• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як слуцкая журналістка перайшла на беларускую мову і што з гэтага выйшла

    Журналістка выдання Kurjer.info Алеся Белая месяц таму стала карыстацца беларускай мовай не толькі ў сацсетках, але і ў сваім звычайным жыцці. Як на гэта рэагуюць людзі ў яе родным Слуцку, жанчына апісала ў сваім тэксце.

    Чаму я вырашыла пераходзіць на беларускую мову

    Насамрэч, я даўно ўпотайкі марыла перайсці на беларускую мову. Рускую мову я таксама вельмі люблю, але беларуская адчуваецца як быццам смачнейшай. Калі выпадаў шанец на ёй паразмаўляць з кімсьці або напісаць нешта на ёй, я адчувала вялікае задавальненне. 

    У апошні час у Беларусі, асабліва ў Мінску, стаў распаўсюджвацца трэнд на беларускую мову.

    Многія беларусы перайшлі на яе ў сацсетках, а многія мінчукі — і ў рэальным жыцці. Калі я гэта ўбачыла, то ўзрадавалася і зразумела, што гэта мой шанец ажыццявіць сваю мару і размаўляць на беларускай мове.

    Як адрэагавалі ў сям’і

    Найперш я вырашыла пагутарыць са сваім татам. Калі я спытала ў яго, ці можна з ім цяпер размаўляць на беларускай мове, ён адказаў: «Гэта твае справы, як і з кім табе размаўляць. Ты думаеш, я беларускай мовы не разумею ці што?». С той пары ён са мной і сам стаў размаўляць на беларускай і нават папраўляе мае памылкі.

    Пасля гэтага я стала размаўляць на беларускай і з іншымі блізкімі. Яны не тое што не былі супраць, але нават, здаецца, і не заўважылі ніякай змены.

    Рэакцыя сяброў і калег

    Мая найлепшая сяброўка таксама быццам не заўважыла, што я перайшла на іншую мову. Яна са мной гутарыць на рускай, а я з ёй — на беларускай, і гэта абсалютна ніяк не адбілася на зносінах. Нават, здаецца, размоў стала больш, чым раней. Такая ж карціна і з іншымі сябрамі і знаёмымі. 

    З некаторымі калегамі, на жаль, узнікла непаразуменне. Але шляхам перамоў і перакананняў я адстаяла сваё права размаўляць на беларускай мове і падчас працоўных нарад.

    Як рэагуюць у крамах і іншых установах

    Калі я стала гаварыць у крамах самаабслугоўвання на касе «калі ласка», «дзякуй», «добрага дня», «дайце вялікі пакет» і «аплата карткай», гэта абсалютна ніяк не адбілася на маіх зносінах з касірамі. Я думаю, ім наогул усё роўна, на якой ты мове размаўляеш, бо ў іх шмат працы і няма часу разбірацца, хто там як гаворыць.

    Я часта хаджу ў павільёны «Камунарка» і «Белсаюздрук», якія знаходзяцца паблізу ад нашай рэдакцыі. Калі я стала размаўляць на беларускай у «Камунарцы», то дзве з прадаўшчыц нічога не заўважылі, а адна нават узрадавалася і сама з задавальненнем са мной паразмаўляла на беларускай. У «Белсаюздруку» таксама са мной размаўляюць ветліва і прыязна, як і раней, быццам нічога і не адбылося.

    Як адрэагавалі чыноўнікі і службовыя асобы

    Па сваёй працы мне даводзіцца кожны дзень размаўляць з чыноўнікамі і службовымі асобамі, каб сабраць інфармацыю. Вось арганізацыі, з прадстаўнікамі якіх я ўжо размаўляла на беларускай мове: 

    • Слуцкі райвыканкам, 
    • «Слуцкгаз», 
    • падатковая інспекцыя, 
    • Бокшыцкі сельвыканкам, 
    • прадпрыемства па добраўпарадкаванні ЖКГ,
    • зелянгас,
    • аддзел ДАІ слуцкага РАУС,
    • непасрэдна слуцкая міліцыя,
    • раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях,
    • некаторыя школы,
    • Слуцкі дзяржаўны каледж,
    • Слуцкая раённая бібліятэка.

    Магчыма, штосьці ўжо забылася. Дык вось, ва ўсіх гэтых установах ніхто не быў збянтэжаны тым, што я размаўляю на беларускай. Наадварот, многія і самі стараліся мне адказваць на беларускай мове, а тры чалавекі наогул мяне пахвалілі і падзякавалі за мову.

    Незадаволеныя чытачы

    За гэты месяц давялося два разы размаўляць па тэлефоне з незадаволенымі чытачамі (журналісты ведаюць, што гэта яшчэ добры месяц выдаўся). У першым выпадку мяне абклалі мацюкамі, а ў другім спрабавалі выклікаць на «стрэлку». Дык вось, ні першы, ні другі чытач не меў ніякіх прэтэнзій да маёй беларускай мовы, іх хваляваў толькі змест маіх публікацый.

    З кім я дагэтуль размаўляю на рускай

    Беларуская мова стала для мяне своеасаблівым «сітам». Я заўважыла, што баюся на ёй размаўляць з тымі, з кім і раней адчувала сябе няёмка. Гэта:

    • няблізкія сваякі, з якімі бачышся раз на пару гадоў,
    • настаўнікі ў маёй першай школе, якую я не любіла (прычым з настаўнікамі ў другой школе, якую я любіла, свабодна размаўляю на беларускай),
    • бабулі-суседкі на лаўцы каля майго пад’езда,
    • дактары і працаўнікі хуткай дапамогі (як аказалася, я іх баюся намнога больш, чым міліцыянераў).

    Таксама я магу перайсці на рускую ненаўмысна ў сітуацыях, калі вельмі разгубленая і збянтэжаная. Так што ведайце — калі я загаварыла з вамі на рускай, гэта значыць, што мне цяпер некамфортна.

    Мой вынік і мае парады

    Калі вы, як і я, марыце свабодней размаўляць на беларускай мове ў жыцці, то не бойцеся. Гэта не так ужо і страшна, беларускую мову амаль усе ў Слуцку разумеюць, а многія і самі могуць на ёй цудоўна вам адказаць.

    Можна пачынаць з малога — устаўляць у сваю гаворку асобныя словы, якія вам падабаюцца. Напрыклад, «вітаю», «дзякуй», «прыгожа», «неспадзяваначка», «адчапіся», «гадуйся», «дзеўкі-хлопцы» і гэтак далей.

    Можна найперш пачаць лаяцца па-беларуску. Напрыклад, ёсць такія цудоўныя беларускія лаянкавыя словы, як «каліч», «даўбешка» і «мехам ляснуты». Больш «сакавітых» выразаў можна пачуць, калі з’ездзіць у глухую вёску і спытаць у якой-небудзь старэнькай бабулі пра суседку, з якой яна «ў контрах». Тады вы даведаецеся шмат і пра маральнае аблічча суседкі, і пра яе мінулае, а таксама значна пашырыце слоўнікавы запас.

    Я размаўляю пакуль што не надта чыста і недасканала, але стараюся глядзець у слоўніку тыя словы, на якія забылася ці якіх не ведала. Слоўнікі, якімі я карыстаюся ў мабільным тэлефоне, — гэта бот «Белазар» у Telegram і мабільная праграма «Скарнік». А калі ў размове я забываюся на нейкае беларускае слова ці словазлучэнне, то проста ўстаўляю рускае. Я лічу, што нічога страшнага, бо ўсё прыходзіць з практыкай.

    Яшчэ я перавяла на беларускую мову свой камп’ютар і сацсеткі. У «ВКонтакте» і ў Viber ёсць такая магчымасць.

    Таксама стала чытаць беларускамоўныя кнігі. Асабліва раю Караткевіча, бо ў дарослым узросце чытаць яго нашмат цікавей, чым у школе.

    Чытайце яшчэ:

    Святлана Гарда: «Акумулюем свае сілы, бо дома яны нам вельмі спатрэбяцца»

    «Збудуем мост і вернемся». Як самы хуткі журналіст Горадні заснаваў новае выданне ў Беластоку

    Алег Гаруновіч: «Часам мы марым пра нейкія подзвігі, але забываемся пра невялікія крокі»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці