону, якія выкрываюць злоўжыванні ўладай, карупцыю, парушэнні грамадзянскіх правоў і правоў чалавека». Журналісту таксама была прысуджаная «Паланійная прэмія» 30-га Эканамічнага форуму ў Карпачы.
     

    Справа TUT.by

    18 траўня 2021 года беларускія ўлады пачалі беспрэцэдэнтную атаку на TUT.by, самы ўплывовы незалежны інфармацыйны рэсурс Беларусі (раней, 19 студзеня, ААТ «ТУТ БАЙ Медыя» было пазбаўлена статусу сродку масавай інфармацыі па рашэнні суда). Дэпартамент фінансавых расследаванняў Беларусі ўзбудзіў крымінальную справу супраць яго супрацоўнікаў паводле артыкула 243 (частка 2) Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў, што спрычыніла шкоду ў буйным памеры). У гэты дзень прайшлі вобшукі ў офісах TUT.by у Мінску, Брэсце, Віцебску, Магілёве і Гродна, а таксама ў офісах звязаных кампаніяў hoster.by, av.by і rab­o­ta.by у Мінску, дамах шэрагу супрацоўнікаў. У той жа дзень Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь заблакавала сайт TUT.by для доступу як з Беларусі, так і з‑за мяжы. Рашэнне было прынята на падставе паведамлення Генеральнай пракуратуры, якая ўстанавіла «шматлікія факты парушэння Закона аб СМІ». У прыватнасці, мелася на ўвазе публікацыя матэрыялаў, якія зыходзяць ад фонду BYSOL, ініцыятывы па зборы сродкаў у падтрымку ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі (заканадаўства забараняе СМІ распаўсюджваць матэрыялы ад імя незарэгістраваных арганізацыяў).

    14 супрацоўнікаў TUT.by і звязаных з імі кампаніяў былі змешчаныя пад варту ці хатні арышт:

    1. галоўны рэдактар Марына Золатава;

    2. генеральны дырэктар Людміла Чэкіна;

    3. галоўны бухгалтар Анжэла Асад (выйшла на волю 11 сакавіка 2022 года, але застаецца абвінавачанай);

    4. намесніца дырэктара Ірына Рыбалка (выйшла на волю 11 сакавіка 2022 года, але застаецца абвінавачанай);

    5. галоўны інжынер Ала Лапатка;

    6. рэдактар Вольга Лойка;

    7. журналістка Алена Талкачова;

    8. намесніца галоўнага бухгалтара Марыя Новік (выйшла на волю 11 сакавіка 2022 года, але застаецца абвінавачанай);

    9. намеснік генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнэка;

    10. менеджар Андрэй Аўдзееў;

    11. дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (выйшаў на волю 1 верасня 2021 года, але застаецца пад следствам);

    12. генеральны дырэктар Rock­et­Da­ta Дар’я Данілава;

    13. юрыстка Кацярына Ткачэнка (хатні арышт);

    14. былая юрыстка Ірына Касцючэнка (хатні арышт).

    Галоўны рэдактар Марына Золатава атрымала ўзнагароду Reporter:innen Preis 2021, якую штогод уручае Форум рэпарцёраў Германіі.

     

    Справа Валерыі Касцюговай

    30 чэрвеня 2021 г. Валерыя Касцюгова – палітолаг, аналітык, заснавальніца і рэдактарка сайта экспертнай супольнасці «Нашае меркаванне», рэдактарка і аўтарка «Беларускага штогодніка» і кіраўніца групы экспертаў па маніторынгу «Беларусь у фокусе» – была затрыманая пасля вобшуку ў яе доме, праведзенага супрацоўнікамі КДБ. Касцюговай былі прад’яўленыя абвінавачанні па артыкулах 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) і 357 (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам) Крымінальнага кодэкса. Яе арышту папярэднічаў выступ у эфіры «Еўрарадыё», дзе яна адказвала на пытанні, ці магчыма санкцыямі дабіцца вызвалення палітзняволеных і ці справакуе раскол з Захадам хуткае паглыбленне інтэграцыі Беларусі з Расіяй.

     

    Справа Аляксандра Івуліна

    3 чэрвеня 2021 г. быў арыштаваны Аляксандр Івулін, журналіст Tri­buna.com і аўтар Youtube-канала «ЧестнОК». Ён быў абвінавачаны па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і 19 студзеня 2022 года прысуджаны суддзём Сяргеем Шацілам да двух гадоў пазбаўлення волі.
     

    Справа «Нашай Нівы»

    8 ліпеня паводле рашэння Міністэрства інфармацыі быў поўнасцю заблакаваны доступ да сайта анлайн-штотыднёвіка «Наша Ніва» (nn.by) на падставе паведамлення Генеральнай пракуратуры «за размяшчэнне інфармацыі, распаўсюд якой забаронены часткай 1 артыкула 38 Закона аб СМІ». У офісных памяшканнях і дамах чатырох яго супрацоўнікаў прайшлі вобшукі. Двое з супрацоўнікаў, Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко, былі абвінавачаныя ў здзяйсненні маёмаснай шкоды без прызнакаў крадзяжу (артыкул 216 Крымінальнага кодэкса) – яны нібыта плацілі за камунальныя паслугі ў офісе па стаўцы для жытла – і змешчаныя пад варту. 15 сакавіка 2022 года ў судзе Завадскога раёна Мінска яны абодва былі прысуджаныя да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі (суддзя Анжэла Касцюкевіч).

    Андрэй Скурко быў узнагароджаны літаратурнай прэміяй імя Францішка Аляхновіча за казкі і вершы, напісаныя для сына. Прэмія прысуджаецца «Радыё Свабода» і беларускім ПЭН-цэнтрам за творы, заснаваныя на асабістым турэмным досведзе.

     

    Справа інфармацыйнага агенцтва БелаПАН

    18 жніўня 2021 года ў офісе незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН і дамах яго супрацоўнікаў у Мінску адбыліся ператрусы ў межах расследавання крымінальнай справы паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Сайты БелаПАН (bela­pan.by і bela­pan.com) былі цалкам заблакаваныя. Шасцёра супрацоўнікаў былі дапытаныя ва Управе Следчага камітэта. Увечары таго ж дня Следчы камітэт апублікаваў заяву пра тое, што была ініцыяваная падатковая праверка дзейнасці БелаПАН і ўжо выяўленыя парушэнні падатковага заканадаўства. Дырэктарка БелаПАН Ірына Леўшына і былы дырэктар агенцтва Зміцер Наважылаў, якія сталіся абвінавачанымі па справе па артыкуле 243 частцы 2 (ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў) Крымінальнага кодэкса, былі змешчаныя пад варту. 18 лістапада 2021 года стала вядома, што абаіх журналістаў таксама абвінавацілі ў «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання» (артыкул 361–1 Крымінальнага кодэкса), за што ім пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі. Гэтаму папярэднічала прызнанне 1 лістапада ў якасці экстрэмісцкага фарміравання «групы грамадзянаў Беларусі з ліку супрацоўнікаў інфармацыйнага агенцтва БелаПАН».

     

    Справа Генадзя Мажэйкі

    Генадзь Мажэйка, журналіст «Камсамольскай праўды ў Беларусі», быў затрыманы ў Маскве супрацоўнікамі спецслужбаў і высланы ў Мінск 1 кастрычніка. Прычынай затрымання стала ягоная зацемка на сайце kp.by, апублікаваная ўвечары 28 верасня. У ёй былы аднакласнік станоўчым чынам ахарактарызаваў праграміста Андрэя Зельцара, удзельніка трагічнага інцыдэнта, у якім загінуў афіцэр КДБ і сам Зельцар. Нягледзячы на тое што праз некалькі хвілін рэдакцыя выдаліла гэты тэкст, на наступны дзень сайт kp.by быў заблакаваны паводле рашэння Міністэрства інфармацыі – у сувязі з публікацыяй інфармацыі, якая «спрыяла фарміраванню крыніцаў пагроз нацыянальнай бяспекі». Генадзю Мажэйку, змешчанаму пад варту, было прад’яўленае абвінавачанне па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса – 130 (узбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці) і 369 (абраза прадстаўніка ўлады). У сувязі з гэтымі падзеямі расійскі офіс «Камсамольскай праўды» вырашыў зачыніць сваё прадстаўніцтва ЗАТ «БелКП-ПРЭС», якое выдавала газету «Камсамольская праўда ў Беларусі» з 1994 года.

    Справа Андрэя Кухарчыка

    24 кастрычніка 2021 года ў судзе Маскоўскага раёна Брэста рэдактар навінавага партала «Віртуальны Брэст» Андрэй Кухарчык быў асуджаны на 1,5 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову за «абразу прадстаўніка ўлады» (артыкул 369 Крымінальнага кодэкса). Паводле версіі абвінавачання, у Telegram-чаце «Абмяркоўваючы небяспечны Брэст» пад фатаграфіяй дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка Кухарчык напісаў каментар. Мяркуючы па апублікаваным відэа МУС пра гэтую справу, у каментары былі такія словы: «Народ быў збіты, а дэпутат: “Забудзьцеся пра скаргі і пачніце з чыстага аркуша”. Гэта раздражняе […]». Тады ж быў заблакаваны сайт «Віртуальны Брэст».

     

    Справа Ірыны Слаўнікавай

    Журналістка тэлеканала «Белсат» Ірына Слаўнікава 30 кастрычніка 2021 года была затрыманая ў мінскім аэрапорце, калі яны з мужам вярталіся з адпачынку. Пасля З0 сутак адміністрацыйнага арышту яна не выйшла на волю і была абвінавачаная паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўны ўдзел у іх).

     

    Справа Андрэя Кузнечыка

    Журналіст-фрылансер «Радыё Свабода» Андрэй Кузнечык быў затрыманы 25 лістапада 2021 года. Пасля яго затрымання сілавікі ненадоўга здолелі атрымаць кантроль над Telegram-каналам «Радыё Свабода». На наступны дзень Кузнечыка прысудзілі да адміністрацыйнага арышту, затым яшчэ два разы – агулам на 30 сутак, але на волю ён так і не выйшаў. 23 снежня родзічам Кузнечыка паведамілі, што ў дачыненні да яго была ўзбуджана крымінальная справа. Пакуль Кузнечык знаходзіўся пад арыштам, 3 снежня суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі каналы Беларускай службы «Радыё Свабода» ў Telegram і YouTube, а таксама старонкі ў сацсетках.

     

    Справа Алега Груздзіловіча

    23 снежня 2021 года быў затрыманы журналіст «Радыё Свабода» Алег Груздзіловіч. Улетку 2020 года ён актыўна асвятляў грамадска-палітычныя падзеі ў Беларусі, вёў папулярныя стрымы «Радыё Свабода» з акцыяў пратэсту, хаця ў жніўні 2020 года быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС разам з большасцю журналістаў замежных СМІ. Першы раз Груздзіловіч быў затрыманы 16 ліпеня, падчас масавых вобшукаў у незалежных журналістаў у Беларусі, і 10 дзён ён правёў пад вартай. Выйшаўшы на волю, журналіст застаўся падазраваным і знаходзіўся пад падпіскай пра яўку. 23 снежня людзі ў масках забралі Груздзіловіча з дома ў Мінску, выламаўшы дзверы, пасля чаго стала вядома, што яму змянілі меру стрымання. Журналіст стаў абвінавачаным па крымінальнай справе, узбуджанай паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Яму ставіўся ў віну ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў той час, калі яго як журналіста ўжо пазбавілі акрэдытацыі МЗС Беларусі. 3 сакавіка 2022 года суд Савецкага раёна Мінска прыгаварыў яго да 1,5 года пазбаўлення волі.

     

    Крымінальны пераслед блогераў

    Многія папулярныя беларускія блогеры, якія выказваліся на грамадска-палітычныя тэмы, былі арыштаваныя ў сувязі з крымінальным пераследам яшчэ ў перыяд перадвыбарнай кампаніі 2020 года. Дзевяць блогераў, у тым ліку патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Сяргей Ціханоўскі, былі змешчаныя пад варту. Вядомы палітычны блогер Эдуард Пальчыс быў затрыманы ў кастрычніку 2020 года.

    У 2021 годзе адбыліся суды над арыштаванымі блогерамі. У выніку ўсе яны былі прысуджаныя да розных тэрмінаў турэмнага зняволення, у прыватнасці:

    Уладзімір Няронскі – 3 гады (частка 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і артыкул 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады));

    Павел Спірын – 4,5 года калоніі (артыкул 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варажнечы));

    Сяргей Пятрухін – 3 гады (частка 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадкі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і артыкул 391 Крымінальнага кодэкса (абраза суддзі або народнага засядальніка));

    Аляксандр Кабанаў – 3 гады (частка 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадкі парадак, або актыўны ўдзел у іх));

    Ігар Лосік (з’яўляўся кансультантам «Радыё Свабода») – 15 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму (частка 1 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя масавых беспарадкаў), артыкул 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варажнечы));

    Эдуард Пальчыс – 13 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму (частка 1 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя масавых беспарадкаў), артыкул 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), артыкул 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) і артыкул 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варажнечы)).

    У 2021 годзе працягвалася расследаванне крымінальнай справы блогераў Рамана Пратасевіча і Сцяпана Пуцілы, заснавальнікаў Tel­ergam-канала NEXTA, які сыграў значную ролю ў асвятленні поствыбарных пратэстаў 2020 года і стаў тады найбольш папулярным у Беларусі. У лістападзе 2020 года Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь высунуў супраць іх абвінавачанні ў сувязі з падзеямі вакол прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года – у арганізацыі масавых беспарадкаў і групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (артыкулы 293 і 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь), а таксама «распальванне сацыяльнай варажнечы паводле прыкметы прафесійнай прыналежнасці» ў стасунку дзяржслужбоўцаў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў праз створаныя і кіраваныя ім каналы Telegram (частка 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса). Абодва блогеры былі абвешчаныя ў міжнародны вышук. Тады ж Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўнёс іх у Спіс арганізацыяў і асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.

    23 траўня 2021 года блогер Раман Пратасевіч быў арыштаваны беларускімі ўладамі ў выніку прымусовай пасадкі пасажырскага самалёта, які ляцеў з Афінаў у Вільню. Разам з ім была затрыманая яго сяброўка, грамадзянка Расійскай Федэрацыі Соф’я Сапега. У якасці прычыны для пасадкі самалёта была агучана меркаваная пагроза выбуху. Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА паведаміла, што Аляксандр Лукашэнка асабіста даў загад аб пасадцы самалёта ў Мінску і ўхваліў выкарыстанне знішчальніка МіГ-29. На момант арышту Пратасевіч (былы галоўны рэдактар Telegram-канала NEXTA) з’яўляўся рэдактарам іншага апазіцыйнага Telegram-канала – «Беларусь галаўнога мозгу».

    Пасля затрымання Пратасевіч быў змешчаны ў СІЗА. 14 чэрвеня МЗС Беларусі правяло брыфінг з удзелам блогера, дзе ён заявіў, што добраахвотна супрацоўнічае са следствам. Напрыканцы чэрвеня ён і Соф’я Сапега былі пераведзеныя пад хатні арышт. Пратасевіч неаднаразова выступаў па тэлебачанні і ў Twit­ter, дэманструючы раскаянне ў сваёй былой дзейнасці.

    Арышт блогера ў выніку прымусовай пасадкі замежнага самалёта, які быў здзейснены беларускімі ўладамі, выклікаў надзвычайна шырокі розгалас у свеце, уключаючы рэакцыю Генеральнага сакратара ААН, што прывяло да рэзкага ўзмацнення санкцыйнага ціску на беларускі рэжым.

    У сакавіку 2021 года былі ўзбуджаныя дзве крымінальныя справы ў адносінах папулярнага блогера Антона Матолькі (зараз знаходзіцца па-за Беларусью), які асвятляў падзеі вакол выбараў 2020 года, – паводле часткі 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса («у сувязі са здзяйсненнем наўмысных дзеянняў, скіраваных на распальванне сацыяльнай варажнечы паводле прыкметы прафесійнай прыналежнасці ў стасунку прадстаўнікоў улады і праваахоўнікаў») і паводле часткі 1 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання). Прадстаўнікі Следчага камітэта заявілі, што Матолька аб’яднаў экстрэмісцкія групы (так званыя «дваравыя чаты»), стварыў экстрэмісцкае фарміраванне і ўзначаліў яго.

    16 жніўня 2021 года ў Гродна быў арыштаваны блогер Vadi­mati (Вадзім Ермашук), які выказваўся супраць гвалту, падтрымліваў палітзняволеных і наведваў суды па «палітычных» працэсах. Пазней сталася вядомым, што ён праходзіць падазраваным па дзвюх крымінальных справах – па артыкуле 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і 370 (аганьбаванне дзяржаўных сімвалаў). 21 снежня ён быў прысуджаны да 3 гадоў пазбаўлення волі.

     

     

    ІНШЫЯ ЗНАЧНЫЯ СУДОВЫЯ СПРАВЫ

    8 чэрвеня Вярхоўны суд пакінуў без змены рашэнне суддзі Эканамічнага суда Эрнэста Койры, у адпаведнасці з якім газеце «Наша Ніва» быў прысуджаны штраф у памеры 8700 рублёў нібыта за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць – раздрукоўку на рэдакцыйнай друкарцы 20 абавязковых друкаваных асобнікаў газеты (якія нідзе не рэалізоўваліся).

    22 верасня суддзя Кобрынскага раённага суда Аляксей Кміта не задаволіў пазоў дзіцячай лекаркі Юліі Рафаловіч у абарону гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі супраць рэдакцыі раённай дзяржаўнай газеты «Кобрынскі веснік». У артыкуле «Калі клятву Гіпакрата… забылі», апублікаваным 21 красавіка на сайце vkobrine.by і 24 красавіка ў друкаваным варыянце, аўтар публікацыі паведаміў, што ўчастковая лекарка «з палітычных матываў наадрэз адмовілася… дапамагчы дзіцяці міліцыянера». У той жа час праваахоўныя органы, пасля правядзення праверкі па факце «неаказання медычнай дапамогі хвораму без уважлівых прычынаў», не знайшлі складу злачынства ў дзеяннях лекаркі. Справа разглядалася на закрытым судовым паседжанні.

    28 кастрычніка Эканамічны суд Мінска прыняў рашэнне спагнаць з газеты «Народная Воля» больш за 108 тысячаў рублёў (каля 44,5 тысячы долараў ЗША) на карысць «Белпошты». Падставай для звароту ў суд з боку дзяржаўнай кампаніі стала тое, што незалежная газета не даставіла наклады на пошту і для падпісчыкаў. Гэта адбылося, бо са жніўня 2020 года рэдакцыя не мела магчымасці друкаваць выданне (гл. падрабязней «Рэпрэсіі ў дачыненні да прадстаўнікоў друкаванай прэсы»).

    12 лістапада Эканамічны суд Мінска задаволіў пазоў сербскіх бізнэсменаў братоў Карычаў супраць Станіслава Івашкевіча, кіраўніка Беларускага расследавальніцкага цэнтра і аўтара перадачы «Давайце разбірацца» на тэлеканале «Белсат». Падставай для пазову стала публікацыя ў сербскіх СМІ артыкула, падрыхтаванага ў рамках Праекта па асвятленні арганізаванай злачыннасці і карупцыі (OCCRP) пра бізнэс братоў Карычаў у Беларусі. Суд пастанавіў, што Івашкевіч павінен выдаліць з гэтага артыкула-расследавання шэраг цытатаў наконт дзейнасці сям’і Карычаў у Беларусі, якая суправаджалася атрыманнем звышпрыбыткаў.

     

    ПЕРАСЛЕД ЖУРНАЛІСТАЎ

    2021 год стаў часам сістэмнага ціску на незалежную прэсу Беларусі ў працяг тэндэнцыі грубага парушэння правоў журналістаў, якая ўзнікла пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года. Праца незалежных журналістаў у Беларусі суправаджалася затрыманнямі, вобшукамі з выманнем прафесійнага абсталявання і носьбітаў інфармацыі, а таксама прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў і арыштаў. Скаардынаваныя масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных журналістаў і СМІ фактычна былі накіраваныя на знішчэнне незалежнага медыясектара. У выніку дзейнасць большасці незалежных медыя з Беларусі стала немагчымай і працягваецца з‑за мяжы.

    Паводле штогадовага даклада Камітэта абароны журналістаў, Беларусь знаходзілася на пятым месцы ў свеце па колькасці журналістаў у зняволенні.

    Праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» назвала Беларусь самай небяспечнай краінай у Еўропе для супрацоўнікаў СМІ.

     

    Затрыманні і адміністрацыйны пераслед журналістаў

    У 2021 годзе БАЖ зафіксаваў 113 затрыманняў. 29 разоў журналісты зазнавалі пазбаўленне волі ў выглядзе адміністрацыйных арыштаў. Сярод затрыманых былі акрэдытаваныя замежныя журналісты – Люцыя Чыркі (Швейцарыя) і Нікалас Канолі (Нямеччына).

    Пры затрыманні зазналі фізічны гвалт рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч (быў збіты і атрымаў траўму галавы 8 ліпеня) і журналіст тэлеканала «Белсат» Дзмітрый Солтан (яго білі дубінкай у жывот падчас апытання пасля затрымання 8 лютага).

    Не менш за 50 разоў журналісты былі аштрафаваныя на падставе Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП). Найчасцей, у 32 выпадках, журналістаў штрафавалі па артыкуле 23.5 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь (у папярэдняй рэдакцыі – артыкул 22.9) за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. Так, Аліна Скрабунова з Магілёва была аштрафаваная дзеcяць разоў, Зміцер Лупач з Глыбокага – сем. 18 разоў журналісты прыцягваліся да адказнасці паводле артыкула 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, нібыта за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, з якім атаясамлівалася іх асвятленне. Суддзі выносілі пастановы, як правіла, грунтуючыся выключна на паказаннях супрацоўнікаў сілавых структураў, чые імёны былі змененыя, а твары схаваныя. Акрамя гэтага, журналістаў судзілі на падставе артыкулаў 24.3 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню пасадовай асобы падчас выканання імі службовых паўнамоцтваў), 19.1 (дробнае хуліганства) і 19.11 (распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць).

    У 29 выпадках журналістаў каралі адміністрацыйным арыштам, які яны адбывалі ў цяжкіх умовах – у перапоўненых камерах, без спальных месцаў, без прадметаў гігіены і г.д.

     

    Масавыя вобшукі і выманне прафесійнай тэхнікі

    З 8 ліпеня 2021 года беларускія ўлады пачалі ажыццяўляць, па словах Канстанціна Бычака, намесніка кіраўніка следчага ўпраўлення КДБ Беларусі, «шырокамаштабную аперацыю па зачыстцы ад радыкальна настроеных асобаў», якая закранула незалежную прэсу, праваабаронцаў і іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.

    На працягу 8–9 ліпеня па ўсёй краіне супрацоўнікамі міліцыі і КДБ быў зладжаны 71 вобшук у дамах журналістаў і рэдакцыйных памяшканнях незалежных СМІ. У якасці падставы для іх у большасці выпадкаў называлася расследаванне крымінальных справаў, у прыватнасці паводле артыкула 289 (акт тэрарызму) і артыкула 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Падчас вобшукаў было сканфіскавана прафесійнае абсталяванне, носьбіты інфармацыі і сродкі сувязі. Прынамсі 14 журналістаў былі затрыманыя і дапытаныя.

    Другая масавая атака на незалежныя СМІ адбылася 16 ліпеня. Прайшлі вобшукі і затрыманні ў студыі тэлеканала «Белсат» у Мінску і офісе «Радыё Свабода», а таксама, як мінімум, у 26 незалежных журналістаў. Пяцёра журналістаў былі затрыманыя на тэрмін да дзесяці содняў. Супрацоўніца «Радыё Свабода» Інэса Студзінская ўвесь час знаходжання пад вартай трымала галадоўку.

     

    Перашкоды дзейнасці Беларускай асацыяцыі журналістаў

    У сувязі з рэзкім пагаршэннем становішча са свабодай слова ў Беларусі з пачатку прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2020 года законная дзейнасць БАЖ па абароне правоў журналістаў была абцяжараная неправамерным умяшальніцтвам з боку ўладаў. У дзень выбараў адным з першых быў заблакаваны сайт БАЖ, а таксама нумар яго мабільнай гарачай лініі для журналістаў. Сайт быў недасяжны для карыстальнікаў у Беларусі з 9 па 27 жніўня, нягледзячы на адсутнасць якіх-колечы фармальных рашэнняў аб абмежаванні доступу да яго.

     

    16 лютага 2021 года міліцыя зладзіла вобшук у офісе БАЖ у Мінску, канфіскавала дакументы і абсталяванне, а потым апячатала памяшканне. У той самы дзень былі зладжаныя ператрусы ў дамах некалькіх сябраў БАЖ у розных гарадах, у тым ліку ў намеснікаў старшыні арганізацыі Алега Агеева і Барыса Гарэцкага. У Следчым камітэце Беларусі патлумачылі, што аперацыя ажыццяўлялася ў рамках папярэдняга расследавання фінансавання або арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле артыкула 243 Крымінальнага кодэкса. Офіс БАЖ быў апячатаны на працягу амаль месяца пасля вобшуку, а прадстаўнікі яго кіраўніцтва некалькі разоў былі выкліканыя на допыт у Следчы камітэт.

     

    21 чэрвеня 2021 года Міністэрства юстыцыі пачало праверку дзейнасці Беларускай асацыяцыі журналістаў. У лісце, атрыманым у гэты дзень, патрабавалася прад’явіць тысячы дакументаў з 1 студзеня 2018 года.

    Варта заўважыць, што гэты ліст быў датаваны 9 чэрвеня 2021 года, але прыйшоў 21 ліпеня, у дзень заканчэння тэрміну прад’яўлення дакументаў. Пазней прадстаўнік міністэрства перанёс скрайні тэрмін на 23 чэрвеня. БАЖ падаў у міністэрства тыя з запытаных дакументаў, якія атрымалася сабраць за два дні.

     

    14 ліпеня 2021 года супрацоўнікі праваахоўных органаў у другі раз правялі вобшук і апячаталі офіс БАЖ у Мінску (у адсутнасць прадстаўнікоў асацыяцыі). Банкаўскі рахунак БАЖ быў заблакаваны. На наступны дзень быў атрыманы ліст з Міністэрства юстыцыі пра тое, што 8 ліпеня намеснік міністра Сяргей Каліноўскі вынес БАЖ пісьмовае папярэджанне на аснове таго, што не былі пададзеныя некаторыя дакументы, а таксама на аснове таго, што дамовы арэнды некалькіх філіялаў БАЖ патрабавалі карэкцыяў. Указаныя ў папярэджанні парушэнні патрабавалася выправіць на працягу аднаго дня, да 16 ліпеня 2021 года.

    БАЖ накіраваў у Міністэрства юстыцыі ліст з просьбай перанесці скрайні тэрмін у сувязі з адсутнасцю доступу да статутных дакументаў, пячаткі і дамоваў арэнды з‑за таго, што офіс БАЖ быў апячатаны пасля ператрусу. Аднак 21 ліпеня 2021 года сталася вядомым, што Мінюст падаў позву ў Вярхоўны суд Беларусі пра ліквідацыю Беларускай асацыяцыі журналістаў у сувязі з непрыманнем захадаў па выпраўленні парушэнняў з боку БАЖ і неаднаразовым (пасля пісьмовага папярэджання) парушэннем заканадаўства.

     

    27 жніўня суддзя Вярхоўнага суда Беларусі Інэса Лазавікова задаволіла позву Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў.

    Гэтая падзея адбылася на тле масіраванай атакі на незалежную прэсу і няўрадавыя арганізацыі Беларусі, якая праходзіла з ліпеня 2021 года. Большасць супрацоўнікаў БАЖ былі вымушаныя пакінуць краіну, каб мець магчымасць працягнуць сваю дзейнасць.

     

    4 лістапада быў заблакаваны доступ беларускіх карыстальнікаў да сайта Беларускай асацыяцыі журналістаў baj.by паводле рашэння Міністэрства інфармацыі Беларусі.

    У 2021 годзе Беларуская асацыяцыя журналістаў была ўзнагароджаная нямецка-нарвежскай прэміяй незалежнай журналістыкі ва Усходняй Еўропе Free Media Awards, а таксама стала лаўрэатам Нацыянальнай прэміі імя Ігара Лубчанкі ў галіне свабоды слова, якая прысуджаецца Нацыянальным саюзам журналістаў Украіны.

     

    АБМЕЖАВАННІ СВАБОДЫ ДЗЕЙНАСЦІ Ў ІНТЭРНЭЦЕ

    З часу прэзідэнцкіх выбараў 2020 г. дзяржава пастаянна прадпрымала захады па абмежаванні доступу да інфармацыі ў інтэрнэце.

    «Даступнасць інтэрнэту шырокай аўдыторыі вывела глабальную сетку ў шэраг вядучых крыніцаў інфармацыі. Віртуальнае асяроддзе сёння – наймагутнейшы чыннік уплыву на насельніцтва. Пры гэтым далёка не заўсёды інфармацыя, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэце, скіравана на развіццё грамадства і дзяржавы. Інтэрнэт стаўся прыладай інфармацыйных войнаў, накіраваных на разбурэнне грамадскіх устояў і маральных каштоўнасцяў, а часам і цэлых дзяржаў», – сказаў міністр інфармацыі Ігар Луцкі, прэзентуючы законапраект па пытаннях сродкаў масавай інфармацыі 2 красавіка 2021 года.

    На працягу 2021 г. дзейнасць анлайн-СМІ прыгняталася шляхам блакавання сайтаў незалежных СМІ і сайтаў арганізацыяў грамадзянскай супольнасці, прымусовага выдалення крытычнага кантэнту, прызнання «экстрэмісцкімі матэрыяламі» незалежных інфармацыйных рэсурсаў, прыцягнення да адказнасці за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

    Згодна з сусветным рэйтынгам узроўню свабоды інтэрнэту, які быў складзены праваабарончай арганізацыяй Free­dom House і выдадзены ў 2021 годзе, Беларусь, разам з М’янмай і Угандай, аказалася сярод краінаў, дзе было зафіксаванае найбольшае пагаршэнне свабоды інтэрнэту. У параўнанні з мінулым годам пазіцыя Беларусі ў гэтым спісе знізілася на 7 пунктаў – яна атрымала ўсяго 31 бал з 100 магчымых.

     

    Ціск на анлайн-медыя

    У 2021 годзе адбыўся шэраг ператрусаў у рэдакцыях анлайн-СМІ, як нацыянальных, гэтак і рэгіянальных. Іх супрацоўнікі былі дапытаныя. У прыватным жытле адбыліся вобшукі. Некаторыя з супрацоўнікаў зазналі адміністрацыйны і крымінальны пераслед.

    Так, былі абшуканыя рэдакцыйныя памяшканні анлайн-медыя «Бінокль» (Брэст), «Ранак» (Светлагорск), Intex-Press (Баранавічы), «Медыя-Палессе» (Пінск, Лунінец), «Моцныя навіны» (Гомель), «Радыё Свабода» і іншых. У выніку ператрусаў вымаліся дакументы і сканфіскоўвалася абсталяванне, што ўскладняла ці блакавала працу рэдакцыяў.

    Шэраг незалежных медыясайтаў быў аштрафаваны на вялікія сумы за размешчаны кантэнт (пазней гэта стала падставай для іх блакіроўкі). Так, 27 ліпеня ўладальніку сайта «Медыя-Палессе» быў прысуджаны штраф у памеры 5771 рубель (каля 2300 долараў) за распаўсюд недакладнай інфармацыі, у прыватнасці за публікацыю фразы «Пінскія суддзі адмовіліся весці працэс, таму абвінавачаных перавялі ў Брэст». 16 верасня стала вядома, што газету «Інформ-прагулка» (Лунінец), якая выходзіла анлайн, аштрафавалі на 2900 рублёў (каля 1150 долараў) за «прычыненне шкоды нацыянальным інтарэсам Беларусі» па артыкуле 23.5 КаАП (парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі). Падставай для рашэння суда стала інфармацыя, якая размяшчалася ў рубрыцы-дайджэсце навінаў, апублікаваных іншымі сродкамі масавай інфармацыі.

    Працягвалася практыка блакавання доступу да сайтаў незалежных СМІ. З канца сакавіка, калі ў заканадаўства было ўнесена паняцце «копія інтэрнэт-рэсурсу», яна была распаўсюджана і на так званыя «люстэркавыя» сайты, якія ствараюцца дзеля абыходу блакіровак. Такім чынам быў абмежаваны доступ да «люстэркавых» сайтаў шэрагу СМІ: інтэрнэт-газеты інфармацыйнай кампаніі БелаПАН (naviny.online), тэлеканала «Белсат» (blstv.eu), «Еўрарадыё» (euro­ra­dio.pl), TUT.by (Zerka­lo.io) і іншых.

    З восені 2021 года пачалася новая хваля блакавання доступу да інфармацыйных сайтаў: media-pоlesye.by, сайта «Беларускага Радыё Рацыя», belarus­par­ti­san.by, сайта газеты «Камсамольская праўда ў Беларусі» і іншых.

    Улады мэтанакіравана ажыццяўлялі планамерныя дзеянні па абмежаванні ўплыву вядучых інтэрнэт-медыя, у прыватнасці TUT.by, nashani­va.by і naviny.by, якія скончыліся іх блакаваннем і крымінальнымі справамі супраць іх супрацоўнікаў (гл. падрабязней «Крымінальныя справы»).

    Тым не менш у інфармацыйнай прасторы Беларусі па-ранейшаму пераважалі незалежныя анлайн-медыя, якія дыверсіфікавалі свае каналы распаўсюду інфармацыі (у сацыяльных сетках і мэсэнджарах). Беларуская аўдыторыя стала актыўна выкарыстоўваць мэсэнджары, асабліва Telegram, і сацыяльныя сеткі, асабліва YouTube, для атрымання інфармацыі.

     

    Застасаванне заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму

    У 2021 годзе нечуваныя маштабы набыло выкарыстанне заканадаўства аб барацьбе з экстрэмізмам для абмежавання свабоды слова ў інтэрнэце. Як «экстрэмісцкія» сталі характарызавацца любыя крытычныя выказванні ў дачыненні да ўладаў. Новаўвядзенні закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» сталі актыўна ўжывацца ў дачыненні да незалежных СМІ.

    З лета 2021 года колькасць судовых рашэнняў пра прызнанне журналісцкіх публікацыяў экстрэмісцкімі матэрыяламі рэзка ўзрасла. За чэрвень–ліпень было вынесена 71 судовае рашэнне пра прызнанне 115 матэрыялаў «экстрэмісцкімі» – гэта больш чым у 3 разы ў параўнанні з красавіком–траўнем 2021 года. За наступныя два месяцы – ужо 84 судовыя рашэнні адносна 129 матэрыялаў. Пераважная большасць з іх датычылася Telegram-каналаў. Упершыню за гісторыю назіранняў былі забароненыя не толькі самі каналы, але нават боты некаторых чатаў у Telegram. Усяго на працягу 2021 года ў Беларусі «экстрэмісцкімі» былі прызнаны больш за 410 Telegram-каналаў і чатаў, а таксама больш за 20 YouTube-каналаў.

    З ліпеня, часу пачатку масіраванай атакі на незалежную прэсу і грамадзянскую супольнасць Беларусі, услед за Telegram-каналамі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сталі прызнаваць кантэнт незалежных анлайн-СМІ. Акрамя іх сайтаў і каналаў у Telegram, пачалося ўнясенне ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў акаўнтаў незалежных СМІ ў розных сацыяльных сетках – Face­book, Вконтакте. Упершыню былі забароненыя старонкі ў «Аднакласніках», Insta­gram і Tik­Tok. Так, 27 ліпеня былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайт тэлеканала «Белсат», яго Telegram-канал і старонкі ў сацыяльных сетках. Потым быў прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кантэнт спартовага анлайн-медыя Tri­buna.com, вядучага інфармацыйнага партала TUT.by і сайта Zerka­lo.io, які замяніў яго пасля блакіроўкі. Зважаючы на тое, што практычна любое медыя Беларусі выкарыстоўвала матэрыялы TUT.by, усе яны аказаліся перад рызыкай прыцягнення да адказнасці за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Так, паводле пастановы пракуратуры Брэсцкай вобласці, на 6 месяцаў быў абмежаваны доступ да сайта «Медыя-Палессе», за рэпост публікацыяў сайтаў, пазней прызнаных «экстрэмісцкімі».

    28 кастрычніка Мінінфарм заблакаваў доступ адразу да трох выданняў (Deutsche Welle, «Настоящее время», «Новы Час») за «распаўсюд гіперспасылак на матэрыялы, прызнаныя экстрэмісцкімі».

    Прыкладам выкарыстання антыэкстрэмісцкага заканадаўства для ціску на СМІ, аж да іх ліквідацыі, стаў лёс папулярнага рэгіянальнага інфармацыйнага сайта Hrodna.life (Гродна).

    19 сакавіка яго галоўны рэдактар Аляксей Шота атрымаў два штрафы на агульную суму 12 325 рублёў (каля 4900 долараў) за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, – публікацыі за красавік і чэрвень 2020 года, якія ўтрымлівалі спасылкі ці лагатып Telegram-канала, прызнанага экстрэмісцкім у кастрычніку 2020 года.

    3 чэрвеня ААТ «Гродна Лайф Медыя», уладальніку сайта Hrodna.life, прысудзілі штраф у 14 500 рублёй (каля 5800 долараў) па той жа падставе. Прычынай новай адміністрацыйнай справы стала адно фота, выдаленае праз некалькі гадзінаў. Яшчэ адзін штраф у 725 рублёў за тое ж фота атрымала рэдактар Hrodna.life Ірына Новік.

    9 ліпеня суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў Telegram-канал Hrodna.life «экстрэмісцкімі матэрыяламі». На думку пракуратуры, ён апублікаваў паведамленні, якія распальваюць варожасць і ўтрымліваюць «выразы, якія маюць на мэце ўзбуджэнне рашучасці ўжыць гвалт у дачыненні да пэўнай сацыяльнай групы людзей і накіраваныя на фарміраванне матываў нянавісці да людзей па прыкмеце пэўнай прафесіі і роду заняткаў», а таксама фота з лагатыпам «экстрэмісцкага» канала.

    26 жніўня, паводле іску пракурора, суд ліквідаваў арганізацыю ААТ «Гродна Лайф Медыя» ў сувязі з тым, што яна «ажыццяўляе дзейнасць, забароненую заканадаўчымі актамі», спасылаючыся на тыя два выпадкі, калі супрацоўнікаў Hrodna.life прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

    16 верасня, у адпаведнасці з пастановай пракуратуры Гродненскай вобласці, сайт Hrodna.life быў заблакаваны. Прычынамі блакіроўкі называліся публікацыя артыкулаў, якія суправаджаліся відэаматэрыяламі, «што дыскрэдытуюць дзейнасць дзяржаўных праваахоўных органаў»; прыцягненне рэдактараў да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў; распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкага характару. Пасля гэтага Hrodna.life змог працягнуць сваю працу толькі праз «люстэркавыя» сайты і сацсеткі.

    Усяго за 2021 год кантэнт 13 незалежных СМІ быў прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

    Новаўвядзенне антыэкстрэмісцкага заканадаўства ў выглядзе «экстрэмісцкага фарміравання» распачалі прымяняць для пераследу прадстаўнікоў анлайн-медыя (артыкул 361–1 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае адказнасць да 10 гадоў пазбаўлення волі за стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і да 6 гадоў – за ўдзел у ім). Спачатку гэта былі стваральнікі і адміністратары апазіцыйных Telegram-супольнасцяў, а потым і журналісты. У верасні ў вядомай беларускай тэле- і радыёвядучай Кацярыны Пытлевай, якая пасля пераезду ў Літву сталася праграмнай дырэктаркай і вядоўцай папулярнага Youtube-праекта «Маланка медыя», адбыліся два вобшукі, якія былі звязаныя з расследаваннем па справе аб стварэнні экстрэмісцкага фарміравання.

    3 лістапада рашэннем Міністэрства ўнутраных спраў была прызнаная экстрэмісцкім фарміраваннем і забароненая дзейнасць «групы грамадзянаў, аб’яднаных праз інтэрнэт-рэсурсы “Белсат”». Пазней МУС прызнала экстрэмісцкім фарміраваннем «групу грамадзянаў, аб’яднаных праз інтэрнэт-рэсурсы Радыё Свабода», а Камітэт дзяржаўнай бяспекі – «групу грамадзянаў Беларусі з ліку супрацоўнікаў інфармацыйнага агенцтва БелаПАН».

    Яшчэ адным аспектам застасавання заканадаўства аб барацьбе з экстрэмізмам дзеля абмежавання ўплыву незалежных СМІ сталася прыцягненне да адказнасці карыстальнікаў інтэрнэту за распаўсюд медыякантэнту, які прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі», – прычым не толькі ў выглядзе штрафаў, але і ў выглядзе пазбаўлення волі (адміністрацыйнага арышту). 7 траўня 2021 года Генеральная пракуратура Беларусі распаўсюдзіла заяву пра тое, што супрацоўнікі пракуратуры ажыццяўляюць штодзённы маніторынг паведамленняў у сеціве інтэрнэт. Пры гэтым, маўляў, «любы крок у інтэрнэце, ці то наведванне пэўнага рэсурсу, ці то даванне ацэнак пэўнай выяве або паведамленню ў сацыяльнай сетцы, ці перапост або каментар да іх, фіксуюцца».

    Так, 1 лістапада беларускія суды прызналі вінаватымі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў (публікацыяў «Белсат» і TUT.by) двух журналістаў, Ірыну Слаўнікаву і Сяргея Няроўнага. Слаўнікава атрымала 15 содняў арышту за рэпосты ў Face­book, а Няроўны – 580 рублёў штрафу за лайкі у Face­book.

    Інтэрнэт-карыстальнікаў прыцягвалі да адказнасці нават за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» у прыватным ліставанні. Так, Павел Смірноў з Мінска быў пакараны 15 соднямі арышту за перасылку свайму сябру паведамлення з Telegram-канала TUT.by, пасля таго як супрацоўнікі міліцыі атрымалі доступ да яго тэлефона.

     

     

    ПЕРАШКОДЫ ДРУКУ І РАСПАЎСЮДУ НЕЗАЛЕЖНЫХ ГАЗЕТАЎ

    Улады Беларусі працягвалі абмяжоўваць дзейнасць незалежных друкаваных СМІ, у асаблівасці грамадска-палітычнай тэматыкі. Калі ў 2020 годзе галоўным спосабам для гэтага было пазбаўленне магчымасці друкаваць і распаўсюджваць іх наклады, то ў 2021 годзе дадаліся ціск з боку органаў унутраных справаў і пракуратуры, судовы пераслед як саміх выданняў, так і іх супрацоўнікаў.

     

    Рэпрэсіі ў дачыненні да прадстаўнікоў друкаванай прэсы

    24 сакавіка галоўны рэдактар незалежнай рэгіянальнай газеты «Ганцавіцкі час» Пётр Гузаеўскі, а таксама карэспандэнты Сяргей Багроў і Аляксандр Пазняк былі выкліканыя ў пракуратуру, дзе Багрову і Пазняку былі абвешчаныя афіцыйныя папярэджанні.

    Газета «Новы Час» атрымала папярэджанне Міністэрства інфармацыі 25 сакавіка за чатыры артыкулы, у якіх нібыта ўтрымлівалася інфармацыя, якая садзейнічае прычыненню шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь. У траўні Генеральная пракуратура вынесла папярэджанне яе галоўнаму рэдактару ў сувязі з тым, што аўтары публікацыяў «выкарыстоўвалі пэўныя выразы і моўныя звароты, якія садзейнічалі нагнятанню напружанасці ў грамадстве, распальванню нянавісці і варожасці ў дачыненні да прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў праваахоўных органаў як асобных сацыяльных групаў насельніцтва».

    Актыўны пераслед зазнала рэгіянальная газета «Intex-press» з Баранавічаў пасля таго, як 14 красавіка ў ёй было апублікованае інтэрв’ю Святланы Ціханоўскай. На наступны дзень яе галоўны рэдактар Уладзімір Янукевіч атрымаў папярэджанне пракуратуры. Затым ён быў аштрафаваны за «парушэнне заканадаўства аб СМІ» на максімальна магчымую суму — 580 рублёў (каля 240 долараў ЗША). Быў таксама аштрафаваны выдавецкі дом «Інтэкс-прэс» – на суму 4350 рублёў (каля 1780 долараў ЗША). Паводле іску пракуратуры апублікаванае інтэрв’ю з Ціханоўскай і яго відэазапіс былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

    У ліпені прайшла серыя вобшукаў у рэдакцыях і ў дамах журналістаў незалежных выданняў, якія суправаджаліся допытамі і выманнем абсталявання, пасля якіх большасць рэгіянальных газетаў перастала выходзіць у друкаваным выглядзе. У кастрычніку вобшукі прайшлі ў рэдакцыі і ў супрацоўнікаў газеты «Новы Час».

    Ужо адразу пасля выбараў 2020 года дзяржаўныя друкарні адмовіліся друкаваць вядучыя недзяржаўныя газеты «Народная Воля», «Камсамольская праўда ў Беларусі», «Свабодныя навіны плюс» і «Белгазета». «Народная Воля» і «Камсамольская праўда ў Беларусі» пачалі выдаваць свае наклады за межамі Беларусі, аднак дзяржаўная сетка распаўсюду па падпісцы «Белпошта» і сетка газетных шапікаў «Белсаюздрук», якія дэ-факта з’яўляюцца манапалістамі ў распаўсюдзе газетаў у розніцу, адмовіліся іх распаўсюджваць, нягледзячы на існуючыя дамовы. У выніку гэтыя выданні змаглі працягваць сваю дзейнасць толькі ў інтэрнэце.

    У 2021 г. спынілі выхад у друкаванай форме «Брэсцкая газета», салігорскае выданне «Лідар-Прэс», газеты «Intex-press» (Баранавічы), «Інформ-прагулка» (Лунінец), «Рэгіянальная газета» (Маладзечна), «Новы Час» і «Наша слова». Гэтаму, як правіла, папярэднічала адмова ў распаўсюдзе праз «Белсаюздрук» і выключэнне з падпісных каталогаў «Белпошты». Таксама перастаў выходзіць літаратурны часопіс «Верасень» – у сувязі з тым, што быў пазбаўлены дзяржаўнай рэгістрацыі яго заснавальнік «Таварыства беларускай мовы».

    «Газета Слонімская» і газета «Аддушына» не здолелі аднавіць выпуск, які быў прыпынены ў лістападзе 2020 года пасля вобшуку і вымання тэхнікі. 24 траўня Міністэрства інфармацыі ўнесла абедзве газеты ў рэестр друкаваных СМІ, але друкарні адмовіліся іх друкаваць.

    Газета «Народная Воля» неаднаразова намагалася арганізаваць друк сваіх нумароў у Расіі, але ёй гэта не ўдалося: з‑за ўмяшальніцтва ўладаў дамовы скасоўваліся. 13 лістапада 2020 г. у рэдакцыю прыйшлі прадстаўнікі міліцыі (АМАП) і без якіх-небудзь тлумачэнняў забралі ўвесь наклад свежага нумара газеты, прывезены з расійскай друкарні. Пры гэтым былі затрыманыя кіроўца і два валанцёры, якія ажыццяўлялі дастаўку. «Белпошта» выкарыстала гэта, каб адсудзіць у «Народнай Волі» кампенсацыю за недаатрыманыя са жніўня 2020 года наклады газеты. Агульная сума выплат склала 108 тысяч рублёў (каля 44,5 тысячы долараў ЗША).

    1 снежня стала вядома аб тым, што з пачатку 2022 года ААТ «Брэсцкая друкарня» адмаўляецца друкаваць рэгіянальную газету «Ганцавіцкі час».

    Часопісы «Наша гісторыя», «Асцярожна, дзеці!» і «Дуда» былі пазбаўленыя магчымасці распаўсюду праз дзяржаўныя сеткі.

    У выніку палітыкі ўладаў на працягу 2021 года перасталі выходзіць у друкаваным выглядзе 7 газетаў і 1 часопіс (яшчэ 8 газетаў не выходзілі з 2020 года). Акрамя таго, з пачатку года па эканамічных прычынах спыніла працу незалежная газета «Вольнае Глыбокае», якая праіснавала 26 гадоў.

    Пазбавіўшыся магчымасці выдаваць друкаваныя версіі газетаў, большасць рэдакцыяў працягнула сваю дзейнасць анлайн.

    Газета «Лідар-Прэс», якая выдавалася ў Салігорску на працягу 28 год, спыніла сваю дзейнасць з 1 кастрычніка (улетку ў рэдакцыі і ва ўладальнікаў прайшлі вобшукі). У рэдакцыйным звароце да чытачоў гаварылася: «Так сталася, што любы матэрыял, які праўдзіва асвятляе падзеі ў рэгіёне або краіне, можа быць абвешчаны экстрэмісцкім з усімі наступствамі. У такой сітуацыі мы не можам рызыкаваць нашымі супрацоўнікамі і вымушаныя спыніць дзейнасць рэдакцыі».

    У кастрычніку расійскі выдавец «Камсамольскай праўды» прыняў рашэнне зачыніць сваё прадстаўніцтва ў Беларусі ЗАТ «БелКП-ПРЭС», якое выдавала газету «Камсамольская праўда ў Беларусі» з 1994 года. Нагодай для гэтага стаў крымінальны пераслед яе супрацоўніка – журналіста Генадзя Мажэйкі (гл. падрабязней «Крымінальныя справы»).

     

    Пераслед распаўсюднікаў незарэгістраваных выданняў

    Спыненне выпуску незалежных друкаваных СМІ суправаджалася з’яўленнем незарэгістраваных выданняў, што выдаваліся актывістамі. Гэтыя выданні ўтрымлівалі галоўным чынам перадрукоўкі матэрыялаў незалежных навінавых сайтаў. У пачатку 2021 года людзі, датычныя да распаўсюду такіх газетаў, былі прыцягнутыя да адказнасці і пакараныя штрафамі.

    Так, 1 лютага ў Гродна аштрафавалі Юрыя Лакціёнава на 638 рублёў за распаўсюд маланакладнай газеты «Гродзенскі час», якая распаўсюджвалася бясплатна па паштовых скрынях (са жніўня 2020 года выйшла 16 нумароў выдання).

    У студзені–лютым у Магілёве былі затрыманыя восем асобаў, датычных да выдання і распаўсюду незарэгістраванай газеты «Магілёўскія весткі». У аднаго з іх, Алега Пахылага, было сканфіскавана 2000 асобнікаў выдання. Большасць затрыманых былі аштрафаваныя. Зміцер Шашкоў, затрыманы 11 лютага падчас перавозкі 4000 асобнікаў газеты, атрымаў 10 сутак адміністрацыйнага арышту нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і штраф у памеры 1450 рублёў.

    У Віцебску 10 лютага была аштрафаваная Таццяна Юхо, затрыманая за распаўсюд незарэгістраванага дайджэста «Віцебскі веснік». У яе дома міліцыя сканфіскавала 500 асобнікаў гэтага выдання.

    У сакавіку былі затрыманыя два жыхары Мінскага раёна — дырэктар прыватнай друкарні Арцём Федасенка і адміністратар Telegram-канала «Атоліна» Павел Юхневіч (у яго аўтамабілі знайшлі 15 тысяч асобнікаў «пратэсных» газетаў. Паводле паведамлення Следчага камітэта, усяго было выраблена больш за 21 тысячу асобнікаў газет «радыкальнага характару» і больш за 10 тысячаў улётак, якія планавалася распаўсюдзіць у Мінску, Мінскай, Магілёўскай, Гомельскай і Гарадзенскай абласцях. Федасенка і Юхневіч былі абвінавачаныя ў вырабе і распаўсюдзе «пратэсных улётак, стыкераў, газет», а таксама ва ўдзеле ў нядзельных маршах у жніўні–верасні 2020 года. Іх дзеянні кваліфікавалі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і 361 (распаўсюд матэрыялаў, якія ўтрымліваюць заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). У студзені 2022 года іх абодвух прысудзілі да 4 гадоў.

     

    ПАРУШЭННІ, ЗВЯЗАНЫЯ З ДОСТУПАМ ДА ІНФАРМАЦЫІ

    Абмежаванне доступу да інфармацыі

    У першым паўгоддзі 2021 года супрацоўнікі незалежных СМІ сутыкаліся з перашкодамі з боку ўладаў пры асвятленні публічных мерапрыемстваў – адмовамі ў акрэдытацыі, нядопускам на месца падзеі, затрыманнямі і штрафамі нібыта за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.

    Так, 19 лютага журналістам TUT.by, Onlin­er, «Камсамольскай праўды у Беларусі», БелаПАН, «Новы Час» і Office.life адмовілі ў акрэдытацыі на судовы працэс над іх калегай Кацярынай Барысевіч і лекарам шпіталя хуткай медычнай дапамогі Арцёмам Сарокіным (гл. падрабязней «Крымінальныя справы»).

    23 сакавіка, пры разглядзе гучнай справы аб масавых беспарадках у Пінску 9 жніўня 2020 года, у зал суда быў дапушчаны толькі адзін незалежны журналіст з многіх – Станіслаў Каршуноў («Брэсцкая газета» і TUT.by).

    12 траўня незалежныя магілёўскія журналісты Аляксандр Буракоў і Уладзімір Лапцэвіч былі затрыманыя, калі яны выйшлі з плошчы перад Магілёўскім абласным судом, дзе пачаўся разгляд у закрытым рэжыме справы аднаго з лідараў партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца і іншых палітзняволеных.

    Пачынаючы з ліпеня, калі рэпрэсіі ў дачыненні да незалежнай прэсы ў Беларусі дасягнулі апагея (гл. «Пераслед журналістаў»), многія незалежныя журналісты фактычна згубілі магчымасць карыстацца правам журналіста на доступ да інфармацыі, паколькі іх выданні тым ці іншым чынам апынуліся па-за законам.

     

    Перашкоды дзейнасці замежных СМІ

    Замежныя журналісты сутыкнуліся з немагчымасцю атрымаць акрэдытацыю Міністэрства замежных спраў пасля таго, як 2 кастрычніка 2020 года яна была адкліканая ва ўсіх замежных журналістаў у сувязі з прыняццем новых правілаў акрэдытацыі. Пададзеныя заяўкі на акрэдытацыю па новых правілах заставаліся без адказу месяцамі, нягледзячы на тое што вызначаны тэрмін іх разгляду – 30 дзён. Прадстаўнікі міністэрства тлумачылі гэта сітуацыяй з каронавірусам. У той жа час вядома, што тады ж выдаваліся акрэдытацыі расійскім выданням, такім як Sput­nik і РИА Новости. х журналістаў прапускалі ў суды, куды ўваход для іншых іх калег быў закрыты).

    12 красавіка са спісу замежных сродкаў масавай інфармацыі, якія атрымалі дазвол на распаўсюд у Рэспубліцы Беларусь, Міністэрствам інфармацыі быў выключаны тэлеканал Euronews (па сканчэнні раней выдадзенага дазволу).

    5 ліпеня ўлады зачынілі карэспандэнцкі пункт «Еўрарадыё» ў Беларусі, які дзейнічаў з 2009 года (яго журналісты былі пазбаўленыя акрэдытацыі разам з іншымі калегамі з замежных СМІ ў кастрычніку 2020 года).

    6 ліпеня рашэннем Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь былі ануляваныя дазволы на распаўсюд на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь двух украінскіх тэлеканалаў – UA і KVARTAL. У якасці прычыны гэтага называлася парушэнне заканадаўства аб рэкламе.

    22 лістапада журналістку курдскага тэлеканала NRT Жыян Катарыну Моберг, грамадзянку Даніі, не ўпусцілі ў Беларусь у аэрапорце Мінска. Яна прыляцела, каб асвятляць крызіс з мігрантамі на беларускай мяжы, але 23 лістапада яе выслалі назад. Памежны камітэт Беларусі назваў прычынай адмовы ва ўездзе адсутнасць акрэдытацыі ў Міністэрстве замежных спраў.

     

    ДЗЕЙНАСЦЬ ДЗЯРЖАЎНАГА МЕДЫЯСЕКТАРА

    Нарошчванне дзяржаўнай прапаганды адначасова з задушэннем незалежных СМІ стала адным з галоўных кірункаў палітыкі беларускіх уладаў з часу выбараў 2020 года. Так, Міністэрства інфармацыі Беларусі выдаткавала 40 000 рублёў на даследаванне пад назвай «Распрацоўка навукова-практычных рэкамендацыяў і сродкаў эфектыўнай барацьбы з распаўсюдам дэструктыўнага інфармацыйнага кантэнту ў сучасных умовах». Мэтай гэтай працы, якую рэалізоўваў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, была падрыхтоўка парадаў па паляпшэнні працы «вядучых СМІ», то бок дзяржаўных СМІ.

    З 15 студзеня 2021 года набыла моц пастанова Міністэрства інфармацыі, якой прадугледжваліся стымулюючыя выплаты супрацоўнікам бюджэтных арганізацыяў, падначаленых ведамству, і бюджэтных арганізацыяў, падначаленых мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, якія адносяцца да сферы дзейнасці Мінінфарма. Так, з 1 ліпеня 2021 года былі ўсталяваныя надбаўкі за складанасць і напружанасць працы кіраўнікам, спецыялістам і іншым службоўцам такіх арганізацыяў (за выключэннем рабочых прафесіяў) – да 50% сумы акладаў гэтых працаўнікоў, павялічаны памер прэміі з 5% да 20%, а таксама павялічаны памер аднаразовай выплаты на аздараўленне.

    30 ліпеня Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовых уладаў распавёў пра тое, якой павінна быць інфармацыйная палітыка дзяржавы: «Кожны старшыня выканкама павінен мець дакладнае ўяўленне пра інфармацыйную мапу свайго раёна ці горада. Якія СМІ і рэсурсы дзейнічаюць, якую рэдакцыйную палітыку яны праводзяць, якой падтрымкай насельніцтва карыстаюцца. Намеснік старшыні, які курыруе пытанні ідэалогіі і інфармацыі, павінен у твар ведаць усіх журналістаў, блогераў, адміністратараў тэлеграм-каналаў і чатаў, якія жывуць і працуюць у раёне, і працаваць з імі асабіста. Усё павінна быць не проста пад кантролем, а рабіцца з вашага дазволу».

    Прапагандысцкая дзейнасць дзяржаўных тэлеканалаў, якія выкарыстоўвалі мову варожасці ў дачыненні да апанентаў улады, прывяла да таго, што 30 чэрвеня Еўрапейскі вяшчальны саюз (EBU) прыпыніў чалецтва Белтэлерадыёкампаніі ў арганізацыі. З 1 ліпеня яна згубіла доступ да трансляцыі спаборніцтваў па 18 розных відах спорту, удзелу ў музычным конкурсе «Еўрабачанне», атрымання стужкі навінаў і г.д.; супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі згубілі права на навучанне ў Акадэміі EBU.   

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці