• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Чарговы штраф за распаўсюд незарэгістраванай газеты ў Магілёве. Ужо па абноўленым артыкуле КаАП

    Суд Ленінскага раёна Магілёва 4 сакавіка пакараў штрафам у памеры 870 рублёў жыхара Магілёва Сяргея Тамукевіча. Суддзя Аксана Ратнікава прызнала яго вінаватым у распаўсюдзе незарэгістраванай газеты “Могилевские вести”.

    Згодна з матэрыяламі справы,  Сяргей Тамукевіч на пачатку студзеня перавозіў на сваім аўтамабілі тысячу асобнікаў самвыдатаўскай газеты, у якой асвятляліся грамадска-палітычныя падзеі ў краіне. У магілёўца таксама адабралі аўтамабіль у якасці рэчавага доказу.

    Адміністрацыйны працэс над Тамукевічам пачаўся яшчэ тады, калі дзейнічала ранейшая рэдакцыя Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. У студзені супрацоўнікі Ленінскага РАУС абвінавацілі яго ў парушэнні ч. 2 арт. 22.9 з той жа дыспазіцыяй, якая з 1 сакавіка 2021 года адпавядае ч. 3 арт. 23.5 КаАП.

    Суддзя Ратнікава пагадзілася з міліцэйскім пратаколам і аштрафавала абвінавачанага на 30 базавых велічынь (870 рублёў) паводле ч. 3 арт. 23.5 КаАП. Аўтамабіль павінен быць вернуты Тамукевічу з моманту ўступлення рашэння суда ў законную сілу.

    Сяргей Тамукевіч пакуль не вырашыў, ці будзе абскарджваць пастанову суда.

    Нагадаем, што ў гэтым годзе ў судах Магілёва за распаўсюд самвыдатаўскай газеты “Могилевские вести” ўжо было пакарана некалькі чалавек (паводле звестак праваабаронцаў — пяць).

    Таксама на пачатку лютага з’явілася інфармацыя, што магілёўскія праваахоўнікі затрымалі восем чалавек за незаконны выраб і распаўсюд друкаванай прадукцыі.

    Згодна інфармацыі магілёўскай міліцыі, у дачыненні да ўсіх затрыманых былі складзеныя пратаколы, некаторых ужо прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе буйных штрафаў, астатнія чакаюць рашэння суда. На адабраную ў іх маёмасць накладзены арышт да выплаты штрафаў.

    Адну з жанчын, якую раней аштрафавалі за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ, цяпер затрымалі па падазрэнні ў дачыненні да вырабу і размяшчэння на пуцеправодах “цынічна падпісаных лялек з асобамі чыноўнікаў”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці