• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аляксандр Алесін: «Я перыядычна хаджу на допыты»

    Праз месяц пасля вызвалення беларускага журналіста Аляксандра Алесіна з-пад варты прэс-служба ГА «БАЖ» сустрэлася з калегам і распытала, ці вядуцца з ім следчыя дзеянні і як памянялася яго журналісцкае жыццё з моманту затрымання.

     

    А. Алесін у офісе ГА «БАЖ»

    - Што адбываецца ў Вашай справе цяпер? Ці вядуцца з Вамі следчыя дзеянні?

    - Так, вядуцца, але чыста фармальна. Я перыядычна хаджу на допыты, у мяне пытаюцца пра тыя ж самыя рэчы, удакладняюць пэўныя падрабязнасці, якія даўно ўжо ўдакладненыя. Але гэта адбываецца ўсё радзей. Мне падаецца, яны ўжо і радыя былі б закрыць неяк гэтую справу. Яна атрымала нечаканую і непажаданаю агалоску і на Захадзе, і ў Расіі, бо ў мяне шмат карэспандэнтаў у розных краінах свету.

    Наогул, я не ведаю, што яны хацелі атрымаць. Любая экспертыза пакажа, што мае матэрыялы заснаваныя на адкрытых крыніцах, таму гэта бесперспектыўна. Думаю, цяпер яны шукаюць спосабу гэтую справу «спусціць на тармазах».

    Мой адвакат – чалавек вельмі карэктны, ён падказвае пэўныя хады, якія палягчаюць маю долю. Напрыклад, перакваліфікацыя артыкула, які дазволіў выйсці пад падпіску пра нявыезд. Юрысты не выключаюць, што, з улікам майго ўзросту і стану здароўя, а таксама таго, што я не нанёс ніякіх стратаў, справа можа быць праз пэўны перыяд закрытая.

    - Напэўна, кожнага журналіста палохае перспектыва апынуцца ў такой сітуацыі. Ці можна ад яе засцерагчыся і ці варта наогул засцерагацца?

    - Я думаю, што застрахавацца абсалютна немагчыма. Я па дадзенай (вайсковай – заўв. рэд.) тэматыцы працую ўжо каля 20 гадоў. Дзякуючы вострым публікацыям у мяне ёсць даволі шмат “добразычліўцаў” у шэрагу ведамстваў – у Міністэрстве абароны, на прадпрыемствах ваенна-прамысловага комплексу, і, мяркую, сімпатый яны да мяне не адчуваюць. Нават тую інфармацыю, якая з’яўляецца легальнай, яны не хочуць абнародаваць.

    Крыху і калегі мне «падыгрываюць». Перадрукоўваюць мае матэрыялы, часта робяць вельмі правакацыйныя загалоўкі і ліды. Калі людзі ў пагонах гэта бачаць, яны ўжо не звяртаюць увагі на тое, што далей там зусім іншы змест…

    Але на гэты раз гэта не тая прычына. Усё па-іншаму. Я не чакаў гэтага абсалютна, таму ўдар па псіхіцы быў вельмі моцны.

    Але ў прынцыпе ніхто не можа быць застрахаваны ад такога. Справа можа заключацца ў нейкіх міждзяржаўных стасунках, у палітыцы «ведамства», якое свае мэты пераследуе і г.д. Карэспандэнты, з якімі я працую, таксама могуць паводзіць сябе неакуратна і вольна ці міжвольна падставіць свайго контрагента. Я ж не толькі публікацыі рыхтую, але і раблю агляды, інфармацыйныя нататкі, даведкі і г.д. для шэрагу міжнародных арганізацый.

    Думаю, што цяжка нават спрагназаваць, куды ты трапіш і па якой прычыне.

    - У сітуацыі скрайняй закрытасці беларускіх спецслужбаў складана казаць пра эфектыўнасць пэўных дзеянняў. Што правільней было ў той сітуацыі – маўчаць, каб не нашкодзіць Вам, ці біць трывогу?

    - Я лічу, што дзеянні маіх калег, асабліва галоўнага рэдактара (Вячаслаў Хадасоўскі, галоўны рэдактар газеты «Белорусы и рынок» - заўв. рэд.), аказаліся вельмі правільнымі, вытрыманымі. Насамрэч ён зрабіў вельмі шмат для маёй абароны і вёў надзвычай узважаную палітыку, дзякуючы якой удалося мой лёс палегчыць. Мае сваякі трапілі ў цяжкае становішча, бо ім парэкамендавалі інфармацыю не распаўсюджваць, калі мяне ізалявалі…

    Я ўдзячны і калегам, якія гэта апублікавалі ў патрэбны час, бо гэта таксама было абсалютна дарэчна. Наогул, я лічу, што дзеянні ўсіх былі бездакорнымі, і ніхто мне не нашкодзіў. Я ўдзячны ўсім журналістам з Беларусі і з іншых краін свету, якія ў маю падтрымку выказваліся. Я ўпэўнены, што гэта ўсё не засталося без наступстваў.

    А мае калегі па фітнэс-клубе дык наогул, аказваецца, гатовыя былі з плакатамі пад будынкам КДБ стаяць! Ну, яны людзі далёкія ад нашай рэчаіснасці. Але людская салідарнасць існуе, і яна большая, чым прынята думаць. 

    - Што памянялася для Вас як для журналіста пасля інцыдэнту з Вашым затрыманнем і абвінавачаннем?

    - Пакуль не сутыкнешся, не разумееш, з якім выбухова небяспечным матэрыялам маеш справу, пішучы на такія тэмы… У пэўным сэнсе гэта як хадзіць па лязе.

    Зрэшты, па ім ходзяць і тыя, хто мае шчыльныя кантакты з міжнароднымі арганізацыямі, з замежнымі дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі.

    Скажам так, я лічыў – ну, праца ёсць праца. А як гэта ўспрымаецца ў розных месцах – гэта для мяне аказалася ў пэўным сэнсе нечаканасцю. Я толькі цяпер усвядоміў небяспеку таго, чым займаўся. Насамрэч мне давялося зрабіць над сабой пэўны высілак, каб пачаць рыхтаваць яшчэ матэрыялы на гэтую тэму.

    Я падрыхтаваў матэрыял для Naviny.by і пастараўся яго «завастрыць» – каб пераадолець уласныя комплексы. (Гаворка ідзе пра артыкул «Беларусь попала в число самых милитаризованных стран” ад 28.12.2014 – заўв. рэд.). Ёсць шэраг іншых тэмаў, над якімі я працаваў – гэта і прамысловасць, і аўтамабільны рынак. Але трэба было неяк пераадолець сябе, і для гэтага спатрэбіўся пэўны высілак. Аж мароз па скуры часам. Думаеш – камусьці можа ў чарговы раз не спадабацца…

    Нагадаем:

    Вайсковага эксперта, аглядальніка штотыднёвіка «Белорусы и рынок» Аляксандра Алесіна затрымалі беларускія спецслужбы 25 лістапада. Пра гэта стала вядома толькі на пачатку снежня, але ні прычын затрымання, ні месцазнаходжання журналіста КДБ не паведамляла. Пазней высветлілася, што яго ўтрымліваюць у следчым ізалятары КДБ.
    8 снежня сваякі Алесіна паведамілі, што яму выстаўлена абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве (артыкул 356 Крымінальнага кодэкса) і ўсталяванні супрацоўніцтва са спецыяльнай службай органаў бяспекі або разведвальным органам замежнай дзяржавы (артыкул 356–1).
    Сваякі паведамілі таксама, што Алесін не з’яўляецца асноўным падазраваным па дадзеных складах злачынстваў (асноўны фігурант – неназваны замежны дыпламат). Высвятляецца, наколькі цеснымі былі кантакты журналіста з замежным грамадзянінам. Алесіну быў прадастаўлены дзяржаўны адвакат. 10 снежня яго вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. Журналіст паведаміў калегам, што абвінвачанне ў здрадзе дзяржаве з яго знялі і цяпер абвінавачваюць толькі ў супрацы з замежнай спецслужбай. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    Теперь консул может только изъять паспорт. Что означает новый указ для белорусов, уехавших из страны?

    Очередное решение властей, которое поражает в правах белорусов.  Лукашенко подписал указ, которым изменил порядок выдачи документов в посольствах и консульствах за границей. Теперь там нельзя продлить или получить паспорт. Как же быть? Комментирует юридическая служба БАЖ.
    05.09.2023
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці