ШI ў медыя — як разабрацца і чаго чакаць
Інструменты штучнага інтэлекту, здаецца, ужо сталі неад’емнай часткай працы беларускіх медыйшчыкаў. У беларускай інтэрнэт-прасторы не так шмат рэсурсаў, якія б дапамагалі арыентавацца ў бясконцых навацыях, тлумачылі плюсы і мінусы ці раілі нешта канкрэтнае. БАЖ паспрабаваў выправіць сітуацыю.

Ілюстрацыя створана БАЖ з дапамогай Gemini
«ШI-інструменты для НДА, незалежных медыя і актывістаў. Што працуе, як прымяняць, навошта гэта вам», — пад такім амбітным слоганам пачаў працу AI.Sector, новы беларускі Telegram-канал на гэтую тэму.
Аўтар канала, які шмат гадоў працуе з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і незалежнымі медыя, дзеліцца з падпісчыкамі тым, што і як прымяняе з ШI-інструментарыя, прыкладамі з уласнай працы. К. (суразмоўца пажадаў застацца ананімным у мэтах бяспекі) у гутарцы з БАЖ зазначае, што канал створаны як практычны рэсурс пра штучны інтэлект для беларускіх грамадзянскіх арганізацый, актывістаў і медыя.
«Тут толькі пра інструменты, якія рэальна выкарыстоўваюцца ў працы: як зэканоміць час, замяніць дарагія сэрвісы бясплатнымі, аўтаматызаваць руціну і пры гэтым захаваць бяспеку дадзеных», — кажа К.
«ШІ-інструменты дапамагаюць рэдакцыям рабіць больш з меншымі рэсурсамі — чалавечымі, часу, фінансавымі. Напрыклад, хуткая транскрыбацыя інтэрв’ю, пераклад матэрыялаў без перакладчыка, стварэнне візуальнага кантэнту. Акрамя таго, гэта і магчымасць працы з новымі фарматамі, для якіх не было сродкаў і адмыслоўцаў: старонкі спецпраектаў, інтэрактыўныя эксплэйнеры, гейміфікацыя, візуалізацыя дадзеных і іншае», — зазначае суразмоўца.
Някепска і тое, што лакальныя ШІ-мадэлі, якія працуюць афлайн, дазваляюць звяртацца да сенсытыўных дадзеных без рызыкі іх уцечкі.
Топ нетрывіяльных інструментаў
К. склаў свой топ некалькіх нетрывіяльных на сёння інструментаў:
- Whisper — мадэль для транскрыбацыі аўдыя. Працуе лакальна, падтрымлівае беларускую і ўкраінскую мовы. Ідэальна для транскрыпцыі інтэрв’ю без адпраўкі запісу на знешнія серверы;
- Claude Design — інструмент для хуткага стварэння статычнага і анімаванага кантэнту;
- Mixboard ад Google — візуальная дошка для канцэпцый. Апісваеш ідэю, а AI генеруе борд, можа дапамагчы рэдакцыі ў распрацоўцы складаных матэрыялаў;
- TextFX ад Google — набор інструментаў для працы з мовай і тэкстам, дапамагае знайсці нечаканы ракурс, знайсці метафару і г. д.
Медыя — гэта не толькі кантэнт
Эксперт у лічбавай бяспецы, сузаснавальнік Digital Skills Coalition Belarus Мікалай Кванталіяні заўважае, што медыя — гэта не толькі тэксты, выявы і відэа, медыя — гэта яшчэ і кіраванне. Адпаведна, на сёння можна казаць, што даволі вялікая колькасць сэрвісаў уключае падтрымку штучнага інтэлекту — тая ж CMS, якую медыя вельмі любяць, ці любыя іншыя рэчы.

Эксперт па бяспецы Мікалай Кванталіяні
«Аўтаматызацыя кіравання — гэта шырокая тэма, уласна, як і ўсё, што тычыцца ШІ сёння. Адразу можна сказаць пра, напрыклад, вядзенне сайта адразу на некалькіх мовах. Тут тыя ж падпіскі на некаторыя ШІ-інструменты дазваляюць аўтаматычна перакладаць сайты на любыя мовы. То-бок, умоўна кажучы, кантэнт можна хутка і даволі якасна ствараць на розных мовах. І ў практыцы журналіста гэта вельмі дапамагае, зразумела, калі ты можаш хутка перакласці аўдыя без валодання дасканала той ці іншай мовай», — кажа Кванталіяні.
Тая ж сістэма рэагавання, якая з аднаго боку ёсць стандартным выкарыстаннем інструментаў маніторынгу, а з іншага — гэта наладжванне сістэм аўтаматызацыі, каб можна было хутка рэагаваць.
«Стандартныя рызыкі выкарыстання ШІ — гэта галюцынацыі. То-бок ён можа ствараць кантэнт, якога не існуе, выдумляць спасылкі ці першакрыніцы. Таму заўсёды трэба правяраць тое, што ты публікуеш, — зазначае эксперт. — Плагіят — таксама рызыка. Калі сістэма стварае кантэнт, яна можа фактычна капіяваць чужыя матэрыялы. Трэцяе — кантэнт, створаны ШІ, можа індэксавацца іншымі сістэмамі як кантэнт, створаны штучным інтэлектам, і таму паніжацца ў выніках пошуку».
Калі казаць пра лічбавыя інструменты, якія прымяняюцца для вызначэння дакладнасці інфармацыі, верыфікацыі, то тут складанасць у тым, што дакладнасць усё роўна правярае чалавек: «Бо любыя інструменты, якія вызначаюць, ці быў кантэнт створаны з дапамогай ШІ, паказваюць толькі верагоднасць. А канчатковае рашэнне ўсё роўна прымае чалавек — ШІ гэта, ці сапраўднае нешта».
Як зменіцца праца медыя і журналістаў у найбліжэйшы час?
Мікалай Кванталіяні мяркуе, што пытанне палягае больш у вобласці псіхалогіі: «Карыстальнікі, хутчэй за ўсё, будуць выбіраць кантэнт, створаны чалавекам, нават калі ён выглядае горш за кантэнт, створаны штучным інтэлектам. Бо ў людзей ужо з’яўляецца нагледжанасць. Калі ты бачыш стандартныя шаблоны і сімптомы выкарыстання ШІ, то проста прапускаеш артыкул, бо разумееш, што нехта пісаў яго з дапамогай штучнага інтэлекту».
Але сітуацыя будзе паступова змяняцца, лічыць эксперт:
«Гэта пытанне адаптацыі. Наступнае пакаленне расце ў асяроддзі кантэнту, створанага штучным інтэлектам, і для яго гэта будзе нармальнай мадэллю медыяспажывання. Таму, з аднаго боку, трэнд — гэта аўтэнтычны кантэнт, і людзі будуць падпісвацца на людзей.
З іншага боку, паколькі развіццё бот-тэхналогій працягваецца і ўсё больш аўтаматызуецца, колькасць ботаў, якія ствараюць кантэнт, будзе значна большай, чым сёння. І тады медыя трэба будзе пераглядаць свае метады ацэнкі і KPI. Бо калі мільён ботаў прагледзелі твой кантэнт — нават калі гэта акаўнты, якія платформа лічыць жывымі, — гэта фактычна нічога не значыць. Боты не мяняюць свайго меркавання наконт той ці іншай тэмы».
Топ рэсурсаў ад экспертаў БАЖ
- ChatGPT
Для: інтэрв’ю і расшыфроўкі; рэдагавання тэкстаў; генерацыі загалоўкаў; стварэння кантэнт-планаў.
Плюсы: эканоміць гадзіны працы; добра працуе з беларускай, рускай і англійскай мовамі.
Мінусы: можа памыляцца ў фактах; патрабуе праверкі ўсіх лічбаў і цытат.
- Claude
Для: аналіз вялікіх дакументаў; інтэрв’ю на дзясяткі старонак; справаздач; даследаванняў.
Плюсы: вельмі добра працуе з вялікімі аб’ёмамі тэксту; якасна робіць самары.
Мінусы: слабейшы за ChatGPT і Gemini ў творчых задачах.
- NotebookLM
Для: даследаванняў; працы з дакументамі; падрыхтоўкі аналітыкі; стварэння падкастаў.
Плюсы: спасылаецца толькі на загружаныя крыніцы; зручны для расследаванняў.
Мінусы: менш універсальны.
- Otter.ai
Для: аўтаматычнай расшыфроўкі інтэрв’ю.
Плюсы: эканоміць час; добра працуе з англійскай.
Мінусы: беларуская мова падтрымліваецца горш.
- Descript
Для: мантажу падкастаў; відэа для сацсетак; субцітраў.
Плюсы: можна рэдагаваць аўдыя як тэкст; вельмі хуткі мантаж.
Мінусы: не самае зручнае кіраванне.
- Perplexity AI
Для: хуткага пошуку інфармацыі; падбору крыніц; даследаванняў.
Плюсы: адразу паказвае спасылкі; падыходзіць для фактчэкінгу.
Мінусы: часам цытуе слабейшыя крыніцы.
- Canva
Для: карткі для сацсетак; інфаграфіка; вокладкі для YouTube.
Плюсы: вельмі хуткі дызайн; AI-інструменты для выяў і відэа.
Мінусы: шаблоннасць.
- ElevenLabs
Для: агучкі тэкстаў; аўдыяверсій артыкулаў; падкастаў.
Плюсы: найлепшая генерацыя голасу.
Мінусы: патрабуе платнай падпіскі.
- Datawrapper
Для: графікі; мапаў; інтэрактыўных візуалізацый.
Плюсы: стандарт для многіх еўрапейскіх рэдакцый; не патрабуе ведаў праграмавання.
Мінусы: абмежаванні бясплатнай версіі.
- OBS Studio
Для: стрымаў; інтэрв’ю; відэапраектаў.
Плюсы: бясплатны; добры прафесійны ўзровень.
Мінусы: патрабуе тэхнічнай падрыхтоўкі.
Прыкладны (магчымыя варыянты) базавы набор незалежнай рэдакцыі:
ChatGPT/Gemini — тэксты, даследаванні, генерацыя ілюстрацый
Perplexity — пошук
NotebookLM — праца з дакументамі
Descript — аўдыя і відэа
Canva — дызайн
Datawrapper — інфаграфіка
OBS — эфіры і стрымы
Signal — камунікацыя
Google Workspace — сумесная праца
Гэта дазваляе закрыць вялікую частку патрэб рэдакцыі без вялікіх выдаткаў.
@bajmedia