• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Шэнгенскі бан для журналіста і праваабаронцы. Як бюракратыя прыводзіць да жыццёвай драмы

    У складаную сітуацыю трапіў магілёўскі журналіст і праваабаронца Алесь Буракоў-старэйшы. Юрыдычная калізія можа абрынуцца жыццёвай драмай. Праз рашэнне польскіх уладаў ён не можа ўязджаць у краіны шэнгенскага пагаджэння, а Грузію, дзе ён знаходзіцца цяпер, давядзецца пакінуць у хуткім часе.

    “Ініцыятарам бану стаў польскі бок, хаця раней я атрымаў візу менавіта ў польскай амбасадзе”

    У лютым 2021 года адбылася першая хваля вобшукаў і затрыманняў сярод праваабаронцаў. У жыллё Алеся Буракова-старэйшага, які раней працаваў фрылансерам на “Белсаце”, радыёстанцыях “Радыё Рацыя”, Deutsche Welle, і таксама да яго бацькоў уварваліся сілавікі. Падчас візіту прадстаўнікоў улады была адабраная тэхніка.

    — Тады я пачаў рыхтавацца да рэлакацыі, — распавядае сам журналіст. — На пачатку сакавіка атрымаў польскую гуманітарную візу, аб якой хадайнічала праваабарончая арганізацыя.

    Трэба дадаць, што з 2020 года журналіст двойчы адбываў адміністрацыйны арышт, пра што паведамлялі ў тым ліку польскія СМІ. То бок падставы для атрымання гуманітарнай (нацыянальнай) візы былі.

    Ніякіх бюракратычных праблем падчас афармлення дакументаў не ўзнікала — у пашпарт уклеілі візу на год.

    Але так сталася, што праваабарончая арганізацыя рэлацыравалася ў Вільню. Каб працаваць легальна, прыйшлося паўторна прайсці тую ж самую працэдуру і падаваць дакументы на гэты раз на літоўскую візу.

    — У траўні я звярнуўся ў літоўскую амбасаду ў Мінску, дзе мне абвесцілі нечаканае, — уздыхае Алесь Буракоў-старэйшы. — Адсканаваўшы пашпарт, супрацоўніца консульскага аддзела паведаміла, што я знаходжуся ў “чырвонай зоне”. Для яе самой гэта была поўная нечаканасць. Яна адразу ж стала ўдакладняць, што здарылася. Высветлілася, што ініцыятарам бану стаў польскі бок, хаця раней я атрымаў візу менавіта ў польскай амбасадзе.

    На некаторы час высвятленне юрыдычнай калізіі давялося адкласці: журналіст займаўся прафесійнымі справамі. У траўні 2021 года падчас судовага пасяджэння над палітыкам Паўлам Севярынцам яго затрымалі і прызначылі дваццаць сутак арышту.

    — Калі я выйшаў на свабоду, з юрыстам Алесем Міхалевічам мы зрабілі запыт у еўрапейскія органы правапарадку, — працягвае суразмоўца. — Там адказалі, што сапраўды маё імя знаходзіцца ў базе SIS (Шэнгенская інфармацыйная сістэма, якая выкарыстоўваецца для мер бяспекі — Аўт.), аднак звестак мала — вядомы нумар справы і больш нічога.

    Адзіным магчымым напрамкам для ратавання стала Грузія

    Улетку 2021 года падзеі развіваліся імкліва. Пасля другой хвалі ператрусаў ды затрыманняў журналістаў і праваабаронцаў Алесь Буракоў-старэйшы вырашыў з’язджаць з Беларусі. Але куды?

    Справа ў тым, што забарона праз базу SIS распаўсюджваецца не толькі на ўезд ў Польшчу, але і на астатнія краіны шэнгенскай зоны. То бок амаль на ўсю Еўропу.

    Хаця праваабаронцу чакаюць у Бельгіі, Германіі, Літве, ён ніяк не можа туды трапіць.

    — Каманда 6TVby, з якой я працаваў на той момант, пераехала ў Польшчу. Яна, дарэчы, ужо паспела атрымаць жэнеўскія пашпарты ўцекачоў, — расказвае Алесь Буракоў-старэйшы. — У планах было працягваць працу, для мяне нават замовілі жыллё. Аднак пакуль маё імя ў сістэме SIS, краіны шэнгенскай зоны не могуць даць мне візу.

    Фактычна адзіным напрамкам, куды змог з’ехаць журналіст і адкуль яго б не дэпартавалі, стала Грузія. У сярэдзіне ліпеня 2021 года самалёт з праваабаронцам на борце сеў у Тбілісі.

    Аказаўшыся ў адноснай небяспецы, Алесь Буракоў-старэйшы стаў высвятляць, у чым справа. Двойчы праз прадстаўнікоў падаваў запыт да ўладаў Польшчы. Яшчэ была малая надзея, што гэта нейкая недарэчнасць альбо тэхнічная памылка.

    Але адказы не пакідалі шанцаў: з сістэмы SIS імя журналіста выкрэсліваць адмовіліся, прычыну ўнясення не ўдакладнілі, спаслаўшыся на забарону разгалошваць персанальныя звесткі.

    Журналіст выкарыстоўваў усе магчымасці, каб паўплываць на сітуацыю. Нават звярнуўся да прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл. Аднак па неафіцыйных каналах таксама вырашыць праблему не атрымался — усе толькі разводзілі рукамі.

    Ёсць здагадка, чаму так атрымалася

    Нягледзячы на таямнічыя матывы ўладаў Польшчы, Алесь Буракоў-старэйшы здагадваецца, што магло стаць падставай для ўнясення яго ў візавы бан.

    — У сярэдзіне 2000‑х падчас журналісцкай дзейнасці адбыўся даволі сур’ёзны канфлікт, звязаны з выкарыстаннем грошай на абсталяванне. Гэта адбывалася ў Польшчы, — расказвае журналіст. — Я стаў аўтарам ліста, які мы даслалі ў Міністэрства замежных спраў Польшчы, што фінансавала праект.

    Канфлікт скончыўся тым, што абсталяванне тэрмінова закупілі, але ж у хуткім часе, калі рэпарцёр накіроўвася ў Варшаву, яго спынілі на мяжы і анулявалі візу.

    — Я лічу, што гэта была помста за прынцыповую пазіцыю з боку кіраўнікоў праекта, — кажа Алесь Буракоў-старэйшы. — У выніку я не мог тры гады ездзіць у Польшчу. Мы рабілі запыты ў афіцыяльныя ўстановы, аднак адказы былі тыповыя: нічога тлумачыць не мусім, ініцыятараў унясення звестак не выкрываем.

    Тая сітуація так і скончылася нічым. З 2014 года журналіст атрымаў некалькі шэнгенскіх віз у амбасадзе Літвы, спакойна перасякаў мяжу і наведваў краіны Еўрасаюза.

    Хто мог прадбачыць, што гісторыя мінулых гадоў адгукнецца, калі рэпарцёру будзе пагражаць небяспека і спатрэбіцца тэрмінова з’язджаць з Беларусі.

    — Цяпер у мяне заканчваецца тэрмін дзеяння пашпарта, які я ўжо працягваў, — гаворыць журналіст. — У хуткім часе я мушу выехаць за межы Грузіі, як таго патрабуюць законы гэтай краіны. А вось ці змагу вярнуцца назад, я не ўпэўнены.

    Такім чынам рэпарцёр апынуўся ў складанай сітуацыі: у Беларусі пагражае пераслед і зняволенне, у шэнгенскую зону не пускаюць, другія краіны статус уцекача не выдаюць, а з некаторых яго могуць увогуле дэпартаваць у РБ.

    “Гэта даволі рэдкі выпадак, калі імя журналіста ўносяць у асобны спіс”

    Засталася апошняя магчымасць — аспрэчваць рашэнне ў польскім судзе.

    — Уключэнне ў базу SIS для не грамадзяніна Еўрапейскага Саюза звычайна раўназначна забароне ўезда ў ЕС на гады, — каментуе сітуацыю юрыст Алесь Міхалевіч. — З аднаго боку, цяжка адмаўляць права спецслужбаў краін уносіць замежных грамадзян у такі спіс. З іншага — мусіць існаваць эфектыўны судовы механізм, каб не дапусціць злоўжыванняў.

    На вялікі жаль, адзначае юрыст, судовы механізм пакуль не заўсёды эфектыўны.

    Новай нечаканасцю стала тое, што большасць польскіх адвакатаў адмаўлялася брацца за гэты кейс.

    Адны шчыра казалі, што не ведаюць гэтага заканадаўства. Другія палічылі справу мёртвай. Трэція наўпрост адмаўляліся: выбачай, я не магу.

    Як кажа Алесь Буракоў-старэйшы, для яго гэта стратэгічная справа. Ён адзначае ролю Беларускай асацыяцыі журналістаў, якая не засталася ў баку і спрыяе вырашэнню праблемы.

    — Здзіўленне выклікае тое, што мы доўгі час не можам даведацца, на якіх абставінах польскія ўлады прынялі рашэнне аб такім жорсткім абмежаванні і па якім механізме яго можна абскардзіць, — звяртае ўвагу юрыст, намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў. — Гэта даволі рэдкі выпадак, калі імя журналіста ўносяць у асобны спіс людзей, якім забаронена наведваць еўрапейскую краіну.

    На яго думку польскія ўлады маглі не паведамляць, што прынята рашэнне аб візавым бане, аднак адказаць на запыт журналіста маглі б больш змястоўна, назваўшы рэальную прычыну.

    Зараз справай займаюцца польскія адвакаты, якія усё ж такі ўзяліся за гэты кейс. Яны не хаваюць, што лічаць шанцы невялікімі. Аднак выкарыстаць хоць адзіную магчымасць гатовыя.

    — Мы ніколі не пакідаем сяброў БАЖ і заўсёды застаемся побач з Алесем Бураковым-старэйшым, — падкрэслівае Алег Агееў. — Выкарыстаць усе магчымасці — наша прынцыповая пазіцыя.

    Пакуль юрысты змагаюцца за правы магілёўскага журналіста, ён сам застаецца ў Грузіі.

    Чытайце яшчэ:

    Аляксандр Буракоў: “Гэта быў не вобшук, а пагром”

    Аляксандр Буракоў: Нехта атрымае прэмію з рук кіраўніка дзяржавы за сваю працу, а нехта — штраф

    Дэбаты ў Магілёве. “Палітыкі vs журналісты: як узаемадзейнічаць?”

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Акцэнты

    «Нават збеглую, нават іх прыхільніцу». Прапаганда пераконвае беларусаў, што трэба вяртацца дадому, выкарыстоўваючы гісторыю згвалтавання ў Варшаве

    06.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці