437

Як бяспечна чытаць навіны ў Беларусі

30.11.2023 Крыніца: Новы час

Чытаць навіны ў Беларусі даўно стала небяспечна: большасць медыя прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі», за распаўсюджванне якіх можна атрымаць 15 сутак. І хоць чытанне падпіскай не з'яўляецца, немагчыма спрагназаваць, што будзе, калі ў вашым тэлефоне знойдуць нейкія сляды «экстрэмісцкіх» СМІ. Таму «Медыязона» раіць, як у Беларусі чытаць сумленныя навіны больш бяспечна.

Як засцерагчы свой тэлеграм? Ніякіх падпісак, лайкаў і каментароў

Калі вы знаходзіцеся ў Беларусі і хочаце чытаць у тэлеграме «экстрэмісцкія» каналы, на іх неабавязкова (і непажадана) падпісвацца. Чытаць можна без падпіскі — праз пошук.

Калі вы прачыталі ўсе навіны, не забывайце ачысціць гісторыю пошуку. Для гэтага націсніце на радок пошуку ўверсе экрана, а затым «ачысціць» (або clear).

Улады хочуць адабраць стары дамен. Мы змянілі пошту і сайт!

Не чытайце «экстрэмісцкія» рэсурсы на працы і ў публічных месцах. На камп'ютары трэба чысціць тэчку Telegram desktop, дзе захоўваюцца загружаныя медыяфайлы. На розных камп'ютарах яна можа знаходзіцца ў розных месцах. Пачаць пошук такой тэчкі на Windows можна з «Мой камп'ютар», тэчкі «загрузкі». На macOS — файлавага менеджара Finder.

Калі вы знаходзіцеся ў Беларусі ці перыядычна ездзіце туды, не пакідайце рэакцыі на пасты ў чатах і каналах, не пішыце каментары пад  рэсурсамі, прызнанымі «экстрэмісцкімі», не перасылайце пасты ў публічныя чаты (а ў асабістых і закрытых чатах выдаляйце, калі суразмоўцы прачытаюць).

Вось яшчэ некалькі парад, якія зробяць ваш тэлеграм больш бяспечным:

  • У дыялогах і чатах можна паставіць аўтавыдаленне паведамленняў, каб у выпадку затрымання ў вашых перапісках не знайшлі «экстрэмісцкіх спасылак» (або замест гэтага выдаляць небяспечныя паведамленні ў сябе і суразмоўцы ўручную). За «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» вы можаце атрымаць 15 сутак арышту.

  • Не забывайце перыядычна чысціць кэш. Калі ён неачышчаны, сілавікі могуць адкрыць тэчку з кэшам і ўбачыць фота і відэа з каналаў, якія чытаў карыстальнік. 

  • Для ачысткі зайдзіце ў налады, націсніце «Даныя і сховішча» — «Выкарыстанне сховішча» і «Ачысціць увесь кэш».

  • Усталюйце ў наладах двухфактарную аўтэнтыфікацыю — гэта доўгі пароль на выпадак, калі ваш тэлеграм захочуць узламаць. Пароль трэба запомніць — яго трэба будзе ўводзіць, калі вырашыце залагініць свой тэлеграм на новым тэлефоне або камп'ютары. Кожны раз пры адкрыцці тэлеграма яго ўводзіць не трэба.

  • На гэты выпадак ёсць яшчэ адзін пароль. Ён называецца «хмарны пароль», або «код-пароль». Уводзіць яго трэба кожны раз, калі адкрываеце тэлеграм на сваім тэлефоне — гэта абарона ад непажаданых чытачоў, якія могуць узяць ваш тэлефон.

  • Акрамя таго, праверце іншыя свае сацсеткі — «УКантакце», Instagram, ТыкТок, «Аднакласнікі», Фэйсбук — наконт наяўнасці падпісак і рэпостаў «экстрэмісцкіх каналаў». Калі знойдзеце — выдаляйце.

Выкарыстоўвайце ў браўзеры і на ютуб рэжым «інкогніта»

Пры пераходах па спасылках у браўзеры ўключайце рэжым «інкогніта». У Google Chrome з тэлефона дастаткова націснуць на тры кропкі ў правым куце і адкрыць новую ўкладку ў рэжыме інкогніта. 

У мабільнай праграме Safari зайдзіце ва ўкладкі (кнопка ў ніжнім правым куце), націсніце кнопку ў выглядзе спісу (яна можа называцца «група ўкладак»), выберыце «Прыватны доступ» і націсніце «Гатова». У рэжыме «інкогніта» не захоўваецца гісторыя і кэш браўзера — нічога чысціць не трэба.

У браўзеры Opera націсніце на лагатып у левым верхнім куце і абярыце «Новае прыватнае акно». 

У Firefox для актывацыі рэжыму «інкогніта» націсніце тры кропкі ў верхнім правым куце і клікніце на «Прыватны».

Калі вы выкарыстоўваеце звычайны рэжым, то абавязкова чысціце гісторыю і кэш браўзера.

Рэжым «інкогніта» таксама існуе і ў ютубе. Пры працы гэтага рэжыму гісторыя пошуку і праглядаў не захоўваецца, а падборкі і рэкамендацыі складаюцца без уліку вашых падпісак і прагледжаных раней відэа.

Уключыць рэжым «інкогніта» можна толькі ў дадатку ютуба на тэлефоне. Для гэтага націсніце на свой уліковы запіс уверсе і ўключыце рэжым «інкогніта» ў наладах. Калі вы праглядаеце ролікі ў звычайным рэжыме, не забывайце чысціць гісторыю пошуку, лайкі і падпіскі:

  • Націсніце на значок свайго профілю ў Gоogle;

  • Націсніце на «Упраўленне акаўнтам Google — Даныя і канфідэнцыйнасць — Гісторыя пошуку і прагляду YouTube»;

  • Выдаліце ўсё. Тут жа можаце паставіць аўтаматычнае выдаленне (мінімальны час — 3 месяцы);

  • Далей клікніце раздзел «Узаемадзеянне» і выдаліце лайкі (уручную, так), падпіскі і каментары.

Яшчэ адзін спосаб выдаліць гісторыю праглядаў на ютубе:

  • На камп'ютары зайдзіце ў свой акаунт і націсніце на ўкладку «Гісторыя»;

  • Адкрыецца спіс прагледжаных вамі відэа — з яго можна выдаліць кожнае відэа (навядзіце мышку на яго і націсніце крыжык).

  • Можна ачысціць усю гісторыю за адзін раз або выбраць «не захоўваць гісторыю прагляду».

  • Гісторыю можна выдаліць і ў дадатку ютуба на тэлефоне. Адкрыйце праграму, перайдзіце ў свой профіль, насупраць «Гісторыя» націсніце «Паглядзець усё». Затым, націскаючы на тры кропкі каля відэа, выдаліце яго.

Выкарыстоўвайце VPN

Уключайце VPN заўсёды. Пры выбары сэрвісу звярніце ўвагу на краіну яго паходжання: кампанія павінна быць з дэмакратычнай краіны. Калі вам патрэбны VPN выключна для чытання навін, то вы можаце выбраць бясплатны тарыф у наступных сэрвісах: ProtonVPN, Windscribe, Hide.me, HotspotShield, Tunnel Bear.

З платных VPN сэрвісаў можаце выкарыстоўваць Nord VPN, Express VPN, Vypr VPN.

Калі вы не зразумелі што-небудзь з гэтага гайда ці не знойдзеце, як выдаліць і пачысціць гісторыю, папрасіце дапамогі ў чалавека, якому давяраеце. Заўсёды лепш перастрахавацца.

Чытайце яшчэ:

Кампанія з расейскімі каранямі выкарыстоўвае ChatGPT, каб шпіёніць за карыстальнікамі ў сацсетках

Фабрика уехала, эльфы остались. Белорусы создали ботоферму, чтобы комментировать политические новости

Как вычислять агентов режима. Советы от специалистов «Киберпартизан»

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!