Латушка прапанаваў ЕС увесці санкцыі супраць БелТА і Мінінфармацыі
Намеснік кіраўніцы АПК, кіраўнік НАУ Павел Латушка звярнуўся з прапановай да ЕС і Польшчы ўвесці санкцыі ў адказ на блакіроўку і прызнанне «экстрэмісцкімі» еўрапейскіх СМІ.

Павел Латушка. Фота: АПК
Як паведамілі ў АПК, прычынай для зваротаў сталі рашэнні беларускіх судоў і Мінінфарма пра прызнанне «экстрэмісцкімі матэрыяламі» польскага дзяржаўнага агенцтва PAP — 28 ліпеня, а таксама тэлевізійнай навінавай сеткі Euronews і праекта ЕС па барацьбе з дэзінфармацыяй EUvsDisinfo — 4 жніўня.
Павел Латушка накіраваў лісты ў адрас МЗС і МУС Польшчы, якое адказвае за нацыянальныя санкцыі Польшчы, а таксама ў адрас Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.
Беларускі палітык падкрэсліў: абвяшчэннем еўрапейскіх СМІ «экстрэмісцкімі» рэжым не толькі пазбаўляе людзей праўдзівай інфармацыі, але і стварае прамую рызыку крымінальнага пераследу для грамадзян Беларусі і краін ЕС, якія з’яўляюцца карыстальнікамі гэтых медыярэсурсаў.
У якасці адказу каманда НАУ прапануе ўвесці санкцыі, у тым ліку забарону на ўезд у ЕС і замарожванне актываў, супраць ключавых актараў інфармацыйнай агрэсіі:
- дзяржагенцтва БелТА і прапагандыстаў: эканамічныя і персанальныя абмежаванні супраць структур і асоб, якія займаюцца дэзінфармацыяй замест журналістыкі.
- суддзяў: персанальныя санкцыі супраць суддзяў, якія выносяць незаконныя рашэнні пра прызнанне СМІ «экстрэмісцкімі».
- кіраўніцтва Міністэрства інфармацыі Беларусі: чыноўнікаў, якія кіруюць цэнзурай і рэпрэсіямі супраць медыя.
НАУ перадала дыпламатам дэталёва прапрацаваныя дасье і абгрунтаванні. Арганізацыя адзначае, што ЕС не ўводзіў новыя санкцыі за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі з сакавіка 2025 года і заклікае аднавіць санкцыйны ціск.
Ад Voxeurop да Euronews: якія замежныя медыя Беларусь прызнала «экстрэмісцкімі» летам 2026 года
МУС і адміністрацыя Польшчы ўжо далі афіцыйны адказ. У ім гаворыцца, што матэрыялы накіраваныя на ацэнку для наступнага магчымага ўключэння фігурантаў у нацыянальны санкцыйны спіс Польшчы.
@bajmedia