• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «У Грузіі пакуль нікога з незалежных журналістаў не пасадзілі, але, баюся, ключавое слова “пакуль”», — рэдактарка Sova.news Марта Ардашэлія

    Ці ёсць у грузінскіх медыя месца беларускім пытанням? Як у топ актуальнага выходзяць адны тэмы, а іншыя, тыя ж беларускія, адыходзяць на трэці план? Чаму нават у сем’ях адбываецца падзел паводле празаходніх і прарасійскіх поглядаў?  Хто і для чаго падлівае смалы ва ўнутраны грамадзянскі канфлікт?

    БАЖ пагаварыў з галоўнай рэдактаркай грузінскага рускамоўнага медыя Sova.news Мартай Ардашэлія.

    Для беларусаў, якія вымушаныя пакідаць краіну праз пераслед уладнага рэжыму і пагроз сваёй свабодзе, адным з варыянтаў, дзе спыніцца, ёсць Грузія. Сярод пераваг гэтай краіны, найперш, ліберальная візавая палітыка. На тэрыторыі Грузіі беларусы могуць бесперапынна знаходзіцца на працягу года, пасля трэба выехаць літаральна на некалькі гадзін, каб «абнуліць» час пражывання.

    Але ўжо ёсць выпадкі, калі беларусам падчас такой працэдуры ў паўторным уездзе адмаўлялі, нягледзячы на наяўнасць у іх працы і нават нерухомасці ў Грузіі. У краіне ва ўладзе цяпер партыя, якая выразна сімпатызуе Расіі, таму адбываецца палярызацыя палітычнага поля. Гэта звязана і з вайной Расіі супраць Украіны, і з унутранай электаральнай кампаніяй у наступным годзе.

    — Чаму было вырашана рабіць Sova.news рускамоўным медыя? І ўвогуле наколькі ў Грузіі распаўсюджаныя рускамоўныя СМІ?

    — У Грузіі гэта нячастая зʼява. Патрэбу ў рускамоўным выданні мы ўбачылі пасля так званай «пяцідзённай вайны» — баявых дзеянняў, якія вяліся ў жніўні 2008 года паміж Грузіяй і самаабвешчанымі рэспублікамі Паўднёвая Асеція і Абхазія пры падтрымцы апошніх Расіяй. Мы ўбачылі, якая моцная расійская прапаганда. Яна ўжо тады пачынала, скажам так, тэставаць усё тое, што мы цяпер бачым падчас вайны ва Украіне.

    Стала відавочным, што грузінскай рэчаіснасці не хапае ў міжнародным журналісцкім парадку дня. Таму мы вырашылі рабіць сваё медыя на рускай мове. Спачатку гэта было ў выглядзе тэлекампаніі «Першы інфармацыйны каўказскі», на якім працавала частка цяперашняй каманды Sova.news. А ў 2014 годзе пасля анэксіі Крыма частка каманды прыняла рашэнне рабіць рускамоўнае незалежнае інтэрнэт-медыя і заснавала Sova.news.

    — Якая ў вас аўдыторыя?

    — Наша аўдыторыя — гэта найперш жыхары Грузіі і акупаваных грузінскіх тэрыторый. Але вайна ва Украіне скарэктавала ранейшую геаграфію, таму зараз наша аўдыторыя — гэта ў тым ліку жыхары Украіны і Расіі. Нас чытаюць усе, хто цікавіцца Грузіяй, хто ведае рускую мову.

    — Моладзь у Грузіі добра ведае англійскую мову, ці запатрабаваная сярод маладых людзей руская мова?

    — Моладзь таксама чытае, але тая, якая па нейкіх жыццёвых абставінах валодае рускай мовай. Гэта ў асноўным людзі, хто разам з бацькамі пакінулі краіну падчас 90‑х, калі тут было вельмі няпроста жыць. Або тыя, хто з’ехаў як бежанцы ў Расію, ва Украіну ці іншыя постсавецкія краіны. Адпаведна, нас чытаюць гэтыя маладыя людзі, а таксама экспаты, якія цяпер жывуць у краіне, — з Беларусі, Расіі, Украіны.

    — У вас шмат навін пра палітыку, менш матэрыялаў з катэгорыі «лайфстайл». Калі займаешся такім сурʼёзным кантэнтам, ці лёгка прывабліваць аўдыторыю?

    — У нашым медыя не толькі палітычная тэматыка, дастаткова і лайфстайла, і сацыяльна-культурных тэм. Але так, пераважае менавіта палітычная тэматыка. Грузія для стэрэатыпнага рускамоўнага чытача — гэта, хутчэй, усё ж віно, даміно, танцы. Але мы расказваем сапраўдную гісторыю культурнай спадчыны Грузіі, спрабуем з даследчыкамі супрацоўнічаць і расказваць пра тое, што гэтай аўдыторыі невядома пра грузінскую культуру.

    На сайце публікуюцца тэкставыя матэрыялы, і ёсць вялізная мультымедыйная частка. Шмат відэарэпартажаў, відэаблогаў, спецпраектаў з інфаграфікай. У прынцыпе, мы робім усё, каб воку падабалася і мозг адукоўваўся. Не абмяжоўваем сябе ў выбары фарматаў, проста робім тое, што цяпер цікава, што «заходзіць» аўдыторыі, і ўвесь час эксперыментуем.

    Sova.news у асноўным працуе ў Face­book і YouTube, таму што ў нас шмат відэакантэнту.

    — У вас ёсць цікавы тлумачальны праект «Амбві». Якая была яго непасрэдная мэта?

    — Праект «Амбві» пра тое, як разумець падзеі, які іх кантэкст. Часта расійскія СМІ асвятляюць падзеі ў Грузіі хаатычна: яны прыязджаюць на акцыі пратэсту, зʼязджаюць назад і не разумеюць, што здарылася і чаму, у што гэта можа выліцца. А мы даем карціну, якая б дапамагла і журналістам, і аўдыторыі лепш разабрацца ў кантэксце, паказваем цікавых спікераў, якія даюць тлумачэнні.

    Гэта такая «explana­to­ry журналістыка», крыху аналітыкі. І мы лічым, што гэты праект карысны для тых, хто цікавіцца крыху больш паглыблена падзеямі на Паўднёвым Каўказе.

    — Ці хапае аўдыторыі, каб на камерцыйнай аснове развівацца? Раскажыце, як наогул у Грузіі зарабляюць медыя — гэта рэклама, спецпраекты?

    — Гэта складаная тэма, таму што грузінскі медыярынак вельмі маленькі, неразвіты, крыху манапалізаваны. Такім незалежным праектам, як Sova.news, даводзіцца выжываць за кошт міжнародных грантавых праграм. Гэта асноўны даход і магчымасць мець штат, офіс, тэхніку. Ёсць прыбытак ад рэкламы, але ён невялікі.

    — Прафесія журналіста ў Грузіі, гаворым пра менавіта незалежныя медыя, мае складанасці? У Беларусі пасля 2020 года незалежных журналістаў пераследуюць, даюць вялізныя турэмныя тэрміны, многія незалежныя СМІ вымушана вывезлі рэдакцыі, супрацоўнікаў з краіны. 

    — Так, мы сябе адчуваем не вельмі спакойна, асабліва цяпер, калі ідзе моцная палярызацыя ў грамадстве, а ўлады імкнуцца абвастрыць сітуацыю. Палітычны дыскурс характарызуецца вельмі жорсткай рыторыкай і адсутнасцю жадання палітычных бакоў працаваць сумесна для мэты, да якой імкнецца краіна.

    На вуліцы могуць напасці на журналіста ці на спікера, які агучвае непадобныя з агульнай урадавай лініяй думкі.

    Таму вельмі непрыемная сітуацыя. Магчыма, тут не збіваюць так моцна, як збілі Алену Мілашыну ў Чачні на пачатку ліпеня, але і ў Грузіі збіваюць журналістаў. Напрыклад, на майго калегу нядаўна напалі недалёка ад працы ў цэнтры Тбілісі. Высветлілася, што адзін з фігурантаў і арганізатараў гэтага нападу — супрацоўнік службы дзяржбяспекі Грузіі. Відавочна, улады пачынаюць прымяняць рэпрэсіўныя інструменты. У незалежнай журналістыцы цяпер не так лёгка, як гэта было раней. Але пакуль яшчэ нікога не пасадзілі, хоць, баюся, што ключавое слова тут «пакуль».

    — Калі ў Грузіі зʼявілася шмат беларусаў пасля падзей 2020 года, гэта было нечакана? Ці ведала грузінскае грамадства, што адбываецца ў Беларусі?

    — Грузінскае грамадства дасведчанае наконт усіх палітычных падзей у свеце і ў рэгіёне, таму гэта было цалкам натуральна, што беларусы шукалі тут прытулак, і ў прынцыпе былі цёпла сустрэтыя.

    — У якім фармаце Sova.news паведамляла пра падзеі 2020-га ў Беларусі?

    — У нашым медыя мы асвятлялі гэтыя падзеі, бо яны ўплываюць на Грузію, настрой перакідваецца. Мы вельмі шмат пісалі пра людзей, якія сюды пераехалі: як сябе тут адчуваюць, ці працуе з імі хто-небудзь, ці дапамагае, ці пагражае. Гэтыя гісторыі асобна ёсць і ў праекце «Амбві».

    — Вы казалі пра тое, што ў жыхароў Грузіі стаўленне да беларусаў было добразычлівае. Ці змянілася нешта пасля пачатку ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну і саўдзелу ў гэтых падзеях рэжыму Лукашэнкі?

    — Мяркую, што пазіцыя да беларусаў, як да народа, тут не змянілася. Усе разумеюць, што ёсць лідар, які адыёзны і які на баку Пуціна. Мне падаецца, у гэтым плане няма непаразумення.

    — Але беларусам даводзілася чуць у Грузіі пытанне кшталту «ну, як там ваш бацька?»

    — У нас да Лукашэнкі ставяцца трошкі з гумарам, недзе як да музейнага экспаната. Падзеі ва Украіне паказалі, што гэта не проста жарты і што гэта такі ж аўтарытарны лідар, як і Пуцін. Магчыма, гэтае разуменне прыйшло ўжо пасля пачатку вайны ва Украіне. Я не ўпэўненая, што гэта зразумела ўся грузінская грамадскасць, у краіне не было даследаванняў на гэтую тэму. Шмат хто разумее, што ён самадур, але мне падаецца, што сурʼёзнага ўсведамлення ўсіх злачынстваў рэжыму тут няма.

    — Пасля пачатку вайны беларусы распавядалі пра цяжкасці з адкрыццём банкаўскіх рахункаў у Грузіі, а ў апошні час пачасціліся выпадкі, калі беларусаў, якія пакідаюць Грузію на час ці робяць так званы «візаран», не пускаюць назад у краіну, хоць яны маюць у краіне нерухомасць, працу.

    — Мне такія выпадкі не вядомыя. Але такое адбываецца з грамадзянамі Расіі, якія прыязджаюць у Грузію, гэта так. У большасці выпадкаў улады гэта тлумачаць пытаннямі пагрозы нацыянальнай бяспецы.

    Як змяняецца стаўленне да расіян?

    — Я магу расказаць пра нейкія тэндэнцыі. Мы публікуем апытанні, якія паказваюць стаўленне грузінаў да расіян, можна паглядзець на сайце, там ёсць лічбы. Ад сябе магу сказаць з гледзішча назіральніка, што побытавых сутычак, пра якія вельмі шмат казалі на пачатку вялікага прытоку расіян, цяпер не назіраецца. Грузіны ўмеюць суіснаваць цывілізавана ў адным грамадстве з рознымі людзьмі. Гэта не ўпершыню адбываецца. Але не значыць, што грузіны задаволеныя станам рэчаў. І гэта ўсё падмацоўваецца таксама лічбамі апытанняў грамадскай думкі. Яшчэ раз скажу, што наўпроставых сутычак, супрацьстаяння і агрэсіі няма.

    Наколькі вайна ва Украіне абудзіла асцярогі грамадзян Грузіі наконт патэнцыйных намераў Расіі на тэрыторыю краіны?

    — Гэтую тэму выкарыстоўвае для маніпуляцый цяпер кіруючая партыя «Грузінская мара». Яна паслядоўна педалюе, што ўсе, хто хоча падтрымліваць Украіну праз палітычныя і эканамічныя санкцыі супраць Расіі, жадаюць новай вайны, адкрыцця другога фронту, трэцяга фронту і гэтак далей. Гэта вялікі кірунак прапаганды, да якога, на жаль, далучылася грузінская ўлада. Так, вядома, небяспека новай вайны ў Грузіі ёсць заўсёды, яна была і да Украіны, да Крыма, увогуле літаральна з першага дня аднаўлення незалежнасці Грузіі.

    Але цікава назіраць за там, як гэты наратыў выкарыстоўваецца прарасійскімі сіламі ў Грузіі, нашай кіруючай партыяй.

    Нават абвінавачваюць Захад у ціску на грузінскія ўлады, нібыта ён патрабуе ад партыі «Грузінская мара» адкрыць тут другі фронт, каб аслабіць Расію.

    Гэта шмат разоў абвяргалася з усіх бакоў, сама ж «Грузінская мара», да слова, ні разу не апублічыла доказы сваім гучным заявам.

    Ці ўплывае на грамадзян Грузіі расійская прапаганда, бо ў краіне не толькі наўпрост даступныя расійскія медыя, але і ўнутры краіны ёсць тыя, хто займае прарасійскія пазіцыі?

    — Магчыма, уплыў не вельмі сурʼёзны, таму што, паводле апытанняў, грамадзян з прарасійскімі настроямі ў Грузіі 8%, тады як 80% хочуць быць у складзе еўрапейскай сямʼі і падтрымліваюць інтэграцыю ў НАТА. Але сумна тое, што «Грузінская мара», якая цяпер мае ўсе рычагі ціску і ўлады, прапагандуе менавіта той наратыў, які мы чуем ад крамлёўскіх лідараў. Такое насаджэнне, магчыма, у пэўны момант прывядзе да нейкага жаданага імі выніку.

    Парламенцкія выбары ў Грузіі праз год, цяпер складаны час для ўсіх, вельмі моцнае напружанне ў грамадстве — сем’і дзеляцца на празаходніх і прарасійскіх, не размаўляюць адзін з адным сябры. Паглядзім да чаго гэта прывядзе ў 2024‑м.

    Незалежныя СМІ, у тым ліку Sova.news сваёй працай імкнуцца супрацьстаяць расійскай прапагандзе, мы асвятляем падзеі, як яны ёсць, не маніпулюем аўдыторыяй.

    — А ці знаходзіцца цяпер у вашым медыя месца для беларускай тэматыкі?

    — Цяпер мы менш асвятляем беларускую тэму. Нядаўна была магчымасць падавацца на грантавую праграму, скіраваную менавіта на асвятленне падзей у Беларусі. Але мы не зусім зразумелі яе актуальнасці, таму не сталі падавацца, нягледзячы на тое, што ўвесь час супрацоўнічаем з арганізацыяй, якая прадстаўляе гэты грант. Цяпер у Грузіі актуальнасць набываюць розныя ўнутраныя моманты, якія непакояць перад выбарамі краіну, плюс Украіна.

    На жаль, у гэтым плане Беларусь крыху адышла нават на трэці план для грузінскай аўдыторыі і для аўдыторыі Sova.news, у прыватнасці.

    Тым не менш, калі нешта вельмі значнае адбываецца, мы спрабуем надаць увагу гэтай тэме. Але руцінным жыццём беларусаў мы не можам цікавіцца, як медыя, якое не сканцэнтраванае канкрэтна на пэўных супольнасцях. Мы грузінскае медыя, не экспатскае, не эмігранцкае. Мы асвятляем тое, што адбываецца ў Грузіі і вакол Грузіі, а не тое, як сваё штодзённае жыццё пражываюць розныя супольнасці, якія сюды рэлакаваліся. Для гэтага ў іх ёсць свае спецыялізаваныя СМІ, свае паблікі, дзе пішуць пра важныя для гэтых людзей падзеі.

    — Ці ёсць сярод вашых аўтараў беларусы?

    — На дадзены момант няма. Быў час, калі мы супрацоўнічалі з журналістамі з Беларусі, якія выехалі ў Грузію, але гэта было нядоўга.

    Чытайце яшчэ:

    МУС прызнаў светлагорскі тэлеканал «Ранак» «экстрэмісцкім фармаваннем»

    «Сёння цана памылак вельмі высокая». Як ва ўмовах эміграцыі і «прававога дэфолту» ў Беларусі працуюць журналісты-расследавальнікі

    Усё, што трапляла ў аб’ектыў, станавілася шэдэўрам. Памёр вядомы фатограф Анатоль Кляшчук

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці