• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Алеся Дзянісава аштрафавалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў «Вконтакте»

    Суд Кастрычніцкага райсуда Гродна 2 лістапада прызнаў музыку і журналіста, сябра ГА “БАЖ” Алеся Дзянісава вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў.

    Суддзя Валерый Шпак, які разглядаў адміністрацыйную справу паводле ч. 2 арт. 17.11 КаАП,  пакараў журналіста-фрылансера штрафам у памеры 25 базавых велічыняў (612,5 рубля).

    Падставай для пераследу стаў перапост Дзянісавым на сваю старонку ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” двух відэа пра ўдзел брэсцкіх анархістаў у леташнім пратэстным “Маршы дармаедаў”. Перапост, паводле абвінавачвання, быў зроблены ў сакавіку 2017 года з прызнанай судом экстрэмісцкай старонкі анархістаў «Революционное действие».

    Журналіст спрабаваў асабіста бараніцца на працэсе, аднак суд не прыняў да ведама яго аргументы.

    “Я звяртаў увагу на тое, што на той момант, калі сайт быў прызнаны экстрэміскім, гэтых відэа яшчэ не было на ім, яны з’явіліся пазней. То бок іх нельга прымаць як экстрэмісцкія. На старонцы Міністэрства інфармацыі існуе спіс, у ім дакладна пазначана, за што гэты сайт быў прызнаны экстрэміскім”, – сказаў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” Алесь Дзянісаў. 

    Журналіст упэўнены, што рашэнне па ім было прынята загадзя: “Справа не ў суддзі Шпаку, яму толькі далі волю – колькі даць”.  Алесь Дзянісаў намераны абскардзіць сённяшняе рашэнне Кастрычніцкага райсуда ў вышэйшай інстанцыі.

    На думку сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Віктара Сазонава, гэты суд як адмашка. “Гэта значыць, што вельмі хутка мы ўбачым мноства справаў, звязаных з рэпостамі ў сацыяльных сетках”, – лічыць праваабаронца. 

    Падтрымаць калегу і музыку ў суд прыйшлі каля двух дзясяткаў журналістаў і грамадскіх актывістаў.     

    Частка 2 артыкула 17.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях РБ прадугледжвае прыцягненне да адказнасці за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне альбо перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці