1152

Галоўнага рэдактара Hrodna.life пачалі судзіць за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў

16.03.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

16 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна Гродна пачаўся разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да ТАА «Гродна Лайф Медыя» (Hrodna.Life) і галоўнага рэдактара Аляксея Шоты. Судзяць паводле ч. 2 арт. 17.11 КаАП ("Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў").

 
У суд падтрымаць Аляксея прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек, сярод якіх журналісты незалежных СМІ, сябры і бацька журналіста. У залу трапілі толькі дзесяць асоб.

Аляксей Шота заявіў два хадайніцтвы, у першым прасіў адправіць справу на дапрацоўку, бо ў яе матэрыялах няма некалькіх аркушаў з тлумачэннямі, якія даваў журналіст пасля азнаямлення. Другое хадайніцтва — азнаёміць яго з артыкулам Адміністрацыйнага кодэкса, паводле якога яго абвінавачваюць. Аляксей патлумачыў, што не паспеў азнаёміцца са справай — яго запрасілі ў суд толькі ўдзень напярэдадні. Паводле яго слоў, ён не знайшоў у новай рэдакцыі КаАП артыкул, паводле якога складзены пратакол.

Суддзя Наталля Козел хадайніцтвы не задаволіла.  

Затым Аляксей Шота заявіў дадатковае хадайніцтва, каб ў суддзе яго абараняў адвакат. Суддзя Козел гэтае хадайніцтва падтрымала і ў судзе абвешчаны перапынак да пятніцы, 19 сакавіка. Аб 11-ай раніцы мусіць пачацца працэс.

Рэдактара гродзенскага інфармацыйнага сайта Hrodna.life Аляксея Шоту пачалі судзіць 16 сакавіка паводле ч. 2 арт. 17.11 КаАП (Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў).

 Паводле абвінавачання, міліцыя знайшла на сайце прадукцыю, прызнаную экстрэмісцкай. Маецца на ўвазе інфармацыя з папулярнага Telegram-канала, які ўвосень 2020 года рашэннем суда быў абвешчаны ў Беларусі экстрэмісцкім.

У выпадку прызнання судом вінаватасці, рэдакцыі Hrodna.life пагражае штраф у памеры да 500 базавых велічынь (14 500 рублёў), а таксама канфіскацыя прадметаў і сродкаў, з дапамогай якіх было здзейснена правапарушэнне. Рэдактару сайта пагражае штраф да 50 базавых велічынь (1 450 рублёў).

Нагадаем, 29 студзеня ў рэдакцыйным памяшканні Hrodna.life супрацоўнікі міліцыі правялі агляд, у выніку якога адабралі аргтэхніку і друкаваную прадукцыю. Агляд правялі без прысутнасці супрацоўнікаў рэдакцыі.

У той жа дзень сілавікі правялі агляд і ў рэдактара сайта Newgrodno.by Ігара Бублікава (Рэмзіка), у яго таксама вынялі камп'ютарную тэхніку і склалалі адміністрацыйны пратакол за распаўсюд экстрэмістскай інфармацыі.

Судовы працэс у дачыненні Бублікава мусіць пачацца заўтра, 17 сакавіка, а 10.30.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!