• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Асцярожна: прапаганда! Ці трэба і як асвятляць прадзяржаўны кантэнт

    Асвятленне дзеянняў і рашэнняў улады — жыццёвая неабходнасць для незалежных медыя нават ва ўмовах вымушанай эміграцыі. Але як быць з заявамі прапаганды? Тыражаваць шалёнасць? Альбо ігнараваць? Вострая дыскусія разгарнулася падчас круглага стала, арганізаванага БАЖ і журналісцкай арганізацыяй Mixer (Польшча). Пераказваем асноўныя аргументы бакоў.

    Наколькі мэтазгодна рэтрансляваць прапаганду?

    Трэба канстатаваць, што многія інфанагоды, якія цікавыя грамадству, так ці інакш звязаныя з уладай. Калі іх не асвятляць, то згубіш аўдыторыю, што ў сучасных умовах максімальна крытычна.

    Аднак апошнім часам амаль кожны дзень у буйных медыя выходзіць чарговы артыкул, прысвечаны адыёзным прапановам прапаганды. Здаецца, ідэолагаў гэта цалкам задавальняе.

    — Часам нашыя медыя займаюцца папулярызацыяй прапагандыстаў, — заўважае заснавальнік газеты «Салідарнасць» і намеснік старшыні БАЖ Аляксандр Старыкевіч. — Напрыклад, выходзіць такая публікацыя, маўляў, [Рыгор] Азаронак узяў інтэрв’ю ў [Уладзіміра] Салаўёва. Мы паглядзелі яго і пераказваем, пра што вялася гаворка. А далей, сапраўды, ідзе выкладанне тэзісаў гэтай праграмы без каментароў з боку рэдакцыі. Навошта?

    Журналіст не адмаўляе права кожнага медыя на рэдакцыйную палітыку. Але ён уздымае пытанне: наколькі мэтазгодна рэтрансляваць прапаганду?

    — Каб у свой час тэлеканалы і незалежныя медыя не расказалі б пра антыкарупцыйную справаздачу Лукашэнкі, той бы не перамог на выбарах у 1994 годзе, — прыгадалі ўдзельнікі круглага стала. — Мы павінны фармаваць парадак, а не ісці за ім.

    Але ці можна наогул адмовіцца ад прадзяржаўнага кантэнту? Вялікая колькасць інфанагод наўпрост тычыцца нават тых, хто з’ехаў з краіны. Узгадаць хаця б немагчымасць працягнуць тэрмін дзеяння старога пашпарта ці атрымаць новы дакумент у беларускіх консульствах і амбасадах.

    — Я б хацеў заклікаць медыясупольнасць жыць у сучасным, — выказаўся прадстаўнік буйнога інфармацыйнага сайта. — Калі вы лічыце, што інтэрв’ю Азаронка з Салаўёвым ніхто не ўбачыць, калі мы, незалежныя медыя, не раскажам, то вы вельмі моцна памыляецеся. Пры гэтым трэба расказваць і паказваць кантэкст. Напэўна, ёсць людзі, якія, сутыкнуўшыся з прапагандай на YouTube ці ў Tik­Tok, могуць не разабрацца. І на гэтую аўдыторыю трэба працаваць.

    Ён пагадзіўся, што просты пераказ тэзісаў прапаганды — глупства, але неабходна іх разбіраць і паказваць, што праўда, а што — не.

    — Не думайце, што калі мы не пішам, то людзі гэтага не бачаць, — падкрэсліў рэдактар.

    З гэтым цяжка не пагадзіцца. Тым больш, што фіксацыя наратываў можа мець значэнне ў будучым — падчас юрыдычнай ацэнкі судамі дзейнасці прапаганды.

    «Калі прыкінуцца, што чагосьці няма, яно не знікне»

    А вось патрабаванне пазбягаць лукашэнкаўскага кантэнту (а такія заклікі перыядычна гучаць з боку некаторых блогераў) можа нагадваць цэнзуру. Чым незалежныя медыя ў такім выпадку будуць адрознівацца ад дзяржаўных СМІ, якія выбарачна інфармуюць аўдыторыю?

    — Раней і ў Беларусі было прынята нешта не заўважаць і пра нешта не пісаць. Казалі: навошта вы пішаце пра Лукашэнку? Лепш раскажыце пра чарговы з’езд нейкай партыі. Калі прыкінуцца, што чагосьці няма, яно не знікне, — нагадала журналістка Таццяна Каравянкова. — Другое пытанне, што да гэтага трэба ставіцца крытычна і даваць да інтэрв’ю прапагандыстаў ці да заяў Лукашэнкі тлумачэнні. Каб у чытача быў выбар, і, прачытаўшы артыкул, ён мог зразумець, што адбываецца, і зрабіць асэнсаваны выбар.

    Тады паўстае пытанне, як зрабіць так, каб каментаванне не выглядала як навязванне думкі. У любым выпадку давядзецца выносіць ацэнкі, а гэта ўжо супрацьдзеянне, то бок контрпрапаганда.

    Паводле медыяэксперткі і даследчыцы прапаганды Ірыны Сідорскай, каб перапыніць ланцужок трансляцыі прапагандысцкіх наратываў, трэба адразу рэканструяваць і падсвятляць, што сфальсіфікавана, пра што змаўчалі, дзе прыхільнікі рэжыму падманулі.

    Цяпер ёсць шэраг рашэнняў, якія дазваляюць маркіраваць небяспечны кантэкст. Напрыклад, з дапамогай элементаў вёрсткі. Гэта можа быць своеасаблівым кансэнсусам: і не ўтойваць інфармацыю, і шчыра папярэджваць чытача.

    Падсумавала дыскусію дырэктарка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (EFJ) Рэната Шродар:

    — Мы бачым вялікі выклік у тым, каб будаваць давер да медыя. І таму так настойліва засяроджваемся на працы медыйных саветаў і іншых форм самарэгулявання і ўзаемадзеяння з грамадскай супольнасцю.

    Чытайце яшчэ:

    Фізічныя пагрозы, дэзінфармацыя, цэнзура. Шэсць сучасных выклікаў для медыя

    «Не рабіце мне нервы!» Прадстаўнікі медыя — аб таксічных выпадках у межах прафесіі

    «Рускія — гэта фашысты». Як інтэрв’юерка Лукашэнкі пераабувалася проста падчас вайны

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Акцэнты

    «Нават збеглую, нават іх прыхільніцу». Прапаганда пераконвае беларусаў, што трэба вяртацца дадому, выкарыстоўваючы гісторыю згвалтавання ў Варшаве

    06.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці