• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Калінкіна пра забойства Шарамета: Беларускага следу я тут не бачу

    Святлана Калінкіна распавядае «Белсату», каму прызначалася бомба, ад якой загінуў Павел Шарамет.

    – Паліцыя кажа, што забойства – наўмыснае. Пытанне: каму прызначалася гэтая бомба – Прытуле ці Шарамету?

    – Мне цяжка сказаць. Але паводле водгукаў украінскіх калег і палітыкаў, Павел не быў нейкім злосным, апантаным журналістам, таму я не думаю, што менавіта яго маглі ўзрываць. Ну, калі толькі расейскі след: Павел моцна сябраваў з Барысам Нямцовым, у іх былі сумесныя праекты – і не адзін. Жалобную цырымонію пахавання Нямцова вёў менавіта Шарамет.

    Калі [разглядаць] украінскі – мне падаецца, што ў такім выпадку малаімаверна, што мэтай быў Павел.

    – Наколькі важная фігура ўва ўкраінскай журналістыцы ягоная грамадзянская жонка Алена Прытула, у машыне якой адбыўся выбух?

    – Яны была галоўнай сведкай паводле справы гібелі Гангадзэ. Да нядаўняга часу яна была галоўнай рэдактаркай «Украінскай праўды», аднаго з самых уплывовых сайтаў Украіны. Гэта вельмі вядомая асоба.

    – Прытула і Шарамет апошнім часам скардзіліся, што за імі сочаць. Ці можа ён нешта распавядаў вам на гэты конт?

    – На гэты конт у нас не было ніякіх размоваў.

    – Каму была патрэбная смерць Шарамета, калі ўявіць, што бомба была для яго?

    – Магчыма, для таго, каб дэстабілізаваць сітуацыю ўва Украіне. Шарамет – грамадзянін Расеі, бо беларускага грамадзянства яго ў свой час пазбавіў Аляксандр Лукашэнка. Калі апошнім часам ува Украіне было больш-менш ціха – нешта такое было патрэбным тым, каму не хочацца поспеху Парашэнкі і рэформаў ува Украіне.

    Гэта могуць быць разборкі паміж алігархамі, бо ўва Украіне ўсе медыі так ці інакш бліжэйшыя да таго або іншага алігарха.

    – Ці айчынныя журналісты не глядзяць на смерць Шарамета як на спробу застрашыць беларускую журналісцкую супольнасць?

    Я пакуль не бачу беларускага следу. Мяркую, што гэтай справе бліжэй да тых краінаў, дзе апошнім часам працаваў Павел – Расеі і Украіне. Што можна сказаць з Менску? Шкада. Гэта быў адзін з самых, а магчыма і самы яскравы прадстаўнік нашай прафесіі. Шкада, што ён не меў магчымасці працаваць у Беларусі, а вымушаны быў з’язджаць адсюль. Шкада, што мы губляем самых таленавітых, самых яскравых – менавіта яны больш за ўсё рызыкуюць.

    Павел Шарамет. Архіўныя фота (2004 год)

    Апошні артыкул Паўла Шарамета: Мне сорамна, што я падазраваў беларускамоўных у няшчырасці і кан’юнктурнасці

    Заява ГА “БАЖ” з нагоды гібелі Паўла Шарамета

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.