• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дапытвалі саміх аўтараў Regnum. Матэрыял з другога дня суда

    У Мінску працягваюць судзіць аўтараў расійскага інфармагенцтва Regnum, якім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў распальванні нацыянальнай варожасці ў складзе групы асобаў.

    У судзе абвешчаны перапынак да 10:00 раніцы ў сераду.

    16:40 Лілія Ананіч павінна адказаць за тую хлусню, якую яна распаўсюджвала ў дачыненні тых, хто сёння сядзіць на лаве падсудных, — гаворыць Шыптэнка.

    16:30 Апошнюю палову гадзіны па-ранейшаму выступае Шыптэнка, кранаецца розных момантаў абвінавачання. Гаворыць пра сваю журналісцкую працу, пра тое, што ніякага намеру парушаць заканадаўства не меў. Зноў просіць выклікаць у суд у якасці сведкаў супрацоўнікаў Міністэрства інфармацыі, у тым ліку былую міністарку Лілію Ананіч.

    У залі засталося 20 слухачоў.

    16:00 Сяргей Шыптэнка паведаміў, што ён з’яўляецца галоўным рэдактарам зарэгістраванага часопіса “Новая эканоміка” і таму абсалютна правамерна займаўся журналісцкай дзейнасцю.

    — Апроч гэтага я быў зарэгістраваны ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка з мэтай збору і аналізу інфармацыі. Пра гэта на папярэднім  следстве казаў падатковы інспектар Дудко, які будзе выкліканы ў судовы працэс у бліжэйшыя дні.

    Ніякіх прэтэнзій у дзяржавы да мяне ніколі не ўзнікала, а тут раптам мяне, галоўнага рэдактара, вінавацяць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці — падрыхтоўцы журналісцкіх матэрыялаў, — кажа Шыптэнка.

    15:50 У сваёй прамова Шыптэнка расказаў, што не атрымліваў аўтарскія ганарары наогул. Грошы, якія прыходзілі на рахунак Сяргея Шыптэнкі — гэта дабравольныя ахвяраванні грамадзянаў на працу часопіса “Новая эканоміка”, якія рэгістраваліся ў рэдакцыі адпаведным чынам.

    — Таксама я і мае бацькі пазычалі грошы грамадзяніну Расіі на вырашэнне жыллёвага пытання. Пасля гэтага ён вяртаў пазыку, пералічваючы грошы на мой рахунак. Следства неабгрунтавана лічыць гэтыя пераводы маім прыбыткам, але гэта не так, — кажа Шыптэнка.

    — Мне таксама аказалі фінансавую дапамогу мае знаёмыя, але я не лічу гэта чымсьці крымінальным. Па артыкуле 233 я сваю віну не прызнаю. Можа быць, можна было казаць пра нясплату падаткаў, але толькі за выключэннем толькі тых сум, якія залічваліся на рахунак часопіса “Новая эканоміка”, — дадае Шыптэнка.

    15:25 Шыптэнка кажа, што лічыць справу палітычна матываванай.

    — Крымінальная справа сімптаматычная, якая указвае на стан грамадства, стан палітычнай і прававой культуры ў грамадстве. Сёння тут судзяць свабоду думкі.

    Што тычыцца артыкула пра прадпрымальніцкую дзейнасць, то ён далучаны да справы як падпорка ранейшага абвінавачання. Следства і дзяржаўныя прапагандысты зрабілі з нас нейкую злачынную групу, якой на самой справе не было.

    Учора па беларускім тэлебачанні мы ўбачылі чарговыя хлуслівыя прапагандысцкія сюжэты. Таму я хадайнічаю, каб прадстаўнікоў Беларускага тэлебачання не пускалі на працэс ні падчас слуханняў, ні ў перапынках, — гаворыць Шыптэнка.

    Суддзя адказаў Шыптэнку, што працэс адкрыты, таму ён не можа забараніць журналістам прысутнічаць на ім.

    15:15 Суд пераходзіць да допыту апошняга абвінавачанага Сяргея Шыптэнкі.

    Юрый Паўлавец адказвае на ўдакладняючыя пытанні адваката і судзі, што тычацца пераводаў, публікацыі матэрыялаў і гд. Нічога новага ў словах Паўлаўца не гучыць.

    14:35 Паўлавец адказвае на пытанні пракурора. Расказвае, што частка грошай прыходзіла на імя яго жонкі, каб не выходзіць за межы сумы, якая не падпадае пад падаткаабкладанне.

    «Ехаць у Маскву, браць даведкі, дакументы было бессэнсоўна, таму мы вырашылі, што частка грошай будзе прыходзіць на імя маёй жонкі», — заяўляе Паўлавец.

    14:20 Пасяджэнне аднавілася пасля абеду. Працягвае выступаць Юрый Паўлавец. Гаворыць пра грашовыя пераводы: большасць з іх — ганарары за аўтарскія і навуковыя працы не толькі для Reg­num, ён не ведае, што з пераводаў было ганарарам, а што грашовай дапамогай.

    Падводзячы вынікі сваёй прамовы Паўлавец прызнаў, што сапраўды рыхтаваў артыкулы для сайта Reg­num, але распальваць якую-кольвек варожасць не збіраўся, не фармаваў варожае стаўленне да беларусаў.

    Перапынак да 14:00

    12:50 «Многія прысутныя ў залі, у тым ліку і прадстаўнікі сілавых органаў, пішуць артыкулы, за якія атрымліваюць аўтарскія ганарары. Але ніякага складу злачынства ў гэтым няма і быць не можа», — гаворыць Паўлавец.

    Пасля адной з фраз зала рэагуе на словы падсуднага воплескамі. Суддзя патрабуе парадку.

    «Калі я атрымліваў грошы ад расійскага інфармагенцтва, то зразумела, што з гэтых грошай плаціліся падаткі. І ніякіх пытанняў ад падатковых органаў ніколі да мяне не ўзнікала», — тлумачыць Паўлавец.

    12:35 Паўлавец: «Большасць прысутных тут нарадзіліся ў Савецкім саюзе і хадзілі ў савецкую школу. І заўсёды ў нашай краіне было прынята называць вайну 1812 года — Айчыннай вайной 1812 года. Цяпер некаторыя гісторыкі і нават дзяржаўныя асобы прапануюць называць гэту вайну руска-французскай. Але дзе тады ў гэтай вайне месца нас, беларусаў?

    Я пішу пра адзінства славянскіх народаў. Пішу, што ў Беларусі пачалі ствараць гістарычную самабытнасць. Хіба гэта кепска?»

    Паўлавец гаворыць, што ў дзяржаўным абвінавачанні фігуруюць яго артыкулы з вырванымі з кантэксту часткамі, якія істотна ўплываюць на разумення сэнсу. Паўлавец у прамове згадвае Лукашэнку і дэпутата Марзалюка, цытуе апошняга з газеты на беларускай мове.

    На думку Паўлаўца, пытанні, якія ён закранаў у сваіх публікацыях, важныя для разумення працэсаў, што адбываюцца ў Беларусі, размова пра развіццё мясцовага нацыяналістычнага руху.

    Паўлавец у доказ сваіх артыкулаў прыводзіць вынікі перапісу насельніцтва Беларусі аб тым, што ў побыце толькі 2 % грамадзянаў сапраўды выкарыстоўваюць беларускую мову. Гаворыць пра моўную ідэнтыфікацыю людзей, гаворыць, што нідзе ў матэрыялах не называў беларускую мову мёртвай, а толькі прыводзіў факты па яе выкарыстанні.

    12:20 Паўлавец: «Пяць гадоў я пісаў артыкулы на розныя сайты і атрымліваў за гэта аўтарскія ганарары. Але заканадаўства не патрабуе ад мяне якой-кольвек рэгістрацыі для атрымання аўтарскіх ганарараў.

    Прыладная стаўка за артыкул для Reg­num была ў памеры 50 долараў, хоць апошнія тры гады Паўлавец наогул не супрацоўнічаў з Баранчыкам і не меў з ім ніякіх кантактаў.

    Паўлавец цытуе выказванні Уладзіміра Макея наконт таго, што Беларусь сапраўды з’яўляецца маладой нацыяй, якая знаходзіцца ў стадыі фармавання.

    «Ніхто ж не прад’яўляе абвінавачанні Уладзіміру Макею, бо ўсім зразумела, што гэта так і ёсць», — гаворыць Паўлавец.

    Паўлавец гаворыць, што ў нацыяналістаў, грамадскіх дзеячаў, нават ва ўладаў Беларусі ёсць свае думкі адносна развіцця краіны і грамадства.

    «Я лічу, што многія такія ідэі кепскія для ўзаемаадносінаў з Расіяй. І я маю права так лічыць і выказваць такія меркаванні. Гэтымі думкамі я ніякім чынам не прыніжаю беларусаў», — гаворыць Паўлавец.

    12:05 Паўлавец гаворыць, што не прызнае сябе вінаватым у дзеянні з карысных памкненняў па дамове з кімсьці:

    — Я пісаў свае тэксты і не правяраў, у якім выглядзе яны былі апублікаваныя. Ніхто не замаўляў ніякіх тэм.

    Паўлавец называе супрацоўніка Reg­num Ігара Паўлоўскага, з якім камунікаваў падчас працы.

    — Схема была простая. Бачыш нейкую падзею на тэрыторыі Беларусі ці сумежных краінаў, Прыбалтыцы, Польшчы — дасылаеш сваю прапанову рэдактару, атрымліваеш згоду, пішаш тэкст і адпраўляеш. На гэтым супрацоўніцтва па канкрэтным артыкуле заканчваецца, — патлумачыў Паўлавец.

    12:00 Паўлавец: Апроч іншага я супрацоўнічаў і з “Савецкай Беларусіяй”, таксама атрымліваў ганарары ад гэтага выдання, мае матэрыялы па-ранейшаму ёсць на сайце дзяржаўнага выдання.

    Паўлавец расказвае пра псеўданімы. Гаворыць, што ягоны псеўданім Мікалай Радаў стаў своеасаблівым брэндам на сайце Reg­num, артыкулы адкуль перадрукоўвалі нават дзяржаўныя выданні Беларусі.

    11:56 Паўлавец расказвае пра сваю ся’ю, працу: працаваў у многіх ВНУ, мае ўласныя распрацаваныя адукацыйныя курсы. У свой час скончыў гістарычны факультэт з чырвоным дыпломам.

    Паўлавец гаворыць, што з’яўляецца адным з распрацоўшчыкаў курса дзяржаўнай ідэалогіі Беларусі.

    11:55 Пачынаецца допыт Юрыя Паўлаўца. Ён гаворыць гучна і зразумела.

    11:53 Алімкін гаворыць, што на сайце газеты “Наша Ніва” былі публікацыі, якія адназначна падыходзяць пад артыкул 130 Крымінальнага кодэкса.

    Гаворыць, што следчыя органы рабілі запыт у рэдакцыю, але на гэтым і абмежаваліся.

    11:47 Пытанні Алімкіну задае іншы абвінавачаны Шыптэнка. Пытанні тычацца экстрэмізму, некаторых дыскусійных тэмаў з артыкулаў Алімкіна.

    Падаецца, што Шыптэнка просіць Алімкіна даказаць тэзы, якія гучалі ў артыкулах. Але Шыптэнка ў выніку падводзіць Алімкіна да таго, што апошні рыхтаваў свае тэксты для людзей, якія здольныя іх аналізаваць.

    Размова ідзе пра моўныя прыёмы, выкарыстаныя ў артыкулах Алімкіна. Абвінавачаныя абмяркоўваюць якасць псіхолага-лінгвістычнай экспертызы артыкулаў.

    Алімкін гаворыць, што не заяўляў хадайніцтваў на альтэрнатыўную экспертызу, бо баяўся за экспертаў. Гаворыць, што незалежныя эксперты тады маглі б таксама трапіць за краты.

    Алімкін мяркуе, што страх выклікае рэжым этнакратыі, які створаны ў Беларусі. 

    «Па-іншаму гэта можна назваць фашызмам альбо нацызмам, але гэта вельмі груба», — гаворыць Алімкін.

    11:30 Алімкін гаворыць, што многія нацыі ў свеце былі створаныя штучна, і нідзе гэта не выклікае абвінавачанняў у распальванні варожасці. А ў нашым выпадку выказаныя мной сумневы адносна стварэння тысячагадовай беларускай нацыі трактуецца як нейкае распальванне.

    Пракурор, суддзя і прысяжныя засядацелі уважліва слухаюць выказванні Алімкіна. Час ад часу на фоне слоў Алімкіна гучаць перамовы міліцыянтаў па рацыі.

    11:22 Алімкін: На Захадзе відавочна дэманструюць сваю перавагу над “недаробленымі” славянамі — усім гэта абсалютна зразумела.

    — Большая частка беларускай літаратуры — людзі, ангажаваныя ўладай, а асноўная каштоўнасць іх твораў толькі тое, што яны напісаныя на беларускай мове. Я лічу, што мастацкая каштоўнасць такой літаратуры вельмі нізкая, — гаворыць падсудны.

    11:15 Алімкін каментуе некаторыя моманты абвінавачання супраць яго, цытуе часткі артыкулаў, тлумачыць, што ў матэрыялах выказваецца ягонае меркаванне.

    Алімкін гаворыць вельмі невыразна. Суддзя зрабіў заўвагу бацьку Дзмітрыя Алімкіна, які пра штосьці размаўляў з жанчынай на першай лаве ў залі. Апошні пагадзіўся і далей сядзіць слухае.

    10:50 Алімкін: «Я пісаў пра тое, што ў Беларусі адбываецца спрыянне русафобам. І гэта пацвярджаецца тым, што мы сёння тут (на лаве падсудных — рэд.).

    Мае артыкулы — гэта маё асабістае меркаванне, выкладзенае ў тэксце. Тое, што гаворыцца ў абвінавачанні — гэта таксама меркаванне. Але чамусьці дзяржава прымяняе сілавыя метады, каб даводзіць сваё меркаванне. Таму мы сёння за кратамі. Хоць, па вялікім рахунку, прадмет спрэчкі — гэта дыскусія меркаванняў.

    Так, я крытыкаваў дзяржаву. Я маю на гэта права. Я лічу, што гэта не можа быць прызнана правапарушэннем. А варожасць я не распальваў».

    10:35 Алімкін: для мяне было важна публікаваць тэксты на сайце агенцтва Reg­num, бо там мае думкі чытала значна больш людзей, чым у маім асабістым блогу.

    Асноўная тэматыка артыкулаў была пра тое, што ў Беларусі адбываецца нешта не добрае. У прыватнасці, распальванне нацыяналізму і русафобіі.

    10:32 Алімкін кажа, што Баранчык прапанаваў яму пісаць тэксты. Спачатку размова пра ўзнагароджанне не ішла, потым была дамоўленасць пра прыкладна 50 долараў за кожны тэкст.

    Грошы перасылаліся праз сістэму West­ern union. Было напісана каля 45 матэрыялаў на тэму сітуацыі ў Беларусі.

    Алімкін кажа, што ніхто тэмы яму не замаўляў. Ён сам прымаў рашэнне напісаць на тую ці іншую тэму: матэрыялы падпісваліся псеўданімам «Ала Бронь». Гэтым псеўданімам падпісваліся не толькі мае тэксты, але і некалькі чужых.

    10:18 Алімкін кажа, што у яго шмат спецыяльнасцяў: інжынер-механік, эканаміст-менеджар, юрыст.

    Па сутнасці справы гаворыць, што адпраўляў свае матэрыялы Юрыю Баранчыку, які працуе у інфармагенцыі Reg­num. З Баранчыкам пазнаёміўся на адным з форумаў у інтэрнэце, ніколі асабіста не сустракаўся. Пра Reg­num гаворыць, што гэта зарэгістраванае інфармацыйнае агенцтва Расіі.

    Алімкін гаворыць, што з іншымі абвінавачанымі пазнаёміўся падчас азнаямлення з матэрыяламі справы перад судом.

    10:15 Працэс аднавіўся. Суд вырашыў змяніць парадак разгляду доказаў і спачатку дапытаць Аляксея Шыптэнку — бацьку Сяргея Шыптэнкі. Але пытанняў да яго ў бакоў працэсу не было, таму суд пераходзіць да допыту абвінавачанага Алімкіна.

    9:58 Адвакаты размаўляюць са сваімі падабароннымі, Шыптэнка актыўна абмяркоўвае нешта з адвакаткай. У залі каля 30 чалавек. Сярод іх, як і ўчора, прадстаўнікі ГА «БАЖ», юрысты Андрэй Бастунец, Алег Агееў, юрыст і праваабаронца Павел Сапелка.

    9:50 У другі дзень перад працэсам у залі лічаныя людзі, учорашняга ажыятажу няма. У адпрозненні ад першага дня, супрацоўнікі міліцыі на ўваходзе ў залю запісваюць назвы выданняў, журналісты якіх прыйшлі на працэс.

    Цягам першага дня былі заслуханыя абвінавачванні ад пракурора. Мера стрымання пад вартай не змененая. Аўтары Reg­num вінаватымі сябе не прызнаюць. У аўторак суд будзе дапытваць Алімкіна, Паўлаўца і Шыптэнку.

    ***

    Дзмітрыю Алімкіну, Юрыю Паўлаўцу і Сяргея Шыптэнку пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў распальванні нацыянальнай варожасці ў складзе групы асобаў. Абвінавачаныя ўжо правялі за кратамі больш за год. Цягам першага дня былі заслуханыя абвінавачванні ад пракурора. Мера стрымання пад вартай не змененая. Дзмітрый Алімкін, Юрый Паўлавец і Сяргей Шыптэнка вінаватымі сябе не прызнаюць. Адвакаты падсудных заяўляюць, што ім не зразумела сутнасць абвінавачвання.

    Дзмітрыя Алімкіна абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт.130 КК — распальванне нацыянальнай варожасці. Двух іншых аўтараў — Юрыя Паўлаўца і Сяргея Шыптэнку — па ч. 3 арт. 130 КК і ч.1 арт. 233 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць). Крымінальная справа была заведзеная пасля таго, як Міністэрства інфармацыі звярнулася ў Следчы камітэт.

    Падставай для завядзення справы паслужылі звароты, якія паступілі з Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь аб праведзеных Рэспубліканскай экспертнай камісіяй па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму экспертызах ў дачыненні да аўтараў артыкулаў, апублікаваных на інфармацыйных рэсурсах Reg­num, «Лента.ру », «ЕАДЭЙЛИ». Па заключэннях камісіі, ў дзеяннях названых аўтараў угледжваюцца прыкметы злачынства.

    Суд над аўтарамі расейскага сайту Regnum ВІДЭА

    Бастунец: Працэс над “рэгнумаўцамі” выклікае сур’ёзную занепакоенасць з пункту гледжання свабоды слова і журналістыкі наогул

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці