«Ці займалася я прапагандай? Не ведаю». Як журналістка пайшла з размеркавання з раёнкі
Еўрарадыё адшукала выпускніцу журфака БДУ, якая праз паўгода звольнілася з месца адпрацоўкі, і распытала пра ўмовы, спецыфіку, прычыны, грошы і (спойлер) эміграцыю.

Фота: pexels.com
Уступная кампанія пачнецца ў Беларусі праз пару месяцаў, і для многіх стаіць пытанне не толькі пра тое, на якую спецыяльнасць ісці, але і пра выбар паміж бюджэтным і платным аддзяленнямі. У другім выпадку ўсе гады навучання давядзецца плаціць досыць вялікія грошы, у першым — як мінімум на два гады (калі гэта не мэтавае, там яшчэ даўжэй) адпрацоўваць там, куды адправіць дзяржава. А ў выпадку адмовы ад размеркавання налічаць буйны доўг.
«Проста адчувала сябе пацуком»
Паліна (імя змененае) некалькі гадоў таму скончыла журфак БДУ. У свой час дзяўчына паступіла на бюджэт, а пасля заканчэння ВНУ яе адправілі на размеркаванне ў раённую газету.
— Мэты застацца ў Мінску ў мяне не было, наадварот, я хацела змяніць лакацыю і пачаць новае жыццё з новай працай. Хоць я выдатна разумела, што гэта будзе за праца. Мне трэба было пачаць сваю кар’еру ў дзяржаўнай рэдакцыі праз год пасля падзей 2020 года.
Часцей за ўсё Паліна займалася асвятленнем мерапрыемстваў, хадзіла на гарадскія акцыі, брала каментары ў вядомых мясцовых жыхароў, у тым ліку ў чыноўнікаў.
— У цэлым, працаваць мне там не падабалася. Ці займалася я прапагандай? Не ведаю. Адказаць сабе на гэтае пытанне я не магу. Так, я пісала матэрыялы з чыноўнікамі, якія неслі пралукашэнкаўскі парадак дня. Ці пісала я што-небудзь там ад сябе? Не. Ці падабалася мне гэта? Таксама не.
