107

Facebook і Instagram забароняць? Чым пагражае аб’яднанне «экстрэмісцкіх» спісаў Беларусі і Расіі

07.02.2024 Крыніца: Радыё Свабода

Пра агульны спіс «экстрэмістаў» 6 лютага загаварыў амбасадар Беларусі ў Расіі Дзмітрый Круты.

Беларусь і Расея працуюць над аб’яднаньнем «сьпісаў экстрэмістаў і экстрэмісцкіх рэсурсаў». Цяпер абедзьве дзяржавы маюць асобныя базы, але ў хуткім часе гэта можа зьмяніцца, расказаў 6 лютага амбасадар Беларусі ў Расеі Дзьмітрый Круты.

«У грамадзян выклікае зьдзіўленьне, калі частка рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі, дапусьцім, у Расеі, нейкія паведамленьні публікуюць у нас, ці наадварот — якія прызнаныя экстрэмісцкімі ў нас, публікуюць паведамленьні ў Расеі. І ў дачыненьні да гэтых структур або людзей, якія, дапусьцім, зьбеглі ў Расею, не ўзбуджаюцца крымінальныя справы ў Расейскай Фэдэрацыі або наадварот», — заявіў ён.

Як такі «агульны сьпіс экстрэмістаў» можа закрануць жыцьцё беларусаў? Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка лічыць, што мэта аб’яднаньня «экстрэмісцкіх сьпісаў» — пашырэньне магчымасьцяў для рэпрэсій супраць нязгодных.

«Варта глядзець, як Расея будзе рухацца ў напрамку рэалізацыі гэтай ідэі. Цалкам магчыма, што беларусам, якія ўнесеныя ў «сьпісы экстрэмістаў», могуць быць усталяваныя абмежаваньні на тэрыторыі Расеі. Таксама могуць абмежаваць абарот інфармацыйнай прадукцыі на тэрыторыі Расеі. Той, якая ў Беларусі ўнесеная ў сьпісы «экстрэмісцкай», — кажа Павал Сапелка.

Што будзе далей — залежыць і ад далейшага разьвіцьця беларускага «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства, мяркуе экспэрт.

«У будучыні заканадаўства можа прадугледжваць адказнасьць за распаўсюджваньне матэрыялаў з агульных сьпісаў Беларусі і Расеі, абмежаваньне ў правах „экстрэмістаў“ дзьвюх краін. Паводле дзейнага заканадаўства асоба, унесеная ў беларускі сьпіс „экстрэмістаў“, мае пэўныя абмежаваньні — ня можа быць прынятая на пэўную працу, ня можа быць заснавальнікам рэлігійнага аб’яднаньня. Яна абмежаваная ў тым, каб быць заснавальнікам СМІ, і гэтак далей», — дадаў юрыст.

Адно з адрозьненьняў беларускага і расейскага «экстрэмісцкіх» сьпісаў — абмежаваньні ў працы сацсетак Facebook і Instagram. У Расеі Meta, якая валодае абедзьвюма сеткамі, прызнаная экстрэмісцкай арганізацыяй.

Што будзе зь беларускімі карыстальнікамі Facebook і Instagram пасьля магчымага аб’яднаньня «экстрэмісцкіх сьпісаў», пакуль сказаць складана, прызнаецца юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.

«Што адбываецца ў Расеі з правам і яго парушэньнямі — мяне не надта цікавіць. Калі ў іх забаронены Facebook, то як тады шмат расейцаў сядзяць там, пішуць, камэнтуюць? Мне здаецца, ён працуе там», — кажа юрыст.

На дадзены момант у беларускім сьпісе «экстрэмістаў» больш за 3400 чалавек. У расейскім — 31 асоба. Аднак там налічылі больш за 5 тысяч «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

У Беларусі сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» папаўняецца практычна кожны дзень, цяпер іх пералік займае каля 800 старонак.

Расейскі і беларускі «экстрэмісцкія сьпісы» адрозьніваюцца ня толькі згадкамі пра кампанію Meta. У Расеі, напрыклад, на падставе рашэньня суду экстрэмісцкай арганізацыяй прызнаны «рух ЛГБТ». У Беларусі пра яго забарону пакуль толькі разважаюць на старонках дзяржаўных СМІ.

Чытайце яшчэ:

БАЖ пачаў маніторынг прарасійскай прапаганды на дзяржтэлеканалах Беларусі

Саша Раманава: «Цяпер перыяд ахалоджвання да пратэснага парадку дня і пошуку новых аўдыторый і стратэгій»

«Защиты не предусмотрено» и «мордой в пол». Белорусский юрист и иностранные журналисты обсудили, как за ними следят

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!