• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Заходнебеларуская Атлантыда 1921–1941 гг.” вяртаецца

    7 кастрычніка ў Мінску прэзентуюць другую частку кнігі беларускага гісторыка Ігара Мельнікава, прысвечаную гісторыі Беларусі ў міжваенны час.

    Прэзентацыя кнігі “Заходнебеларуская Атлантыда 1921–1941 гг. Паміж Варшавай і Масквой” адбудзецца 7 кастрычніка ў 18–00 у будынку Беларускага таварыства сяброўства і культурнай сувязі з замежнымі краінамі (Мінск, вул. Захарава, 28). Чарговая кніга Ігара Мельнікава прысвечана малавядомым аспектам гісторыі як заходняй часткі Беларусі ў міжваенны час, так і БССР у 1920–1940 гг.

    Новая кніга, з’яўляецца лагічным працягам двух папярэдніх прац аўтара «Заходнебеларуская Атлантыда 1921–1941 гг.» (2014 г.) і «Мяжа ля Заслаўя 1921–1941 гг.» (2015 г). Гісторыя заходніх абласцей нашай краіны ў міжваеннае дваццацігоддзе сёння выклікае вялікую цікавасць у беларускага грамадства. Звязана гэта з тым, што доўгі час гэтая тэма даследавалася ў Беларусі пад значным уплывам савецкіх ідэалагічных клішэ і штампаў. Такі падыход не спрыяў аб’ектыўнаму даследаванню дадзенай праблематыцы ў айчыннай гістарыяграфіі, а звычайныя жыхары краіны проста не ведалі гістарычную праўду пра жыццё сваіх продкаў ў 1920–1940 гады.

    Зараз сітуацыя змяняецца ў лепшы бок і ў Беларусі з’яўляецца ўсё больш аб’ектыўных навуковых прац, прысвечаных гісторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд, здымаюцца дакументальныя фільмы і перадачы. Аднак, не гледзячы на гэта, шмат эпізодаў з мінулага заходнебеларускага рэгіёну па сёння застаюцца не вывучанымі.

    Першая глава новай кнігі прысвечана міжваеннаму дваццацігоддзю. Аўтар адмыслова не «разбіваў» яе на собныя падраздзелы пра заходнюю і ўсходнюю часцы нашай рэспубліцы. Беларусь – цэласная краіна, хоць у 1920–1930‑я гады дзве яе часцы знаходзіліся ў складзе розных дзяржаў. Барацьба выведак у міжваеннай Заходняй Беларусі, развіццё праваслаўнай царквы ў гэтым рэгіёне, дзейнасць польскай чыгункі ў ва ўсходніх ваяводствах Другой Рэчы Паспалітай, падрыхтоўка гэтых тэрыторый да магчымай вайны, а таксама развіццё архітэктуры ў савецкай Беларусі, гісторыя сталінскіх рэпрэсій супраць жыхароў БССР у канцы 1930‑х гадоў, трагедыя чэрвеня 1941 года – вось толькі некаторыя тэмы пра якія ідзе гутарка ў гэтай главе. Дарэчы аналіз сталінскіх рэпрэсій у БССР, а пазней у далучанай да ёй Заходняй Беларусі дае магчымасць зразумець карані тых праблем, якія мы маем сёння ў працэсе фарміравання нацыянальнай свядомасці жыхароў незалежнай Беларусі.

    Асобная частка выдання прысвечана гісторыі ўдзелу беларусаў у барацьбе з нацызмам у складзе Арміі Андэрса. Гэтая тэма, не гледзячы на з’яўленне шэрагу акадэмічных даследаванняў, да сённяшняга дня застаецца малавядомай для нашага грамадства. Між тым беларускія жаўнеры 2‑га польскага корпуса пад камандаваннем генерала Уладзіслава Андэрса праявілі мужнасць у барацьбе з нацызмам за што іх шануюць у шматлікіх краінах Еўропы. А вось на Радзіме імёны і подзвіг гэтых герояў Другой Сусветнай вайны забылі.

    Вялікую цікавасць для вывучэння гісторыі Беларусі першай паловы ХХ стагоддзя прадстаўляюць айчынныя і замежныя перыядычыня выданні. Пра што пісалі польскія газеты ў Заходняй Беларусі напярэдадні пачатку Другой Сусветнай, ці як апісваў падзеі 17 верасня 1939 года савецкі часопіс “Памежнік”. Пра гэта і шмат іншае распавядаецца ў асобным раздзеле кнігі. Перадапошняя глава выдання распавядзе чытачам пра малавядомыя старонкі гісторыі Другой Сусветнай вайны, а апошні раздзел прысвечаны некаторым гістарычным сюжэтам з мінуўшчыны нашай краіны.

    Значным плюсам выдання з’яўляецца тое, што ў працы над ім выкарыстаны цікавыя і малавядомыя матэрыялы з архіваў розных краін, а таксама прыватнага збора аўтара. Кніга праілюстравана ўнікальнымі здымкамі, большасць з якіх публікуецца ўпершыню.

    Падчас прэзентацыі Ігар Мельнікаў прадэмантруе цікавыя здымкі і артэфакты са сваёй багатай калекцыі, а таксама распавядзе пра тое, як ішла праца над новым выданнем.

    Шчыра запрашаем усіх на гэты вельмі цікавы івэнт.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці