“Добрая нагода” любіць Віцебск
Здаецца, віцебскай традыцыі і добрай нагодзе збірацца па першых чацверах месяца ўжо добра гадоў. Здаецца, пайшоў трэці сезон.
Для нас “Добрая нагода” — любімы праект, таму што, як бачыцца, жывая камунікацыя і гарачыя абмеркванні — тое, чаго так часта не хапае сучасным актывістам і проста неабыякавым людзям. Так, мы і самі з радасцю часам назіраем за анлайн-баталіямі, але ўсёткі аддаем перавагу вусным дуэлям.
Даўгая перадмова — проста каб нагадаць, як моцна мы радыя бачыць кожнага ўдзельніка пляцоўкі для камунікацыі “Добрая нагода”. 6 лютага адбудзецца наша чарговая сустрэча. Правілы знаёмыя: кожнаму, у каго ёсць чым падзяліцца і што абмеркаваць, ёсць месца на імправізаванай сцэне і магчымасць выказацца.
Чым можа быць карысна “Добрая нагода” персанальна для вас? Па-першае, тут можна сустрэць аднадумцаў, якія могуць стаць вашымі добрымі сябрамі ці калегамі па праекце. Па-другое, вы можаце распавесці шырокаму колу людзей пра ўласную задуму / праект / ідэю — і атрымаць зваротнае меркаванне, дапамогу і новы погляд. Па-трэцяе, ініцыятыва ці задума могуць з’явіцца проста на сустрэчы.
Карацей, што ж такое “Добрая нагода” сёння? Не проста пляцоўка для знаёмстваў і камунікацыі актыўных людзей Віцебска, але — месца пра натхненне і любоў да нашага горада, які мы можам палепшыць толькі разам.
То да сустрэчы ў пабе “Торвальд” (вул. Талстога, 1) 6 лютага. Пачатак а 18.00.