• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Шмат відэапраектаў, новыя сайты і інтэрнэт-кнігарня. Якія медыйныя праекты з’явіліся ў беларускай інфапрасторы ў другой палове 2023-га

    Новыя відэапраекты, падкасты, сайты, інтэрнэт-кнігарня… Па выніках першай паловы 2023-га мы ўжо рабілі агляд новых медыйных праектаў. Другая палова паўгоддзя была не менш насычанай. Узгадваем, што дэбютавала ў беларускай інфармацыйнай прасторы.

    Вечаровае шоў Сяргея Чалага

    Безумоўна, адной з галоўных падзей у другой палове 2023-га стала прэм’ера шоў вядомага аналітыка. Як анансавалася, праект прадугледжваў фармат амерыканскіх вечаровых лайт-шоў з гасцямі ў студыі.

    На момант публікацыі на YouTube-канале «Чалый LIVE», дзе амаль 60 тысяч падпісчыкаў, выйшлі чатыры выпускі. Сапраўды, атрымаўся новы прадукт для беларускай інфармацыйнай прасторы, дзе ёсць месца для фірмовай аналітыкі вядоўцы, гутарак пра культуру і нават расследаванняў.

    Кулінарная перадача «Перетрём с Халезиным»

    Тэатральны рэжысёр Мікалай Халезін, які ў 1990‑я працаваў журналістам у незалежных медыях, абвясціў пра запуск YouTube-праекта «Перетрём с Халезиным». Разам з гасцямі ён гатуе ежу і абмяркоўвае падзеі ў культуры, палітыцы, медыцыне. Суаўтарка ідэі — жонка рэжысёра Наталля Каляда.

    Героямі відэа звычайна выступаюць журналісты, музыкі, спартоўцы. На дадзены момант выйшла больш за 10 ролікаў, колькасць падпісчыкаў вось-вось дасягне 1000 чалавек. Хоць самі выпускі звычайна глядзяць істотна больш карыстальнікаў відэаплатформы.

    YouTube-канал «Алесь Чахоўскі | Беларускі вайб»

    Яшчэ адзін дэбют аўтарскага відэапраекта ад медыйнай асобы — «Алесь Чахоўскі | Беларускі вайб». Як няцяжка здагадацца, яго вядоўца — прадзюсер Алесь Чахоўскі, які паспеў зрабіць 7 ролікаў з ЗША і Польшчы, дзе сустракаўся з цікавымі беларусамі і не толькі.

    — Запрашаю выправіцца са мной у падарожжа па свеце, — так прэзентуе свой праект Алесь Чахоўскі. — Сустрэнемся з класнымі беларусамі і беларускамі. Паглядзім, чым жывуць і чаму ганарацца тым, што завуцца беларусамі. Высветлім, што ёсць для іх беларускасць сёння і якім чынам яны ствараюць свой беларускі вайб па-за межамі Беларусі. Акрамя таго, сустрэнемся з людзьмі іншых нацыянальнасцяў з беларускімі альбо небеларускімі каранямі. Запытаемся ў іх, што яны ведаюць пра нас і ці згодныя з тым, што беларусы і беларускі сексі. А таксама зафіксуем рэакцыі замежнікаў на беларускае мастацтва і музыку. Адным словам — адчуйма беларускі вайб у свеце! З вас падабайкі і падпіска, з мяне — файны і пазітыўны кантэнт.

    Сумарная колькасць праглядаў на YouTube-канале набліжаецца да 50 тысяч.

    Сатырычны праект «Пол первого»

    Адна з апошніх навінак — YouTube-канал «Пол первого» (назва намякае на неафіцыйны Telegram-канал прэс-службы Лукашэнкі). Вядоўцам выступае сабака пароды шпіц, які размаўляе на беларускія тэмы з рознымі гасцямі. Героямі ўжо пабывалі стэндап-комік Павел Радзевіч, блогер і журналіст Мікіта Мелказёраў, юрыстка офіса Святланы Ціханоўскай Крысціна Рыхтэр.

    — Мая праца перадусім накіраваная на тых, хто застаўся, — ставіў сабе такую мэту аўтар праекта. — Там у асноўным кажуць, што беларусы ў Польшчы галадаюць, мерзнуць, не знаходзяць сабе ўласнага месца. Вось, я прыйшоў і зараз буду высвятляць, ці гэта так. Адна справа — калі табе штосьці гавораць па тэлевізары, а іншая — самому прыехаць і ўсё праверыць праз размовы з рознымі людзьмі.

    Цяпер на YouTube-канал падпісаныя больш за 100 чалавек, колькасць праглядаў кожнага з ролікаў прыбліжаецца да тысячы.

    ПРЫ ПАДТРЫМЦЫ ЧЫТАЧОЎ | PATREON

    Гумарыстычная праграма «Еўраначос» ад Маргарыты Ляўчук

    Яшчэ адзін сатырычны праект, які з’явіўся ў другой палове 2023-га — YouTube-канал «еўраначОс». Яго вядоўца — оперная спявачка Маргарыта Ляўчук, якая таксама вядома ў межах праекта «Красная зелень» у вобразе Яленаўны. Гэты ж персанаж выступае ў новым праекце.

    — Паколькі ніхто лепш за мяне не разбіраецца ў сусветнай абстаноўцы вакол Беларусі, мяне вырашылі адправіць сюды (на Захад), каб я запусціла першае самае залежнае медыя ў свеце, — распавяла гераіня Ляўчук у першым выпуску.

    Відэа ад «Еўраначосу» сумарна праглядзела больш за 185 тысяч чалавек. На канале ў дадзены момант 8 ролікаў.

    Інфармацыйна-аналітычны праект Prostyja rečy

    У кастрычніку 2023 года быў абвешчаны запуск новага праекта ад Free Belarus Cen­ter, які прысвечаны каментаванню актуальных падзей. Напрыклад, за кошт чаго працягвае трымацца беларуская эканоміка ці колькі медыкаў з’ехала з Беларусі за апошнія гады. Героямі ролікаў ужо сталі эканаміст Уладзімір Кавалкін, каардынатарка ByMed­Sol Лідзія Тарасенка, былы дыпламат Павел Слюнькін, аналітык Арцём Шрайбман і інш.

    — Гэта кароткія відэа з экспертамі і эксперткамі, якія дапамогуць разабрацца ў складаных сацыяльна-палітычных з’явах. Простай мовай мы адказваем на пытанні, датычныя няпростых тэм, часам на наіўныя ці стэрэатыпныя, але важныя — таму што базу трэба ведаць, — абяцаюць аўтары праекта.

    Free Belarus Cen­ter — гэта незалежная грамадская ініцыятыва, створаная для аказання гуманітарнай падтрымкі людзям, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь, інфармацыйнага асвятлення і забеспячэння міжнароднай рэакцыі на рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, распачатыя ў перыяд прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

    Серыя ролікаў пра стэрэатыпы аб беларусах «Хрусь і папалам»

    Блогер «daro­ha» (Валер Руселік) распачаў даволі цікавы праект «Хрусь і папалам», які прысвечаны стэрэатыпам пра беларусаў: хто мы такія — кшталту лапці, вёска, адмовіліся ад сваёй мовы і г. д. Іншымі словамі пра тое, што нам часам накідваюць.

    — Я з гэтай ідэяй прыбіўся да культурна-асветніцкага партала «Будзьма беларусамі!», мне здаецца, гэта на сёння найбольш аптымальная пляцоўка, якая якраз спецыялізуецца на тэме беларушчыны, там ёсць шэраг праектаў для ўсіх узростаў, — расказваў аўтар. — Стэрэатыпы пра беларусаў ёсць даўно, ёсць і каторыя мы чуем з 1994 года. Пра тое, прыкладам, што «белорусский язык — бедный язык, есть только два великих языка: русский и английский». Актуалізуюцца стэрэатыпы ў час, калі ў Беларусі з’яўляюцца звар’яцелыя Бондаравы і не толькі, калі Прыдыбайла расказвае, якія беларусы дрэнныя, калі Караеў нешта такое ж пра нас…

    У межах праекта выйшла ўжо 6 відэа, якія сабралі ад 6 да 16 тысяч праглядаў.

    YouTube-канал пра гісторыю «Загляне сонца»

    Журналіст і блогер Мікіта Мелказёраў вядомы як вядоўца YouTube-канала «Жыццё-маліна», але некалькі месяцаў таму ён распачаў праект пра гісторыю Беларусі і адразу ж трапіў у скандал. Справа ў назве. Высветлілася, што спалучэнне «Кайлі Міндоўг» прыдумала дызайнерка Караліна Палякова, і яна была супраць ужывання назвы ў межах новага праекта.

    Хутка Мікіта Мелказёраў выбачыўся і змяніў назву праекта на «Загляне сонца». Цяпер на YouTube-канал падпісаныя больш за 6 тысяч чалавек, хаця звычайна ролікі збіраюць нашмат больш праглядаў. У апошніх выпусках вядоўца распавядаў пра Андрэя Грамыку, які нарадзіўся ў Беларусі і доўгі час быў міністрам замежных спраў СССР, пра турму на вуліцы Валадарскага ў Мінску і пра жорсткае падаўленне мірнага шпацыру на пачатку ХХ стагоддзя.

    Відэапраект пра жыццё беларускай дыяспары ў ЗША (і не толькі) «Беларускі крок»

    Журналіст Алесь Пазняк пасля 2020 года з’ехаў у ЗША і нядаўна стварыў YouTube-канал пра дыяспару «Беларускі крок».

    — Беларускі таму, што кантэнт ствараецца для беларусаў і на роднай мове, — тлумачыць аўтар. — А крок, бо наша жыццё — падарожжа, мы ўвесь час кудысьці крочым, бяжым, ляцім.

    У ЗША даволі вялікая беларуская дыяспара. Таму, як кажа журналіст, гістарычных, культурных, рэлігійных тэм для ролікаў хапае. Канешне, гэта не хайповая фактура, але Алесь Пазняк падыходзіць да гэтага пытання аптымістычна: папулярнасць — суб’ектыўная катэгорыя, час пакажа…

    — Цяпер тут шмат беларускіх суполак, ладзіцца многа мерапрыемстваў, — адзначае рэпарцёр. — Ёсць паваенная эміграцыя, нядаўна ў дыяспару ўлілася новая хваля. Таму івэнты адбываюцца амаль штотыдзень, хай і ў розных штатах.

    Адзін з апошніх ролікаў — гэта інтэрв’ю з цёзкам па прозвішчы вядоўцы Зянонам Пазняком. Які ён у жыцці? Чым захапляецца? З кім сябруе? Якой бачыць Беларусь пасля 28 гадоў эміграцыі? Такія пытанні ўздымаліся падчас гутаркі.

    Сайт інфармагенцтва «Позірк»

    У кастрычніку 2023 года інфармагенцтва «Позірк», якое было створанае былой камандай БелаПАН і Naviny.by, абвесціла пра тое, што запусціла сайт. Ён мае тры версіі — беларускую, рускую і англійскую.

    — З моманту стварэння [інфармагенцтва «Позірк»] у снежні 2021 года на закрытай стужцы публікавалася інфармацыя для нашых платных падпісчыкаў, а з шырокай аўдыторыяй найболей важнымі і цікавымі навінамі і аналітыкай мы дзяліліся ў Telegram і Face­book, — нагадваюць прадстаўнікі інфармагенцтва. — Са з’яўленнем новага сайта больш нашага кантэнту пра Беларусь будзе даступна шырокай аўдыторыі.

    Цяпер там рэгулярна з’яўляюцца навіны пра Беларусь, актуальныя каментары, інтэрв’ю, аналітыка.

    Інтэрнэт-кнігарня knihauka.com

    Знакамітае выдавецтва «Янушкевіч» цяпер працуе па-за межамі Беларусі. Яго стары сайт быў згублены: нехта знішчыў januskevic.by. Аднаўлення працы ў інтэрнэце давялося пачакаць, але ў жніўні 2023 года адпаведная старонка з’явілася па адрасе knihauka.com.

    — Будуць працаваць зніжкі з прамакодамі, падключаная праграма лаяльнасці для сталых кліентаў. Тут даступная дастаўка ў Вялікабрытанію, Францыю і Іспанію — тое, чаго бракавала ў маркетплэйсе Alle­gro. Падключаныя самыя папулярныя сістэмы аплаты і кур’ерскія службы. З цягам часу гэтая пляцоўка стане асноўнай — менавіта тут будзе адкрывацца папярэдні заказ, выкладвацца навінкі і запускацца разнастайныя акцыі, — абяцалі арганізатары інтэрнэт-кнігарні.

    Адноўленая версія сайта кamunikat.org

    Kamunikat.org — найбуйнейшая беларуская анлайн-бібліятэка. Там сабрана больш за 55 000 кніг, аўдыякніг, газет, часопісаў, відэа і інш. У верасні 2023 года каманда абвесціла, што аднавіла версію сайта.

    — Кіруемся прынцыпам: сабраць у адным месцы тое, што выдадзена па-беларуску альбо пра Беларусь на іншых мовах. Шмат якія кнігі мы маем у фармаце ePub ці mobi, зручным для выкарыстання ў электронных чыталках. Наша мэта — зрабіць беларускую літаратуру больш папулярнай і больш даступнай для беларусаў, — падкрэсліваюць аўтары рэсурсу.

    Аднаўленне сайта дазволіла зрабіць яго максімальна сучасным дзякуючы новаму дызайну і аптымізацыі пад самыя розныя дэвайсы і прылады. Таксама хутчэй сталі загружацца старонкі і выданні.

    Навукова-папулярны часопіс Pamyłka

    Навукова-папулярны часопіс выходзіць на беларускай мове ў Польшчы. Яго стварыла група энтузіястаў, якія папулярызуюць навуку. Аўтарамі ідэі сталі фізік Юрый Адамаў і выкладчыца фізікі Святлана Волчак. Хоць Pamył­ka гэта таксама пра прыродазнаўчыя і тэхнічныя навукі. У ім матэматыка, хімія, біялогія, нават медыцына.

    — Зараз мы робім ужо трэці нумар зіна. Праца над адным нумарам займае 3–4 месяцы. У нас ужо ёсць сталая база падпісчыкаў, у якіх штомесяц з карткі здымаецца пэўная сума грошай — 10 еўра. Гэтыя людзі надаюць устойлівасць праекту, вельмі моцна падтрымліваюць рэдакцыю, — расказвала Святлана Волчак.

    Замовіць друкаваную версію часопіса можна па спасылцы ці атрымаць доступ да PDF.

    Чытайце яшчэ:

    Сайты, YouTube-праекты, аудыяпадкасты. Якія медыйныя праекты з’явіліся ў беларускай інфапрасторы ў 2023‑м

    «Шпіцыяльны погляд на Беларусь і беларусаў»: размова з аўтарам новага відэапраекту «Пол первого»

    «Прашу прабачэння». З‑за скандалу Мікіта Мелказёраў мяняе назву свайго новага гістарычнага праекта

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    Карцер, ПКТ, ШИЗО — что это такое? Как наказывают политзаключенных, которые уже находятся за решеткой

    28.06.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці