• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Другі запар дзень нараджэння за кратамі адзначае журналістка Ірына Слаўнікава

    Асуджанай на працяглы тэрмін зняволення нібыта за «стварэнне экстрэмісцкага фармавання» Ірыне Слаўнікавай 12 ліпеня споўнілася 53 гады. Пакаранне за прафесійную дзейнасць яна адбывае ў калоніі № 4 Гомеля, а да таго прайшла праз следчыя ізалятары, дзе і адчуліся першыя праблемы са здароўем.

    Сужэнцаў Ірыну Слаўнікаву і Аляксандра Лойку затрымалі 30 кастрычніка 2021 года ў мінскім аэрапорце, калі яны вярталіся з адпачынку. Праз дзень суддзя Першамайскага раёна Мінска Максім Трусевіч пакараў 15 суткамі арышту кожнага, абвінаваціўшы ў захоўванні ў сацсетках «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. 

    Затым журналістка атрымала яшчэ столькі ж за нібыта «дробнае хуліганства», а неўзабаве яе зрабілі падазраванай паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — «арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Інкрымінавалі ўдзел у акцыі пратэсту 30 жніўня 2020-га.

    У выніку Ірыну Слаўнікаву перавялі з ЦІП на Акрэсціна ў СІЗА № 1 Мінска, праваабарончая супольнасць прызнала яе палітычнай зняволенай і запатрабавала спыніць матываваны пераслед за прафесійную дзейнасць.  

    А яшчэ праз паўгода пасля ўзяцця пад варту, у канцы красавіка 2022-га, Следчы камітэт паведаміў, што жанчыну таксама абвінавацілі ў «кіраванні экстрэмісцкім фармаваннем» — на падставе ч. 1 арт. 361–1 КК. Маўляў, падчас расследавання «здабытыя доказы», што Ірына Слаўнікава была кіраўніцай рэдакцыі тэлекампаніі «Белсат» у Беларусі. 

    «Аб’яднала групу грамадзян, якія пад яе кіраўніцтвам і кантролем стваралі і размяшчалі экстрэмісцкія матэрыялы на медыярэсурсах, фармавала склад супольнасці, размяркоўвала ролі, карэктавала парадак навін, матэрыяльна забяспечвала і фінансавала дзейнасць злачыннай групы», — зрабілі выснову ў ведамстве.

    Зрэшты, Ірына Слаўнікава і не абвяргала, што некалі насамрэч супрацоўнічала з «Белсатам», брала ўдзел у праваабарончай праграме «Маю права». Але на момант затрымання ўжо працяглы час з’яўлялася штатнай адзінкай польскага тэлеканала TVP. Ні на следства, ні на суд тыя аргументы не паўздзейнічалі.

    Ірына Слаўнікава не мае журналіскай адукацыі, яна дыпламаваны эканаміст. Працавала па спецыяльнасці ў камерцыйных фірмах, затым бухгалтарам у газеце «Беларуская маладзёжная», дзе і захапілася журналістыкай. І калі ў 2007 годзе быў створаны спадарожнікавы тэлеканал «Белсат», які беларускія ўлады па надуманых прычынах адмаўляліся рэгістраваць, узялася за праваабарончы кантэнт. 

    У чэрвені мінулага года Ірыну Слаўнікаву нечакана перавялі ў гомельскі СІЗА № 3, а ў канцы таго ж месяца ў Гомельскім абласным судзе пачаўся працэс, які зрабілі закрытым. Пасля неаднаразовых перапынкаў прадстаўніца дзяржабвінавачання Ірына Падкавырава запатрабавала для фігуранткі 4 гады зняволення. Аднак суддзя Гомельскага абласнога суда Мікалай Доля палічыў тэрмін «заніжаным» і 3 жніўня 2022 года прызначыў Ірыне Слаўнікавай па сукупнасці артыкулаў 5 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

    6 снежня Вярхоўны суд гэтаксама ў закрытым рэжыме разгледзеў апеляцыйную скаргу адвакатаў асуджанай — прызначаны на працэс суддзя Фёдар Чубкавец не знайшоў прававых падстаў, каб паставіць пад сумнеў рашэнне першай інстанцыі. Ірыну Слаўнікаву накіравалі для адбыцця пакарання ў гомельскую папраўчую калонію № 4.  

    Следам Міністэрства ўнутраных спраў уключыла журналістку ў пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да «экстрэмісцкай дзейнасці». 

    Аляксандр Лойка праз пагрозу крымінальнага пераследу вымушана пакінуў Беларусь і цяпер намагаецца арганізацыі перамоўнага працэсу дзеля вызвалення закладнікаў дзейнага рэжыму. Пакуль жа галоўнай перашкодай застаецца тое, што самі беларускія ўлады адмаўляюцца ад «таргоў вязнямі», відавочна набіваючы сабе цану.

    Акрамя таго, кіраўніцтва абнуліла ранейшае абяцанне ўжывання амністыі да ўсіх катэгорый зняволеных, канстатаваўшы, што «палітычных» палёгка не тычыцца. Праз міжнародныя арганізацыі атачэнню Аляксандра Лукашэнкі перадалі спіс з дзясяткамі прозвішчаў тых, хто знаходзіцца ў крытычным фізічным стане. Афіцыйны Мінск усе заклікі праігнараваў.      

    Тым часам арыштанты зведваюць жорсткі прэсінг з боку адміністрацый пенітэнцыярных устаноў: ім чапляюць жоўтыя біркі, каб потым паставіць на дадатковы прафілактычны ўлік ці надаць статус «схільных да экстрэмізму». Многім наўмысна блакуюць карэспандэнцыю і забараняюць тэлефанаванні сваякам. Цэлы шэраг раптоўных смерцяў — ад Вітольда Ашурка да Алеся Пушкіна — штурхае да высновы, што не абыходзіцца без фізічнага ўздзеяння.

    Што да Ірыны Слаўнікавай, у яе сур’ёзна абвастрыліся праблемы са зрокам — спадарожныя наступствы прыцемкаў мінскага і гомельскага ізалятараў. Не спрыяюць і нагрузкі ў швейным цэху, дзе асуджаных напоўніцу задзейнічаюць у якасці дармавых швачак.

    Пры гэтым сённяшняя імянінніца ўмудраецца захоўваць аптымізм і маральна падтрымлівае аднадумцаў па абодва бакі турэмных муроў. 

    Адрас для лістоў: Слаўнікава Ірына Аляксандраўна. 246035, ПК № 4, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3.

    Чытайце яшчэ: 

    Алесь Пушкін: хто гэты геніяльны мастак і палітвязень, што згінуў у зняволенні

    «Тата ловіць беларускага дыназаўра». Хто такі гарадзенец Павал Мажэйка, які двойчы стаў палітвязьнем

    «Праз дакументальныя праекты мы можам прасоўваць беларускую тэму ў замежных медыя», — рэжысёр і дакументаліст Мікалай Мамінаў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці