• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Двойчы «ўганараваны». Журналіст Дзмітрый Навоша цяпер і «экстрэміст», і «тэрарыст»

    Сілавікі чарговым разам пашырылі пералік грамадзян, нібыта датычных да «экстрэмісцкай дзейнасці». Гэтым разам туды трапілі і двое журналістаў — спартыўны менеджар Дзмітрый Навоша і экс-супрацоўніца Белтэлерадыёкампаніі Вольга Гладкая

    Як вынікае са спісу на сайце Міністэрства ўнутраных спраў, адкарэктаванага адразу за два тыдні (у доўгія выходныя на Дзень перамогі база не абнаўлялася), там зноў прадстаўнікі медыйнай галіны: пад нумарам 2853 (з агульных 2868 «экстрэмістаў») сузаснавальнік парталаў Tribuna.com і Sports.ru Дзмітрый Навоша і на 2861‑м радку былая менеджарка дзяржаўнага тэлеканала «Беларусь 2» Вольга Гладкая. 

    Адметна, што ў графе «даведачная інфармацыя» насупраць Дзмітрыя Навошы пазначана «адбывае пакаранне», хоць насамрэч журналіст даўно за мяжой і нават завочна не прысутнічаў на судзе паводле так званай спецвытворчасці. Для яго гэта ўжо другое «статуснае ўганараванне»: у лістападзе 2022 года трапіў у пералік асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці. Свой «чорны спіс» складае Камітэт дзяржбяспекі.  

    Што да Вольгі Гладкай, яе статус прынамсі адпаведны рэльнасці: «судзімасць не пагашаная».  

    45-гадовы Дзмітрый Навоша праходзіў фігурантам крымінальнай справы разам з Янінай Сазановіч, Даніілам Багдановічам, Валерыяй Занямонскай і Вольгай Высоцкай. Летась у сярэдзіне снежня працэс у закрытым рэжыме пачала суддзя Мінскага гарадскога суда Наталля Бугук, прычым ніхто з абвінавачаных на працэсе не прысутнічаў, ім прызначылі неназваных дзяржаўных абаронцаў.

    Усіх пецярых вінавацілі на падставе крымінальных артыкулаў аб  «распальванні сацыяльнай варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК) і «незаконных  дзеяннях датычна персанальных дадзеных» (ч. 3 арт. 203–1 КК). У прыватнасці, ім інкрымінавалася адміністраванне Telegram-канала, дзе апублічваліся персанальныя звесткі ініцыятараў і выканальнікаў гвалту падчас акцый пратэсту-2020. Маўляў, аб’ядналіся ў «злачынную групу», у складзе якой стварылі розныя інтэрнэт-рэсурсы з мэтай «дыскрэдытацыі  ўлады і праваахоўных органаў, распальвання сацыяльнай варожасці і нянавісці ў дачыненні да сілавога блоку і дзяржслужачых».

    Следчы камітэт Беларусі пачаў працэс «спецыяльнай вытворчасці» пры канцы верасня 2022 года. Сёлета 10 студзеня прадстаўнік пракуратуры запатрабаваў па 12 гадоў зняволення для кожнага — максімальна магчымы. Праз тыдзень суддзя просьбу задаволіла нават у большым аб’ёме: у дадатак да ўхваленага тэрміну яшчэ па 18 500 рублёў штрафу.

    46-гадовую экс-супрацоўніцу Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Вольгу Гладкую затрымалі сёлета 27 лютага і неўзабаве прад’явілі абвінавачанне ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Абаронцы спрабавалі дамагчыся вызвалення Вольгі Гладкай пад грашовы заклад, паколькі яна мае праблемы з сэрцам і патрабуе пастаяннага медыкаментознага лячэння, аднак хадайніцтвы праігнаравалі. Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.  

    Працэс пачаўся ў судзе Маскоўскага раёна Мінска 2 траўня, а праз тры дні суддзя Лідзія Целіца пакарала жанчыну 3 гадамі абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

    Вольга Гладкая — экс-менеджарка канала «Беларусь 2». Яна звольнілася з Белтэлерадыёкампаніі ў верасні 2020-га, каб паспрабаваць сябе ў сферы ІТ. Аднак рашэнне супала з масавымі пратэстамі супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў, да карпаратыўнага страйку далучыліся і многія супрацоўнікі дзяржаўных каналаў. На гэтай падставе ўлады пакаралі пазбаўленнем волі цэлы шэраг работнікаў дзяржСМІ, а некаторым праз пераслед давялося тэрмінова пакінуць Беларусь. 

    Чытайце яшчэ:

    Мова міру супраць мовы вайны. Хто фармуе наратывы і нясе за іх адказнасць

    «Вариантов тут у меня нет». Как живут беларуские «террористы» после освобождения

    13 гадоў таму не стала журналіста Сяргея Буткевіча

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці