• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Маем разуменне, што трэба рабіць». Былыя палітвязні заявілі пра стварэнне ўласнай арганізацыі за мяжой

    У Польшчы ствараецца арганізацыя, якая аб’яднае былых беларускіх палітвязняў. Пра гэта падчас дыскусіі «Палітзняволеныя ў Беларусі для сусвету, праваабаронцаў і СМІ», якая адбылася 11 чэрвеня ў прасторы «Пад жырандоляй» у Варшаве, заявіў былы палітычны зняволены Аляксандр Кабанаў, паведамляе «Белсат».

    «Сёння ўжо магу паведаміць у якасці афіцыйнай інфармацыі, што будзе новая арганізацыя былых палітзняволеных. Вядзецца праца над тым, каб яна была афіцыйна зарэгістраваная», – сказаў Аляксандр Кабанаў.

    Як удакладніў «Белсату» сябра ініцыятыўнай групы для стварэння арганізацыі былы палітзняволены Алег Кулеша, засноўвае яе суполка былых палітвязняў у замежжы, якая налічвае больш за 70 чалавек і якая «з кожным днём павялічваецца». Кулеша мяркуе, што новае грамадскае абʼяднанне будзе афіцыйна зарэгістраванае ўжо ў ліпені. Зараз удзельнікі суполкі абмяркоўваюць, як дакладна будзе называцца новая арганізацыя. У размове з журналістам «Белсату» Алег Кулеша называе яе Асацыяцыяй былых палітвязняў.

    «Нашая мэта – дапамога палітвязням. Не кажу «былым», бо палітвязень – гэта назаўжды. Людзі, якія прайшлі праз катаванні, разумеюць, што ніхто лепей не будзе нас бараніць, як мы самі сябе. Маем разуменне, што трэба рабіць і як трэба рабіць, бо самі праз усё гэта прайшлі», – кажа Алег Кулеша.

    У аргкамітэт уваходзіць прадстаўніца Абʼяднанага кабінету ў сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова, якая ў свой час і ініцыявала стварэнне суполкі былых палітвязняў.

    Дыскусія «Пад жырандоляй». Пра што была гаворка?

    «Што і як трэба рабіць», каб дапамагаць палітвязням і мець бяспечную сувязь з іх сваякамі? Як распавядаць пра тое, што робіцца за кратамі, у сітуацыі інфармацыйнай пусткі і страху? Урэшце, каго прызнаваць палітзняволенымі і адкуль браць грошы на іх падтрыманне? Пра гэта вялася гаворка падчас сустрэчы, зладжанай ініцыятывай «Dis­si­dent­by» у варшаўскай прасторы «Пад жырандоляй».

    Апроч Аляксандра Кабанава спікерамі выступалі прадстаўніца Абʼяднанага пераходнага кабінету ў нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык, журналіст Раман Усцінаў і праваабаронца з ініцыятывы Politzek.me Іна Кавалёнак. Мадэраваў дыскусію заснавальнік «Dis­si­dent­by» Вячаслаў Касінераў.

    Пераказваем, самыя гарачыя, на наш погляд, моманты размовы.

    Праблема лічбы. Колькі ў краіне палітвязняў

    Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на 12 чэрвеня 2023 года ў Беларусі палітычнымі зняволенымі былі прызнаныя 1495 чалавек. Па звестках ініцыятываў «Dis­si­dent­by» і Politzek.me, у краіне больш за 1700 палітвязняў. На думку прадстаўніцы Кабінету Вольгі Гарбуновай іх колькасць насамрэч можа быць утрая большая – да 5000 чалавек.

    Такая разбежка ў падліках тлумачыцца адсутнасцю інфармацыі пра многіх асуджаных паводле палітычных артыкулаў і нежаданнем іх сваякоў дзяліцца ёй з праваабаронцамі з‑за рызыкі пагоршыць сітуацыю. Апроч таго, праваабарончыя ініцыятывы маюць розныя падыходы да прызнання чалавека палітзняволеным. Падчас дыскусіі неаднойчы гучаў заклік аб кансалідацыі праваабарончага поля.

    «Мы кажам у міжнародных структурах, што афіцыйная лічба такая і такая, але адразу зазначаем, што насамрэч, мы думаем, іх у тры разы больш. Нам пакуль вераць на слова», – распавяла прадстаўніца Абʼяднанага кабінету Аліна Коўшык.

    «Я падлічыў колькі нас сядзела на зоне. Афіцыйна скажу: нас было 220 чалавек. Калі вызваліўся, зайшоў на сайт «Вясны» – 115. Вось вам розніца. Нашыя праваабаронцы не ведаюць пра палову! Дык калі не ведаеце, трэба карыстацца тым, што падае рэжым. А ён паведамляе пра 12 тысяч крымінальных справаў, заведзеных за палітыку.

    Дык павінна быць 12 тысяч палітвязняў! І не мы іх прызначаем, не праваабаронцы, а вось той рэжым – фашысты. Ён робіць палітвязняў. Опер іх прызначае. Не мы», – каментаваў з залы былы палітвязень Алег Кулеша, які ў верасні 2022 года вызваліўся з бабруйскай калоніі.

    Незразумелымі для многіх застаюцца і афіцыйныя крытэры, паводле якіх праваабарончая супольнасць прызнае ці не прызнае чалавека палітвязнем. Былая палітзняволеная Таццяна Астроўская выказала падчас сустрэчы здзіўленне, чаму «Вясна» дагэтуль не надала статус палітвязня Вользе Вайцеховіч і яе сямʼі (4 чалавекі), якія каля 700 дзён утрымліваюцца на Валадарцы па тэрарыстычным артыкуле. Такіх выпадкаў нямала.

    Аляксандр Кабанаў прызнаўся, што, калі сядзеў, не зважаў на свой статус, які ў калоніі мала на што ўплывае («Існуе думка, што, калі цябе прызналі палітвязнем, у цябе на зоне будуць праблемы, але гэта не так»). Аднак па вызваленні гэты статус мае вялікае значэнне.

    «Палітвязні не могуць быць афіцыйнымі або неафіцыйнымі. Бо гэта проста прынцып…  трэба, каб нашая праваабарончая супольнасць стала адзінай, а людзей, не згодных у нечым, трэба выклікаць на публічныя дыскусіі. Іначай потым будзе вялікае пытанне, па якіх крытэрах мы будзем рэабілітаваць людзей. Гэта вялікая праблема. І пра гэта павінны думаць зараз.  Таму неабходна скансалідаваць праваабарончае поле», – казала з залы актывістка «Народнай грамады» Наталля Папкова.

    Пытанне падтрымання палітвязняў

    Удзельнікі дыскусіі абмяркоўвалі таксама балючую тэму недастатковага падтрымання былых палітвязняў, якія за мяжой займаюцца «ганебнай працай», не маюць, дзе жыць, і адчуваюць сябе нікому не патрэбнымі, хоць раней іх называлі героямі.

    «Так, увесь запыт нашая дапамога пакуль не пакрывае, – прызналася праваабаронца ініцыятывы Politzek.me Іна Кавалёнак. – Але праз гэта прайшла такая колькасць людзей, што, думаю, не кожная дзяржава дала б рады з гэтым адразу, каб усе атрымалі дапамогу. Мы імкнёмся да гэтага, але трэба рэалістычна ацэньваць свае сілы ў гэтым пытанні».

    Яна зазначыла, што, каб дапамагаць палітвязням, «не трэба быць нейкім спецыяльна навучаным чалавекам»: «кожны з нас мог бы стаць правадніком гэтай тэмы, не толькі праваабаронцы».

    «Сапраўды так: палітвязняў шмат і дапамогі трэба рэальна вельмі шмат. Да такога абʼёму рэпрэсіяў не быў падрыхтаваны ніхто. Арганізацыі робяць, што могуць, але гэтага абсалютна недастаткова, каб падтрымаць семʼі і саміх палітвязняў. І гэта тое, з чым мы працуем, але гэта не так хутка змяняецца. Шукаюцца новыя механізмы падтрымання.  Гэта не 10 тысяч, гэта велізарныя грошы, якіх не мае ніводная арганізацыя, якая гэтым займаецца», – распавяла Аліна Коўшык.

    Прадстаўніца Абʼяднанага кабінету казала пра ідэю стварэння міжнароднага фонду дапамогі, неабходнасць інстытуцыйнага падтрымання і сістэматызацыі той дапамогі, якая ўжо маецца.

    «Спачатку – юрыдычная дапамога: што можна, а што нельга ў цяперашніх умовах, бо людзі па вызваленні не ведаюць нават, што такое «Зеркало» і ці можна яго лайкаць. Потым – псіхалагічная. Пасля – з афармленнем візаў пры закрытых консульствах і амбасадах. Мяркую, гэтыя тры катэгорыі дапамогі павінны ісці адразу тым людзям, якія выходзяць на волю», – мяркуе журналіст «Белсату» і «Радые Ўнэт» Раман Усцінаў.

    Ён таксама адзначае, як важна ў сённяшняй сітуацыі падтрымліваць сваякоў палітвязняў, на якіх прыпадае велізарны стрэс.

    «У вас павінны быць на кожнай зоне свае стукачы»

    Раман Усцінаў казаў пра цяжкасці здабывання звестак і гісторыяў палітвязняў ва ўмовах інфармацыйнага вакууму. Пра тое, што раней тэма палітвязняў была «блізкай і балючай», а цяпер «гэта проста статыстыка» (»Няма адчування людскога болю«). Матэрыялы пра палітвязняў не самыя чытаныя і прагляданыя («Пра скандал з «Байполам» чытае куды больш людзей»).

    «Але мы павінны разумець, што СМІ – гэта не заўжды пра рэйтынгі і праглядальнасць. Гэта місія. Таму мы гэтым займаемся. Для нас гэта важна», – падкрэсліў Раман Усцінаў.

    Між тым, Аляксандр Кабанаў заўважыў што беларускія вольныя медыі недапрацоўваюць.

    «Недапрацоўка ў тым, што няма зваротнай сувязі з людзьмі. Што няма бяспечнай сувязі з людзьмі. У вас павінны быць на кожнай зоне свае стукачы сярод супрацоўнікаў! У вас павінны ў любым РАУС быць злівы інфармацыі. І над гэтым трэба працаваць», – сказаў Аляксандр Кабанаў.

    Панэльная дыскусія «Палітзняволеныя ў Беларусі для сусвету, праваабаронцаў і СМІ» працягвалася каля двух гадзін. Гаварылі таксама пра новыя стратэгіі і тактыкі пашырэння і паглыблення працэсу салідарнасці з ахвярамі рэжыму, пра гераізацыю палітвязняў, пра асвятленне праблемы катаванняў у турмах ды пра іншае. На сустрэчы ў прасторы «Пад жырандоляй» прысутнічала больш за 30 чалавек.

    Чытайце яшчэ:

    Зачем герою нужен злодей? Как использовать политических оппонентов рассказывает Анна Мирочник

    «Неяк апошнім часам, выбіраючы кнігі, думаеш: а што яна табе дасць?» Андрэй Скурко аб прачытаным і адрэфлексаваным

    «Для іх падзеі ў нашым рэгіёне — гэта канфлікт Расіі з краінамі-спадарожнікамі». Беларускі журналіст пра наведванне Паўднёвай Карэі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці