• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Часта працуеце з чужым болем? Сабралі парады, як расказваць важныя гісторыі і не шкодзіць сабе і героям

    Праца журналістаў заўсёды была звязана з цяжкімі гісторыямі і стрэсамі, але апошнія гады болю ў тэкстах стала нашмат больш. Апавяданні вызваленых палітвязняў аб катаваннях у СІЗА і калоніі, боль страціўшых на вайне блізкіх, сталыя зносіны з тымі, хто жыве ў страху ўнутры Беларусі — усё гэта пакідае свой адбітак. БАЖ сабраў парады журналістаў і псіхолагаў, як працаваць са складанымі тэмамі, каб не нашкодзіць ні сабе, ні герою.

    Праца журналістаў заўсёды была звязана з цяжкімі гісторыямі і стрэсамі, але апошнія гады болю ў тэкстах стала нашмат больш. Апавяданні вызваленых палітвязняў аб катаваннях у СІЗА і калоніі, боль страціўшых на вайне блізкіх, сталыя зносіны з тымі, хто жыве ў страху ўнутры Беларусі — усё гэта пакідае свой адбітак. БАЖ сабраў парады журналістаў і псіхолагаў, як працаваць са складанымі тэмамі, каб не нашкодзіць ні сабе, ні герою.

    Якія гісторыі называюцца цяжкімі?

    Калі мы гаворым пра цяжкія гісторыі, гаворка ідзе пра размовы з людзьмі, якія атрымалі псіхалагічную траўму (часта разам з фізічнай). Наогул псіхалагічная траўма — гэта комплекснае перажыванне, якое закранае цела чалавека і яго псіхіку. Яна ўзнікае як рэакцыя на трагічную падзею, якая здарылася раптоўна, пагражала жыццю і здароўю самога чалавека ці яго блізкіх, і на якую ён ці яна ніяк не маглі паўплываць.

    Да траўміраваных герояў адносяцца людзі, якія:

    • перажылі хатні гвалт;

    • пахавалі блізкага чалавека, які памёр з‑за хваробы, забойства;

    • сутыкнуліся з гвалтам, у тым ліку сэксуальным, на вуліцы, на працы, у паездцы;

    • сталі ізгоямі з‑за асаблівасцей здароўя або інваліднасці;

    • апынуліся ў адзіноце ў нямоглым стане;

    • маюць сур’ёзнае захворванне, ад якога не змогуць ніколі вылечыцца;

    • выжылі пасля катастрофы або ваенных дзеянняў;

    • страцілі блізкіх людзей з‑за ваенных дзеянняў.

    Падчас размовы з такімі людзьмі можна мімаволі нанесці ім паўторную траўму і пагоршыць стан героя.

    З іншага боку, праца з падобнай тэмай можа траўміраваць самога журналіста. Гэтая з’ява называецца «траўмай сведкі» і нярэдка сустракаецца ў прафесіі. У такі момант чалавек перажывае практычна тыя ж эмоцыі, як калі б убачанае ці пачутае адбывалася з ім, але ў адрозненне ад пацярпелага не можа адрэагаваць на стрэс. Гэта значыць выпрацоўваюцца ўсе нейрамедыятары (біялагічна актыўныя рэчывы, якія перадаюць сігналы ад нервовых клетак), а адпаведнай нармальнай рэакцыі — бі, бяжы або замры — няма. Журналіст не можа пражыць стрэс натуральным чынам, і чым больш цяжкіх гісторый ён ці яна чуе, тым мацней траўміруецца псіхіка.

    Як паклапоціцца пра героя або гераіню?

    Да інтэрв’ю, дамаўляючыся з чалавекам на размову, важна даць яму ці ёй зразумець, што апошняе слова ў гэтым пытанні застаецца за імі.

    У суразмоўцы не павінна скласціся ўражання, што ён ці яна абавязаны з вамі пагаварыць. Адмову трэба прымаць спакойна, паважаючы рашэнне чалавека.

    Можна пакінуць свой кантакт і папрасіць звязацца пазней.

    Калі герой пагадзіўся, перадайце яму ці ёй частку кантролю: спытайце, колькі часу чалавек готаў пагаварыць, у якім фармаце ці ў якой лакацыі. Ці жадае чалавек быць у адзіночку ці камфортней прыйсці з кімсьці. Калі плануеце стэлефанавацца — спытайце, ці будзе камфортней суразмоўцу мець зносіны па відэа ці без.

    Падчас размовы падтрымлівайце з суразмоўцам глядзельны кантакт, паклапаціцеся аб тым, каб вас не турбавалі староннія гукі. Не зводзьце размову толькі да абмеркавання болю, які перажыў чалавек.

    Калі перад вамі былы палітвязень, гэта відавочна не адзіны досвед, які ён ці яна перажылі ў сваім жыцці. У такой сітуацыі можна спытаць суразмоўцу пра яго мінулае, захапленні, сям’ю і гэтак далей.

    Захоўвайце максімальную тактоўнасць. Пры фармулёўцы пытання адштурхвайцеся ад таго, ці было б вам камфортна яго пачуць. Найбольш балючыя пытанні варта пачынаць, як бы просячы дазволу ў чалавека: «Вы не супраць, калі я спытаю пра гэта?», «Ці магу я ўдакладніць, што…?» А вось фраза: «Я разумею, што вы адчуваеце» ужо даўно стала забароненай падчас такіх інтэрв’ю. Таксама паспрабуйце прадугледзець трыгеры, якія могуць закрануць чалавека, але заўсёды трэба быць гатовымі, што герой павядзе сябе не так, як вы меркавалі.

    Не варта задаваць пытанні з серыі: «Як вы сябе адчуваеце?» У адказ вы можаце атрымаць слёзы, але наўрад ці атрымаеце складны, карысны ці змястоўны адказ. Такое пытанне выжыўшыя і ахвяры лічаць найбольш трывожным і недарэчным. Лепш замяніць яго на «Як вы?» або «Як вы сябе адчувалі ў той момант?» ці «Што вы думаеце пра…?».

    Таксама важна нагадваць герою, што ён ці яна можа адмовіцца адказваць на тыя ці іншыя пытанні, калі гэта адчуваецца занадта складаным. Гэта таксама верне герою крыху кантролю над сітуацыяй, які чалавек губляе, перажываючы траўму. Завяршаць такое інтэрв’ю лепш за ўсё размовай аб тым, што адбываецца тут і зараз, аб планах героя на будучыню, не канцэнтруючыся на перажытай траўме.

    Пасля інтэрв’ю ўдакладніце ў героя, як яму ці ёй больш камфортна быць названымі. Кагосьці задаволіць «ахвяра гвалту», нехта папросіць замяніць на «пацярпелую». А падчас падрыхтоўкі тэксту варта памятаць, што падзеі, якія траўміруюць, часта ўплываюць на памяць. Успаміны змяняюцца з цягам часу з‑за страху, неабходнасці асэнсаваць тое, што адбылося, жадання пра ўсё забыцца, зноў выяўленай інфармацыі або проста з‑за таго, што чалавек чуў сведчанні іншых людзей. Таму лепш за ўсё пераправерыць расказаную інфармацыю і зверыць дадзеныя.

    Як паклапаціцца пра сябе?

    Як мы ўжо пісалі вышэй, падчас размовы з чалавекам, які перажыў траўму,  журналіст можа разам з ім пражываць той жа стрэс. А часам нават перажываць мацней: нярэдка падчас пратэстаў 2020 года большую траўму атрымлівалі не тыя, хто быў у аўтазаку, а тыя, хто назіраў за імі.

    Калі вы часта маеце справу са складанымі тэмамі, клапаціцца пра сябе трэба не толькі ў момант працы з той ці іншай гісторыяй, але ўвесь час. Так, можна узяць сабе за правіла планаваць час: адсачыць, у які час дня ў вас больш сіл, і імкнуцца выконваць складаную працу менавіта тады. Не забывацца рабіць перапынкі і арганізоўваць сабе рэгулярны адпачынак і сон. Добра дапамагаюць пераключацца ёга, бег, фізічныя практыкаванні, медытацыя, зносіны з сябрамі.

    Таксама важна ацэньваць рызыкі.

    Не бойцеся ў залежнасці ад абставін мяняць планы, каб зрыў дэдлайнаў не стаў прычынай дадатковага стрэсу. Калі адчуваеце, што гісторыя становіцца занадта складанай, зрабіце перапынак ці перадайце яе каму-небудзь іншаму.

    Непасрэдна падчас размовы старайцеся адначасова праяўляць тактоўнасць і спачуванне, патрэбнае суразмоўцу, але і не паглыбляцца занадта моцна ў яго ці яе гісторыю. Тым больш не варта спрабаваць паставіць сябе на месца героя ці гераіні. Калі падчас гутаркі адчуваеце эмацыйную перагрузку, зрабіце паўзу і падыхайце.

    Пагаварыўшы з чалавекам, калі гэта магчыма, хаця б ненадоўга сыдзіце з пакоя, дзе праводзілі інтэрв’ю. Можна зрабіць некалькі энергічных фізічных практыкаванняў, паскакаць ці нават пабегаць: рух і змена месцаў дапаможа нармалізаваць стан. Калі сысці нельга, памяняйце позу, сядзьце максімальна камфортна, распрастайце хрыбетнік, адчуйце сваё цела. Часта ў момант псіхалагічнага дыскамфорту мы, самі таго не заўважаючы, пераплятаем ногі ці «заломваем» рукі. Выраўнуйце іх і расслабцеся, зазямліцеся. Пастаўце абедзве ступні роўна на зямлю, зрабіце дыхальнае практыкаванне. Напрыклад, удыхніце на лік 3, затрымайце дыханне на лік 5 і выдыхніце на лік 8.

    Калі дазваляе час, не спяшайцеся адразу расшыфроўваць інтэрв’ю, адкладзяце матэрыял, які траўміруе. Займіцеся тым, што даставіць вам радасць і дапаможа пераключыцца. Уменне знаходзіць задавальненне ў дробязях — напрыклад, прагляд камедыі, выпечка, разгадванне галаваломак — дапамагае расслабіцца і пазбегнуць негатыўных думак.

    Не лішняй будзе рэфлексія: чаму гэта мяне так кранае, што я павінен ці павінна зрабіць, каб з гэтым зладзіцца і захаваць устойлівасць. Свой досвед і перажыванні можна абмеркаваць з калегамі. Нечыя парады і падтрымка могуць спатрэбіцца вам, і наадварот — ваша гісторыя можа дапамагчы іншым. Не саромейцеся звяртацца да псіхолага: працяглае ўздзеянне траўмы можа прывесці да зменаў у мозгу, з‑за чаго будзе цяжэй рэгуляваць свае эмоцыі. Прапрацоўваючы ж усё гэта са спецыялістам, можна не дапусціць сур’ёзных наступстваў і знясілення.

    Нарэшце, трэба памятаць, што цяжкія тэмы — гэта марафон, а не спрынт. Аднаўляючыся і адпачываючы, клапоцячыся пра сябе, вы зможаце расказаць як мага больш важных гісторый, якія так патрэбныя ў гэтыя цёмныя часы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці