• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Буду судзіцца». Былая кіраўніца «Белсату» расказала, чаму яшчэ не гатовая пакідаць канал

    Агнешку Рамашэўску-Гузы пасьля 17 год кіраваньня «Белсатам» звольнілі з пасады дырэктаркі. У інтэрвію «Свабодзе» яна расказала, чаму зьбіраецца абскардзіць гэтае рашэньне ў судзе, што думае пра новага кіраўніка тэлеканалу і чаму лічыць, што яшчэ ня час пакідаць праект.

    Аляксей Дзікавіцкі і Агнешка Рамашэўска-Гузы. Фота: Радыё Свабода

    — Звольніць з працы чалавека паводле закону ня так і проста. Як кіраўніцтва TVP патлумачыла Вам сваё рашэньне?

    — Яны вельмі моцна намагаліся, каб я сышла сама. Увесь учорашні вечар і палову дня сёньня яны спрабавалі мяне пераканаць. Я ўжо амаль паддалася, бо залатыя горы, якія яны абяцалі мне ў выпадку сыходу, былі вельмі спакушальныя. Але пасьля я прачытала тэкст дамовы і там было напісана, што я пагаджаюся з забаронай тры гады выказвацца публічна пра Польскую тэлевізію, як палітыку і наконт «Белсату». Я адказала ім, што для мяне гэта непрымальна і што я маю намер выказвацца ўжо сёньня. Яны думалі над гэтым, быў перапынак у сустрэчах. Праз некалькі гадзінаў мы ізноў сустрэліся і яны скрэсьлілі з дамовы забарону на 3 гады і пакінулі 1 год. Я ізноў адказала, што мяне гэта задавальняе. Тады яны дасталі дакумэнт пра заканчэньне супрацоўніцтва без згоды бакоў.

    Прычына звальненьня была наступная: адсутнасьць належнага дбаньня пра дабро працадаўцы і ягонае добрае імя. Другое: Адмова ад даручэньняў працадаўцы наконт прывядзеньня дзейнасьці «Белсату» паводле выдаткаваных фінансавых сродкаў зь дзяржаўнага бюджэту. Гэта, калі казаць далікатна, хлусьня, бо я сёньня ўпершыню бачыла спадара Даніэля Горгаша (фармальнага кіраўніка TVP — РС). Ані праз эмэйл, ані асабіста, я ня мела ад яго ніякіх даручэньняў. Наколькі я разумею, ён перадаваў мне даручэньні тэлепатычна. Бо звычайна я атрымліваю паведамленьні, што ёсьць такі і такі бюджэт, што вы яго настолькі перакрочылі. У гэтым выпадку нічога падобнага не было. Мы дзейнічаем паводле правілаў, паводле ўступнага бюджэту, які быў і летась — гэта 75 млн злотых. Ён абавязвае паўгода. Нічога іншага мне ніхто не сказаў. Звычайна такія рэчы робяцца праз фінансавы аддзел. Гэтага ня было. І ў выніку гэта аднабакова спынілі дамову. То бок, гэта не дысцыплінарнае звальненьне, бо там нават блізка ня было за што.

    — А вы маеце намер абскарджваць гэтае рашэньне?

    — Так. Паводле закону, у мяне ёсьць 21 дзень, каб абскардзіць гэтае рашэньне ў суду і, вядома ж, я гэта зраблю. Але, на жаль, гэта вельмі доўгая працэдура. Іх дакумэнт вельмі слабенькі. Я не магу адмовіцца ад права выказвацца пра «Белсат», бо я яго стварыла менавіта дзякуючы таму, што я выказвался. І так ён працаваў усе гэтыя гады і даў рады. Я не магу ім прадаць гэтае права і прыкідвацца, што ўсё добра. Зьмяншэньне бюджэту вельмі жорсткае і я не разумею, чаму.

    — То бок фармальна бюджэт Белсату застаецца на ўзроўні 75 млн як і летась?

    — Пакуль так. Мне нічога невядома пра тое, што ўступіў нейкі іншы. Толькі са СМІ я ведала, што МЗС зьбіраецца нам даць 40 млн і што, магчыма, чарговыя 14 млн мы можам атрымаць ад TVP World. Я так і меркавала, што расейскамоўная частка будзе перанесеная ў TVP World. Але я і далей лічу, што «Белсат» — гэта мультымэдыйная плятформа і яе каштоўнасьць у цяперашняй палітычнай сытуацыі ў рэгіёне ў тым, што яна шматмоўная і мультымэдыйная: для беларускай, расейскай, украінскай аўдыторый. Стрыжань быў беларускі. Але праблема ў тым, што яго не ўтрымаць за 40 млн, бо ёсьць пастаянныя выдаткі і яны вырасьлі. І калі камусьці давядзецца прымаць кепскія рашэньні ў справе «Белсату», то прынамсі добра, што гэта буду ня я. Хаця я не магу сказаць, што радуюся з гэтай нагоды.

    — То бок, гэта давядзецца рабіць вашаму былому намесьніку Аляксею Дзікавіцкаму?

    — Так вынікае з заявы Польскай тэлевізіі. Наколькі я зразумела, афіцыйна зь ім пакуль не размаўлялі, але цікаваліся ўступна, ці пагодзіцца ён на гэтую пасаду. Але няхай ён сам расказвае пра сваё рашэньне. Дапускаю, што ён кіраваўся лёгікай, што лепш, каб нехта быў знутры «Белсату», чым чужы. Ён пытаўся ў мяне, што я думаю на гэты конт. Я яму шчыра адказала, што мне ўсё роўна, хто будзе забіваць «Белсат» за гэтыя прапанаваныя 40 мільёнаў. Ня важна, свой ці чужы.

    — А як вы ацэньваеце тое, што гэтую пасаду заняў Аляксей Дзікавіцкі?

    — Найперш я хачу сказаць, што кепска ацэньваю сваё звальненьне. Для гэтага няма ніякай прычыны. Я 17 год кіравала гэтым праектам зь вялікімі посьпехамі. Я ня бачу прычыны камэнтаваць наступніка. Я кепска ўспрымаю той факт, што мяне звольнілі?

    — Ці праўда, што пасьля таго, як вы агучылі пра сваё звальненьне, частка супрацоўнікаў каналу накіравалася ў офіс кіраўніка тэлевізіі?

    — Так, такое было, я бачыла відэа. Калі яны даведаліся, то вырашылі адразу ісьці, гэта 9 паверх. Але іх спынілі. Прыйшоў адміністратыўны дырэктар: «Мы справіліся з дэпутатамі, якія прыходзілі сюды пратэставаць, справімся і зь «Белсатам».

    — Чаму вы лічыце, што меншы бюджэт гэта адразу ліквідацыя? Нешта можна скараціць, недзе ашчадзіць. Усё ж гэта ўсё роўна вялікая сума.

    — Я кажу пра ліквідацыю фігуральна. 16 год тэлеканал разьвіваецца. Яшчэ ня было аніводнага году, каб бюджэт «Белсату» быў меншы, чым папярэдні. І ня было аніводнага году, каб канал не рабіў больш, чым годам раней. Праца з такой установай гэта як язда на ровары — нельга спыняцца, а ехаць назад вельмі складана. Менавіта таму я лічу, што гэта сьмяротна небясьпечная справа. Зразумела, што нават меншы бюджэт ня значыць, што канал зачыняць. Але чаму «Белсат» павінен быць задаволены меншымі сродкамі? Гэта так не працуе. Прабачце мяне, але гэта беларускі падыход — хопіць і менш. Мы збудавалі нешта вялікае і разьвівалі гэты праект. Таму падыход, што ён павінен разьвівацца павінна быць фундамэнтам нашай працы. Я неаднаразова перакрочвала бюджэт, які нам давалі, і ставіла сябе на мяжу звальненьня. Я гэта рабіла напярэдадні «беларускай рэвалюцыі», у 2020 годзе. Потым пачалася вайны і выявілася, што мы мелі рацыю, што трэба было гэты праект разьвіваць. Мы адкрылі расейскамоўны аддзел і калі пачалася вайна, то стала відавочна — мы зрабілі слушна. Мы разьвівалі сацыяльныя сеткі.

    Я адчула, што ў Беларусі нешта адбудзецца яшчэ ў 2019 годзе, калі адбывалася пахаваньне Кастуся Каліноўскага. Вы думаеце, што нехта з палітыкаў і чыноўнікаў у Польшчы тады разумеў, што набліжаецца нешта грандыёзнае? І блізка не. А я хадзіла і пераконвала іх. Я гэта бачыла па актыўнасьці людзей, праз ютуб, сацсеткі. А цяпер ідзе вайна і яны зьмяншаюць сродкі. Для МЗС, а тым больш бюджэту, гэта кішэнныя грошы, гэта нішто. Дык навошта ставіць пад пытаньне гэты праект.

    — У заяве TVP ёсьць словы, што беларускага кіраўніка жадала і беларуская апазыцыя. Ці вам вядома, што былі нейкія перамовы з апазыцыяй на конт новага дырэктара каналу?

    — Наколькі мне вядома, так. Нібыта гэтым займаўся прэс-сакратар МЗС, што не да канца адпавядае яго задачам. Мне вядома, што некаторым людзям прапаноўвалі ўзначаліць «Белсат», нават ведаю каму. Але я ня буду казаць публічна пра гэта. Ведаю, што некалькі чалавек адмовіліся.

    — Вы кіравалі «Белсатам» 17 год. Магчыма і сапраўды надыйшоў час перадаць стырно іншым? Так лічыць нямала людзей.

    — Няхай лічаць і што?

    — Прыйдзе іншая асоба і прынясе трохі сьвежага паветра.

    — Баюся, што за такія сродкі немагчыма будзе ўнесьці нават сьвежага паветра. Мой досьвед навучыў мяне, што бяз грошай нельга будзе нічога зрабіць. Нават «сьвежае паветра» каштуе грошай. І што значыць, што мне хопіць кіраваць? Калі б я была ўпэўненая, што «Белсат» мае гарантаваную будучыню, то я б схілялася да таго, каб сысьці добраахвотна. Я магла б задумацца. Але я бачу, якая пэрспэктыва. Зь іншага боку, а што, я была калісьці супраць зьменаў? Прабачце, але гэта акурат я была галоўным рухавіком зьменаў на нашым канале. Мяне вельмі складана абвінаваціць у тым, што я адмаўлялася нешта зьмяняць. Зразумела, што надыходзіць час для кожнага сыходзіць. Але я не разумею, чаму менавіта цяпер?

    — Ці можа быць прычынай тое, што ў Польшчы ўрад, які вы крытыкавалі? Не сакрэт, што вам бліжэй да кансэрватыўнай партыі «Права і Справядлівасьць».

    — Пакуль у Польшчы няма такіх правілаў, якія б дазвалялі выкінуць кагосьці з працы за тое, што ў яго няслушныя погляды. Мяне складана абвінаваціць у тым, што я займалася прапагандай. Я ніколі не выказвалася ў перадачах іншых каналаў TVP. Наадварот, я іх крытыкавала. Так, у мяне ёсьць свае погляды. Яны ёсьць у кожнага. Але ніхто мяне не абвінаваціць у тым, што я парушала журналісцкія стандарты. Я супраць таго, каб звальняць людзей за погляды. Апрача таго, я кіравала «Белсатам» 17 год. За гэты час зьмяняліся розныя ўрады і неяк жа мы жылі. Радаслаў Сікорскі ўжо быў міністрам і я зь ім працавала. А што, лепш было з чарговым урадам? Яны ж увогуле хацелі нас зачыніць. Я лічу, што за сваё жыцьцё, усёй сваёй дзейнасьць, я зарабіла сабе права выказвацца наконт сваёй краіны Але прызнаюся, што апошнім часам я рабіла гэта вельмі ашчадна, кба нікога не нэрваваць. Але наколькі я разумею, цяпер у мяне будзе яшчэ больш свабоды.

    — Дарэчы, а чым плянуеце цяпер займацца?

    — Ня маю паняцьця. Я жыву «Белсатам», дзень і ноч. Тут мае сябры, калегі. Штосьці будуць зрабіць.

    — А верыце ў тое, што можаце вярнуцца?

    — Усялякае бывае. Першы раз мяне звольнілі з Польскай тэлевізіі 22 гады таму. Потым вярнулі. 15 год таму, акурат у гэтыя ж дні, мяне звольнілі ў чарговы раз. Спадзяюся, што нехта возьмецца за розум. «Белсат» — гэта супэрважны праект.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці