Акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам: варта гаварыць пра праблемы палітвязняў у Беларусі
Акцыя салідарнасці з палітзняволеным журналістам Анджэем Пачобутам прайшла 27 траўня ў Беластоку, паведамляе «Беларускае Радыё Рацыя».
![](https://baj.media/wp-content/uploads/2024/05/pachobut-jpg-webp.webp)
Падчас акцыі. Фота: Беларускае Радыё Рацыя
Удзел у акцыі, арганізаванай Саюзам палякаў Беларусі і Падляшскім аддзелам Таварыства Wspólnota Polska, узялі каля чатырох дзясяткаў чалавек.
Віцэ-старшыня Саюза палякаў у Беларусі Марэк Занеўскі нагадаў, што за ўдзел у такіх акцыях у сваякоў, якія знаходзяцца ў Беларусі, могуць быць складанасці. Але, негледзячы на гэта, гаварыць пра праблемы палітзняволеных трэба як мага часцей.
Праблемы палітвязняў закраналі і іншыя выступоўцы. У прамове праваабаронцы Уладзіміра Хільмановіча прагучалі імены журналістаў Дзяніса Івашына і Паўла Мажэйка, а таксама забітага за кратамі Вітольда Ашурка, маці якога памерла як раз у дзень акцыі.
Ад Беларускай асацыяцыі журналістаў выступіў Уладзімір Лапцэвіч і заклікаў «максімальна працаваць з тэмай палітвязняў».
Анджэй Пачобут знаходзіцца ў зняволенні ужо больш за тры гады. Яго прыгаварылі да васьмі гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
![](https://baj.media/wp-content/themes/baj/assets/images/telegram-logo.jpg)