• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аляксандр Кабанаў патлумачыў, чаму больш не камунікуе з былым калегай Сяргеем Пятрухіным

    У аўтараў канала «Народны рэпарцёр» разышліся ўяўленні аб тым, чым варта займацца ў эміграцыі, расказаў Кабанаў.

    Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін «Народны рэпарцёр»

    Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін у стрыме пасля эвауацыі блогера. Скрыншот з відэа ютуб-канала «Народны рэпарцёр»

    Аляксандр Кабанаў: З Сяргеем мы не камунікуем. Праект [«Народны рэпарцёр»] асабіста для мяне закрыты. Мне было досыць цяжка апошнім часам працаваць па гэтай тэме па адной простай прычыне: канал прадугледжваў асвятленне сацыяльных праблем унутры краіны, а я не там.

    Быў такі блогер Васіль Целагрэйкін, які, на жаль, памёр ад раку. Мы з ім звязаліся, калі я выехаў з Беларусі, і я тады спытаў, чаму ён нічога не робіць на сваім канале. Ён мне тады такую фразу сказаў, якая прымусіла задумацца: «Паслухай, каб весці такі канал, як у мяне і ў цябе, трэба знаходзіцца ў Беларусі». У мяне было неразуменне, куды рухацца далей, бо змяніць усе наратывы і кантэнт вельмі складана. Усё зайшло ў пэўны творчы тупік. Для мяне канал стаў маральнай абузай.

    Кантэнт мусіць нешта змяняць — і калі мы рабілі яго ў Беларусі, перамены наступалі практычна заўсёды. На любы матэрыял была рэакцыя чыноўнікаў, ішоў варушняк, праверкі, сустрэчы з людзьмі. Заўсёды была зваротная рэакцыя (не заўсёды пазітыўная, але яна была). За мяжой гэты ўплыў на працэсы абсалютна не адчуваўся, і гэта моцна ціснула: а ці трэба ўвогуле каму тое, што я раблю?

    Мы не падпісвалі з Сяргеем кантракт, што мусім разам працаваць вечна. У нас разышліся меркаванні ў тым, чым трэба цяпер займацца. Я сказаў, што для мяне блог у сённяшнім варыянце — фігня, ён сказаў, што будзе займацца ім сам. Вось і ўсё.

    «НН»: Вам не крыўдна, што ваш агульны брэнд адышоў Сяргею і кантэнт цяпер зусім іншы?

    Сяргей Пятрухін

    Сяргей Пятрухін. Фота: «Наша Ніва»

    АК: Шчыра кажучы, я не гляджу цяпер канал, таму нічога не магу сказаць з гэтай нагоды. 

    Наконт крыўды — няма такога. Гэта, умоўна, як журналіст прыйшоў у нейкую рэдакцыю і сышоў праз нейкі час, бо яму стала нецікава. У нас быў сумесны праект, у кожнага была ў ім свая роля. Калі ў аднаго гэтая роля скончылася, які сэнс трымацца за праект?

    «НН»: Раней вы казалі, што якраз сышліся на тым, што вы розныя. А тут, атрымліваецца, па гэтых жа прычынах разбегліся?

    АК: Наслаілася эміграцыя, творчы крызіс. Розны эмацыйны стан, рознае ўспрыманне інфармацыі, высновы розныя. Калі такое здараецца ў вялікім калектыве, то можна сярод супрацьлеглых меркаванняў знайсці нешта сярэдняе. Калі ж калектыў толькі з двух чалавек, складаней данесці сваю рацыю. Ды і навошта выдаткоўваць на гэта час?

    «НН»: Здавалася, што, перажыўшы столькі разам, вы сталі зусім не разлі вада.

    АК: Так здараецца ў жыцці, што людзі разыходзяцца. Кожны пайшоў сваёй дарогай — гэта абсалютна нармальная сітуацыя.

    блогер Аляксандр Кабанаў

    Аляксандр Кабанаў. Фота: «Радыё Свабода»

    Да сваіх арыштаў у 2020 годзе Кабанаў і Пятрухін разам займаліся стварэннем відэа для канала «Народны рэпарцёр». У снежні 2022 года яны выйшлі на волю, але былую супрацу не аднавілі.

    Аляксандр Кабанаў стаў членам Каардынацыйнай рады і прэс-сакратаром «Белпола», а Сяргей Пятрухін працягнуў блогерскую дзейнасць і таксама ўвайшоў у склад КР.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці