• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэдактары незалежных медыя: “Хочацца пажадаць калегам назапашваць сілы і рэсурсы, каб мы былі гатовыя да новых выклікаў”

    Да Новага года застаюцца літаральна дні. Самы час спытаць у нашых калег, якія працуюць за мяжой для Беларусі і беларусаў, чым быў адметны для іх год, які адыходзіць, што атрымалася, чаго дасягнулі, з якімі надзеямі і марамі чакаюць наступнага — 2023-га.

    Падтрымаць БАЖ праз Patreon

    “Маё жаданне на Новы год — каб нашыя калегі, якія зараз у зняволенні, хутчэй выйшлі на волю”

    Руслан Кулевіч, галоўны рэдактар інфармацыйнага сайта MOST

    Адыходзячы год, напэўна, застанецца адметны тым, што мы стварылі новы інфармацыйны рэсурс — MOST. Мы сталі рупарам беларускай дыяспары ў Беластоку. У нас атрымалася аб’яднаць беларускіх журналістаў, якія пераехалі сюды, і працягнуць працу на карысць беларушчыны.

    Адпрацавалі амаль год як медыя. Канешне, хацелася б лепш, але мы трымаемся на плаву, пішам для беларусаў, робім карысныя гайды. Іх чытаюць шмат беларусаў: як пераехаць, як легалізавацца, як вырашаць дакументальныя справы і г. д.

    Адным словам, мы будуем мост паміж Польшчай і Беларуссю, Беластокам і Гародняй. Гэта такі інфармацыйны мост паміж двума рэгіёнамі, павязанымі гісторыяй, культурай, бізнесам, турызмам. Цяпер стасункі вельмі нацягнутыя. 

    Яшчэ ў гэтым годзе ўдалося адкрыць каворкінг для беларускіх медыйшчыкаў у Беластоку. Гэта таксама вельмі важна — сустракацца, абмяркоўваць, планаваць і рабіць нейкія праекты.

    Планы на наступны год… Працягваць рабіць сваю справу — пісаць, расказваць, падтрымліваць беларускіх журналістаў. Апора ўжо ёсць, далей пабачым, што будзе.

    У прафесійным плане хацелася б развівацца, каб было больш трэнінгаў ад Беларускай асацыяцыі журналістаў і не толькі, каб вучыцца, станавіцца больш прафесійнымі і рабіць якасны кантэнт. Ну і канешне, далей дапамагаць беларусам, каму патрэбна наша дапамога.

    У асабістым жыцці… Хацелася б больш часу надаваць спорту, больш бегаць. Чакаю вясну, каб ставіць новыя асабістыя рэкорды ў гэтым рэчышчы. У гэтым годзе мы прабеглі з жонкай і паўмарафон, і марафон.

    Мая асноўная мара на Новы год — каб нашыя калегі, якія зараз у зняволенні,  хутчэй выйшлі на волю.

    Журналісты —  не злачынцы!  Мы робім сваю справу, за што нас і караюць. На жаль, колькасць пакараных не паменшаецца…

    Даведка. Руслан Кулевіч, былы журналіст інтэрнэт-выдання Hrodna.life, быў затрыманы 11 жніўня 2020 года і моцна збіты АМАПаўцамі. Па рашэнні суддзі павінен быў адбываць 7 сутак адміністрацыйнага арышту, але намаганнямі адваката выйшаў на волю праз тры дні. Пасля лекары выявілі ў Руслана закрытыя пераломы кісцяў рук, закрытую чэрапна-мазгавую траўму і страсенне мозгу. Пасля выхаду з бальніцы на журналіста пачалася сапраўдная аблава прапагандыстаў. Руслан быў вымушаны з’ехаць за мяжу.

    «2022 год стаў сапраўдным кашмарам для беларускай журналістыкі»

    Настасся Роўда, дырэктар выдання “Наша Ніва”

    Трэба сказаць, што 2022 год стаў сапраўдным кашмарам для беларускай журналістыкі. Журналістаў не толькі не перасталі саджаць у турмы, на іх пачалі навешваць абсурдныя абвінавачанні і даваць драконаўскія тэрміны. І мы ўсё яшчэ не можам вярнуцца дамоў.

    Апроч нашай драмы, якая цягнецца з 2020-га, амаль увесь гэты год мы жывём вайной. Я б сказала, што 2022-гі — год кепскіх навін, ад якіх мы ўсе вельмі моцна стаміліся. Гэта не азначае, што не было нічога добрага і пазітыўнага. Канечне, было. Але, хутчэй, у прыватным жыцці, у чалавечых стасунках, у падтрымцы, у салідарнасці.

    Для нашай каманды 2022-гі стаў годам вяртання ў відэа.

    Нядаўна мы запусцілі наш базавы праект — навіны на канале «Наша Ніва NEWS», мы шмат відэа робім для цік-тока. І ў наступным годзе будзем працягваць развіваць відэанапрамак.

    У новы 2023 год я іду з думкай, што заўжды можа стаць яшчэ горш. Таму варта да гэтага рыхтавацца. І як бы ні было складана зараз — назапашваць сілы і рэсурсы, каб, калі нам давядзецца змагацца з новымі выклікамі, мы былі да гэтага гатовыя.

    Даведка. 8 ліпеня 2021 года ў Беларусі быў абмежаваны доступ да сайта выдання nn.by. У той жа дзень у шэрагу супрацоўнікаў “Нашай Нівы» прайшлі ператрусы. У ліпені выданне спыніла працу ў краіне, патлумачыўшы рашэнне меркаваннямі бяспекі. Яго кіраўніца Настасся Роўда паведаміла пра намер адрадзіць медыя за межамі Беларусі. У студзені 2022 года «Наша Ніва» і ўсе яе інтэрнэт-рэсурсы былі ўключаны ўладамі ў спіс «экстрэміскіх фармаванняў».

    “Мэта года – заставацца апорай беларушчыны”

    Аляксей Дзікавіцкі, намеснік дырэктара Белсат TV

    Самае страшнае, што здарылася ў гэтым годзе, — гэта  напад Расіі на Украіну. Вайна наклала адбітак на ўсю працу «Белсата».

    Наша каманда, якая разлічаная на 2–2,5 гадзіны жывога вяшчання, вяла эфір па 12–16 гадзін у суткі. Так працавалі месяцамі. Спалі тут, у студыі, у ньюс-руме…

    Але людзі вытрымалі такое выпрабаванне.

    Яшчэ адно пачынанне года, які сыходзіць,  пачатак вяшчання на дзвюх мовах. Нягледзячы на супярэчлівасць і нават крытыку гэтага рашэння, яно аказалася правільным. Зараз на беларускамоўным канале ў YouTube паўмільёна падпісчыкаў. А на рускамоўны па стане на 27 снежня падпісаўся мільённы глядач! Што цікава, амаль палова нашых падпісчыкаў і гледачоў з Расіі. Лічу, што гэта вельмі істотна: даваць і расійскай аўдыторыі інфармацыю. Спадзяюся, гэта дапаможа ім зразумець, што ўяўляе з сябе расійскі ўрад, што адбываецца на самой справе ва Украіне. Можа, менавіта мы дапамагаем людзям змяніць свой погляд на гэтую вайну.

    Яшчэ адно выпрабаванне года гэта рэлакацыя нашых людзей з Украіны. Калі «Белсат» быў прызнаны “экстрэмісцкім” медыя, шмат нашых супрацоўнікаў выехалі ва Украіну. А калі пачалася вайна, то дзясяткі людзей трэба было рэлакаваць з Украіны. Вельмі цяжкай была гэтая задача.

    Сёлета мы паставілі сабе мэту ахапіць увесь наш рэгіён  вяшчаць для шматлікіх краін, а не толькі на Беларусь, Украіну і Расію.

    У нас ёсць падпісчыкі з Арменіі, Грузіі, Казахстана, Малдовы. Таму ёсць патрэба пашыраць вяшчанне і на іх. Вось над гэтым мы зараз працуем.

    Мы пачалі гэты шлях і будзем далей рухацца. Не забываючы пра тое, што перадусім мы вяшчаем для Беларусі.

    Пра асабістыя планы пры такім напружаным графіку няма чаго казаць. Ну, можа вось толькі неяк адзначыць у студзені 50-ты дзень народзінаў…

    У прафесійным плане галоўная задача будучага года — рабіць сваю працу яшчэ больш якасна. У нас шмат новых супрацоўнікаў, яны ўсе мусяць канчаткова ўліцца ў вытворчы працэс, стаць больш прафесійнымі.

    Мэта года заставацца апорай беларушчыны не толькі ў інфармацыйным плане, але і ў іншых напрамках: рабіць якасныя гістарычныя, культурніцкія, асветніцкія праграмы.

    Мы часта не ўсведамляем сабе, што на фронце інфармацыйнай барацьбы, асабліва калі гамонка ідзе пра тэлебачанне, альтэрнатывы для гледачоў не так і шмат. Расійская прапаганда вельмі моцная, там не шкадуюць на гэта сродкаў. А на баку, так бы мовіць, светлых сілаў байцоў не так шмат. Таму нам трэба працаваць яшчэ больш эфектыўна, распаўсюджваць наш прадукт усімі даступнымі сродкамі YouTube, сацсеткі, іншыя каналы, дзе толькі гэта магчыма.

    Што пажадаць пад Новы год? Беларусам, сваім землякам я жадаю, каб Беларусь не сталася паўнавартаснай часткай вайны, каб беларускія жаўнеры не пайшлі ва Украіну. Гэта будзе праклён, нам гэтага доўга не даруюць…

    Калегам жадаю, каб мы як мага хутчэй прыйшлі да таго часу, калі з незалежных крыніц інфармацыі будуць несціся прыемныя навіны пра навуковыя адкрыцці, чалавечыя дасягненні, літаратурныя навінкі, а не пра рэпрэсіі, вайну, забойствы, турмы.

    Даведка. МУС Беларусі забараніла дзейнасць сеткавых рэсурсаў тэлеканала «Белсат», уключыўшы іх, як і большасць айчынных незалежных медыя, у спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў».

    “Хачу абняць усіх сваіх сяброў, усю рэдакцыю на сваё 55-годдзе”

    Аксана Колб, галоўная рэдактарка газеты “Новы Час”

    Чым запомніцца мне гэты год? Самымі страшнымі падзеямі: вайной, турмой, ад’ездам з Беларусі.

    Што радуе і надае сілы атрымалася захаваць і павялічыць каманду.

    Асаблівы гонар — гэта, канешна, людзі. У нас зараз шмат цудоўных таленавітых аўтараў. Значная частка з іх дасюль застаюцца ў Беларусі. Іншыя раз’ехаліся па свеце: Грузія, Літва, Украіна, Польшча, Італія, Латвія.

    У нас ёсць цудоўны цыкл фотагісторый «Беларусь, якая чакае. Літаратурная», дзе мы праходзім сцежкамі герояў вядомых твораў беларускіх пісьменнікаў: Ганны Севярынец, Марыі Мартысевіч, Уладзіміра Арлова, Севярына Квяткоўскага і іншых.

    Нам зараз вельмі не хапае жывога кантакту, таго, што было ў Беларусі штодзень — нашых сустрэч і размоў пра ўсё пад добрае віно і асяцінскія пірагі.

    Але нягледзячы ні на што, усведамленне таго, што наша праца камусьці трэба, надае сілы ісці далей.

    Яшчэ з радасцей года вазваленне Херсона і іншых гарадоў Украіны. 

    Што засмучала? Тое, як вяліся людзі, і ў тым ліку журналісты, на гэбэшныя ўкіды і разводзілі «с*ачы».

    На наступны год мой план нарэшце не мець ніякіх планаў і паспрабаваць жыць без гэтага. А вось мара ёсць. Хачу абняць усіх сваіх сяброў  а гэта значыць, і ўсю рэдакцыю  на сваё 55-годдзе.

    А яшчэ абавязкова зрабіць тэрасу вакол нашага саламянага дома ў Беларусі!

    Даведка. Аксана Колб была затрыманая 20 красавіка 2022 года. Забіраць жанчыну з яе кватэры прыязджала група сілавікоў са шчытамі і кувалдамі. Ёй прад’явілі абвінавачанне ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх». 15 чэрвеня спадарыню Аксану асудзілі на 2,5 гады «хіміі». Журналістка пакінула Беларусь.

    Чытайце яшчэ:

    2022 год прайшоў пад знакам працягу рэпрэсій супраць журналістаў

    “Адчуваюць сябе нядрэнна, наколькі гэта магчыма ў зняволенні” — З чым ідуць у новы год нашы калегі-палітвязні

    Журналісты рэгіянальных медыя: «Для многіх нашых чытачоў важна хаця б ведаць, што незалежныя СМІ яшчэ існуюць»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці