Брэсцкія журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава атрымалі чарговы штраф за супрацоўніцтва з «Белсатам»
Гэтым разам рашэнне пакараць журналістаў-фрылансераў вынес суддзя Ленінскага раёна Брэста Дзмітрый Шурын, прычым самі журналісты ў працэсе не ўдзельнічалі.
Падставай для судовага разбіральніцтва стаў артыкул пра чарговую сустрэчу на галоўнай плошчы Брэста праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода, змешачаны 18 лістапада 2018 года на сайце тэлеканала “Белсат”. У выніку на Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву, якія асвятлялі акцыю на плошчы, быў складзены адміністрацыйны пратакол на падставе часткі 2 артыкула 22.9 Кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).
Першапачаткова суд павінен быў адбыцца 19 снежня 2018 года, але ў выніку прайшоў 9 студзеня без удзелу Ляўчука і Харытонавай, бо яны заявілі, што не збіраюцца ўдзельнічаць у “судовым фарсе”, а падобныя справы лічаць “палітычна матываванымі”.
Суддзя Дзмітрый Шурын пакараў кожнага з журналістаў штрафам у памеры 50 базавых велічынь (1 275 рублёў). Пра гэта брэсцкія сябры ГА “БАЖ” даведаліся 15 студзеня, атрымаўшы судовае рашэнне поштай.
Паводле словаў Алеся Ляўчука, “у Беларусі на дзяржаўным узроўні створаная цэлая сістэма рабавання і жорсткага пераследу незалежных журналістаў, каб заткнуць нам рот”.
Увогуле за 2018 год адбылося шэсць судоў над Алесем Ляўчуком і Міланай Харытонавай, а агульны штраф склаў больш за 10 тысяч рублёў.