«Загадалі прыбраць фразу пра тое, што касцёл узарвалі». Якой была цэнзура ў СМІ ў апошнія гады савецкай улады
Афганістан, Чарнобыль, рэпрэсіі 1937 году, «Талака», «Тутэйшыя». Радыё Свабода пагаварыла з журналістамі і рэдактарамі пра тое, якія дзяржаўныя таямніцы насамрэч абараняў Галоўліт.
У канцы лета і восеньню 2020 году супрацоўнікі многіх рэдакцый дзяржаўных СМІ адкрыта падтрымалі пратэсты і асудзілі гвалт з боку сілавікоў. Некаторыя зь іх пасьля былі вымушаныя выехаць зь Беларусі, хтосьці трапіў за краты. У наступныя месяцы і гады ўлады фактычна цалкам забаранілі дзейнасьць недзяржаўных СМІ на тэрыторыі краіны, а дзяржаўныя за гэты час сталі яшчэ больш прапагандысцкімі. Расказваем, што адбывалася ў дзяржаўных СМІ ў Беларусі ў апошнія гады існаваньня СССР і першыя гады незалежнасьці.
Галоўліт
У савецкі час ніводная газэта, ніводная радыё- альбо тэлепраграма ня выходзілі без дазволу так званага «Галоўліту» — Галоўнага ўпраўленьня абароны дзяржаўных сакрэтаў у друку ды іншых СМІ. Існаваў Галоўліт з 1922-га па 1991 год, да развалу Савецкага Саюзу.
Журналіст, які праз пытаньні бясьпекі папрасіў называць яго проста Алесем, працаваў у «Звяздзе» на пачатку 1980‑х. Ён расказаў Свабодзе, як зьнялі з нумара ягоны матэрыял пра Мікалая Галадзеда, сакратара ЦК РКП(б), старшыню Савету Народных Камісараў, якога ў 1937 годзе арыштавалі. У некаторых крыніцах тады пісалі, што Галадзеда расстралялі. Аднак ён тады ня вытрымаў допытаў. Пра гэта мала хто ведаў.
«Я знайшоў запіску Яжова Сталіну ад 29 чэрвеня 1937 году, што Галадзед зьдзейсьніў самагубства — выкінуўся з акна будынку НКУС. Напісаў пра гэта. Але ці гэта была чыста воля Галоўліта, ці „ўказіўка агітпропу“ ЦК КПБ, я ня ведаю. Мяне выклікаў галоўны рэдактар „Звязды“ Аркадзь Тоўсьцік і папрасіў „не буяніць і ніколі больш не расказваць такіх дэталяў“. Матэрыял зьнялі», — успамінае былы журналіст «Звязды».
«Сьвежы ветрык перабудовы»
Аляксандар Класкоўскі ў 1980‑х быў галоўным рэдактарам адной з самых папулярных газэт, «Знамя юности» (наклад тады дасягаў 700 тысяч асобнікаў). Ён кажа, што ў так званыя застойныя гады асаблівых «цёрак» з Галоўлітам амаль не было.
«У Доме друку ў адным з кабінэтаў побач з рэдакцыямі сядзелі цэнзары, супрацоўнікі Галоўліту. Усе — і журналісты, і цэнзары — ведалі правілы гульні. Хіба што выпадкова нейкія зьвесткі засьвечваліся, кшталту каардынатаў вайсковай часткі: каб ніякія ворагі не даведаліся, цэнзар выкрэсьліваў літаральна пару радкоў. Такая вось была гульня ў «пралетарскую пільнасьць», — успамінае ён.
Аляксандар Класкоўскі кажа, што пасьля 1985 году ў моладзевай газэце пачалі ўзьнікаць калізіі з Галоўлітам. Бо Міхаіл Гарбачоў абвесьціў палітыку галоснасьці і перабудовы, а калектыў у «ЗЮ» быў малады, гарачы.
«Мы пакрысе пачалі гэтую сыстэму спрабаваць „на зуб“ — асьвятляць тэмы, якія раней былі забароненымі, табуяванымі, пісаць пра неабходнасьць дэмакратызацыі, фармалізм у камсамоле, дзедаўшчыну ў войску, прастытуцыю — раней жа была тэза, што „ў СССР сэксу няма“.
І тут пачаліся „цёркі“ з Галоўлітам. Але мы карысталіся тым, што сьвежы ветрык перабудовы павеяў з Масквы. Раз-пораз мяне выклікалі ў ЦК КПБ на нейкія нарады ці проста на нефармальныя прапрацоўкі. Тады загадваў аддзелам прапаганды Савелі Паўлаў — у яго быў імідж даволі змрочнага кансэрватара. Але і ён ужо пабойваўся так моцна „наяжджаць“», — прыгадвае галоўны рэдактар.
«Рабіце, як хочаце»
У 1986 годзе востра паўстала чарнобыльская тэма. Журналісты спрабавалі пісаць аб тым, што ўлады хаваюць інфармацыю пра забруджанасьць, недаацэньваюць маштаб радыяцыйнага ўдару, і часьцяком за гэта «прылятала», расказвае Аляксандар Класкоўскі.
«Цэнзарам працавала кабета, якая прыйшла ў Галоўліт зь ідэалягічнага аддзелу ЦК партыі. Тэлефануе мне яна па так званай „вяртушцы“ (урадавай сувязі) — ёй прынесьлі паласу на чарнобыльскую тэму. Пачынае мяне расьпякаць: „Што вы сабе дазваляеце, вы ачарняеце партыю…“ Хаця яна магла адразу напісаць: „Я забараняю друкаваць“. Але яна хацела псыхалягічна на мяне „наехаць“. Я кажу: „А што тут ня так, што вы можаце абвергнуць?“. Яна запнулася і кажа: „Рабіце, як хочаце“. Цэнзары, бачыце, ужо баяліся адкрыта браць на сябе адказанасьць і штосьці забараняць, стараліся нефармальна ўзьдзейнічаць.
Таму дэ-факта гэты абсяг свабоды слова, крытычнага стаўленьня да рэчаіснасьці на старонках газэты мы пакрысе пашыралі. Гэта доўжылася да развалу Савецкага Саюзу», — кажа тагасны галоўны рэдактар газэты «Знамя юности».
Улада і прэса. 30 гадоў вайны, якая скончыцца разам з Лукашэнкам
«Дэмакратычны публіцыст Павал Якубовіч»
За некалькі месяцаў да распаду СССР, увесну 1991 году, Аляксандра Класкоўскага ЦК ЛКСМБ адхіліў ад пасады галоўнага рэдактара «ЗЮ» (моладзевыя выданьні «Знамя юности», «Чырвоная зьмена» былі тады «органамі» ЦК камсамолу. — РС), не зацьвердзіўшы яго кандыдатуру на Пленуме ЦК. Класкоўскі стаў намесьнікам галоўнага рэдактара «Народнай газеты» Ёсіпа Сярэдзіча, які быў тады і дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, і сабраў дэмакратычны журналісцкі калектыў.
20 жніўня 1991 году, на другі дзень пасьля путчу, нумар «Знамёнкі» наагул ня выйшаў, расказаў Аляксандар, які ўважліва назіраў за сваімі былымі падначаленымі.
«Калектыў „ЗЮ“ быў зубасты, хацелі выйсьці з вострымі матэрыяламі. І тады з ЦК камсамолу прыслалі сакратара, які пайшоў у друкарню і забараніў друкаваць нумар. На той час Галоўліт быў ужо крыху адсунуты, цэнзуру ажыцьцяўлялі партыйныя і камсамольскія органы.
Што да „Народнай газеты“, была такая пікантная сытуацыя. Сярэдзіч паехаў у адпачынак на Нарач, і я як намесьнік падпісваў нумар. „Народная газета“ была адзіным друкаваным выданьнем у Беларусі, якое выступіла супраць путчу. Павал Якубовіч (будучы кіраўнік „Советской Белоруссии“, адзін зь вядучых прапагандыстаў Беларусі часоў Лукашэнкі. — РС) быў дэмакратычным публіцыстам і напісаў сваю калёнку. Да таго ж група дэмакратычных дэпутатаў Вярхоўнага Савету (Шушкевіч і іншыя) зрабіла гучную заяву супраць путчу. Мы ўсё гэта завярсталі ў нумар.
Я тады ня спаў усю ноч: надрукуюць ці не? Тады ўжо Галоўліт ня ўлазіў, яны не рызыкнулі забараніць. Нумар выйшаў, а я хваляваўся, чакаў, што прыедуць на „чорным варанку“ і мяне забяруць. Абышлося», — уздыхае Аляксандар Класкоўскі.
Беларускае радыё, Чарнобыль і Афганістан
Што да радыё і тэлевізіі, там была крыху іншая «кухня». Два цэнзары з Галоўліту прыходзілі ў Дом радыё пасьля абеду і чыталі ўсе мікрафонныя тэчкі з праграмамі на наступны дзень. Большыня перадач была ўжо запісаная, і журналістам даводзілася выкідаць фрагмэнты, апавядае намеснік галоўнага рэдактара адной папулярной радыёстанцыі.
«Даволі пільна цэнзары чыталі матэрыялы пра воінаў-афганцаў. Была ўжо адносная адліга, пра Афганістан нібыта ўжо адкрыта гаварылі. Адзін журналіст запісаў цікавую гутарку з былым воінам-інтэрнацыяналістам. Я нават дагэтуль памятаю прозьвішча таго „афганца“ — Яўген Каламакін. Разумею, што ёсьць ваенныя таямніцы, але гаварылі яны аб праблемах людзей, якія вярнуліся з вайны, пра іх рэабілітацыю, здароўе. Ад размовы цэнзары пакінулі маленькі кавалачак, зь якога наагул нічога не было зразумела. Мы вымушаныя былі зьняць з эфіру ўсю гутарку», — кажа намесьнік галоўнага рэдактара радыё.
Але рэдакцыя хутка перайшла на жывыя эфіры, і тады да цэнзара прыносілі адну старонку з плянам праграмы. Цэнзар вымушаны быў пісаць адну фразу: «Пад адказнасьць рэдакцыі».
Яшчэ адна тэма, да якой цэнзары заўсёды ставіліся з асаблівай пільнасьцю і ўвагай — Чарнобыль. Чыноўнікі на размовы з журналістамі не пагаджаліся. Пасьля доўгіх намаганьняў, лістоў, тэлефанаваньняў, ужо ў чэрвені 1986-га рэдакцыі ўдалося дамовіцца на інтэрвію з тагачасным намесьнікам міністра аховы здароўя, галоўным санітарным доктарам краіны Віктарам Бур’яком. Суботнія праграмы «Радыёкантакт» і «Ваша пытаньне» выходзілі ўжо ў жывым эфіры.
«Але чыноўнік катэгарычна адмовіўся прыходзіць у студыю і выступаць жыўцом, а тым больш адказваць на тэлефонныя пытаньні слухачоў. Ён паставіў умову: толькі ў запісе, толькі на загадзя ўзгодненыя пытаньні. Натуральна, усе найбольш вострыя чыноўнік адхіліў, а нёс, прабачце, поўную лухту пра тое, якія клубніцы вырасьлі вялікія і якую рыбу ён лавіў у Дняпры — маўляў, усё чыста», — кажа рэдактар.
Ён прыгадаў яшчэ некалькі тэмаў, якія выклікалі ўвагу цэнзараў. Гэта гісторыя і актывізацыя моладзевага руху.
У 1980‑х на тагачаснай Цэнтральнай плошчы сталіцы пачалося будаўніцтва Палаца Рэспублікі. Калі пачалі капаць зямлю пад фундамэнт, знайшлі падмуркі старадаўняга касьцёла сьвятога Тамаша Аквінскага і дамініканскага кляштара, пабудаваных у XVII стагодзьдзі.
Старажылы памяталі, што падчас бамбаваньня Менску прыгожыя будынкі касьцёла і кляштара на плошчы былі пашкоджаныя, але захаваліся. Але што зь імі стала потым, куды яны зьніклі?
«Раскопкі праводзілі археолягі і актывісты моладзевага аб’яднаньня „Талака“. Карэспандэнт зрабіў рэпартаж зь месца раскопак. Археоляг Зянон Пазьняк эмацыйна распавядаў пра гісторыю, пра тое, што археолягі дабраліся да слоя XVII стагодзьдзя, там знайшлі шкілеты з прастрэленымі чарапамі. І што будынкі пасьля вайны можна было аднавіць — гэта адзін з найпрыгажэйшых храмаў Менску. Але комплекс узарвалі і зруйнавалі ў 1950 годзе, расчышчаючы месца пад помнік Сталіну, казаў Зянон Пазьняк.
Тады ўмяшаўся цэнзар Галоўліта, які, як пазьней высьветлілася, узгадніў сваю пазыцыю яшчэ і з ЦК КПБ. Цэнзар запатрабаваў прыбраць з рэпартажу фразу, што касьцёл у 1950 годзе ўзарвалі. Трэба было ўжо з запісанай праграмы рабіць „выбраску“, выразаць фразу. Ніякія пярэчаньні („А куды падзеўся будынак?“) ня дзейнічалі».
Супрацоўнікі ЦК КПБ і КДБ у Доме Радыё
Рэдактар прыгадаў яшчэ адзін выпадак, калі супрацоўнікі ЦК КПБ проста «гаспадарылі» ў Доме Радыё. У сярэдзіне 1980‑х, на хвалі перабудовы, па ўсёй Беларусі ствараліся нефармальныя моладзевыя арганізацыі і клюбы: «Майстроўня», «Талака», «Тутэйшыя», «Пагоня», «Сьвітанак».
У канцы сьнежня 1987 году на турбазе «Палачанка» каля Ракава сабраўся Вальны сойм беларускіх суполак, у якім удзельнічалі 560 дэлегатаў зь Беларусі і замежжа. Былі на сойме прадстаўнікі Акадэміі навук, Міністэрства культуры, Беларускага фонду культуры, сакратар ЦК ЛКСМБ Міхаіл Падгайны. На сойме працавалі дыскусійныя сэкцыі «Мова і школа», «Ахова помнікаў», «Гісторыя», «Дэмакратызацыя» ды іншыя.
Пра першы Вальны сойм ёсьць артыкул у 5‑м томе «Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі» тагачаснага лідэра суполкі «Талака», гісторыка Сяргея Вітушкі. На сойме са знакавых асобаў былі Зянон Пазьнік, Генадзь Бураўкін, Алесь Бяляцкі. Працавалі там і карэспандэнты Беларускага радыё, расказаў рэдактар.
«Тады ўсе інтэрвію запісваліся на дыктафон, а потым „пераганяліся“ для зручнасьці мантажу на вялікія магнітафонныя бабіны. На наступны дзень пасьля сойму ў апаратную, дзе мантажаваўся рэпартаж, прыйшлі супрацоўнікі ЦК КПБ і КДБ і без усялякіх тлумачэньняў забралі ўсе стужкі, у тым ліку і дэфіцытныя імпартныя кампакт-касэты, якія журналісты куплялі за свае грошы. Здаецца, іх потым усё ж вярнулі, ужо размагнічанымі.
Яшчэ памятаю, як мікрафонную тэчку з праграмай пра літаратурнае аб’яднаньне „Тутэйшыя“ з удзелам Алеся Бяляцкага, Сяргея Дубаўца, Анатоля Сыса вазілі ў ЦК КДБ і нават у КДБ. Выратаваў праграму тагачасны старшыня Дзяржтэлерадыё Генадзь Бураўкін, які параіў дапісаць хвалебны камэнтар пра „Тутэйшых“ кіраўніцтва Саюзу пісьменьнікаў і расшыфраваць цалкам вершы, якія эмацыйна чытаў Анатоль Сыс», — успамінае падзеі канца 1980‑х журналіст.
«Маёй праўкай журналісты былі незадаволеныя». Як Васіль Быкаў працаваў у «Гродзенскай праўдзе»
«Цэнзуру павінна была праходзіць нават папса»
Былі на Беларускім радыё і гісторыі, зьвязаныя зь песьнямі. Журналісты і гукарэжысэры стараліся аздобіць праграмы новымі музычнымі творамі, дамаўляліся самі з выканаўцамі наконт новых фанаграм.
«Аднойчы малады журналіст і студэнт-практыкант зрабілі інтэрвію з расейскай поп-зоркай Машай Распуцінай, яна дазволіла выкарыстаць у эфіры сваю песьню „Отпустите меня в Гималаи“. Пасьля эфіру ў прыёмную патэлефанаваў нейкі пільны вэтэран і абурыўся: Гімалаі рыфмуюцца з чымсьці кшталту „там раздеться смогу догола я“, і пра тое, што ў Гімалаях „коммунистов нет и большевиков“. Пачаліся разборкі з Галоўлітам, што, маўляў, словы песьні „не завізаваныя“. Так што цэнзуру павінна была праходзіць нават папса», — расказаў журналіст.
І з усьмешкай дадаў, што былі прэтэнзіі ў беларускіх цэнзараў і да твораў Юрыя Шаўчука, Барыса Маісеева.
Калі Аляксандар Лукашэнка прыйшоў да ўлады, на пачатку 1995 года ён памяняў галоўных рэдактараў тагачасных найбуйнейшых выданьняў — «Народнай газеты», «Советской Белоруссии», «Звязды», кіраўніцтва Дзяржтэлерадыё.
«Лукашэнка пайшоў іншым шляхам: паставіў такія кадры, калі ня трэба было пільнаваць, ажыцьцяўляць цэнзуру, бо ўжо самі кіроўныя кадры ў рэдакцыях фактычна сталі цэнзарамі. Ён прызначыў такіх адыёзных пэрсанажаў, якія сталі самі ўсё жывое вынішчаць», — кажа Аляксандар Класкоўскі.