Анджэя Пачобута зноў на паўгода кінулі ў ПКТ
Як стала вядома БАЖ, палітзняволенага журналіста Анджэя Пачобута яшчэ 23 жніўня змясцілі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу) на шэсць месяцаў — да лютага 2026 года.

Анджэй Пачобут. Фота: press.pl
Дакладна не вядома, ці знаходзіцца журналіст у адзіночнай камеры.
У верасні з Анджэям Пачобутам зноў на працяглы час перарывалася ліставанне. Праз што можна падазраваць, што ён быў у штрафным ізалятары, дзе вязням не дазваляюць нават лісты. Журналіст таксама не атрымлівае ні рэчавых, ні харчовых перадач, а ў ПКТ агулам урэзанае харчаванне.
Старшыня Саюза палякаў у Беларусі Анжэліка Борыс пасля апошняй сустрэчы з Пачобутам у наваполацкай калоніі сёлета 23 верасня зазначала, што ён вельмі схудней і важыць 73 кілаграмы, што «крытычна мала». Спадарыня Борыс паведаміла пра агульнае пагаршэнне здароўя палітзняволенага журналіста — высокі артэрыяльны ціск, прыступы арытміі. Таксама ў гутарцы з польскім выданнем Rzeczpospolita яна распавядала пра аперацыю па выдаленні язваў са скуры, якую нядаўна перанёс палітзняволены журналіст.
Крыніца БАЖ удакладніла, што Пачобуту выдалялі фурункулы. Дакладна невядома, ці гнойную аперацыю рабілі ў шпіталі, ці ў медчастцы калоніі. Хутчэй за ўсё — у медчастцы, мяркуе крыніца.
Карцер, ПКТ, ШИЗО — что это такое? Как наказывают политзаключенных, которые уже находятся за решеткой
Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года. Журналісту прад’явілі абвінавачанні паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі: арт. 361 — «Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» і арт. 130 — «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы».
У 2022 годзе КДБ унёс Анджэя Пачобута ў пералік асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
Суд над журналістам праходзіў у Гродзенскім абласным судзе ў закрытым рэжыме. 8 лютага 2023 года суддзя Дзмітрый Бубенчык прыгаварыў Анджэя Пачобута да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Пасля прысуду Пачобуту Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла прапускны пункт на мяжы з Беларуссю «Баброўнікі» (з беларускага боку «Бераставіца»).
Амаль увесь тэрмін зняволення Анджэя Пачобута ўтрымліваюць у памяшканні камернага тыпу (ПКТ) ці штрафным ізалятары (ШІЗА) у рэжыме інкамунікада. За час зняволення яму не дазволілі ніводнага спаткання з роднымі.
16 красавіка 2025 года Пачобут сустрэў за кратамі 52-годдзе.
