• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «АвантурЫсты». Першы сямейны відэаблог пра вандроўкі па-беларуску

    Алена і Сяргей Жыбулі, як яны самі кажуць, яшчэ пачаткоўцы ў відэаблогінгу. Канал «АвантурЫсты» існуе як хобі беларускай сям’і, што жыве зараз у Берліне: «Здымаем для ўсіх беларусаў — і тых, хто зараз ездзіць па свеце, і тых, хто зараз дома», піша «Будзьма».

    Як лепш арганізаваць падарожжа, каб яно было як мага больш танным і пры гэтым камфортным? Карыснымі парадамі падзяліўся з чытачамі Budzma.org Сяргей Жыбуль. Таксама ён распавёў, ці цяжка весці турыстычны ютуб-канал па-беларуску і пра якія цікавыя мясціны яны плануюць здымаць выпускі бліжэйшым часам.

    «Увогуле пра свой блог задумаліся падчас адпачынку на Тэнэрыфе, нас уразіла мясцовая прыгажосць, і мы вырашылі, што трэба некалі вярнуцца яшчэ на гэты востраў, пайсці ў пешы паход і зняць пра гэта відэа, — распавядае Сяргей. — Вось так і нарадзілася ідэя, якая прывяла да стварэння ютуб-канала ў паходна-турыстычным фармаце і акаўнта ў Insta­gram. Першым досведам ці нават прадукцыяй стаў ролік пра Капенгаген, гэта першае наша відэа і першы мантаж. Прага — ужо чацвёрты выпуск. З кожным відэа мы нечаму вучымся, разбіраемся, нешта новае знаходзім».

    — Для каго вы гэта робіце, якой бачыце сваю аўдыторыю?

    — Здымаем для беларусаў, тых, хто могуць ездзіць па свеце, і тых, хто зараз у Беларусі і не можа выехаць. Для ўсіх. Нам самім цікава глядзець розныя відэа падарожжаў, пра месцы, напрыклад, нейкія экзатычныя, дзе ты наўрад ці калі будзеш, а паглядзець, як яно там — хацелася б. Спадзяемся, нашыя відэа будуць цікавыя суайчыннікам.

     Наступнае відэа, дарэчы, будзе нетыповае — пра футбол, дакладней, пра канкрэтны матч адной культавай у нямецкай сталіцы каманды — Union Berlin. Яны нядаўна гулялі з клубам Freiburg.

    Union Berlin — гэта такая адметная мясцовая з’ява з вельмі крутой атмасферай. І вось наступны наш трэвэл-выпуск будзе пра футбол, пра гісторыю каманды, як яна ўтварылася яшчэ ў часы ГДР, што яна значыць для мясцовай супольнасці, хто яе заклятыя супернікі ў Бундэс-лізе (клуб не так даўно гуляе ў вышэйшым дывізіёне) і ў самім Берліне.

    Мне б, думаю, калі б я быў зараз у Беларусі і цікавіўся футболам, было б цікава дома паглядзець такое відэа, гэта ж не справаздача з гульні — паспрабавалі зрабіць такі рэпартаж атмасферны.

     — Як даўно ў Берліне?

    — Мы тут з 2021-га. Лена і я працуем у ІТ-сферы, то-бок, можна сказаць, рэлакаваліся ў тым ліку па працы.

    — Вы робіце свой канал з разлікам на раскрутку да нейкіх камерцыйных гарызонтаў ці ўсё ж для сябе, як хобі?

    — Гэта хобі. На маю думку, на жаль, беларускамоўны канал пакуль не можа стаць камерцыйным. Хаця ў нас ёсць платформа для данатаў — і з дзясятак беларусаў ужо заданацілі на развіццё праекта. І гэта моцна, улічваючы, што сам панятак «данаты» зараз у Беларусі мае такое сабе адценне, многіх адпужвае. Мы пазначаем, што данаты ідуць выключна на канал, на развіццё тэхнічнай базы, умоўна кажучы, калі палепшыцца камера, то палепшыцца якасць карцінкі.

    Хочацца, каб глядзелі ў Беларусі, тым больш, як мы думаем, асноўная аўдыторыя наша ўсё ж у Беларусі — з’ехалі сотні тысяч, мільёны засталіся. Усім з’ехаць немагчыма.

    — Канал становіцца вядомым, аўдыторыя расце?

    — Вось калі пра нас расказаў спадар Лявон Вольскі ў сваім акаўнце ў Insta­gram, то да нас заўважна пайшлі людзі, падпісалася чалавек дваццаць. Расказвалі яшчэ некаторыя праекты і СМІ — а калі медыя расказваюць, то, канечне, ідзе хваля падпісчыкаў.

    Першае відэа YouTube паказаў 3 тысячы разоў, потым павольна расло да 4,5 тысячы, а вось Прага — 12 тысяч паказаў. Магчыма, YouTube лепей зразумеў, каму прапаноўваць нашы відэа, зразумеў нашу аўдыторыю? А можа таму, што Прага — папулярны горад?

    — Прага, дакладна, важны для беларусаў горад гістарычна, ды і зараз там шмат беларусаў. Заўважыў, што якраз у гэтым роліку вы надаяце ўвагу беларускім месцам Прагі, беларускім імёнам, звязаным з Прагай. Ёсць і пра Францыска Скарыну, і пра Ларысу Геніюш, і ўвогуле пра беларускую Прагу. Плануеце сумяшчаць і надалей расказ пра іншую краіну, горад з беларускай тэматыкай?

    — У нас ёсць такая ідэя. У нас яшчэ ў Мінску была кніжка «Геній месца» Пятра Вайля, нам спадабалася канцэпцыя, калі расказваецца пра гісторыю горада і паралельна вядзецца пра гісторыю нейкага знакамітага чалавека, які там жыў. Натхніўшыся такой кнігай, мы пачалі думаць, як рабіць нам. У цэлым інфармацыі пра розныя гарады хапае.

    Падумалі, што было б класна расказваць пра беларусаў у кожным горадзе. Але зноў-такі не ў кожным горадзе быў нейкі славуты, знакаміты беларус. Таму вырашылі так: будзем здымаць пра гарады, а там, дзе можна расказаць пра беларусаў, то абавязкова будзем расказваць. Мы ўжо знялі выпуск пра Майнц, у якім будзем расказваць пра Марка Шагала і яго сувязь з Майнцам. Ці вось як Адам Міцкевіч пісаў «Дзяды» ў Дрэздэне — абавязкова раскажам пра гэта. Нам самім цікава было б даведацца такія факты — трэба ж ведаць пра сваіх.

    — Выпускі будуць перыядычнымі?

    — У нас, зразумела, ёсць сталая праца. Адпаведна для падарожжаў ёсць выходныя, якія прысвячаем Германіі, а ўжо ў адпачынку ці на доўгіх выходных можна паехаць і падалей куды паздымаць. Плануем, каб раз на месяц новае відэа выходзіла.

     

    — Канал вядзецца на беларускай мове, хоць самі кажаце, што беларускамоўны ютуб-канал — гэта пакуль не пра камерцыйны поспех…

    — Да сваёй мовы і культуры цікавасць у нас даўняя. Я ў школе пачаў размаўляць па-беларуску і ўвогуле цікавіцца беларушчынай. Мой 7 клас, 2004 год, мне далі ўпершыню паслухаць ZET, NRM, Памідорава — ну так і пачалося ўсё тады. Музыка, беларускія кнігі — БыкаўКараткевіч найперш успамінаюцца…

    Лена таксама не ўчора пачала размаўляць па-беларуску. Таму пра нас не скажаш, што мы прыйшлі да беларушчыны пад уплывам 2020-га, але ў цэлым, прызнаюся, калі мы жылі ў Беларусі, то часцей размаўлялі ўсё ж па-руску.

    Ёсць такая прыкрая ілюзія, вось я потым буду так рабіць, калі ўсё зменіцца, усе пачнуць размаўляць па-беларуску, тады зажывем і з мовай само сабой усё атрымаецца і г. д. Канечне, зараз разумееш, што гэта ўсё лухтой было — трэба размаўляць тут і цяпер, быць беларусамі — тут і цяпер.

    Тут, ужо па пераездзе, памятаю, нешта размаўлялі ў канцы 2021 года пра мову, сітуацыю ўвогуле, і памятаю, што з Ленай дамовіліся, што да канца 2022 года будзем размаўляць з усімі суайчыннікамі толькі па-беларуску. Так і трымаемся гэтага. Пакуль што, дарэчы, аніякіх цяжкасцяў ці негатыву — з табой могуць размаўляць па-руску, пісаць па-руску, але ніхто не папрасіў «разговаривать на нормальном языке» і г. д. Гэта ў Беларусі, на жаль, шанц пачуць такое ў адказ на мову быў вышэйшы. Ну а ў 2022‑м, пасля пачатку вайны, пераход на беларускую стаў трэндам паўсюль. Гэта шмат каго падштурхнула да свайго, абставіны, канечне, сумныя, што такой вось цаной прыходзіць усведамленне каштоўнасці сваёй мовы і культуры.

     — Што параіце трэвэл-пачаткоўцам са свайго досведу?

     — Галоўныя парады такія:

    ·    Старацца загадзя браніраваць квіткі і гатэлі, таму што мы, напрыклад, асабліва ў Германіі, месяцаў за пяць наперад гэта робім, бо гэта значна танней, чым, напрыклад, за месяц, калі на выходныя браніруем.

    ·        Таксама выгадна загадзя квіткі па краіне браніраваць, на той жа Flixbus за шэсць месяцаў можна, Flix­train — гэта бюджэтныя цягнікі, там за тры месяцы.

    ·        Карыстацца лоўкостарамі — аўтобусамі, самалётамі, адсочваць зніжкі.

    Дарэчы, мы тут, у Германіі, пачалі хадзіць у паходы. Тут, канечне, няма нічога дзікага, нельга начаваць проста ў лесе ці ля рэчкі, але ёсць кемпінгі з усёй неабходнай інфраструктурай. І гэта атрымліваецца даволі танна, дзесьці 20 еўра за ноч у кемпінгу. Гэта варыянт для тых, хто любіць начаваць у намётах. Прынамсі, калі нехта не спрабаваў гэтага, то рэкамендуем. Калі спадабаецца, то гэта будзе вельмі класны адпачынак, прыкладам, у гарах.

    У нас, дарэчы, будзе выпуск пра нямецкія Альпы. Мы туды ездзілі на тыдзень з намётам, начавалі ў кемпінгу, а днём праходзілі розныя маршруты. Вельмі бюджэтны і папулярны тут лайфхак. І гэта не абсалютна дзікі паход — у кемпінгу ёсць усе выгоды, халадзільнік і г. д.

    Калі ж па розных прычынах для падарожжаў застаецца толькі Беларусь, варта даследаваць сваю краіну. Мы зараз шкадуем, што не ўсюды дома пабывалі. Але вернемся і здымем шмат выпускаў пра Беларусь.

    Чытайце яшчэ: 

    «Фотография это почти всегда неправда». Сергей Михаленко о роли искусственного интеллекта

    «Белтэлерадыёкампанія» збіраецца паказаць матч еўракубкаў нягледзячы на санкцыі

    «Ніхто не ведае, чаму ён у Жодзіне». 58 дзён няма інфармацыі пра журналіста Дзяніса Івашына

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Акцэнты

    «Нават збеглую, нават іх прыхільніцу». Прапаганда пераконвае беларусаў, што трэба вяртацца дадому, выкарыстоўваючы гісторыю згвалтавання ў Варшаве

    06.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці