Калі вы цікавіцеся беларускім тэатрам, то вельмі верагодна маглі бачыць спектакль «Замова» — містычную дзею па матывах архаічных рытуалаў і старажытных песень. Радыё Ўнет пагаварыла з рэжысёрам пастаноўкі — маладым беларускім акцёрам Максімам Шышко.
Максім Шышко, 2024 год. Фота: Радыё Ўнет
Гэта пастаноўка стала для Максіма Шышко не проста дэбютам — саматэрапіяй. Яна загаіла раны пасля драматычнага 2020-га, калі трэба было сыходзіць з любімага РТБД. І пасля страшнага 2022-га, калі ён, украінец па нацыянальнасці, выйшаў у цэнтры Мінска з адзіночным антываенным пікетам. У адказ яго жорстка затрымалі і дэпартавалі, нават не даўшы сабраць рэчы.
— Я ўкраінец і грамадзянства ў мяне ўкраінскае, і ў іх была такая опцыя. Яны вырашылі пазбавіцца ад мяне такім чынам, — прыгадвае Максім, як выйшаў да Нацыянальнай бібліятэкі з украінскім сцягам.
— Потым суддзя ў мяне пыталася, чаму я выбраў такое месца. Я патлумачыў, што бібліятэка — гэта сімвал слова. Што так я хацеў данесці, што ўсё можна вырашыць, дамаўляючыся. Я прастаяў хвілін 15 і мяне забралі. Спачатку адседзеў содні, а пасля мне сказалі, каб я рыхтаваўся да дэпартацыі.
— Вам далі час на тое, каб хаця б сабраць рэчы?
— У аэрапорт я прыехаў адразу з Акрэсціна. Валізку з рэчамі збіралі жонка з мамай. Нам далі пару гадзін, каб паразмаўляць і развітацца. Такая вось гісторыя. Спачатку цябе да аэрапорта суправаджаюць два афіцэры міграцыйнай службы, а потым проста вышпульваюць з краіны, і 10 гадоў ты не можаш вярнуцца. У Грузіі я некаторы час чакаў візу, а потым праз Літву прыехаў у Варшаву. Гэта быў доўгі шлях.
«Варшава — вельмі цёплы горад, і я адчуў гэтае цяпло найперш ад людзей»
— Памятаеце свой першы дзень у Польшчы?
— Я прыехаў вясной, і ўсё якраз квітнела, зелянела, я быў у захапленні. Варшава была сонечная, цёплая, радасная. Я сустрэўся з сябрамі, з якімі даўно не бачыўся. Першае ўражанне было цудоўнае. Варшава — вельмі цёплы горад, і я адчуў гэтае цяпло найперш ад людзей.
— Гэта кантраставала таму, што было ў Вас на душы?
— Складанае пытанне… Напэўна, не. Я столькі да гэтага перажыў. Проста была палёгка і надзея, што ўсё будзе добра.
Максім Шышко. 2024 год. Фота: Радыё Ўнет
— Вы, дарэчы, утульна сябе адчуваеце ў гарадской прасторы?
— Я ўсё сваё дзяцінства пражыў у вёсцы. Першы мой горад, у якім я жыў «на стала», быў Брэст, калі я паступіў у музычны каледж. Таму для мяне горад — гэта заўсёды штосьці трошкі чужое. Мне падабаецца прырода, рэчкі, азёры, каб куры бегалі па падворку (смяецца). Але зараз і гарадская энергетыка мне блізкая.
— А які ваш самы цёплы ўспамін украінскага дзяцінства?
— Напэўна, дзеруны. Мама летам заўсёды пякла пляцкі з бульбы, са смятанай хатняй. Ммм… Дзяцінства — гэта рэчка, да якой мы малымі бегалі купацца. Гэта брат. Мне было 9, яму 2, і мне трэба было яго даглядаць. То я клаў яго спаць, а сам бег гуляць у футбол. Да поля было хвілін 15. Я гуляў, потым вяртаўся — глядзеў як там брат, калыхаў яго — і зноў вяртаўся на поле. Потым, калі брат падрос, на ровары яго катаў. Такое вось дзяцінства — з сябрамі, са школай, з бабуляй, рэчкай. Цёплыя адчуванні ад Украіны ў мяне…
— А ёсць куды вярнуцца і да каго прыехаць?
— Там засталася далёкая радня, але мы з імі даўно не бачыліся. Апошні чалавек, да якога я ездзіў, была бабуля. Пасля яе смерці я там не быў, а хату мы прадалі. Яшчэ ёсць сябры са школы, некаторыя зараз на фронце, і гэта жудасна.
Максім Шышко. Фота: Радыё Ўнет
Пра вялізную крыўду і страх
— Максім, як вы з бацькамі апынуліся ў Беларусі?
— Я, дарэчы, вельмі доўга думаў, што пражыў у Беларусі 23 гады. Але нядаўна мама мяне паправіла —25! У канцы дзевяностых бацькі вырашыліся пераехаць у Беларусь, бо там, дзе мы жылі, яны не маглі знайсці працу. Узялі мяне з братам і паехалі да сваякоў. У Беларусі я скончыў Брэсцкі музычны каледж, потым Акадэмію мастацтваў, працаваў у РТБД, пакуль мяне не дэпартавалі за антываенную акцыю. Вось такая мая гісторыя.
— Што вы адчувалі 24 лютага 2022 года?
— Гэта нельга перадаць словамі. Памятаю, што была вялізная крыўда і страх. Немагчыма было паверыць, што гэта сапраўды адбываецца. Ты разумееш, што ты нават не мурашка ў гэтым сусвеце, а ўвогуле ніхто. Ты нічога не можаш зрабіць, каб гэта спынілася. Ты чытаеш тэлеграм, бачыш фота, відэа, і гэта немагчыма апісаць. Не хапае слоў, каб распавесці, што было ўнутры…
— Беларускую мову так добра вывучылі ў школе ці пазней, у Акадэміі мастацтваў?
— Пачаў у школе: прынцыпова выбраў беларускі профіль. У нашай школе ў Астармечаве можна было выбраць у якасці профілю 2 прадметы. Я абраў беларускую мову і матэматыку, алгебру. Хаця потым пашкадаваў і зразумеў, што ў алгебры нічога разумею. А вось беларуская мова і літаратура вельмі падабаліся, хаця для мяне як для ўкраінца складана было. Памятаю, што мне вельмі падабаліся «Палескія рабінзоны». Я не надта люблю чытаць, але гэта быў кайф. Было лета, я залазіў на вярбу каля хаты і сядзеў чытаў кніжку.
Максім Шышко. Варшава, 2024 год. Фота: Радыё Ўнет
Творчыя спрэчкі з Белахвосцік і ціхі супраціў з Гарцуевым
— Максім, якая з сыграных Ввамі роляў раз і назаўжды падарыла адчуванне, што вы займаецеся сваёй справай?
— Гэты быў Файны хлопчык у галіфэ ў спектаклі «Кар’ера доктара Раўса». Напэўна, адна з самых цяжкіх у працы, але самая кайфовая роля ў выніку. Гэта зборны вобраз. П’еса была перанаселеная персанажамі, рэжысёр Аляксандр Гарцуеў вырашыў аб’яднаць у спектаклі некалькі характараў у адным.
Гэта няпроста, я некалькі разоў сябе ламаў, выкручваў, але ў выніку я разумею, што дзеля гэтых момантаў я і вучыўся, дзеля гэтага прыйшоў у прафесію. У мяне атрымалася данесці думку, што нягледзячы на сваю абаяльнасць, на сваю праўду, мой герой усё ж скаціна і фашыст. Напэўна, гэта лепшая і любімая мая роля, самая важная веха ў маім прафесійным станаўленні.
— Хто яшчэ мацаваў вашую акцёрскую веру ў сябе?
— Канечне, гэта майстар курса ў акадэміі Зоя Валянцінаўна Белахвосцік. У сілу маладосці, юнацкага супраціву і амбіцыйнасці я не заўсёды ёй давяраў. Мне не падабалася крытыка. Табе ж здаецца ў юнацтве, што ты геніяльны. Але зараз я разумею, што ўсё было правільна. І дзякуй ёй вялікі за гэта.
— Якая, дарэчы, акцёрская работы Зоі Белахвосцік вам запомнілася ў часы студэнцтва? Вы ж, канечне, хадзілі на яе спектаклі…
— Мне вельмі падабалася яе роля ў спектаклі «Піць, спяваць, плакаць».
— Пасля Акадэміі мастацтваў вы размеркаваліся ў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Якім чынам складваліся адносіны з яго мастацкім кіраўніком Аляксандрам Гарцуевым?
— Я вельмі, дарэчы, яму ўдзячны за тое, што ён мяне ўзяў да сябе. Якія адносіны? Я з ім часта не пагаджаўся, але ўнутры сябе. Мне здавалася, што а вось тут можна лепш, а тут інакш. Не разумеў, што маладым людзям трэба час ад часу слухаць, што табе кажуць вельмі дасведчаныя людзі. Але ў Аляксандра Фёдаравіча была вельмі цікавая рыса. Часам, калі мне не падабаліся яго прапановы, я прыносіў свой варыянт. І вельмі часта так адбывалася, што ён казаў: «Файна, так і пакідай». А я ж думаў, што будзе нейкі канфлікт, што не дазволіць! Але так я пачынаў разумець, што мне пачалі давяраць. І гэта вельмі важны досвед і вельмі каштоўнае асэнсаванне.
— Выйсці першы раз на сцэну ў вялікай ролі — гэта вельмі страшна?
— Трасецца ўсё ў арганізме — апошняя костачка, якая ёсць. Вушы, ногі, калені і нават пяткі. Вельмі страшна. Я не памятаў, што я рабіў — настолькі гэта вялікі стрэс. Але гэта такі этап, які трэба прайсці.
«Наркотык патрапіў у кроў, і я зразумеў, што спяваць мне не так кайфова, як граць на сцэне»
— Мы ж маглі зараз з вамі размаўляць не як з акцёрам, а як з оперным спеваком? Вы скончылі Брэсцкі музычны каледж па класе акадэмічнага вакалу.
— І ўжо нават хадзіў на кансультацыі да прафесуры ў Акадэмію музыкі. Трэба было проста прыйсці на экзамены. Але ў нейкі момант я зразумеў, што мне больш падабаецца граць на сцэне ў якасці актора, а не спевака. У нас жа было акцёрскае майстэрства ў каледжы. Я паспрабаваў сябе ў ролі, наркотык патрапіў у кроў, і я зразумеў, што спяваць мне не так кайфова, як граць на сцэне.
Максім Шышко. Варшава, 2024 год. Фота: Радыё Ўнет
— Якія ў вас зараз з операй адносіны?
— Ёсць парачка арый, якія мне падабаецца. Але не магу сказаць, што гэта мой любімы жанр. А вось любоў да музыкі засталася. Я слухаю вельмі шмат і вельмі рознай музыкі.
— Музычным стаў і ваш рэжысёрскі дэбют — спеўна-драматычны спектакль «Замова».
— Гэта быў абсалютна аўтатэрапеўтычны досвед для нас усіх. Такі спектакль ужо даўно прасіўся на свет. Там гучаць рэліктавыя спевы і замовы нашых продкаў. Я не магу сказаць, што я быў рэжысёрам — я займаўся візуалам і празаічным афармленнем. Спектакль адбыўся дзякуючы ўсім нам — гэта і музыка Мікіты Залатара, і спевы Машы Пятровіч і Дашы Новік, і ўдзел Андрэя Новіка. Мая задача была прывесці ўсё гэта ў нейкую форму, якая б мне падабалася.
— Чаму, дарэчы, вы самі не заспявалі ў «Замове»?
— А мяне прымушалі. І вельмі крыўдзіліся, што я не хачу. Але для мяне было важна паспрабаваць і зразумець, ці выцягну я менавіта візуальную частку. Для мяне гэта быў больш важны досвед, і дзякуй калегам, што яны мяне пачулі, зразумелі і адбылося так, як адбылося. Насамрэч я вельмі задаволены вынікам. Гэта вельмі каштоўная рэч для ўсіх нас.
Сцэна са спектакля «Замова». Фота: Радыё Ўнет
— Вы зараз амаль усёй сваёй камандай «Замовы» стварылі тэатральнае бюро BY teatr. Запытаюся коратка: навошта?
— Мы хочам сабраць як мага больш творчых людзей, звязаных з тэатрам. Хто хоча, хто можа, хто зацікаўлены. Будзем разам думаць, як рэалізаваць ідэю, прымяніць веды, досвед, што мы можам раібць, як знайсці фінансаванне. Мы пакуль што працуем над адкрыццём юрыдычнай асобы і плануем зрабіць фундацыю, каб прасцей было шукаць грошы. Займаемся сайтам. Мэта гэтай ініцыятывы — дамагчыся таго, каб людзям можна было плаціць за іх працу.
«Ты не можаш страціць інтарэсу да таго, чым ты гарыш»
— 23 сакавіка вас можна будзе ўбачыць у спектаклі Андрэя Новіка «Галера» . Каго Вы там граеце?
— О, мая роля вельмі цікавая і няпростая. Гэта шэры звычайны чалавек. Аказваецца, што для мяне гэта было выклікам у кар’еры — сыграць абсалютна звычайнага чалавека. Ва ўсіх маіх папярэдніх ролях была іскрынка, а тут як касцюмы шэрыя, так і морды ў нас павінны быць шэрыя. Задача з зорачкай.
— Вы граеце спектакль па-польску!
— І палякі кажуць, што мы добра размаўляем. Вучыў тэкст на памяць. Імправізаваць пакуль складана, і ўсё ж атрымліваецца нядрэнна. Прыходзьце паглядзець, што атрымалася. Мы пакажам гэты спектакль у Тэатральным інстытуце ў межах фестывалю Inexkult.
— Максім, як ва ўмовах эміграцыі захаваць цікавасць да акцёрскай прафесіі — калі спектаклі ідуць раз-два, калі няма сваёй прасторы для рэпетыцый, калі трэба элементарна зарабляць на хлеб?
— Напэўна, калі ты губляеш цікавасць да сваёй прафесіі, то, магчыма, ты проста займаешся не сваёй справай? У нас зараз такая сітуацыя, што мы амаль усе вымушаныя падпрацоўваць — хто на будоўлі, хто ў дастаўцы, хто ў таксі, але нягледзячы на гэта мы яшчэ знаходзім час, сілы і нават свае грошы, каб укласці ў праекты, якія хочацца зрабіць. Ты не можаш страціць інтарэсу да таго, чым ты гарыш.
— А як зразумець, ці ў правільным кірунку ты ідзеш, ці важныя рэчы робіш? Як заставацца цікавым гледачу?
— У гэтым я прытрымліваюся эгаістычнай пазіцыі. Не трэба рабіць мастацтва для кагосьці, каб камусьці спадабацца. Яго трэба рабіць для сябе — каб пазбавіцца ад сваіх страхаў і штосьці сказаць свету.
Максім Шышко. Варшава, 2024. Фота: Радыё Ўнет
— Хто сёння вашае бліжняе кола?
— Сям’я. Нягледзячы на тое, што я тут, а бацькі там, я адчуваю нашую еднасць. У Варшаве мая жонка, якая мяне вельмі падтрымлівае.
— Вы з Машай Пятровіч пазнаёміліся ж у РТБД, правільна?
— Так, працавалі разам над спектаклем «Дзед» Дзяніса Паршына і так неяк атрымалася. Але і да гэтага я ўжо прыглядаўся да Машы.
— А яшчэ ў Варшаве ёсць сябры…
— Кум Андрэй Новік. Мы жартуем, што ў нас кумаўство ў тэатры. Я хросны бацька яго сына. Насамрэч, калі я трапіў у Акрэсціна і пасля Маша распавядала, колькі людзей нас падтрымлівала, тэлефанавала, я зразумеў, што я вельмі багаты чалавек. Вакол мяне столькі людзей, якія ў такі крытычны момант нас падтрымлівалі! Я ім вельмі ўдзячны і спадзяюся, што змагу калі-небудзь адплаціць тым жа, але не ў такой жудаснай сітуацыі. Дай бог, каб усё ва ўсіх было добра.
Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
Наш сайт выкарыстоўвае файлы cookie і іншую інфармацыю для збору статыстыкі. Націснуўшы «Прыняць», вы даяце згоду на апрацоўку файлаў cookie у адпаведнасці з Палітыкай выкарыстання cookie.
Functional
Always active
The technical storage or access is strictly necessary for the legitimate purpose of enabling the use of a specific service explicitly requested by the subscriber or user, or for the sole purpose of carrying out the transmission of a communication over an electronic communications network.
Preferences
The technical storage or access is necessary for the legitimate purpose of storing preferences that are not requested by the subscriber or user.
Statistics
The technical storage or access that is used exclusively for statistical purposes.The technical storage or access that is used exclusively for anonymous statistical purposes. Without a subpoena, voluntary compliance on the part of your Internet Service Provider, or additional records from a third party, information stored or retrieved for this purpose alone cannot usually be used to identify you.
Marketing
The technical storage or access is required to create user profiles to send advertising, or to track the user on a website or across several websites for similar marketing purposes.