• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Проста заліваешся слязьмі і думаеш: за што?» Ірына Шчасная і яе чатыры балючыя гады за кратамі

    Чатыры гады таму рэдактарка канала «Мая Краіна Беларусь» Ірына Шчасная з’ехала з бяспечнага Кіева ў Мінск, бо не магла без Радзімы. Два месяцы таму Шчасная зноў пакінула Беларусь — на гэты раз за яе плячыма палітычны тэрмін, здзекі за кратамі і незагойныя раны ўнутры. «Наша Ніва» пагутарыла з Ірынай пра гэты час і яе новае жыццё.

    Рэдактарка Ірына Шчасная  пра чатыры гады за кратамі

    Фота: архіў суразмоўцы

    «Папрасіла мужа, каб мы з ім з’ездзілі да мяжы — проста пастаяць і паглядзець на Радзіму»

    Гутарка з Ірынай адбылася праз тыдзень пасля яе прыезду ў Польшчу, дзе беларуска ўз’ядналася з мужам і сынам. Перад гэтым Шчасная амаль два месяцы чакала візу ў іншай краіне: пасля амаль чатырох гадоў за кратамі, прызнаецца жанчына, ад клопату з паперамі галава ішла кругам. Ірына расказвае, што і ў амбасадзе, і ў аэрапорце па дарозе ў Польшчу яна адчувала на сабе павышаную ўвагу — мяркуе, што праз яе беларускі пашпарт.

    Цяпер Шчасная ў Беластоку, дзе ўжо некалькі гадоў жывуць яе муж і сын. Пасля доўгага расстання яны нарэшце ўз’ядналіся:

    «У аэрапорце мяне сустракалі сябры, муж. Гэта была цёплая сустрэча, але мне ўсё яшчэ цяжка з камунікацыяй, нават калі гаворка ідзе пра самых блізкіх. Дзіця чакала мяне ў Беластоку, я яго адразу абняла па прыездзе. Але паколькі мяне добра не было, то не лезу да яго са сваім статутам. Усё павінна ісці пакрыху, каб не зламаць звыклы для яго свет».

    Сваё ўражанне ад выезду з Беларусі Ірына называе дваістым. З аднаго боку, ёй адразу стала лягчэй — маўляў, не дацягнуцца. Але Шчаснай балела і дагэтуль баліць з‑за таго, што давялося пакінуць Беларусь:

    «Гэта балючае пачуццё развітання з чымсьці родным і блізкім твайму сэрцу, адчуваю яго і дагэтуль. Няма такой гадзіны, каб я не згадвала свой дом і Радзіму. Мне кажуць, што я прызвычаюся, што трэба вучыцца жыць у іншых умовах і цягам часу яно згладзіцца. Але я ўжо два месяцы за межамі краіны, і ў мяне гэта яшчэ не праходзіць, не ведаю, ці пройдзе калі-небудзь.

    Напэўна, я нічога ў жыцці так не хачу, як вярнуцца дадому. Я бачу Радзіму ў снах, згадваю нейкія месцы. Калі хаджу па Беластоку, гляджу на некаторыя будынкі і ўспамінаю падобныя будынкі ў Беларусі. Тут 40 кіламетраў да дому, і я папрасіла мужа, калі ў яго будзе вольны час, каб мы з ім з’ездзілі да мяжы — проста пастаяць і паглядзець на Радзіму».

    За два месяцы на волі Ірына шмат назірала за тым, што адбываецца ў Беларусі. Давялося вывучаць шмат прапушчаных навін, знаёміцца з новымі тварамі. Яна дзеліцца, што станоўчыя тэндэнцыі не відаць, і гэта расчароўвае. Яшчэ адно назіранне — шмат людзей стамілася, і гэта зразумела, але ні ў якім разе не трэба губляць веру ў будучыню Беларусі. 

    Расчараванне, пра якое яна кажа, беларуска назірала і ў людзей за кратамі:

    «Часта чула ад жанчын такія словы — маўляў, яны (дэмакратычныя сілы — НН) адарваліся ад Беларусі, яны не разумеюць, што ў нас тут адбываецца. Шмат каму было вельмі балюча чуць «або ўсе, або ніхто» наконт вызвалення палітзняволеных (Ірына ўдакладніла, што гэтыя словы жанчыны чулі ад родных на спатканнях, з лістоў і гэтак далей — НН). Калі так кажуць, людзям трэба адчуць, што адбываецца за кратамі, прайсці праз тыя выпрабаванні, праз якія прайшлі мы.

    Добра памятаю жанчыну, якой трэба было трапіць да хірурга, але калонія «згубіла» яе дакументы. Тую жанчыну ў 2021‑м прааперавалі, а ў калоніі яна рабіла цяжкую працу — трэба цягаць 20-кілаграмовыя мяхі з бульбай, цягаць рыдлёўкамі і мяхамі снег. Праз усё гэта ў той жанчыны пачалі разыходзіцца шнары ад аперацыі. І вось мы з іншай палітзняволенай стаялі і залеплівалі ёй пластырам шнары, бо той жанчыне трэба было ісці на працу. Як той жанчыне чуць «або ўсе, або ніхто»?»

    «Нікога не чула, вярнулася ў Мінск, і праз некаторы час мяне схапілі»

    Згадваем з Ірынай 2020-ты. Незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў яна, тады рэдактарка канала «Мая Краіна Беларусь», з’ехала з краіны. Успамінае, што нічога супрацьзаконнага не рабіла: у канале заклікалі людзей не правакаваць міліцыянтаў, падыходзіць да іх, калі на акцыях сустрэнецца нехта нецвярозы, не браць з сабой нейкія абуральныя плакаты.

    І тым не менш Ірына бачыла першыя арышты і пачала сумнявацца ў сваёй бяспецы. У выніку яна паехала ў Кіеў, але не вытрымала:

    «Я пачала сумаваць па Радзіме, разумела, што маё дзіця мяне не бачыць. Думала: ці правільна, што я знаходжуся тут? І аднойчы проста набыла квіток у Беларусь. Мне і родныя, і кіеўскія сябры казалі: «Што ты робіш? У цябе што, розуму няма?» Але я нікога не чула, вярнулася ў Мінск і праз некаторы час мяне схапілі».

    Частка сілавікоў, якія затрымлівалі Шчасную, была ў форме ЖЭСаўцаў. За дзень да гэтага чалавек у такой форме ўжо званіў у дзверы да жанчыны, калі дома больш нікога не было, але яна яго не пусціла. Ірыну ў выніку затрымлівалі на вачах сына і маці, і яна шмат успамінала потым той папярэдні візіт «жэсаўца» — маўляў, калі б адчыніла тады, яе маглі б затрымаць не ў прысутнасці блізкіх.

    Пасля затрымання Ірыну доўга дапытвалі ў ГУБАЗіКу, і ў выніку яна трапіла на Валадарку і ў магілёўскае СІЗА. Шчасная аказалася ў адной справе з актывістамі «Еўрапейскай Беларусі», блогерам Змітром Казловым і Паўлам Севярынцам — з апошнім Ірына пазнаёмілася, толькі калі пачала чытаць справу.

    Муж і сын Ірыны, калі яна трапіла за краты, выехалі з краіны ў мэтах бяспекі — дзень, калі Шчасная пра гэта даведалася, яна лічыць самым шчаслівым за ўсё зняволенне. А яе саму 25 мая 2021 года асудзілі на чатыры гады за кратамі.

    Супрацоўнікі ў калоніі незалюбілі жанчыну. Асабліва яна адзначае Дзяніса Таўсцянкова, начальніка калоніі падчас яе тэрміну. Шчасная называе яго страшным чалавекам:

    «На камісіях па пакараннях ён шмат разоў казаў брудныя рэчы — маўляў, мы на волі нікому не патрэбныя, пра нас усе забылі. Казаў, што нашы паплечнікі грэюць у Польшчы пятую кропку, а мы — гарматнае мяса, абяцаў мне падоўжыць тэрмін праз артыкул 411, калі я не суцішуся. А я стаяла і думала: што я такога раблю? Ён ненавідзеў не толькі мяне, а, напэўна, усіх палітычных.

    Былі таксама супрацоўнікі, маладыя хлопцы, якія быццам адчувалі асалоду ад здзекаў. Ладзілі прыніжэнні, нейкія «рэжымныя мерапрыемствы», калі надглядаюць твае рэчы. Кожны ліст яны дастаюць з канверта і кідаюць на падлогу, праглядаюць канцтавары і робяць з імі тое ж самае. Бяруць сродкі гігіены, пракладкі, усё гэта ляціць туды ж, і там утвараецца гара з тваіх асабістых рэчаў. Яны сыходзяць, а ты не ведаеш, што рабіць з гэтай гарой, бо да выхаду на працу засталося паўтары гадзіны. Проста заліваешся слязьмі і думаеш: за што?»

    «Па дзяржаўным тэлебачанні шмат казалі пра антыкарупцыйныя пасадкі, а на турэмнай фабрыцы простыя зэчкі спісвалі грошы»

    Ірына кажа, што ў калоніі намагалася жыць па рэжыме, каб да яе не было пытанняў. Але гэта ўсё роўна не ўратавала ад непрыемнасцяў — яна мела і рапарты за «парушэнні», і іншыя пакаранні. З калоніі Шчасная выйшла з прэвентыўным наглядам і масай абмежаванняў — напрыклад, нельга было выязджаць з гораду без дазволу і трэба было знаходзіцца дома з 22‑й да 6 гадзіны раніцы.

    Тры парушэнні — трапляеш у калонію. І гэта не пустыя словы, бо 11 верасня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска прайшло пасяджэнне наконт таго, што Ірына парушыла нагляд.

    Беларуска ўспамінае працу на швейнай фабрыцы ў калоніі. Яркае ўражанне — брыгадзірка, якая дазваляла сабе зневажаць зняволеных, а адміністрацыя яе пакрывала, бо тая жанчына была стукачкай. Справа дайшла да таго, што брыгадзірка пачала праварочваць на фабрыцы фінансавыя аферы, кажа Ірына, і прыводзіць адзін з прыкладаў:

    «Тады па дзяржаўным тэлебачанні шмат казалі пра антыкарупцыйныя пасадкі, а на турэмнай фабрыцы простыя зэчкі спісвалі грошы, хай і невялікія. Гэтая брыгадзірка знайшла сабе прапітую паненку, якая бегала па брыгадзе і слухала, хто што кажа пра тую брыгадзірку. За гэта брыгадзірка ёй запісвала так званых вучняў, быццам бы тая паненка вучыць новых жанчын швейнай справе.

    Тая прапітая шасцёрка нікога не вучыла і вучыць не магла, бо гэта магчыма толькі для чалавека з чацвёртым разрадам [прафесіі], а ў той алкашкі быў трэці. Але ж ёй пісалі гэтых вучняў, і за кожнага чалавека яна атрымлівала грошы — падаецца, 50–100 рублёў».

    Наконт стукачак — Ірына кажа, што гэта закранула і палітзняволеных жанчын. Дакладнай інфармацыі, што тая ці іншая жанчына — даносчыца, Шчасная не мае, але ж, па назіраннях, такая з’ява сярод палітычных існуе, хаця гэта і адзінкавыя выпадкі.

    Беларуска параўноўвае вызваленне палітзняволеных і звычайных асуджаных жанчын:

    «Калі выходзяць наркаманкі, забойцы, яны перад вызваленнем кажуць, што пойдуць адрывацца — на манікюр, у салон, на дыскатэку. А мы вызваляемся са слязьмі на вачах, бо гэта балюча: ты выходзіш і пакідаеш там людзей, і ты не здольны ім дапамагчы. Звязалася з сяброўкамі, з якімі адбывала так званае «пакаранне». Ім усім цяжка, ніхто з іх не можа дбаць пра ўласнае жыццё, кожная думае пра тых, хто там застаўся».

    Пра сябе Ірына кажа, што і яна пакуль не навучылася паўнавартасна радавацца жыццю, бо згадвае жанчын, якія засталіся ў калоніі. Шчасная прызнаецца: зняволенне моцна паўплывала на яе псіхічны стан, і розумам яна дагэтуль за кратамі, бо такі досвед не выкрасліш з жыцця. Яна мяркуе, што пакуль у Беларусі будуць палітвязні, большасць экс-палітзняволеных не змогуць нармальна жыць.

    Ірыне давялося звярнуцца да псіхатэрапеўта, і цяпер жанчына адчувае сябе лепш, чым адразу па вызваленні. Але кажа, што праблем яшчэ багата:

    «Калі я выйшла і яшчэ была ў Беларусі, мне здавалася, што любы мінак на вуліцы за мной назірае і зараз мяне схопяць, хадзіла і абарочвалася. Нават у іншай краіне, калі раптам у суседзяў грукалі дзверы, здавалася, што гэта ідуць па мяне. Першы месяц спала па тры гадзіны на суткі і пры ўключаным святле. Былі слёзы, істэрыкі. Праз месяц тэрапіі мне часткова палепшала — перастала баяцца гукаў у суседзяў, змагла спаць без святла, толькі пакідала святло ў калідоры. 

    Сустракалася з сябрамі са старога жыцця, мы паразмаўлялі, і гэта было файна. Але недзе ўнутры мне здавалася, што я нешта раблю ці кажу не так, нібыта на мяне глядзяць і думаюць, наколькі зараз можна з гэтым чалавекам падтрымліваць адносіны. Ведаю, што мае сябры так не думаюць, але не знікае пачуццё, што ты нейкі непаўнавартасны».

    Каб аднавіцца хутчэй, Ірына шукае сілы ў адносінах з сынам, вечаровых шпацырах па Беластоку ў адзіноце, а таксама ў музыцы. Першыя планы — нармалізаваць стасункі з дзіцём, а таксама працаваць і вучыцца жыць звычайным жыццём. 

    Канечне, у гэтым жыцці будзе шмат думак пра Беларусь:

    «Не ведаю, як выправіцца сітуацыя ў нашай краіне. Але дакладна ведаю, што цяперашняе становішча нікому не ідзе на карысць. Яно псуе лёс будучых пакаленняў, забівае нацыянальную самасвядомасць, забірае здароўе і жыццё тых, хто цяпер за кратамі. Маю адчуванне непапраўчай катастрофы. Баюся, што калі нешта не зменіцца у бліжэйшы час, наша незалежная і прыгожая Беларусь застанецца ў мінулым.

    Трэба не спрачацца, а размаўляць паміж сабой, дбаць не пра асабістыя прыярытэты, а пра будучыню Радзімы. Радзіма ў нас адна, і калі мы яе страцім, мы страцім сябе. Толькі шчасце Беларусі — наша асабістае шчасце, але для таго, каб яго здабыць, трэба пачынаць з сябе. Трэба спытаць у сябе, чым ты гатовы паступіцца, каб зноў адбудаваць свой дом».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці