5271

Алеся Любянчука пакаралі штрафам

20.04.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Працэс над аператарам, які мае афіцыйную акрэдытацыю МЗС Беларусі, распачаўся ў Першамайскім судзе Мінска (вул. Талбухіна, 9). Разглядаў справу неаднаразова заўважаны ў палітычных працэсах суддзя Юрый Гарбатоўскі.

16.03 Суд пакараў Алеся Любянчука штрафам у 25 базавых велічыняў (575 рублёў) за нецэнзурную лаянку ў пастарунку міліцыі.

15.52 У судзе перапынак на прыняццё рашэння.

15.50 — Падрэз склаў на мяне пратакол за дробнае хуліганства, бо не пачуў ад мяне тое, што хацеў пачуць па спрабе аб гандлёвым знаку "Белсат". Падрэз настойваў, каб я падпісаў пратакол апытання, з якім я не быў згодны, — гаворыць Любянчук.

15.40 Любянчук заявіў хадайніцтва аб далучэнні да матэрыялаў справы ўласнай характарыстыкі. Пасля сведкаў зноў выступае журналіст. Яшчэ раз нагадвае суду, што яго правы неаднаразова парушаліся падчас дадзенага працэсу. У прыватнасці, міліцыянты адмовілі Любянчуку ў магчымасці звязацца з адвакатам.

15.27 Наступны сведка — супрацоўнік міліцыі Дзяніс Грыб. Таксама заяўляе, што журналіст лаяўся матам. Абодва міліцыянты на многія пытанні заяўляюць, што не памятаюць падзеі 31 сакавіка, бо прайшло даволі шмат часу.

15.20 Як высветлілася з апытання сведкі, рапарт супраць Алеся Любянчука не быў зарэгістраваны ў міліцыі. Супрацоўнік міліцыі блытаецца у паказаннях і спасылаецца на тое, што ў яго кожны дзень шмат падобных спраў.

15.07 Першым дапытваюць сведку аператыўнага ўпаўнаважанага Уладзіслава Падрэза, які назваў Алеся Любянчука Сяргеем. Сведка паведаміў, што журналіст некалькі раз выказваўся нецэнзурнай лаянкай у кабінеце № 423 Першамайскага РУУС Мінска. Міліцыянт гаворыць, што журналіст "вёў сябе неспакойна".

На фота сведка супраць Любянчука, падчас ператруса на офісе "Белсата" 31 сакавіка сведка выносіў тэхніку.

20 красавіка працэс працягнуўся. У суд з'явіліся сведкі з боку міліцыі.

https://baj.media/sites/default/files/event/preview/20170419_112015.jpg

----

11.54 У судзе абвешчаны перапынак да заўтра да 15:00 у сувязі з няяўкай сведак з боку міліцыі.

11.45 Алесь Любянчук: Я неаднаразова казаў міліцыянтам, што патрабую, каб пры складанні пратакола і іншых дзеяннях прысутнічаў мой адвакат. Міліцыянты мне ў гэтым адмовілі. Пасля гэтага мяне пасадзілі ў камеру і збіраліся везці на Акрэсціна. Але праз нейкі час адпусцілі.

11.42 — Які нармальны чалавек будзе лаяцца ў аддзяленні міліцыі, – пытае ў суддзі Любянчук.

11.38 Суд апытвае журналіста. Любянчук гаворыць, што 31 сакавіка незаконна быў дастаўлены ў Першамайскі РУУС пасля ператрусу ў офісе "Белсата". Цэлы дзень даваў тлумачэнні па спрабе аб парушэнні права на гандлёвы знак. У нейкі час у кабінет зайшоў супрацоўнік у форме, які склаў на мяне пратакол за нібыта дробную лаянку, – гаворыць Любянчук.

– Я патрабаваў у міліцыі прадаставіць магчымасць звязацца з адвакатам альбо роднымі. Міліцыянты не дазволілі мне гэта зрабіць. Некаторыя супрацоўнікі міліцыі наогул адмаўляліся прадставіцца.

11.37 Пачаўся працэс, справу слухае суддзя Юрый Гарбатоўскі. Сведкі з боку міліцыі не з'явіліся.

Падтрымаць аператара Алеся Любянчука прыйшлі каля дзесяці чалавек.

Таксама прысутнічаюць прадстаўнікі праваабарончага цэнтра "Вясна" Таццяна Рэвяка, Сяргей Сыс. Прыйшоў у суд і вядомы журналіст Максім Жбанкоў.

***

Нагадаем, у Мінску 31 сакавіка адбыліся ператрусы ў двух офісах "Белсата". У адным з офісаў на момант прыходу міліцыянтаў знаходзіўся журналіст Алесь Любянчук, яго завезлі ў Першамайскі РУУС.

У Першамайскім РУУСе Мінска на Алеся Любенчука склалі пратакол за нецэнзурную лаянку. Міліцыянты заявілі, што Любянчук нібыта брудна лаяўся непасрэдна ў аддзяленні міліцыі (дробнае хуліганства, артыкул 17.1 КаАП). У той дзень Алеся ўжо збіраліся везці на Акрэсціна, але а 19 гадзіне раптоўна вызвалілі з міліцыі.

Пасля гэтага міліцэйскі пратакол усё ж быў накіраваны ў суд. Зараз Любенчуку пагражае штраф альбо арышт да 15 сутак.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!