• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вітальныя лісты МФЖ і ЕФЖ

    Міжнародныя журналісцкія арганізацыі даслалі ўдзельнікам IX з'езду ГА "БАЖ" адмысловыя звароты. Абодва тэксты агучылі на з'ездзе 24 красавіка. 

    МФЖ/ЕФЖ Пасланне салідарнасці Беларускай асацыяцыі журналістаў  

    МФЖ і яе рэгіянальная група – ЕФЖ – надзвычай ганарацца тым, што БАЖ з’яўляецца сябрам нашай паважанай арганізацыі.

    Сёння ваша чарга ганарыцца сваёй арганізацыяй, напярэдадні вашага 9‑га з’езду і 20-годдзя асацыяцыі. Ганарыцца тым, чаго вы дасягнулі і як вы служыце беларускай журналістыцы на працягу 20 гадоў і падтрымліваеце прынцыпы незалежнай, сумленнай і этычнай журналістыкі. Журналістыкі, якая служыць грамадскім інтарэсам і ніякім іншым.

    Вы можаце ганарыцца тым, што, нягледзячы на перашкоды, умяшальніцтва ўладаў і актыўны ціск, варожасць, пагрозы і запалохванні, якім пастаянна падвяргаюцца вашы сябры, вы падтрымліваеце агонь незалежнай журналістыкі.

    Дзе б мы ні былі, МФЖ і ЕФЖ імкнуцца спрыяць журналістам і журналістыцы праз моцныя прафесійныя саюзы. Мы працуем з журналістамі ў розных асяродках, і наша роля часта – матываваць лідараў. Калі мы так робім, мы часта згадваем БАЖ як прыклад таго, як арганізоўвацца, служыць і пастаянна матываваць сяброў прытрымлівацца прынцыпаў журналістыкі.

    Гэтыя дасягненні даюцца нялёгка. Яны патрабуюць адданасці, адвагі і моцнага пачуцця салідарнасці. Гэта можна дасягнуць толькі праз еднасць мэты і аб’яднанне галасоў. З’езды – для таго, каб вызначаць палітыку, абмяркоўваць стратэгіі і перагледзець дзейнасць. Гэта мусяць быць складаныя спрэчкі з вельмі рознымі меркаваннямі. Так і павінна быць, пакуль рашэнні выносяцца і прымаюцца дэмакратычна, і сябры арганізацыі аб’ядноўваюцца вакол кіраўніцтва, яго стратэгій.

    Салідарныя з вамі,

    Могенс Бліхер Б’ерэгард (Mogens Blich­er Bjer­regård), прэзідэнт ЕФЖ

    Джым Бумела (Jim Boumel­ha), прэзідэнт МФЖ

    Рыкарда Гуцьерэс (Ricar­do Gutiér­rez), генеральны сакратар ЕФЖ

    Бэт Коста (Beth Cos­ta), генеральны сакратар МФЖ

    (Поўны тэкст па-англійску — у далучаным PDF-файле ніжэй)

     

    ЕФЖ: Пасланне салідарнасці дэлегатам з’езду ГА “БАЖ”, 24 красавіка 2015 г.

    Ад імя Еўрапейскай федэрацыі журналістаў, найбуйнейшай арганізацыі журналістаў у Еўропе, якая прадстаўляе звыш 300 000 асобаў з 60 журналісцкіх арганізацый у 39 краінах, у тым ліку і з ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, мы жадаем вам плённага з’езду.

    ЕФЖ з занепакоенасцю і салідарнасцю сочыць за цяжкасцямі, з якімі доўгі час сутыкаюцца сябры БАЖ і журналісты ў Беларусі.

    Як вы ведаеце, ЕФЖ і некалькі арганізацый-сябраў ЕФЖ накіравалі звароты Міністру інфармацыі Беларусі з просьбай дапоўніць беларускі закон “Аб СМІ” дзеля прызнання ўсіх журналістаў і забеспячэння іх правоў. Да гэтага часу мы не атрымалі ніякага адказу.

    ЕФЖ цалкам пагаджаецца з думкай БАЖ пра тое, што закон у сённяшнім выглядзе несумяшчальны з міжнароднымі і еўрапейскімі стандартамі ў сферы свабоды выказвання і інфармацыі. На практыцы ён робіць немагчымай працу журналістаў-фрылансераў, супольнасць якіх стала павялічваецца ў Еўропе. Адсутнасць прававога статусу журналістаў-фрылансераў і рост хвалі пераследу ў дачыненні да журналістаў за так званую “незаконную вытворчасць і распаўсюд прадукцыі СМІ” з вялізнымі штрафамі – гэта відавочнае пазбаўленне журналістаў іх працоўных правоў, гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі.

    Мы шчыра ўражаныя адвагай і прафесійным падыходам сябраў БАЖ у справе змагання за свабоду прэсы ў Беларусі і паляпшэння прафесійных стандартаў.

    Сустрэча экспертнай групы па фрылансе ЕФЖ у Мінску ў кастрычніку мінулага года пацвердзіла: як ЕФЖ, так і МФЖ разам з вамі гатовыя падтрымліваць вас у лабіяванні дазволу журналістам-фрылансерам працаваць без боязі, у прыватнасці, праз механізмы АБСЕ, рады Еўропы і ААН. Паводле нашых назіранняў, рэпрэсіўны трэнд узмацняецца. Ад пачатку года 8 журналістаў-фрылансераў, якія публікаваліся ў замежных СМІ і не мелі акрэдытацыі, былі аштрафаваныя па абсурдных абвінавачаннях.

    Улічваючы згаданае вышэй, мы спадзяемся, што ў вас адбудзецца вельмі добры з’езд з актыўнымі дыскусіямі. На здавайцеся, не адчувайце сябе ізаляванымі. Мы з вамі!

    Калі ласка, інфармуйце нас пра вынікі вашай працы.

    З выказваннем салідарнасці,

    Могенс Бліхер Б’ерэгард (Mogens Blich­er Bjer­regård), прэзідэнт ЕФЖ.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці