“Праваабаронцы за свабодныя выбары” запрашаюць на канферэнцыю па выніках першых этапаў назірання за выбарамі Прэзідэнта
Прэс-канферэнцыя кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, прысвечаная назіранню за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі адбудзецца ў сераду, 15 ліпеня ў 11 гадзін.
Канферэнцыя пройдзе ў відэафармаце на адмысловай пляцоўцы Zoom. Каб прыняць удзел неабходна папярэдне даць сваю згоду на электронную пошцу viasna@spring96.org і атрымаць спасылку для ўваходу ў праграму. Zoom таксама можна спампаваць на свой тэлефон.
Канферэнцыя будзе транслявацца на старонцы кампаніі ў фэйсбуку і на старонцы Праваабарончага цэнтра «Вясна».
У канферэнцыі будуць браць удзел каардынатары незалежнай грамадскай кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”
-
Алег Гулак ад РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”
-
Уладзімір Лабковіч ад Праваабарончага цэнтра “Вясна”
Аналітыкі кампаніі за час ад дня абвяшчэння выбараў 8 траўня актыўна назіралі за этапамі рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты, фарміраваннем тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісій.
Па выніках назірання былі падрыхтаваныя і апублікаваныя 10 аналітычных справаздач, прынятыя некалькі супольных праваабарончых заяў з патрабаваннямі да ўладаў спыніць ціск і запалохванне людзей у сувязі з іх удзелам у выбарчай кампаніі.
Таксама ад імя ўдзельнікаў кампаніі былі падрыхтаваныя некалькі важных зваротаў да Цэнтральнай выбарчай камісіі з прапановамі, якія тычыліся правядзення прэзідэнцкіх выбараў ва ўмовах эпідэміі COVID-19, павышэння празрыстасці выбарчага працэсу і парадку выручэння ва ўчастковыя камісіі, створаныя пры беларускіх амбасадах за мяжой.
Каардынатары пад час канферэнцыі дадуць сваю ацэнку першым этапам выбарчай кампаніі, грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, якая накладае адбітак на электаральную кампанію і адкажуць на пытанні прадстаўнікоў СМІ ды іншых зацікаўленых асоб.
Запрашаем за ўдзелу ў канферэнцыі!