Беларускія ўлады летась даслалі запыт на выдаленне 50 відэа з YouTube. Ім адмовілі
Дэталі запыту невядомыя.
Google выпусціў штогадовую справаздачу, у якой расказвае, колькі запытаў ён атрымаў на выдаленне кантэнту і якое прыняў рашэнне.
За 2024 год ён атрымаў 7 запытаў на выдаленне кантэнту з Беларусі — усяго 58 адзінак кантэнту. З іх 56 — гэта відэа на ютубе, адзін — вэб-пошуку і яшчэ адзін не названы.

Колькасць запытаў на выдаленне кантэнту з Беларусі. Скрыншот са справаздачы Google
Два звароты былі ад неназванага дзяржаўнага органа. Адзін з іх — на выдаленне 51 відэа з ютуба. Прычына не пазначана.
Па запыце ім адмовілі. Гэта бачна, калі адсартаваць запыты па адпраўніках за другое паўгоддзе і абраць «дзяржаўныя службовыя асобы».

Адмова Google ад выдалення відэа. Скрыншот са справаздачы Google

Адзін з кейсаў, якія апублікаваў Google
Калі меркаваць па звестках Google, то пасля жніўня 2020-га ніводны запыт ад дзяржаўных структур Беларусі не быў ухвалены (за перыяд да 2019-га няма дэтальнай статыстыкі, таму меркаваць цяжка).
