• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    35 год незалежнай журналістыкі Гродзеншчыны ў календары

    Гродзенская суполка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” сумесна з HrodnaMediaRoom прэзентавалі каляндар на наступны год пад назвай “Думай. Гавары. Пішы. Не бойся”. Каляндар паказвае гісторыю непадцэнзурнай медыяпрасторы горада за апошнія 35 гадоў.

    Пра яго адметнасць распавядае адзін з яго стваральнікаў, журналіст і сябра ГА “БАЖ” Віктар Парфёненка:

    “Мы палічылі вартым нагадаць усім гродзенцам пра тыя даўнія старонкі незалежнай журналістыкі горада, а таксама самім прыгадаць, як гэта адбывалася амаль 30 – 35 год таму. Некаторыя сябры БАЖ яшчэ не нарадзіліся, калі з’явіліся першыя самвыдатаўскія друкаваныя выданні ў Гродне.

    Мы прыклалі сілы, каб гэтую ідэю ўвасобіць на паперы менавіта да 35-годдзя незалежнай журналістыкі і паказаць, што ў Гродне заўсёды існавала вольная думка. Нягледзячы на тагачасны татальны кантроль, знаходзіліся людзі, якія спрабавалі нейкім спосабам выказаць сваё меркаванне. Прычым, што важна і цікава, большасць выданняў, пра якія распавядае каляндар, былі беларускамоўнымі”.

    Вольга Корсун, кіраўніца гродзенскай суполкі ГА “БАЖ”, упэўненая, што гэты каляндар – унікальная падзея для Беларусі і беларускай журналісцкай супольнасці, таму што ў ім сабраныя  архіўныя матэрыялы пра свабоду слова, незалежную журналістыку Гродзеншчыны, пачынаючы ад пачатку 80‑х гадоў  ХХ стагоддзя.

    “Цягам года мы займаліся апрацоўкай архіўных матэрыялаў і фотаздымкаў, каб захаваць менавіта нашу гісторыю. Магу адзначыць, што працай па сістэматызацыі гісторыі займаюцца адны гарадзенцы. Я лічу гэта вельмі важным, таму што варта памятаць і ганарыцца тымі падзеямі, якія адбываліся ў 90‑х гадах, калі рукамі журналістаў стваралася гісторыя і будавалася новая краіна.

    Сёння, калі маладых журналістаў запытаць пра нейкія падзеі ці асобаў, аказваецца, што яны ці нешта чулі, ці часцей за ўсё гэтага не ведаюць. Таму што ў прафесію прыйшлі новыя людзі, якія не вывучаюць гэтага ва ўніверсітэтах. Менавіта таму мы паказваем, што не заўсёды было такое “балота”, якое існуе больш за 20 гадоў, што ёсць рэчы, за якія варта змагацца, як змагаліся нашыя папярэднікі – больш старэйшыя калегі – на пачатку 90‑х гадоў. Што не заўсёды сыты страўнік – гэта самамэта, бо ёсць рэчы, дзеля каторых варта і рызыкнуць, у тым ліку магчыма і свабодай. Таму што менавіта рукамі журналістаў пасля будзе стварацца новая Беларусь”, – адзначыла журналістка Вольга Корсун.

    Каляндар, у прыватнасці, распавядае пра справу Пачобута, закрыццё “Пагоні” і “Биржы информации”, пра газету “Рэпарцёр” і першыя выданні канца 80‑х гадоў ХХ стагоддзя, такія як “РЭАНІМОВА” і “Набойні”.

    Замовіць каляндар “Думай. Гавары. Пішы. Не бойся” можна ў Цэнтры гарадскога жыцця, дзе і адбылася яго прэзентацыя.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці