Вынікі даследавання БАЖ «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара»
Даследаванне паказала, што разам з праблемай палітычнага ціску праз прафесійную дзейнасць на медыйшчыкаў уплываюць і іншыя фактары, напрыклад, адсутнасць адэкватнага доступу да медыцыны ці ўласна праблемы з пошукам дастатковай колькасці працы.
Галоўным прыярытэтам працы БАЖ ёсць абарона і падтрымка журналістаў, бо за рэдакцыямі і функцыямі стаяць жывыя людзі, праблемы якіх у працы і пазапрацоўным жыцці цесна звязаныя. Распавядаем пра вынікі даследавання «Стан і патрэбы прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускага медыясектара», якое ўжо трэці раз правяла Беларуская асацыяцыя журналістаў. Раней падобнае апытанне БАЖ праводзіў у 2021 годзе.
Хто ўдзельнічаў у даследаванні?
Даследаванне пабудаванае на матэрыялах ананімнага апытання 211 удзельнікаў, а таксама на выніках дзесяці глыбінных інтэрв’ю.
У колькасным апытанні прынялі ўдзел рэспандэнты 25–55 гадоў, мужчыны і жанчыны прыкладна 50/50. З іх 80% працуюць у медыях. 10% не працуюць, бо не могуць знайсці працу, 4% па ўласным жаданні працуюць у іншай сферы. Яшчэ 2% вымушана не працуюць з‑за палітычнай сітуацыі ў РБ. Не працуюць, бо вучацца ці на пенсіі – меней 1%.
У глыбінных інтэрв’ю прынялі ўдзел пераважна жанчыны (7 з 10). Узроставыя групы рэспандэнтаў — 23–27; 30–42; 47–62 гады.
Большасць рэспандэнтаў мае вялікі досвед шматпрофільнай працы ў розных тыпах медыяў. Некалькі чалавек з’яўляюцца прадстаўнікамі некамерцыйных арганізацый. Большая частка апытаных працавала як у дзяржаўных рэгіянальных і абласных, так і ў незалежных медыях на асобных этапах кар’еры. Дзве ўдзельніцы прыйшлі ў прафесію адносна нядаўна — пасля 2020 года.
Удзельнікі і ўдзельніцы інтэрв’ю рэкрутаваліся метадам даступнай выбаркі. Гэта значыць, што да ўдзелу запрашаліся тыя прафесіяналы, якія самі адгукаліся і былі згодныя паразмаўляць больш глыбока пасля этапу анкетавання.
Асноўныя вынікі. Журналісты ў крызісе, і ён не толькі прафесійны
Апытанне паказвае, што журналісты і журналісткі перажываюць востры прафесійны і экзістэнцыяльны крызіс. Інтэрв’ю дазваляюць паказаць, як рэаліі крызісу перажываюць розныя групы прафесіяналаў у залежнасці ад іх профілю і досведу працы, актуальнага месца пражывання, узросту і полу.
Гэта звязана не толькі з палітычна матываванымі рэпрэсіямі і рызыкамі прафесіі, вымушаным ад’ездам і стратай магчымасці быць побач з блізкімі людзьмі і былымі калегамі, але таксама, у многіх выпадках, адсутнасцю сталай працы і доступу да медычных паслуг.
Прафесійныя праблемы
Беларускія недзяржаўныя медыі перажываюць фінансавы крызіс, праз які цяжка знайсці працу. А тым, хто яе знаходзіць, цяжка пражыць толькі на журналісцкі аклад, адзначаюць рэспандэнты.
У дадатак некаторыя рэдакцыі могуць затрымліваць выплаты заробкаў і ганарараў праз недахоп сродкаў. Як паказала колькаснае апытанне, толькі 36,7% рэспандэнтаў працуе ў штаце на кантракце.
Большасць калег мае сэрвісныя дамовы/ дамовы падрада ці працуе на фрылансе. У глыбінных інтэрв’ю большасць інфармантаў адзначыла, што сумяшчае працу ў некалькіх медыях ці праектах, а некаторыя маюць падпрацоўку ў іншых сферах. Пры гэтым сумяшчаць некалькі праектаў і відаў працы ў эміграцыі значна цяжэй, бо дадаюцца праблемы легалізацыі і інтэграцыі.
Рэспандэнты з вострай трывогай і адчуваннем несправядлівасці адзначаюць, што многія іх калегі і ў Беларусі, і ў эміграцыі сыходзяць з прафесіі. Пераслед і рызыкі рэпрэсій, крызіс фінансавання і крытычны ўзровень нявызначанасці будучыні ў эміграцыі могуць прывесці да звужэння беларускай медыяпрасторы. Многія ўдзельнікі і ўдзельніцы апавядаюць, што ім складана ўявіць сабе будучыню ў прафесіі і эміграцыі агулам праз пастаянныя рэпрэсііі, фінансавыя выклікі і складанасці з легалізацыяй.
Ёсць выгаранне, перагруз і нервы з‑за пастаяннай магчымасці, што сёння зноў прыдуць, і шараханне ад любога званка ў дзверы. (м, 50, больш за 15 гадоў у журналістыцы, Беларусь).
Агульная няўпэўненасць у медыясферы зараз: што будзе заўтра, што будзе ў наступным годзе, ці зможам мы працаваць, як працавалі. […] І незаўсёды зразумела, будзе фінансаванне ці не. Адзін з праектаў, дзе я, нягледзячы ні на што, працягваю працаваць, фінансавання не атрымаў. Хаця на працягу 20 гадоў перад гэтым усё працавала. (м, 31, 13 гадоў у журналістыцы, 3 гады ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы).
- Верагоднасць пераследу мяне альбо маіх родных за маю прафесійную дзейнасць — 67,3%.
- Нізкі заробак, недахоп сродкаў у нашым медыя — 62%.
- Перагружанасць працай — 40%.
- Недахоп камунікацыі з калегамі — 34%.
- Адсутнасць адпаведнай мне працы — 32%.
- Цэнзура і самацэнзура — 27%.
- Адсутнасць адпаведнага памяшкання для працы — 24%.
- Састарэлая тэхніка і патрэба ў яе замене — 20%.
- Адсутнасць журналісцкага кам’юніці ў вашай мясцовасці — 14%.
Адсутнасць магчымасці стабільнага працаўладкавання на кантракце робіць журналістаў уразлівай і сацыяльна неабароненай групай. У сваю чаргу, «спрынтарскі рэжым» працы, фінансавая і сацыяльная неабароненасць не дазваляюць своечасова вырашаць праблемы са здароўем, якія з’яўляюцца прыярытэтнымі ў групе асабістых праблемаў.
Амаль усе працуюць як падрадчыкі, таму юрыдычна людзі не маюць права ні на вакацыі, ні на бальнічныя. З тэмпературай ці не, але сядзіш і працуеш. Людзі стараюцца пайсці насустрач, дзесьці дамовіцца, падмяніць, перанесці, але гэта трымаецца на міжчалавечых стасунках. І на жаль, гэта не прапісана нідзе. (ж, 27, працуе ў медыя з 2021, двайная эміграцыя — Літва і Польшча).
- Праблемы з легалізацыяй — 19%.
- Праблемы з легазілацыяй членаў сям’і — 14%.
- Дыскрымінацыя беларусаў/ак паводле пашпарту — 15%.
- Праблемы са здароўем — 35%.
- Псіхалагічныя праблемы — 49%.
- Адсутнасць медычнай страхоўкі — 28%.
- Адсутнасць сяброў і блізкіх людзей у новай краіне — 26%.
- Моўнае пытанне ў новай краіне — 40%.
- Праблема з пошукам устаноў для адукацыі дзяцей — 3%.
- Няма з кім пакідаць малалетніх дзяцей — 10%.
Дадзеныя акругленыя да цэлай лічбы адсоткаў.
Пытанне медычнай страхоўкі і яе аплаты застаецца актуальным нават для тых, хто працуе ў штаце. У многіх сітуацыях экстранных аперацый ці іншых, калі тэрмінова неабходны доступ да дактароў, ён магчымы толькі на платнай аснове, бо час не дазваляе чакаць таннейшыя ці бясплатныя паслугі. Амаль ўсе удзельнікі і ўдзельніцы адзначылі, што вельмі часта не разумеюць сістэму і як атрымаць доступ да спецыяліста ў той краіне, куды яны вымушана эмігравалі, нават калі ў іх ёсць індывідуальная ці сямейная страхоўка.
Некалькі рэспандэнтаў адзначылі, што ўвогуле не могуць сабе дазволіць аплаціць медычную страхоўку і не ведаюць, як можна вырашыць гэтае пытанне. У многіх выпадках адзіным выйсцем з’яўляецца дапамога дыяспары (пазыка ў сяброў і знаёмых ці краўдфандынгавы збор), а таксама асобныя гранты і магчымасці палепшыць здароўе, якія даюць прафесійныя журналісцкія арганізацыі, такія, як БАЖ (кароткатэрміновы адпачынак ці грошы на тэрапію альбо аперацыю).
Узрост
Асобным фактарам, які ўплывае на якасць жыцця і доступ да рынку працы, з’яўляецца ўзрост. Прафесіяналы з багатым досведам працы, але з больш сталым узростам, апынаюцца ў найбольш уразлівай групе журналістаў у эміграцыі.
Калі малодшае пакаленне можа знайсці альтэрнатыву кшталту працы ў SMM і блогах без глыбокага досведу, старэйшаму пакаленню нават з шматпрофільным і універсальным досведам пошук працы даецца цяжка. Адзін з рэспандэнтаў старэйшага ўзросту распавядае, што падаваўся на шэраг вакансій у медыях і іншых сумежных сферах, але не змог знайсці працу ў штаце праз узрост. Яго досвед найбольш выразна адлюстроўвае снежны ком праблемаў, з якімі сутыкаюцца беларускія журналісты ў вымушанай эміграцыі:
Былі складанасці, звязаныя з тым, што такі жыццёвы крызіс, як у мяне цяпер, я не перажываў у сваім жыцці ніколі. Пры тым, што ў мяне жыццё не сахар, мякка скажам (смяецца), было. Але калі без грошай, калі хваробы накідваюцца, калі ніхто не бярэ на любую працу ў горадзе N, таму што ўжо за 60 гадоў. Калі проста не ведаеш, ці не апынешся заўтра на вуліцы, таму што няма чым заплаціць за кватэру, а на X не плацяць па 5 месяцаў заробак той мінімальны, які я мусіў атрымаць. Не толькі мне, але і некалькім дзесяткам людзей. (м, 60+, працуе ў медыях з 90‑х, 3 гады ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы).
У той жа час, журналісткі, якія адносна нядаўна прыйшлі ў прафесію, адзначаюць, што не стае магчымасцяў напрацаваць прафесійныя кантакты праз геаграфічную разарванасць прафесійных суполак (Польшча — Грузія — Літва) і абмежаваны доступ да ўжо склаўшыхся сетак прафесійных кантактаў, якія маюць журналісты са сталым досведам у прафесіі. Асобна прафесіяналы ўсіх узростаў адзначылі, што пошук новых вакансій ускладняецца закрытасцю каналаў камунікацыі і прафесійных стасункаў, як гэта апісваецца ў цытатах ніжэй.
То-бок яны выкідваюцца ў супольнасць, у журналісцкі чат, але ўжо ёсць людзі, якіх бы хацелі бачыць на гэтай вакансіі, на гэтай пасадзе. (ж, 35, 8 гадоў у медыясферы, 3 гады ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы).
Але, мне падаецца, не шмат вакансій, вывешаных у агульным доступе. І, наколькі я ведаю, многія трапляюць на нейкія працы не тое што па знаёмству (гэта будзе некарэктна казаць, бо гэтыя людзі сапраўды маюць пэўныя кампетэнцыі), але няма магчымасці паглядзець вакансіі агулам. (ж, 27, працуе ў медыях з 2021, двайная эміграцыя — Літва і Польшча).
Геаграфічная разарванасць прафесійных суполак таксама ўплывае на паўсядзённую працоўную камунікацыю. Напрыклад, у Варшаве вялікая дыяспара і адмысловы медыяхаб спрыяюць прафесійнай падтрымцы. Медыяхаб стаў важным месцам для падтрымкі працоўных і сацыяльных стасункаў, але некаторыя рэспандэнты адзначаюць, што колькасць цікавых мерапрыемстваў хаба раней была большая.
Журналісты, якія працуюць у Вільні, Варшаве і Беластоку адзначаюць, што маюць актыўнае кола кантактаў з калегамі ў дасяжнасці, у той час як, напрыклад, журналісты з Уроцлава і Тбілісі адчуваюць ізаляванасць і недахоп афлайн камунікацыі. Асабліва актуальным гэтае пытанне з’яўляецца для тых, хто працуе з дому.
Камунікую з калегамі раз на тыдзень (на планёрцы) уголас, увесь астатні час перапісваемся. Недахоп вельмі адчуваецца. І не толькі з калегамі. Адчуваецца проста недахоп камунікацыі. (ж, 47, больш за 10 гадоў у журналістыцы, 2 гады ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы).
Так як многія каманды многіх выданняў раскіданыя па розных гарадах і краінах, не хапае нейкага тымбілдынгу. (м, 31, 13 гадоў у журналістыцы, 3 гады ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы).
Адсутнасць магчымасці пастаяннай сувязі з калегамі. Тут яна ёсць у інтэрнеце, але яна не такая шчыльная, як была, напрыклад, у Беларусі. Гэта больш анлайн камунікацыя. Бо, па-першае, мы ў розных гарадах. Па-другое, з улікам умоў працы, мае калегі рэдка працуюць у офісе па 8 гадзін. Часцей гэта звычайная кватэра, не абсталяваная. Там толькі студыя зробленая на мінімалках, як маглі. (ж, 35, 8 гадоў у медыясферы, 3 гады ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы).
Удзельнікі і ўдзельніцы вырашаюць пытанні з тэхнікай і памяшканнем па-рознаму. У трох з дзесяці інтэрв’ю рэспандэнты адзначылі, што мелі магчымасць абнавіць тэхніку (камп’ютары) за кошт рэдакцыі. У астатніх выпадках журналісты працуюць ці на офіснай тэхніцы, якая часта патрабуе замены, ці на асабістай, якую набылі на свае грошы. У той жа час ва ўсіх інтэрв’ю не было агучана крытычных запытаў пра офіснае памяшканне, бо многія прызвычаіліся працаваць з дому ці ў каворкінгу.
Харасмент
Агулам пра харасмент заявілі 16% апытаных, то-бок 34 чалавекі з 211. Цікава, што адказы не залежалі ад гендару (і жанчыны, і мужчыны заявілі пра харасмент прыкладна ў адной прапорцыі).
Некаторыя рэспандэнты звяртаюць увагу на цяжкасці публічнай камунікацыі з калегамі, часам нездаровую атмасферу ў прафесійных анлайн-суполках і непаразуменні ў рэдакцыях, цяжкія ўмовы для пабудавання прафесійнай салідарнасці.
Мне здаецца, што эміграцыя падсвяціла праблемныя моманты камунікацыі, што журналісцкія чаты рэгулярна ўзрываюцца на любыя тэмы — пра мову, пра загалоўкі, пра нейкія этычныя праблемы. Што ўзнікаюць думкі, ці варта звяртацца па дапамогу да калег, бо ты альбо атрымаеш нейкія парады, альбо атрымаеш «па галаве» (ж, 35, 8 гадоў у медыясферы, 3 гады ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы).
Падаецца, у нас увогуле ёсць праблемы з крытыкай адзін аднаго. Штосьці дзесьці ўсплыве, хтосьці, замест таго, каб пачаць абмяркоўваць, пачынае з нейкіх наездаў. І гэта зноў ператвараецца у, выбачаюся за слова, бульбасрач, без канструктыўнага дыялогу і канструктыўнага прыняцця нейкіх рашэнняў і прыходу да кансэнсусу. (ж, 27, працуе ў медыях з 2021, двайная эміграцыя — Літва і Польшча).
Няма былой камунікацыі, якая была некалі ў Беларусі. Няма мерапрыемстваў супольных. А тое, што ёсць, не прыносіць задавальнення. Хочацца трымацца далей ад усіх. (ж, 38, 13 гадоў у журналістыцы, 3 гады ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы).
У асобных інтэрв’ю адзначаліся выпадкі парушэння этыкі працоўнай камунікацыі і псіхалагічнага аб’юзу. У гэтых выпадках калегі пераходзілі на недапушчальны тон размовы і выкарыстоўвалі нецэнзурную лексіку ў публічных перамовах.
У глыбінных інтэрв’ю не была раскрытая тэма харасменту ў дастатковай ступені. Для фармавання даверу ў размове на гэтую тэму патрэбныя больш сенсітыўныя метады (напрыклад, медыяцыя ці conversation circles). Колькасныя інтэрв’ю паказваюць, што запыт на размову пра харасмент існуе, незалежна ад гендару рэспандэнтаў.
У мяне быў калега, мужчына, які ўсіх супрацоўнічаючых з ім жанчын натуральна зневажаў. Не абражаў — харасменту не было, — але ён сам па сабе такі чалавек, што ад супрацы з ім табе падаецца, што ты тупая. Аднак ты не павінен так адчуваць сябе на працы. Была сітуацыя, калі ён мяне вельмі моцна абмацюкаў. Я тры дні да сябе прыходзіла. Я ўразлівы чалавек. Мне было ад гэтага вельмі дрэнна, я страціла працаздольнасць. […] Там не было нават ніякай маёй памылкі. Проста ў чалавека здалі нервы. […] Гэты ж чалавек мог мне ў 3 гадзіны ночы патэлефанаваць па працы. Гэта ненармальна. (ж, 27, працуе ў медыях з 2021, двайная эміграцыя — Літва і Польшча).
Адзначаныя вышэй выклікі прафесійнай камунікацыі дапаўняюцца, на думку рэспандэнтаў, паніжэннем прафесійных стандартаў працы праз недахоп часу і чалавечых рэсурсаў на фактчэкінг і працу з асобнымі тэмамі (напрыклад, з уразлівымі групамі).
Адзначаецца звужэнне дыяпазону даступных журналісцкіх жанраў, перагружанасць шматзадачнай працай. Шмат гаворыцца пра складанасці ў выкарыстанні тэрміналогіі, якая хутка мяняецца. Выклікае занепакоенасць пашырэнне мовы варожасці. Многія сутыкаліся з сучаснымі выклікамі прафесіі ў барацьбе за аўдыторыю (клікбэйт, скарачэнне часу на вычытку памылак і інш.).
То-бок, калі ў цябе ёсць канкурэнцыя, калі ёсць калегі, якія пакажуць на памылкі, тады прасцей трымаць прафесійны ўзровень. А калі ўсе гоняцца за клікбэйтам, калі з беларускіх медыяў у эміграцыі 4–5 буйных, і ўсе яны прыблізна аднолькава працуюць з імкненнем зрабіць як мага больш чытачоў ці гледачоў, то вельмі вялікай праблемай становіцца ўзровень журналістыкі. […] Зараз у нас няма вызначэння дапусцімых межаў у клікбэйтнасці. Асабліва калі ў загалоўку няма прамой абразы, але ён на мяжы. (ж, 35, 8 гадоў у медыясферы, 3 гады ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы).
Я зараз працую ў адной ініцыятыве, якая падымае пытанні адносін беларускага грамадства да ЛГБТК+ людзей. Але мы заўважылі за апошні час, што такія тэмы знізіліся ў медыяпрасторы. […] шмат рэдакцый працуе ў экспрэс-фармаце з палітычным перакосам, а пра ўразлівыя групы сталі менш пісаць. (ж, 33, 9 гадоў у медыясферы, вымушаная эміграцыя ў Грузію).
Мяняецца нават падыход да словаў. Раней мы пісалі «мігранты і бежанцы», а зараз праваабаронцы кажуць, што трэба пісаць «мігранты, уключаючы бежанцаў». То-бок мяняюцца словы, падыходы, але за недахопам часу медыі гэта могуць не адсачыць. (ж, 33, 9 гадоў у медыясферы, вымушаная эміграцыя ў Грузію).
У гэтай сувязі, удзельніцы і ўдзельнікі падымаюць пытанні прафесійнага і этычнага рэгулявання працы журналісцкай супольнасці, а таксама абнаўлення існуючага прафесійнага кодэксу. На думку многіх рэспандэнтаў, прапісаныя правілы, а таксама публічная праца над аднаўленнем практык ацэнкі і канструктыўнай дыскусіі ў прафесійнай супольнасці змаглі б дапамагаць журналістам паўсядзённа вырашаць спрэчныя этычныя сітуацыі ў публікацыі матэрыялаў, канфлікты ў прафесійнай супольнасці і парушэнні прафесійнай этыкі ў стасунках з калегамі.
Этычнае самарэгуляванне, на думку рэспандэнтаў, у шырокім сэнсе дае разуменне і інструменты, «як выходзіць з розных канфліктаў, і што ў працы журналіста з’яўляецца дапушчальным, а што не». Пры гэтым, для рэспандэнтаў асабліва важна, па-першае, не нашкодзіць суразмоўцам у Беларусі, а па-другое, не прасоўваць павестку рэпрэсіўнага рэжыма.
Некалькі рэспандэнтаў глыбінных інтэрв’ю адзначылі, што працуюць у медыяарганізацыях і НДА, дзе ёсць прапісаныя правілы этычнага самарэгулявання. Яны таксама арыентуюцца на этычны кодэкс БАЖ. Аднак у кожнай канкрэтнай сітуацыі існуючых правіл часам не хапае. Адзначаныя вышэй праблемы і новыя выклікі патрабуюць перагляду ці дапаўнення кодэксу.
Удзельнікі і ўдзельніцы, якія не маюць прапісаных правілаў у рэдакцыях і арганізацыях, вырашаюць спрэчныя моманты з калегамі ў абмеркаваннях на планёрках і «спрэчках у рэдакцыі». Некалькі рэспандэнтаў адзначылі, што іх працоўныя калектывы знаходзяцца ў працэсе прыняцця прапісаных правіл этычнага самарэгулявання.
У асобных інтэрв’ю закраналася тэма прафесійных асацыяцый і неабходнасці больш актыўнай працы па стварэнні інфраструктурных магчымасцяў для салідарызацыі журналістаў і аднаўлення практыкі самаацэнкі і самарэгулявання, якія былі наладжаныя ў Беларусі (напрыклад, стварэнне адмысловага этычнага камітэта, альбо сталая праца «Журналістаў за талерантнасць»).
Цэнзура і самацэнзура – пераслед за прафесію
Асноўным выклікам для ўсіх рэспандэнтаў з’яўляецца неабходнасць балансаваць паміж якасцю медыяматэрыялаў і захадамі бяспекі, якія неабходныя для абароны крыніц інфармацыі, саміх журналістаў і іх родных і калег у рэпрэсіўных умовах. Усе рэспандэнты адзначаюць, што з гэтай прычыны цэнзура і самацэнзура практыкуецца ў калектывах кожны дзень.
Самі аўтары матэрыялаў вымушаныя прадумваць нават мінімальныя рызыкі, а таксама пра гэта дбаюць рэдактары і кіраўнікі. Гэта найбольш актуальна для прафесіяналаў, якія знаходзяцца ў Беларусі. Журналіст з Беларусі адзначыў, што працаваць у такіх умовах і рабіць матэрыялы становіцца ўсё цяжэй. Аднак і медыйшчыкі ў замежжы не пазбаўленыя рызыкі, бо шмат у каго ў Беларусі застаюцца сваякі ці маёмасць.
У інтэрв’ю былі адзначаныя выпадкі, калі праз прафесійную актыўнасць журналістаў у замежжы іх сваякі ў Беларусі былі выкліканыя на допыты ці зазналі ператрусы і апісанне маёмасці.
Навучанне
Большасць удзельнікаў і ўдзельніц глыбінных інтэрв’ю актыўна карыстаецца даступнымі рэсурсамі і праектамі прафесійнага навучання. Яны адзначаюць, што пры жаданні заўсёды можна знайсці карысныя магчымасці для пашырэння ведаў і кампетэнцый. Аднак у асобных інтэрв’ю былі адзначаныя праблемы стагнацыі медыяў. Пазначаюць замыканне на ўжо вядомых практыках і спікерах. А таксама зазначаюць патрэбу ў абнаўленні інструментаў працы і тэмаў навучання.
Праблема, якая мне асабіста бачыцца, у тым, што некаторыя медыі пагразлі ў нейкім мінулым жыцці. Не ў плане да 20-га года, а ў плане тэхналагічным, у плане метадалагічных падыходаў да фарміравання свайго брэнда. (м, 31, 13 гадоў у журналістыцы, 3 гады ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы).
Мне складана сфармуляваць, у чым канкрэтна, але я ўвесь час адчуваю, што я раблю адное і тое на аўтамаце, і што мне не хапае ведаў, не хапае навучання, не хапае руху наперад. […] Усё адное і тое ж, карацей. І адчуванне стагнацыі. (ж, 38, 13 гадоў у журналістыцы, 3 гады ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы).
Сярод актуальных патрэб у навучанні былі асабліва адзначаныя неабходнасць павышэння кваліфікацыі і пашырэння даступнасці выкарыстання інструментаў штучнага інтэлекту. Медыяпрафесіяналы адзначаюць, што тыя кампетэнцыі, пра якія распавядаюць на трэнінгах, з замежнымі спікерамі ўключна, не заўсёды магчыма выкарыстаць у працоўным працэсе. Тут справа ў абмежаванасці дыяпазону моваў і функцыяналу даступных версій ШІ.
Асобным запытам з боку журналістаў старэйшага пакалення, у тым ліку ў Беларусі, з’яўляецца праца з платформамі сацыяльных медыяў, прыкладу TikTok. Адзін з журналістаў адзначыў, што часам яму складана хутка і якасна ствараць кантэнт у TikTok, падбіраць ілюстрацыі і публікаваць пасты на платформе.
Многія медыяпрафесіяналы ў эміграцыі адзначалі, што варта ствараць больш магчымасцяў для нетворкінга і абмену досведам паміж рознымі праектамі. Ім хочацца абмяркоўваць актуальную тэрміналогію (мова для асвятлення праблемаў уразлівых груп, фемінітывы), і сучасныя выклікі прафесіі.
Псіхалагічныя праблемы
Варта звярнуць асаблівую ўвагу на праблемы эмацыйнага выгарання і псіхалагічны стан медыяпрафесіяналаў. Кожны з рэспандэнтаў мае сваю гісторыю, якая так ці інакш закранае праблемы ментальнага здароўя, звязанага з прафесійным, грамадскім, ці асабістым крызісам. У двух з дзесяці інтэрв’ю рэспандэнты распавядалі пра спробы суіцыду, яшчэ двое медыяпрафесіяналаў маюць дыягнаставаную дэпрэсію. У адным інтэрв’ю рэспандэнтка распавяла пра хатні гвалт і складаны перыяд аднаўлення ментальнага стану.
Усе дзесяць суразмоўцаў працуюць ці працавалі з псіхатэрапеўтамі, якіх знайшлі праз прафесійныя праекты на бясплатнай аснове альбо самастойна за свае грошы. Ва ўсіх інтэрв’ю гучыць запыт на магчымасць мець доўгатэрміновы доступ да спецыялістаў і неабходных медыкаментаў па ментальным здароўі, бо часта сярод кароткатэрміновых бясплатных паслуг вельмі цяжка знайсці спецыяліста, які аказвае дзейсную дапамогу («каб была магчымасць не проста адзін раз 10 сесій, а напрыклад, 10 сесій раз на паўгады, ці раз на год»).
Апроч таго, часткова паляпшаць псіхалагічны стан дапамагаюць кароткатэрміновыя рэтрыты і магчымасці адпачыць, уключаючы даступныя праз прафесійную супольнасць праграмы кароткіх адпачынкаў.
Галоўная мая асабістая праблема, звязаная з работай, тое, што ад нерваў сядае здароўе. Таму вельмі каштоўнае — добры адпачынак. Гэтым летам дапамаглі адпачыць у санаторыі — гэта было файна. Калі б была магчымасць штогадовага такога адпачынку… Само разуменне, што гэта магчыма, ужо дапамагае жыць. (м, 50, больш за 15 гадоў у журналістыцы, Беларусь)
Не сказала б, што бясплатныя псіхолагі вельмі імкнуцца дапамагчы. Першы псіхолаг проста чытаў мне лекцыю, не чуў, што я яму казала, і нават не запамінаў, што ён два разы запар мне расказвае адное і тое ж. (ж, 47, больш за 10 гадоў у журналістыцы, 2 гады ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы)
Яшчэ адным важным напрамкам падтрымкі, на думку ўдзельнікаў і ўдзельніц інтэрв’ю, з’яўляецца індывідуальная інфармацыйная дапамога ў пошуку спецыялістаў для людзей, якія знаходзяцца ў крызіснай сітуацыі. Гэта паспрыяе больш аператыўнаму доступу да мэтавай дапамогі, калі траўмаваны чалавек не губляе час на пошук спецыяліста і трапляе да яго не з шостага разу.
Легалізацыя, моўны бар’ер і дыскрымінацыя ў краіне эміграцыі
Журналісты і журналісткі ў вымушанай эміграцыі сутыкаюцца са складанасцямі легалізацыі. Праз гэта яны не могуць своечасова атрымліваць медычную дапамогу для сябе і блізкіх, а таксама доступ да адукацыі для дзяцей.
Праблемы легалізацыі часткова вырашаюцца праз афармленне міжнароднай абароны. Аднак кожны з рэспандэнтаў адзначае, што легальны статус можа змяняцца ў залежнасці ад палітычнай сітуацыі ў прымаючай краіне. З‑за гэтага няма ўпэўненасці, што сітуацыя не зменіцца.
Праз гэта некаторыя рэспандэнты ўжо маюць двайны досвед эміграцыі (з Літвы ў Польшчу). Некаторыя плануюць змяніць краіну знаходжання, бо адчуваюць палітычную небяспеку (прынамсі, у Грузіі).
Пытанне магчымай змены краіны пражывання па-ранейшаму тычыцца даволі вялікага адсотку калегаў. Так, задумваюцца пра пераезд 27,5% рэспандэнтаў, а яшчэ 7,6% плануюць пераезд ужо ў гэтым ці наступным годзе. Большасць рэспандэнтаў, што абралі такія адказы, адзначылі, што жывуць сёння ў Беларусі, Літве ці Грузіі.
64,5% рэспандэнтаў адказалі, што не плануюць пераезд у новую краіну. Цікава, што ўзрост і гендар калег практычна не ўплываў на адказы у бягучым пытанні.
У многіх выпадках сітуацыя ўскладняецца пратэрмінаваным пашпартам, які цяпер немагчыма аднавіць па-за межамі Беларусі. Праз гэта, а таксама немагчымасць атрымаць дакументы аб адукацыі з Беларусі, старэйшыя дзеці рэспандэнтаў не могуць пачаць атрымоўваць вышэйшую адукацыю.
У досведзе жанчын дадаецца клопат пра дзяцей ад садка да падлеткавага ўзросту. Журналісткі адзначаюць, што з‑за сацыяльнай неабароненасці і невялікіх заробкаў часта не маюць магчымасці аплаціць арэнду жылля і неабходнае медыцынскае абслугоўванне для дзіцяці. Праз перагружанасць працай і моўныя бар’еры цяжка спраўляцца з пошукам навучальнай установы і камунікацыяй з адміністрацыяй і настаўнікамі.
Рэспандэнткі кажуць, некамерцыйныя арганізацыі і прафесійныя суполкі маглі б дапамагчы вырашаць такія праблемы з дапамогай даступнага і зразумелага гайда. У ім трэба сцісла апісаць неабходныя крокі. Можна даць спасылкі на рэсурсы з дапамогай у пошуку і камунікацыяй з навучальнымі ўстановамі.
Для тых журналістак, хто хацеў бы мець дзіця, паўстае пытанне няўпэўненасці ў тым, што яны змогуць забяспечыць сям’ю, нягледзячы на краіну вымушанай эміграцыі. Асобнай вострай праблемай у Польшчы, якая хвалюе журналістак, з’яўляецца доступ да кантрацэптываў і забеспячэнне права на аборт.
Многія рэспандэнты ў эміграцыі звярталі ўвагу на складанасці вывучэння мовы краіны, у якой яны знаходзяцца. Яны адчувалі дыскрымінацыю праз моўны бар’ер у медычных ці навучальных установах. Праз перагружанасць працай і цяжкасці вывучэння асобных моваў (прынамсі, літоўскай) працэс упэўненай камунікацыі з носьбітамі замаруджваецца.
Гэта можа істотна сказвацца і на магчымасці пошуку працы. Аднак многія медыяпрафесіяналы адзначалі, што імкнуцца вывучаць мову самастойна ці пры дапамозе даступных бясплатных і платных курсаў. Некаторыя рэспандэнты адзначаюць, што даступнасць афлайн курсаў з жывой практыкай можа значна паскорыць працэс вывучэння мовы і паспрыяць пераадоленню апісаных бар’ераў.
Гэта складана. І калі я шукаў ужо любую працу некалькі месяцаў, то таксама гэтае пытанне было, таму што маёй польскай мовы не хапала, каб мяне ўзялі, напрыклад, тым жа ахоўнікам. (м, 60+, працуе ў медыях з 90‑х, 3 гады ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы)
Я доўгі час не вучыла польскую мову, бо баялася страціць беларускасць. […] У першы ж месяц свайго жыцця ў Польшчы давялося размаўляць з дырэктарам школы. Гаварыла павольна па-беларуску — паразумеліся. Але, як мне падалося, ён быў зацікаўлены ў гэтам. Пасля быў страшны выпадак, калі дачцы выклікалі ў школу хуткую дапамогу, бо ёй моцна балела сэрца. Пасля гэтага мы пайшлі да платнага дзіцячага кардыёлага. Я заплаціла немалыя грошы. Лекар пачаў нешта хутка казаць па-польску. Папрасіла яго гаварыць павольней, бо яшчэ дрэнна разумею польскую (гэтую фразу я перад візітам завучыла па-польску). Лекар ляснуў у далоні, сказаўшы нешта кшталту, няма мовы— няма і кансультацыі, і выставіў нас за дзверы. (ж, 47, больш за 10 гадоў у журналістыцы, 2 гады ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы)
На грузінскай мове зараз я ўжо магу нешта замовіць. Калі пытаюць вуліцу — адказаць, куды ісці. На бытавым узроўні. У мяне ёсць трошкі знаёмых грузінаў і грузінак. Магу з імі перапісвацца на грузінскай. Не ўсё, канешне, разумею, але нейкія простыя рэчы магу зразумець. Я падпісаная на розных грузінскіх блогераў, таму там чую мову (ж, 33, 9 гадоў у медыясферы, вымушаная эміграцыя ў Грузію)
Такім чынам, і колькаснае, і якаснае даследаванні паказваюць, што беларуская медыясфера перажывае крызісныя моманты. Яна патрабуе інфраструктурных зменаў, новых падыходаў і рэсурсаў для салідарызацыі прафесійных супольнасцяў, тэхналагічнай і фінансавай падтрымкі.
Супрацоўнікі медыяў прыкладаюць калектыўныя і індывідуальныя намаганні для захавання прафесійных каштоўнасцяў і канструктыўнага дыялогу. Але сітуацыя абвастраецца вострымі выклікамі рэпрэсій і звязаных з імі рызыкамі, недаверам і недахопам рэсурсаў у супольнасці. А таксама тэхналагічнымі і этычнымі выклікамі сучаснай медыяіндустрыі.
Найбольш вострымі пытаннямі, якія наўпрост уплываюць на працу рэспандэнтаў, з’яўляюцца юрыдычная і сацыяльная неабароненасць, перагружанасць працай і звужэнне магчымасцяў мяняць працу ці працаваць у розных жанрах і сферах. А яшчэ пераслед праз прафесію і праблемы легалізацыі і дыскрымінацыі ў эміграцыі, прафесійнае выгаранне і праблемы з фізічным і ментальным здароўем.
Кароткія высновы БАЖ:
- Беларускія журналісты і журналісткі знаходзяцца ва ўразлівым стане, як у Беларусі, так і ў вымушанай эміграцыі.
- Беларускі медыясектар усцяж патрабуе сур’ёзнай міжнароднай і унутранай падтрымкі, працы беларускіх падтрымліваючых арганізацый і міжнародных партнёраў для захавання людскога патэнцыялу сектара.
- Асаблівая ўвага патрабуецца наступным праблемам: скарачэнне колькасці працоўных месцаў у медыях, немагчымасць афармлення супрацоўнікаў у штат медыяў і адсутнасць сацыяльнай абароны медыясупрацоўнікаў, неабходнасць адрасных праграм псіхалагічнай і медычнай дапамогі.
- Застаецца запатрабаванасць у праграмах вывучэння мясцовай мовы ў краінах рэалакацыі.
- Захоўваецца запыт на распрацоўку дакументаў і стварэнне механізмаў для абароны медыясупрацоўнікаў ад харасменту, нават калі гэта не з’яўляецца галоўнай праблемай, па меркаванні апытаных.
- Асабліва складаны стан журналістаў у Беларусі.