• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    БАЖ атрымала прэстыжную ўзнагароду ўрадаў Канады і Вялікабрытаніі падчас Глабальнай канферэнцыі Global Conference for Media Freedom 2020

    ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" атрымала прэстыжную ўзнагароду ўрадаў Канады і Вялікабрытаніі — першую Прэмію за  свабоду СМІ (first Media Freedom Award). Гэта было абвешчана падчас Глабальнай канферэнцыі Global Conference for Media Freedom 2020.

    Старшыня ГА "БАЖ" Андрэй Бастунец у сваёй прамове падкрэсліў, што гэтая ўзнагарода — найперш высокая ацэнка працы беларускіх журналістаў, якія цяпер выконваюць свой прафесійны абавязак у надзвычай складаных умовах.

    Падчас уручэння прэміі было адзначана, што калегі з усяго свету падтрымліваюць журналістаў з Беларусі.

    Ніжэй — прамова Андрэя Бастунца падчас Глабальнай канферэнцыі Global Conference for Media Freedom 2020.

     

    Шаноўныя сябры!

    Вялікі дзякуй за гэту ўзнагароду.

    Беларуская асацыяцыя журналістаў з хваляваннем і гонарам прымае яе ад Канады і Вялікабрытаніі, краін са старой традыцыяй дэмакратыі і свабоды слова. Я лічу, што гэтая ўзнагарода адлюстроўвае вашу высокую ацэнку працы журналістаў у Беларусі, асабліва ва ўмовах цяперашняга крызісу з правамі чалавека ў перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў.

    Усяго за тры месяцы, Беларуская асацыяцыя журналістаў зафіксавала больш за 400 грубых парушэнняў правоў журналістаў.  Карэспандэнты, якія асвятлялі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і дзяржаўнага гвалту, самі сутыкнуліся з гвалтам і пераследам. Са збіццём, пашкоджаннем і выняццем абсталявання, арыштам, неправасуднымі рашэннямі судоў.  

    Журналісты працавалі літаральна пад кулямі — і гэта ў мірнай краіне! Трое атрымалі раненні. Проста цяпер, падчас майго выступу, 24 журналісты знаходзяцца за кратамі — за тое, што рабілі сваю працу.

    Мы ўжо прывыклі да страты доступу да незалежных сайтаў «па тэхнічных прычынах» падчас самых напружаных момантаў палітычных кампаній або пратэстаў. Але наўрад ці можна было ўявіць, што ў «IT-краіне», як любяць называць Беларусь улады, будзе поўная блакіроўка інтэрнэту на працягу цэлых трох дзён! І што ў Мінску кожныя выходныя падчас пратэстаў будзе абсалютна заблакаваны мабільны інтэрнэт!

    Пра блакіроўку сайтаў, дарэчы, улады таксама не забыліся. З 9 жніўня многія з навінавых сайтаў сталі недаступныя ў Беларусі. Самы папулярны партал краіны TUT.by нядаўна быў пазбаўлены свайго статусу СМІ — каб яго рэпарцёры страцілі правы журналіста.

    Урад не спыніўся на абмежаванні Інтэрнэту.

    Па надуманых падставах або без ніякіх падстаў увогуле, дзяржаўныя манапольныя прадпрыемствы адмовіліся друкаваць і распаўсюджваць такія газеты: “Народная Воля”, “Комсомольская правда» в Беларуси”, “БелГазета” і “Свободные новости плюс”, калі яны сталі публікаваць інфармацыю пра гвалт з боку сілавікоў падчас пратэстаў. 

    Кіраўніцтва “Газеты Слонімскай” было вымушана пакінуць краіну пад пагрозай крымінальнага пераследу.

    Улады спрабуюць абмежаваць распаўсюд інфармацыі не толькі ўнутры краіны, але і за мяжой. 

    Дзясяткам, калі не сотням, замежных журналістаў было адмоўлена ў часовай акрэдытацыі на выбары, а ў выніку — у магчымасці асвятляць іх. Далей улады пазбавілі акрэдытацыі і тых замежных карэспандэгтаў, якія яе мелі.

    Затрыманні

    Штрафы

    Арышты

    Пазбаўленне акрэдытацыі

    Дэпартацыі

    Ціск на СМІ

    Фізічны гвалт

    Крымінальныя справы …  — гэта рэаліі сённяшняй Беларусі.

    Але на самай справе, мы сутыкнуліся з падобнымі абставінамі яшчэ 25 гадоў таму, калі быў заснаваны БАЖ. У  верасні 1995 года 38 журналістаў аб’ядналі свае намаганні, каб супрацьстаяць ціску ўрада тагачаснага новага прэзідэнта Лукашэнкі.

    Сёння БАЖ аб’ядноўвае 1400 сябраў.

    Улады ціснуць на нас?  — але ціснуць можна толькі на тое, што аказвае супраціў.

    Заблакаваныя інтэрнэт-сайты ствараюць «люстэркі», пераходзяць у тэлеграм-каналы і сацыяльныя сеткі. Валанцёры распаўсюджваюць газеты. Журналісты начамі стаяць перад турмамі, дзе знаходзяцца іх калегі…

    Я вельмі паважаю ўсіх тых, хто працуе «ў полі», нягледзячы на ўсе рызыкі і пагрозы.

    Тых, хто працуе ў рэдакцыях. 

    Тых, хто адмовіўся памнажаць хлусню і пакінуў прапагандысцкія дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі.

    Тых, хто салідарны са сваімі калегамі і дапамагае ім словам і справай.

    Усіх, хто спрыяе распаўсюду інфармацыі пра палітычны крызіс і крызіс правоў чалавека ў Беларусі, як унутры краіны, так і далёка па-за яе межамі. А не застаецца «закаркаванай» у душнай медыяпрасторы, якой яе спрабуюць зрабіць «людзі ў чорным».

    Сёння права не абараняе нас.

    Сёння мы абараняем права.

    З вялікім гонарам хачу яшчэ раз падзякаваць за падтрымку беларускай журналістыкі ў гэтыя цяжкія часы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці