• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    БТ уключыў — і тэмаў на месяц. Алесь Пілецкі расказаў, як піша #давайпака

    Беларускі журналіст Алесь Пілецкі некалькі год збірае сотні лайкаў у Facebook пад трапнымі гумарэскамі пра Аляксандра Рыгоравіча, а таксама пад фішкай новага сезону — казачкамі. Алесь расказаў, як атрымліваецца пісаць актуальныя, смешныя гісторыі, і ці не баіцца ён жартаваць з улады.

    — Алесь, што цябе натхніла пачаць пісаць #давайпака?

    — Ну вось ізноў гэтае дурацкае пытанне. Вось што можа натхніць? Жанчына? Ці мужчына? Не ведаю я, што мяне натхніла. Шмат пішу рознага ўсякага. Аднойчы гады два таму захацелася паспрабаваць пісаць дыялогі. Падалося, што праз іх цікавей будзе апісваць той дурдом, які ў краіне адбываецца. Ну, і весялей, да.

    У нас жа такія тыпажы ў краіне. БТ вечарам уключыў і тэмаў на месяц наперад. Так што нішто мяне не натхняла.Хутчэй ныццё надакучыла, сур’ёзнасць гэтая. Адкрыеш які сайт, там пяць разумных тэкстаў на 10 тысяч знакаў кожны. З грунтоўным аналізам сітуацыі. Пачытаеш і яшчэ менш разумееш, чым раней.

     

    — А казачкі?

    — Казачкі – гэта пабочны прадукт. Зімой мне надакучыла #давайпака пісаць, вырашыў нешта новае прыдумаць. Але яны не вельмі атрымліваюцца і заходзяць.

    — Адкуль бярэш сюжэты?

    — Са стужак інфармацыйных агенцтваў і з Face­book. Мы з вамі жывем у кнізе Льюіса Кэрала, калі нехта яшчэ не заўважыў. Навокал столькі казачнага ідыятызму і абсурду, што сядай і запісвай. Нават прыдумляць нічога не трэба, усё на паверхні. Залаты час для сарказму. Лепш у ім не жыць, праўда. Але каб пасты ў Face­book пісаць — самае тое.

     

    — Спецыяльна сядзіш і думаеш, пра што напісаць? Ці хутка пішуцца гумарэскі?

    — Ніколі не сяджу. Калі сесці і спецыяльна нешта пісаць, лайно атрымаецца. Тэксты самі ў галаву прыходзяць. З нейкага ўрыўку размовы, з нейкай гісторыі. Часам прыдумваю, пакуль у метро еду.

    Я ж журналіст, хоць зараз і не працую стала ў штаце нідзе. Дзесяць гадоў досведу дазваляюць разумець, якая тэма людзям цікавая, а якая не. Што зойдзе, а што праваліцца.

    — Ці раішся з кімсьці, ці паказваеш камусьці перад запускам?

    — Не. Адзін раз, здаецца, з былым калегам Змітром Лукашуком раіўся. Але гэта было выключэнне.

    Ніхто не ведае, аб чым я напішу і як. Яшчэ бывала, што людзі мяне ў каментах ці ў паведамленнях прасілі аб нечым напісаць. Але я звычайна ігнарую. Праўда, некалькі разоў усё ж пісаў па просьбе, выходзіла нядрэнна.

    — Не баішся жартаваць пра першую асобу?

    — Слухайце, калі мы ўжо жартаваць будзем баяцца, то можа адразу лепш у Нарвегію з’ехаць клубніцы збіраць? Я журналіст, калі я буду баяцца пажартаваць з уладаў у сваім Face­book, то гэта адразу прафесійная непрыдатнасць. Мы працуем, каб на любы крок кіраўніцтва краіны рэагаваць, мы ж «вартавыя сабакі». Крычаць мусім аб усім, любым парушэнні. Ва ўсе званы біць. А вы пытаецеся, ці я жартаваць не баюся.

    Што мне можна зрабіць? У турму пасадзіць? Ну пасадзяць, ну выйду, напішу новы выпуск. Збяру замест тысячы лайкаў, дзесяць тысяч. Каму гэта трэба? Нікому. Троляў у сацсетках эфектыўней і прасцей проста ігнараваць. Мяркую, улады гэта выдатна разумеюць.

     

    —  Чыноўнікі ведаюць? Не перашкаджае журналісцкай працы?

    — Не ведаю, ці чытаюць мяне чыноўнікі. Верагодна, нехта чытае. Я не сачыў. А вось у працы раней перашкаджала крыху. Бо некаму звоніш, прадстаўляешся, а там адразу “давайпака, давайпака”. А мне трэба з чалавекам пра сур’ёзную справу пагаварыць. Хаця, з іншага боку, вядомасць у сацсетках цяпер журналістам жыццё аблягчае. Так што пішыце больш і цікавей.

    — Ці выйдзе кніжка?

    — Не. Таксама надакучыла тлумачыць, чаму. Цяпер папяровая кніга — прадукт не для ўсіх і не для ўсяго. Чалавек кнігу набывае, каб засяродзіцца, падумаць над добрым разумным і прыгожым тэкстам, каб асалоду атрымаць эстэтычную. А з давайпака якая асалода і эстэтыка? Гэта ўсё толькі ў Face­book успрымаецца. Вырві з кантэксту і ніякага сэнсу. Так што не будзе кнігі.

    — Ці ёсць нейкія ужо гатовыя сюжэты, якія чакаюць свайго часу?

    — Ёсць. Адзін гатовы ёсць, але пакуль не раскажу. Скажу толькі, што мне самому смешна ад гэтага дыялогу…

    Фота з Face­book Алеся Пілецкага

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці