Зняволенага радыёвядоўцу і музыку Алега Хаменку ўключылі ў пералік «экстрэмістаў»
Імя і прозвішча Алега Хаменкі, асуджанага да 3‑х гадоў зняволення і буйнога штрафу, 29 траўня 2026 года з’явілася на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ў пераліку асоб, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». Там жа пазначана, што культурны дзяяч «адбывае пакаранне».

Алег Хаменка. Фота: Onliner
4 сакавіка 2026 года Мінскі гарадскі прыгаварыў Алега Хаменку да трох гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і буйнога штрафу — больш за 20 000 рублёў.
Спачатку паведамлялася, што музыку прызналі вінаватым па артыкуле 361–4 КК — «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Але, як вынікае з паведамлення на сайце МУС наконт уключэння Алега Хаменкі ў пералік «экстрэмістаў», ён асуджаны паводле часткі 3 артыкула 361–1 КК —«Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім». А таксама паводле «народнага» артыкула 342 КК РБ — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Нагадаем, адказнасць па гэтым артыкуле абмяжоўваецца тэрмінам у 5 гадоў.
8 траўня Вярхоўны суд разглядаў апеляцыйную скаргу Алега Хаменкі на вырак Мінскага гарадскога суда. Які вердыкт быў вынесены найвышэйшай судовай інстанцыяй — пакуль невядома. Верагодна, склад абвінавачання Алегу Хаменку быў зменены ВС, як гэта было з журналістам-фрылансерам Вячаславам Лазаравым, якому ў лістападзе 2023 года Вярхоўны суд перакваліфікаваў абвінавачанне з «садзейнічання экстрэмісцкай дзейнасці» на «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні».
Яшчэ да разгляду апеляцыі Алега Хаменку з СІЗА № 1 этапавалі ў Віцебск у СІЗА № 2.
Справа Алега Хаменкі
Крымінальная справа, як вынікае з таго, што на экспертызу былі адпраўленыя выпускі музычных праграм Хаменкі на «Радыё Рацыя», распачатая менавіта за супрацу з радыёстанцыяй.

Алег Хаменка. Архіўнае фота: LookByMedia
Алег Хаменка быў затрыманы ў Мінску ў 17 чэрвеня 2025 года пасля ператрусу ў яго кватэры. Спачатку на падставе адміністрацыйнага абвінавачання яго змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. А ў першых ліках ліпеня стала вядома, што супраць радыёвядоўцы распачалі крымінальную справу і яго перавялі ў следчы ізалятар № 1 у Калядзічах.
9 ліпеня 2025 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Алега Хаменку палітычным вязнем.
Музыка, выкладчык, кампазітар, прадзюсар і радыёвядоўца Алег Хаменка вядомы як прамоўтар беларускай музыкі праз радыё. Ён стваральнік фолк-мадэрну — новага кірунку ў сучаснай беларускай музыцы, лідар папулярнага гурта «Палац».
Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры. У 1992 годзе стварыў гурт «Палац», з якім запісаў шэсць студыйных альбомаў.
У 2008 скончыў аспірантуру БДУКіМ па спецыяльнасці культуралогія. Працаваў старэйшым выкладчыкам кафедры «Рэжысура эстрады» БДУКіМ.
У 2008‑м браў удзел у нацыянальным адборы на «Еўрабачанне» з песняй «Кола грукатала». У 2009 годзе стварыў фестываль «Bela music», які праходзіў на аэрадроме «Баравая» пад Мінскам. Пасля 2020 года «Палац» застаўся ў краіне і часам выступаў.
У нулявых стварыў і вёў праграму «Брама існасьці» на «Аўтарадыё», з канца нулявых стала супрацоўнічаў з «Радыё Рацыя». Ягоныя музычныя праграмы «Тузін гітоў» і «Фольк-брама» выходзілі ў эфіры шмат гадоў да самага затрымання Алега Хаменкі.
«Беларускае Радыё Рацыя» — радыёстанцыя, якая кругласуткава вяшчае на беларускай мове на тэрыторыі Беларусі, Польшчы і Літвы на частаце FM і ў інтэрнэце. Падае інфармацыю пра грамадска-палітычныя, эканамічныя і культурныя падзеі ў Беларусі і свеце. Рэдакцыя медыя з 1999 года месціцца ў Беластоку (Польшча).
З верасня 2021 года доступ да сайта радыёстанцыі наведнікам з Беларусі быў заблакаваны на загад Міністэрства інфармацыі. 16 студзеня 2024 года рашэннем КДБ «Беларускае Радыё Рацыя» прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем».
@bajmedia