Цела журналісткі Вікторыі Рошчынай, закатаванай у расійскім палоне, вярнулі ва Украіну
Незадоўга да смерці журналістка аб’явіла галадоўку з‑за «нечалавечага стаўлення», яна важыла каля 30 кілаграмаў.

Вікторыя Рошчына. Фота: з асабістага архіва
Цела украінскай журналісткі Вікторыі Рошчынай, якая загінула год таму ў расійскім палоне, вярнулі ва Украіну. Адбылося гэта яшчэ ў лютым, з дапамогай ДНК-экспертызы пацверджаная яе асоба. Пра гэта ў інтэрв’ю «Цензор.НЕТ» расказаў намеснік міністра ўнутраных спраў Украіны Леанід Цімчанка.
Пра смерць 28-гадовай украінскай журналісткі Вікторыі Рошчынай стала вядома ў кастрычніку 2024 года. Затрымалі яе летам 2023 года падчас падрыхтоўкі рэпартажу на тэрыторыі часткова акупаванай Запарожскай вобласці.
Сукамерніца журналісткі ў таганрожскім СІЗА №2 расказвала, што на целе Рошчынай былі нажавыя раненні, з якімі яна прыбыла. Журналістку катавалі токам ужо непасрэдна ў СІЗА.
«Ведаю, што токам [катавалі] не адзін раз. І яна не казала колькі разоў, але казала, што была ўся сіняя», — згадвала сукамерніца.
Журналістку хавалі ад праверкі расійскага амбудсмена. Незадоўга да смерці Вікторыя Рошчына аб’явіла галадоўку з‑за нечалавечых умоў утрымання: яна важыла каля 30 кілаграмаў. Апошні раз журналістку бачылі 8 верасня 2024 года, калі яе вывелі з камеры ў невядомым кірунку.
10 кастрычніка мінулага года каардынацыйны штаб па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі Украіны пацвердзіў смерць Вікторыі Рошчынай, якая знаходзілася ў спісах на абмен. Мінабароны РФ аб’явіла, што журналістка памерла яшчэ 10 верасня 2024 года.
Вікторыю Рошчыну расійскія вайскоўцы і сілавікі затрымлівалі два разы — у сакавіку 2022 года падчас паездкі з Бярдзянска ў Марыупаль (тады пасля 10 дзён арышту яе адпусцілі) і ў жніўні 2023 года, калі журналістка паехала праз Польшчу на падкантрольныя Расіі тэрыторыі Запарожскай вобласці для падрыхтоўкі рэпартажу.
