
Усе каналы міжнароднага радыё «Беларусь» на YouTube атрымалі блякаваньне ад плятформы.
Як заявілі прапагандысты, канал радыё меў аўдыторыю пераважна ў Польшчы — 84,3% праглядаў, Нямеччына складала 3,6% аўдыторыі, а Вялікая Брытанія 2,0%. Прапагандысты мяркуюць, што рашэньне прынялі з «палітычных матываў».
Раней на YouTube заблякавалі старонкі тэлеканалаў АНТ, СТВ і дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА.
Што прапаганда гаворыць пра YouTube
Улады Беларусі ўжо задумваліся пра тое, каб у адказ заблякаваць YouTube. Прапагандыст Іван Эйсмант прамовіў фразу: «А навошта нам YouTube, калі тамака няма беларускіх праектаў?» Пад «беларускімі праектамі» Эйсмант меў на ўвазе розныя каналы дзяржаўнай прапаганды.
Таксама ў той прамове ён абвінаваціў у падобным уплыве Сьвятлану Ціханоўскую, якая раней у Вільні сустракалася з прадстаўнікамі Google, гаворачы пра магчымыя абмежаваньні супраць дзяржаўных каналаў.
Новы міністар інфармацыі Дзьмітры Жук, які заступіў на пасаду 9 красавіка, асьцярожна адказваў на пытаньне, ці будуць у Беларусі блякаваць YouTube.
«Любое рашэньне, асабліва такога пляну, як забарона, павінна быць выразна прадумана. Павінны быць прадуманы яго наступствы. Яно павінна быць мэтазгодным і эфэктыўным. Калі мы дэкляруем, але ня можам рэалізаваць, то лепш наагул не дэкляраваць, — кажа Жук. — Што тычыцца плятформаў, якія выкарыстоўваюцца грамадзянамі Беларусі, дзейнічаць трэба вельмі акуратна».